::
2017.08.25 — Літаратурная загадка / Краязнаўчая газета
Загаловак
Літаратурная загадка
Спасылка
Дата публікацыі
25.08.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Літаратурная загадка

Дадаць каментар

Смалярня і Аколіца Фларыяна Чарнышэвіча знайшліся?

Вёскі Смалярня і Аколіца Клічаўскага раёна атрымалася наведаць праз 100 гадоў пасля Фларыяна Чарнышэвіча, і досыць верагодна, што гэта менавіта паселішчы, апісаныя ў «Надбярэзінцах».

 

Чытаць далей…

У рамане Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы», беларускі пераклад якога выйшаў сёлета ў выдавецтве «Янушкевіч», згадваецца шэраг населеных пунктаў. Суаднесці некаторыя з рэальнымі гарадамі проста: Магілёў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Бялынічы… Вёскі ж, якія называе пісьменнік, і мястэчка Вонча нашмат складаней ідэнтыфікаваць. Большасць назваў, што выкарыстоўваюцца ў рамане, не фігуруюць на мапе сучасных Клічаўскага і Бабруйскага раёнаў. Аднак вёскі Смалярня і Аколіца атрымалася наведаць фактычна праз 100 гадоў пасля Ф. Чарнышэвіча (дзеянне «Надбярэзінцаў» адбываецца ў 1911 – 1920 гг.), і досыць верагодна, што гэта менавіта паселішчы, апісаныя ў «Надбярэзінцах», хаця ўпэўнена сцвярджаць немагчыма.

Смалярня знаходзіцца за 5 км на паўднёвы захад ад райцэнтра Клічаў. Чарнышэвіч апісвае вёску так: «Па левым баку стаяць будынкі, па правым – сады. Дамы крытыя гонтай, вялікія, на 3-4 пакоі. Панадворкі і вуліца абгароджаныя вострымі каламі, абсаджаныя курчавымі дрэвамі. За садамі знаходзяцца агароды з капустай, а да агародаў шчыльна падыходзіць пушча; за хлявамі – гумны, за гумнамі – выган, за выганам – поле, за полем – луг, за лугам іншы лес, але не пушча…  У Смалярні 22 гаспадаркі».

Сёння тут жывуць пераважна дачнікі, якія не могуць нічога распавесці пра мінулае паселішча. Адзіны смалярчук, які нарадзіўся і жыў у вёсцы доўга, Анатоль Бяржанін 1955 г.нар., быў у шлюбе са шляхцянкай з недалёкай вёскі Іванаўка. Жонку ён заве «пшэчкай», сам сябе ні палякам, ні шляхцюком не лічыць, хаця адзін ягоны родзіч па маці меў, па яго словах, «чыста польскае» прозвішча – Славінскі. Нават кажа: «Я палякаў і хахлоў не люблю». Найчасцей усё ж выкарыстоўвалі найменне «шляхты».

Анатоль Аркадзьевіч узгадвае, што вёска дзялілася на «ту» і «гэту» паловы перакрыжаваннем дарог, але акрамя сваяка Данілы Славінскага «палякаў» сярод суседзяў не памятае. У той жа час, пад артыкулам пра «Надбярэзінцаў» на tut.by пакінуў каментар мужчына, які таксама правёў у Смалярні дзяцінства. І з яго допісу вынікае, што «той» і «гэты» пасёлкі ўсё ж адрозніваліся: «На “тым пасёлку” людзі сапраўды жылі па-іншаму – сады, хаткі, вядзенне гаспадаркі, больш уласцівае заходняй частцы краіны. Імёны ў людзей таксама былі больш уласцівыя Заходняй Беларусі – Ліда, Ліля, Міходзя…». Той жа Славінскі, па ўспамінах А. Бяржаніна, сваю жонку Кацярыну «па-стараму зваў Кася», у вайну дапамагаў партызанам, сярод якіх быў і яго сын.

За 2-3 км ад Смалярні ў лесе быў хутар беднякоў Ніўкі. У рамане вёска з такой назвай знаходзіцца непадалёк Аколіцы.

Аколіца ў Ф. Чарнышэвіча апісаная наступным чынам: «…ляжала за колькі дзясяткаў вёрстаў на паўночны захад ад Смалярні… шляхецкі засценак: яго заклалі шмат вякоў таму, і калісьці ён быў вялікі і заможны, але цяпер ад яго шляхетнасці амаль не засталося следу, ён моцна абрусеў. Вакол мусіла быць нямала драбнейшых польскіх паселішчаў, якія мелі з Аколіцай даўнія сувязі і ва ўсім бралі з яе прыклад… Яна стаяла над невялікай рэчкай, што называлася Нілка. За Нілкай, трохі наўскос, была бачная вялікая руская вёска, што звалася гэтак жа, як рэчка… У выглядзе Аколіцы не было ні парадку, ні прыгажосці. Тут пераважалі старыя і нізкія будынкі, што грувасціліся без аніякага ладу. Там, дзе ў аднаго гаспадара стаяла хата, другі прыбудаваў хлеў ці стадолу – і наадварот. Падворкі і завулкі, якімі быў аплецены ўвесь засценак, размяжоўваліся жардзянікам. Сады – якія ў каго былі – хаваліся паміж будынкамі. Адзінай аздобай вёскі былі старыя дубы і яліны з буслінымі гнёздамі наверсе – іх у засценку было больш за 10. Тым не менш вялізныя стадолы і шматлікія стагі сена ці збожжа ля іх сведчылі пра заможнасць мясцовых жыхароў. Перад тым, як убегчы ў вёску, дарога раздзялілася на некалькі крывых завулкаў… усяго ў ваколіцы 30 двароў… 8 з іх – праваслаўныя…».

Аколіца знаходзіцца за 6 км на поўдзень ад вялікай вёскі Коўбча, цэнтра сельсавета, якую лёгка адшукаць на мапе. Ад Смалярні да Аколіцы на паўночны захад прыкладна 20 км. Мясцовыя жыхары кажуць, што Аколіцай звалася сукупнасць «пасёлкаў», кожны з якіх меў сваю назву: Жыжгайлава (Гіжгайлава), Красны лес, Буда. Сучасная вёска Чырвоны лес – гэта ранейшы пасёлак Жыжгайлава. У «Надбярэзінцах» згадваецца вёска Вежгайлоў, але без лакалізацыі. Вёску Нілка мясцовыя жыхары не ўзгадалі.

Аколіца і сёння застаецца раскіданым паселішчам. У яе цэнтральнай частцы засталіся толькі 2 дагледжаныя хаты, астатнія зруйнаваныя. У «пасёлку» Красны лес – таксама 2 хаты. Па словах мясцовых жыхароў, гэты пасёлак быў шляхецкім засценкам яшчэ пасля Другой сусветнай, і прынамсі адна з хатаў засталася ад ранейшых гаспадароў. На пытанне, куды падзелася ўся шляхта, жыхары Аколіцы адказваюць, што шмат хто быў рэпрэсаваны, расстраляны, раскулачаны. Міхаіл Уладзіміравіч Яблонскі лічыць сваё прозвішча «польскім», але кажа, што яго сям’я з сялянаў. Зрэшты, ужо Чарнышэвіч апісваў аколіцкую шляхту як моцна «абруселую», а фактарам захавання «польскасці» лічыў дасяжнасць касцёла ці ўменне весці службу кімсьці з вяскоўцаў (адпаведна раману, у Смалярні гэтую ролю выконваў Кантычка, а Аколіцы не пашанцавала мець свайго чытальніка Бібліі).

Жыхарка Краснага лесу Марыя Яўменаўна Кудравец 1928 г.нар. распавядае розныя сямейныя гісторыі з жыцця мясцовых «паноў» як забаўляльны серыял. Складана выкарыстаць гэтыя аповеды як гістарычную крыніцу, хутчэй яны адлюстроўваюць уяўленні сялянаў пра шляхту. Яе прадстаўнікоў лічылі адукаванымі і далікатнымі, але дужа сварлівымі: «Адзін с адным ня ладзілі, дык шаршнямі звалі».

Пры канцы Краснага лесу знаходзяцца могілкі, дзе пахаваныя і праваслаўныя, і католікі. Каталіцкія, мяркуючы па імёнах і прозвішчах, помнікі да Другой сусветнай вайны падпісваліся лацінкай, а ў пасляваенны час – ужо кірыліцай. Такая ж сітуацыя з подпісамі – на могілках між вёскамі Уладзіміраўка і Чырвоны лес (апошняя, нагадаем, раней лічылася адным з «пасёлкаў» Аколіцы і мела іншую назву). Па словах мясцовых жыхароў, гэтыя могілкі адносяцца да Чырвонага лесу, хаця ва Уладзіміраўцы таксама жыла шляхта. Быццам бы да Другой сусветнай вайны на могілках стаяў касцёл. Дзіўна, што Чарнышэвіч не апісвае яго ў рамане. Гэта, а таксама тое, што пісьменнік «зашыфраваў» Вончу, дае падставы выказаць гіпотэзу: а ці варта ўвогуле суадносіць мясціны «Надбярэзінцаў» з мапай? Гэта захапляльны занятак, які дае пэўны плён, але не дае 100-адсоткавых доказаў. Смалярня і Аколіца, калі разглядаць іх у якасці агульных найменняў, маглі быць дзе заўгодна ў вялікай колькасці і дзе заўгодна маглі стаць імёнамі ўласнымі. Смалярня – гэта прадпрыемства для гонкі смалы і шкіпінару; аколіца – паселішча дробнай шляхты, адной з характэрных асаблівасцяў якой з’яўляецца бессістэмная забудова. Зрэшты, і наконт вобразу Карусі ў «Надбярэзінцах» літаратуразнаўцы не сыходзяцца: адны лічаць, што прататыпам была рэальная дзяўчына, а іншыя схільныя бачыць у Карусі сімвал Польшчы, бо Косцік часам заве яе «орліцай». Тут згадваецца і старая спрэчка наконт «Марыські чарнабровай» Кастуся Каліноўскага: усё ж каханая ці Беларусь?

Вандроўка ў Смалярню і Аколіцу адбылася дзякуючы мясцовым краязнаўцам. Што думаюць пра спадчыну Чарнышэвіча ў Клічаўскім раёне?

Вольга Ільінчык, настаўніца геаграфіі Пярэкальскай сярэдняй школы Клічаўскага раёна: «Звесткі з “Надбярэзінцаў” можна выкарыстаць у навучальным працэсе. Плануем вандроўку пад час школьнага летніка са старшакласнікамі ў Аколіцу і Уладзіміраўку, гэта ад нас блізка. Я вяду гурток “Юны географ”, таму будзем ездзіць і пад час навучальнага года. Настаўнікі таксама зацікавіліся “Надбярэзінцамі”. У рамане карысны матэрыял не толькі для заняткаў па геаграфіі, але і па гісторыі, літаратуры і нават біялогіі (апісанні Пушчы). Я лічу, звесткі трэба пашыраць, папулярызаваць праз інтэрнэт, стварыць мапу, куды нанесці пункты, што варта наведаць прыхільнікам творчасці Фларыяна Чарнышэвіча».

Лідзія Ачыновіч, супрацоўніца Клічаўскага краязнаўчага музея: «Я кірую пошукавай групай “Вольса”, што яднае краязнаўцаў раёна. Нам раман цікавы як крыніца звестак пра Клічаўшчыну і ваколіцы. Мы пачалі рабіць экскурсійны маршрут па мясцінах Чарнышэвіча, але я бачу яго не дзіцячым, а хутчэй як паездку для зацікаўленых дарослых, больш нават для замежнікаў. Можа, для прадстаўнікоў іншых абласцей. Магчыма, у Клічаўскім раёне такі маршрут не будзе карыстацца вялікім попытам, бо людзі занятыя больш надзённымі справамі. Шкада, што час амаль не пакінуў слядоў былога. Таму вандроўнікам патрэбна дасканала ведаць раман, каб адчуць трагізм і рамантыку падзеяў. Пакуль Клічаўшчына найбольш вядомая сваёй партызанскай зонай, мемарыяльным комплексам у вёсцы Усакіна, актыўна развіваецца экалагічны турызм. І тэму шляхты, вядома, таксама трэба развіваць. У раёне яшчэ засталіся католікі, у Клічаве ёсць іх рэлігійная абшчына».

Алена Ярошка, намесніца загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама: «У нас шмат таленавітых, але малавядомых землякоў, адзін з якіх – Фларыян Чарнышэвіч. Вядома, яго памяць варта ўшанаваць у Клічаўскім краязнаўчым музеі, прадумаць экскурсійны маршрут па мясцінах “Надбярэзінцаў”. Сёння ў раёне распрацоўваецца шэраг маршрутаў “Па здароўе і ўражанні на ровары”. Адначасова Клічаў рыхтуецца да абласных “Дажынак”, пад час якіх плануецца бібліятэчная пляцоўка, дзе наведнікі змогуць атрымаць інфармацыю і пра Фларыяна Чарнышэвіча. Вядзецца навуковая праца: краязнаўчы музей і пошукавая група “Вольса” штогод арганізоўваюць чытанні імя першага беларускага прафесара геаграфіі Аркадзя Смоліча, які таксама быў нашым земляком, на яго радзіме, у вёсцы Бацэвічы. Там выступаюць і дарослыя даследчыкі, і дзеці».

Алена ЛЯШКЕВІЧ, фота аўтаркі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.02.2019 23:59:16

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.