::
2016.03.10 — Масленка: Мы вясну сустракаем, а расіяне — зіму праводзяць / Еўрарадыё / euroradio.fm
Загаловак
Масленка: Мы вясну сустракаем, а расіяне — зіму праводзяць
Спасылка
Дата публікацыі
10.03.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

Многія лічаць, што свята Масленіцы ці Масленкі не мае дачынення да беларускай традыцыі. Этнографы ж у адзін голас сцвярджаюць, што мае, але яно беларускае толькі на адну трэць, бо Масленку святкавалі ў асноўным на тэрыторыях, мяжуючых з Расіяй — на Падзвінні і Падняпроўі (Віцебская і Магілёўская вобласці).

Поўны тэкст

Многія лічаць, што свята Масленіцы ці Масленкі не мае дачынення да беларускай традыцыі. Этнографы ж у адзін голас сцвярджаюць, што мае, але яно беларускае толькі на адну трэць, бо Масленку святкавалі ў асноўным на тэрыторыях, мяжуючых з Расіяй — на Падзвінні і Падняпроўі (Віцебская і Магілёўская вобласці).

Масленка ў Беларусі пачынаецца ў чацвер

"Масленка святкавалася перад вялікім месяцам ад чацвярга да нядзелі, — распавядае культуролаг і даследчык Алег Хаменка. — То бок, яна павінна быць не ў даце, а адлічвацца ад новага месяца: поўня заканчваецца і пачынаецца маладзік. І ў першы чацвер маладзіка пачынаецца Масленка".

Алега Хаменку падтрымлівае і этнограф Янка Крук:

"У паганскай Беларусі ў старадаўнія часы чацвер быў тым найважнейшым днём, які ў цяперашні час займае хрысціянская нядзеля. Памятаеце дыялог: "Калі жаніцца будзеш?" "Пасля дожджычка ў чацвер". Чацвер — гэта сакральны дзень, таму тут усё звязана паміж сабой".

Філасофія. Частка І: Апошні дзень у Раі — Масленка

"Апошні дзень у Раі, пасля якога пачынаецца выгнанне — гэта і ёсць Масленка, — Алег Хаменка звязвае свята з хрысціянскім светапоглядам старажытных беларусаў. — А далей ідзе пакута, то бок, шлях з Рая да зямлі — гэта 40 дзён посту. А потым — Пасха. Глыбінная філасофія свята менавіта такая. І таму ў святкаванні абавязкова выкарыстоўваецца тое, што звязана з рухам: катанне на санках, гушканне на арэлях, коўзанкі з сімваламі сонца і луны — блінамі, то бок, сувязь з багаццем і прыгажосцю, якое асацыявалася з райскім жыццём і яго заканчэннем".

Філасофія. Частка ІІ: Ніякага развітання з зімой

Этнограф Янка Крук дае наступныя складнікі беларускай Масленкі:

1. Субота перад Масленкай — гэта дзень ушанавання памяці продкаў. Адсюль паходзіць і знакаміты "першы блін комам": першы блін, спечаны на масленічным тыдні, клалі на талерку і ставілі ў чырвоны кут пад абразы для душаў продкаў.

2. "Ёсць цікавае супадзенне ці заканамернасць: у раёнах, дзе была распаўсюджаная Масленка, асабліва на Віцебшчыне, на заключным этапе святкавання Калядаў ладзілі моладзевыя гульні, і адна з якіх — "Жаніцьба Цярэшкі", — праводзіць паралелі Янка Крук. — Цярэшка, Церах, таўкач. Жаніцьба таўкача, натуральна, мае эратычны змест. То бок, тое, што дасягнула адпаведнага фізічнага росквіту, патрабавала працягу роду. Таму выбіралася хата, у якой дзед з бабай зводзілі моладзь, і адбывалася гульня скручвання маладых пар. І вось раз старыя скруцілі маладых і такім чынам перадалі эстафету прадаўжэння роду маладым таўкачам, то тым самым яны як бы паказвалі, што на гэтым свеце яны не патрэбныя. Таму падчас Масленкі ў некаторых раёнах выконваўся так званы рытуал пахавання дзеда і пахавання бабы. Збіраліся жанчыны, дзеці, бралі з сабой салому і рабілі пудзіла бабы. Галасілі яны, як на сапраўдным пахаванні. Потым яны вывозілі пудзіла за вёску, разрывалі і раскідвалі па снезе. На наступны дзень адбываўся падобны рытуал, пахаванне дзеда".

Абрад "Пахаванне дзеда" дагэтуль захаваўся на Гарадоччыне 

3. Пасля Каляд пачынаўся час мясаеду і адзін з самых актыўных перыядаў святкавання вяселляў. І маладыя пары, якія пабраліся ў гэты час, пачыналі нібыта наноў ездзіць адно да аднаго ў госці. Адсюль паходзяць і вядомыя "цешчыны пасядзелкі" і "цешчыны бліны". "Зноў такі, тут быў непрыхаваны, адкрыты эратычны пачатак — зяць прыязджаў да цешчы, яна растаплівала каровіна масла і палівала ім галаву зяцю. Мелася на ўвазе "змаслі мне ўнука", — працягвае Янка Крук.

4. "У чацвер на высокі ўзгорак выносілі саламянае пудзіла, якое рабілі ўсёй вёскай. І яно стаяла там да нядзелі. У нядзелю ў некаторых мясцінах пудзіла спальвалі, у некаторых — разрывалі. І як патэнцыя, патэнцыял дзетароднасці альбо урадлівасці на новы год, гаспадары разносілі па сваіх палетках і ўтоптвалі ў снег, тым самым перадаючы эстафету жыцця і плоднасці новаму году".

Беларуская Масленка — сустрэча вясны і карнавал, як у Рыа

"Чым адрозніваецца беларуская Масленка ад расійскай? Мы вясну сустракаем, а яны зіму праваджаюць", — смяецца Алег Хаменка. Дарэчы, на беларускім Палессі вясну акурат і сустракалі ў час Масленкі, дакладней, яе гукалі, збіраючыся на ўзгорках, гойдаючыся на арэлях і спяваючы вяснянкі.

"Бразільскі карнавал — гэта Масленка. Кітайскі Новы год — гэта Масленка. Наўрус ці пачатак вясны ў цюркскіх народаў — гэта таксама Масленка. Венецыянскі ці Кёльнскі карнавалы — гэта ўсё Масленка", — робіць адкрыццё Алег Хаменка.

Вынік

Паводле этнографаў, цяперашняе святкаванне Масленкі мае прыкладнае дачыненне да старажытнага беларускага свята.

"З той Масленкі цяпер захаваліся толькі бліны. Што тычыцца спальвання пудзіла, то ў класічнай беларускай этнаграфіі гэтага амаль не зафіксавана. Гэта новаўтварэнне, якое пашырылася пад уплывам рускай традыцыі. Таму што провады зімы, провады Кастрамы, спальванне былі вельмі пашыраныя ў расійскай этнаграфічнай культуры", — кажа загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вячаслаў Калацей.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 05.03.2020 19:52:53

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.