::
2014.12.06 — Брэнды, якія ёсць, былі і будуць / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Брэнды, якія ёсць, былі і будуць
Спасылка
Дата публікацыі
06.12.2014
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Брэнды, якія ёсць, былі і будуць

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Старадарожскі падыход да мінуўшчыны і будучыніНапрыканцы лістапада зноў выправіліся ў дарогу. Па парошы, што выпала тады, праўда, толькі на Міншчыне. З яе і пачнём гаворку. Наведаць давялося горад ды вёску, якія называюцца аднолькава: Старыя Дарогі. І пабачылі мы там, ярка і прадметна, тое, што прынята называць адраджэннем, развіццём ды папулярызацыяй традыцыйнага беларускага мастацтва. Менавіта пра гэты працэс, які для мясцовай (дый не толькі) культуры з’яўляецца ці не самым важным, і хацелася б распавесці.


Два пакоі ды калідор

Раённы цэнтр рамёстваў працуе ў адным будынку са Старадарожскім цэнтрам дзіцячай творчасці “Святліца” імя Івана Стасевіча. Стасевіч — не футбаліст, а мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, нарадзіўся на Старадарожчыне. У апошняй установе мы, бадай, упершыню пабачылі работы, створаныя ў выніку выпальвання тканіны, пераканаліся, што “Святліца” дзейнічае ў шчыльнай творчай звязцы з РЦР, бо, урэшце, робяць установы адну справу: выхоўваюць людзей, неабыякавых да нашай мінуўшчыны і будучыні. Дарэчы, у гэтую атмасферу суладнасці трапляеш яшчэ ў двары, дзе ў выніку мастацкіх пленэраў сабраны выразаныя з дрэва фігуры, якія ўвасабляюць слынных герояў Бацькаўшчыны — рэальных і легендарных. Міжволі пачынаеш думаць пра тое, што ты асабіста паспеў зрабіць дзеля беларушчыны…

Нягледзячы на масавасць ды ўсюдыіснасць “Святліцы”, РЦР, на наш погляд, больш мэтанакіравана працуе па, так бы мовіць, замацаванні мясцовых брэндаў. Да прыкладу, ручнік з вышываным надпісам “Старыя Дарогі” даўно стаў, па меркаванні метадыста Цэнтра Таццяны Астроўскай, сталай візітоўкай раённага цэнтра. Яшчэ ў 1998 годзе, калі і пачаў працаваць РЦР, майстрыха Марыя Волкава выказала ідэю ўвасобіць на тканіне літары, чаго ніхто дагэтуль не рабіў. Выказала — ды ўвасобіла. З таго часу і пачалася гісторыя брэнда, які мае ва ўжытку ці не кожны старадарожац, што з’ехаў за межы малой радзімы…

Апрача “імянных” ручнікоў выхаванцы ўстановы і ўдзельнікі клуба народных майстроў “Спадчына” вырабляюць тканыя паясы — яркія, даўгія і трывалыя. Іх можна і з вышыванкай насіць, і з джынсамі. І ўвогуле, мясцовы арнамент становіцца своеасаблівым “генетычным кодам” для тых, хто не забыўся на тое, што беларус. Нам распавялі пра матроса-земляка, які служыць у расійскім Севераморску і на форменцы носіць банцік са стужкі з арнаментам Старадарожчыны…

У дзень нашага прыезду ў Старыя Дарогі, 25 лістапада, у Доме культуры райцэнтра ўпершыню пачала працаваць выстаўка-конкурс “Лялька-старадаражанка”. Гэта, як нам сказалі, — перспектыўны брэнд раёна. А чаму б і не? У адрозненне ад пояса ды нават ручніка, невялікая лялька, апранутая ў беларускі строй, можа добра глядзецца ў інтэр’еры ці не кожнай гарадской кватэры. Дый вырабляць лялькі тым жа дзецям больш цікава, чым вышываць сурвэткі. Невыпадкова, па словах кіраўніка “Спадчыны” Святланы Міхеевай, выраб лялькі — гэта цудоўны трэнінг па засваенні мясцовых строю, арнаменту…

Азіраючыся на канкурэнтаў з Рагачоўшчыны і Любаншчыны, якія ўжо не першы год паспяхова вырабляюць лялькі-абярэгі, у РЦР мяркуюць засяродзіцца на эстэтычным баку справы: апрануць ляльку ў мясцовыя народны і шляхецкі строі, тым больш, Старадарожскі раён здаўна славіўся адметным спосабам вышыўкі — процягам. Менавіта на спалучэнне новых форм ды старадаўніх узораў і мяркуюць у РЦР зрабіць стаўку. Ініцыятыва — дарэчная ды актуальная.

Іншая справа, што і сёння ў Цэнтр рамёстваў звяртаецца багата людзей з просьбамі вырабіць паясы, ручнікі і нават кашулі. А вось выконваць тыя замовы супрацоўнікі ўстановы фізічна не паспяваюць. Маленькія памяшканні — усяго два пакоі ды калідор — не дазваляюць годна прадставіць нават тую калекцыю, што маецца ва ўстанове. Больш за тое, Цэнтр рамёстваў не можа і зарабіць на сваіх вырабах, паколькі не мае магчымасці (гэта значыць, крамы), каб прадаваць нават тыя ж паясы. Адзінае выйсце для майстроў, якія жадаюць трохі падзарабіць, — прадаваць уласныя вырабы (створаныя ў вольны час) пад час кірмашоў ды выставак.

Зразумела, РЦР з гэтага ніякага прыбытку не атрымлівае. З іншага ж боку, кожная прадстаўнічая дэлегацыя, што завітвае ў райцэнтр, не застаецца без сувеніраў з Цэнтра рамёстваў, якія той проста вымушаны дарыць. Праблема, характэрная, бадай, для кожнага РДР краіны. Між тым, прэзентацыйны сувенір — рэч заўжды дарагая.

Артэфакты Рухава

Пра гісторыю яшчэ аднаго віду народнага мастацтва, які цяпер набывае брэндавы статус, нам распавяла кіраўнік “Спадчыны” Святлана Міхеева. У вёсцы Рухава майстрыха Марыя Русаковіч вырабляе дываны, дзе ў якасці арнаменту выкарыстоўваюцца расліныя аплікацыі з саламяных элементаў, што фарбуюцца і наклейваюцца на тканіну. Дыван мацуецца на падрамніку і на сцяне вясковай хаты выглядае святочна ды ўрачыста. Думаецца, не менш выразна ён будзе красавацца і ў гарадской кватэры. Мы такой аздобы, прынамсі, дагэтуль не бачылі. Паверце — прыгажосць!..

А пакуль некалькі ўжо трохі выцвілых дываноў Марыі Русаковіч размяшчаюцца ў невялічкім калідоры Цэнтра рамёстваў. Побач з імі — аналагі, зробленыя літаральна некалькі месяцаў таму. А ўсё таму, што сёлета Старадарожскі РЦР вырашыў прадоўжыць традыцыю вырабу “саламяных” дываноў. Узялася за гэтую, скажам шчыра, нялёгкую працу сімпатычная дзяўчына — Ксенія Вялічка, малады спецыяліст, якая не так даўно скончыла Мінскі каледж мастацтваў. Менавіта ёй выпала адраджаць чарговы адметны брэнд раёна, вядомы з пачатку ХХ стагоддзя. Некалі саламяныя дываны масава вырабляліся ў сем’ях, тонкасці і таямніцы майстэрства перадаваліся ў спадчыну. А нюансаў у гэтай справе хапае: трэба ведаць, як якасна расправіць салому, а пасля яшчэ і ўмела яе пафарбаваць. Не дзіва, што ў пасляваенны час саламяныя дываны замяніла больш танная фабрычная штампоўка. Той прыклад, калі пры неахайным стаўленні да народнага мастацтва перамагае шырспажыў…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Стварэнне брэнда — справа, шчыра кажучы, не надта і лёгкая, нават з улікам прыдатнага матэрыялу. Мала ведаць ды шанаваць нейкую мясцовую традыцыю — трэба прафесійна яе ўвасабляць ды папулярызаваць на ўвесь свет. Як гэта зрабіць, калі ў тваім распараджэнні — некалькі пакойчыкаў ды якая пара адмыслоўцаў? Што за стымул для гэтага мусіць быць? У які раз адказаць на гэтыя пытанні можна словамі “патрыятызм”, “энтузіязм”. Ясна адно: калі на Старадарожчыне ў сферы культуры застануцца сустрэтыя намі людзі, то і брэнд незвычайных дываноў, тых жа лялек ды паясоў будзе на слыху і ў пашане не менш за славутую старадарожскую мінеральную ваду…

"Хатка ў хатцы"

І не было б вёскі Старыя Дарогі, каб з тапаграфічным падзелам не ўмяшаліся прыродныя стыхіі. Пэўную частку ад асноўнага паселішча аддзялілі балаты. Так побач з горадам узнікла вёска. Як своеасаблівы філіял рамесніцкага патэнцыялу. Інакш кажучы, аўтэнтычных цікавостак тут не менш, чым у горадзе.

Перад Цэнтрам культуры і вольнага часу сустрэлі мужчыну з хамутом на плячы. Пазнаёміліся: дзядзька Коля нясе адрамантаваную вупраж для свойскай кабылы Розы. Ён і параіў зазірнуць у клубную ўстанову: “Хатку ў хатцы пабачыце”. Міма чарговага ўсеагульнавядомага брэнда прайсці ніяк не маглі. Сутнасць “два ў адным” патлумачыла дырэктар ЦКіВЧ Валянціна Спадар. Справа ў тым, што пад час дзеяння рэгіянальнай праграмы па адраджэнні традыцыйнай беларускай спадчыны і пры ўдасканаленні клубнай установы было вырашана на першым яе паверсе, у адным з пакояў, аднавіць майстэрню ткачыхі. Адбудавана яна была ў выглядзе сялянскай хаткі з печчу, драўлянымі сценамі, ложкам, куфрам ды іншым нязменным побытавым антуражам вясковага жылля.

Гаспадыняй тут — Аляксандра Праташчык, ткачыха, народны майстар Беларусі. Ткацтву яе вучыла маці. А кросны належылі яшчэ бабулі, таксама знанай рамесніцы. Вось і атрымліваецца, што станку гэтаму — без малога стагоддзе. Між тым, вандраваць яму выпадае ці не па ўсёй Беларусі: майстар-класы даюцца на святах і фестывалях. У час пераездаў хоць нейкая дэталь станка-доўгажыхара ды ламаецца, таму ён увесь “латаны-пералатаны”… Распавядаючы пра гэта, майстрыха вывела нас на вось якую праблему: ткацкі станок на сёння — гэткая ж рэдкасць, як і спецыяліст з вышэйшай адукацыяй у сельскай культуры. Ведаем дакладна: адсутнасць такой тэхнікі замінае сям-там адкрыццю філіялаў РДР на сяле.

Дык чаму б не займець у рэспубліцы спецыялістаў, якія па замове стваралі б па аўтэнтычным узоры новыя кросны, мабыць, з сучасных, больш надзейных, матэрыялаў — пластыку ды алюмінію. Так, у штучна састараных майстэрнях, як старадарожская, такія навадзелы не глядзеліся б па вызначэнні. Але ж, як вы памятаеце па ранейшых публікацыях, ткацтву дзяцей (да прыкладу, у Слоніме) пачынаюць навучаць з малодшых класаў агульнаадукацыйнай школы. Вось тут новая тэхнніка і прыйшлася б да месца. Зрэшты, пытанне — спрэчнае. Хтосьці скажа: аўтэнтычныя кросны, няхай сабе і шматкроць ажыўленыя, нясуць у сабе энергію продкаў. Мы гэта з рахункаў ніяк не скідваем, як і тое, што для “абсучаснення” архаічных вытворчых працэсаў спатрэбіцца як мінімум яшчэ адна дзяржпраграма. Ды дзе ж пад яе грошы ўзяць? А з лому, здабытага на сметніку, зухаваты майстар любы механізм збярэ…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У Аляксандры Аляксееўны Праташчык — блакітныя вочы. Асабліва калі пасміхаецца. Нагода для добрага настрою ёсць: на пенсіі, а працуе, значыць — патрэбная. Ёсць пакуль каму і майстэрства перадаць. Для гэтага хатка ў хатцы, урэшце, і стваралася. Словам, жыве майстрыха — як працуе, працуе — як жыве. Пра гэта ж распавядаюць і тканыя знакі, кожны з якіх — своеасаблівы шыфр-код сялянскага жыцця-быцця. Вось так, з аглядкай на мінуўшчыну, Аляксандра Аляксееўна і прадвызначае сваю будучыню. Пра гэтую жыццядайнасць тканай творчасці мне яшчэ ў Неглюбцы калісьці распавядалі. Але пра неглюбскае ткацтва — у наступных нумарах…

Ініцыятыва, вядомая на ўвесь свет

Знайсці прыватны Музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах — задача даволі простая, нягледзячы на тое, што размяшчаецца ён у прыватным сектары на ўскрайку горада. Але кожны мінак ведае і не без гонару можа паказаць, дзе гэтая ўстанова знаходзіцца. Некалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык сказаў, што музей (дзяржаўны або прыватны) павінен існаваць ці не ў кожным беларускім паселішчы. Хаця б для таго, каб патлумачыць, чаму менавіта так, а не інакш называецца вёска (мястэчка), якую гісторыю мае і чым адметная ў культурным плане. Залатыя словы! Адпаведна, будзе лагічна, калі мясцовыя ўлады больш актыўна пачнуць супрацоўнічаць з прыватнымі музеямі, у тым ліку і на Старадарожчыне.

Таму і вырашылі наведаць установу, якую стварыў неардынарны, няўрымслівы папулярызатар беларускай культуры. Гаспадара ўжо як некалькі гадоў няма на гэтым свеце. Цяпер за музеем даглядаюць ягоныя сваякі. Яны ж па магчымасці і праводзяць бясплатныя экскурсіі.

Асновай экспазіцыі прыватнага музея стала сямейная калекцыя. Як мы даведаліся, пачатак яе збору быў пакладзены яшчэ дзедам Анатоля Белага — Васілём, ад якога засталося трохі манет Вялікага Княства Літоўскага. На сродкі ад іх продажу Белы ў сярэдзіне 1970-х купіў некалькі мастацкіх твораў для сваёй будучай калекцыі. Ягоны бацька Яўхім у сваёй вясковай сядзібе пачаў збіраць творы мастацтва. Аснову ж калекцыі музея склаў асабісты збор спадара Анатоля: жывапіс, графіка, скульптура, медальернае мастацтва і нумізматыка.

Не менш цікавая экспазіцыя і на падворку. Мы з задавальненнем азнаёміліся з некалькімі дзясяткамі скульптур, прысвечаных дзеячам гісторыі і культуры Беларусі, што знаходзяцца па-за сценамі музея. Пабачылі Францыска Скарыну, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча ды многіх іншых…

Хочацца прыгадаць яшчэ адзін цікавы факт, звязаны з Белым. Студэнты і выпускнікі Белдзяржуніверсітэта мусяць згадаць помнікі Міколу Гусоўскаму, Францыску Скарыну, Ефрасінні Полацкай і Кірылу Тураўскаму ў дворыку галоўнага корпуса сваёй альма-матэр. А ўсталявалі іх пры фінансавай ды арганізацыйнай падтрымцы старадарожца.

Стабільнасць — не развіццё

Далей скіраваліся ў бок Жлобіна. Навігатар праклаў шлях праз знаёмыя нам з ранейшых аўтатураў мясціны на Магілёўшчыне. Грэх было не завітаць у Глушу — на радзіму Алеся Адамовіча. У мясцовым Доме культуры пацікавіліся зменамі, якія анансавалі ў “К” яшчэ год таму. Вось толькі парадаваць нас не змаглі: праца над Музеем Алеся Адамовіча спынілася, з-за адсутнасці станка Цэнтр рамёстваў так і не змог прыступіць да адраджэння ткацтва. І гэта нягледзячы на наяўнасць спецыяліста… З іншага боку, і горш з культурай у Глушы не стала: ДК знаходзіцца ў добрым стане, як і раней, набірае нямала дзяцей мясцовая ДШМ, праводзяцца традыцыйныя святы ганчарства. Здавалася б, усё стабільна, але…

У Бабруйску, праязджаючы ля славутага вытворцы зефіру, не змаглі ўтрымацца ды завіталі ў фірменную краму. Пра што не пашкадавалі: такога смачнага зефіру ў Мінску не купіш. Падсілкоўваючыся бабруйскімі смакоццямі, за колькі кіламетраў ад Жлобіна вырашаем збочыць з трасы да якой-кольвечы вёскі. Ужо ў цемрадзі выязджаем да Беліцы. Так і не знайшоўшы ніякай установы культуры, вырашылі распытаць пра яе мясцовага жыхара. Як высветлілася з размовы, трапіўся нам супрацоўнік Жлобінскага ГДК, які жыве ў гэтай вёсцы. Хлопец падказаў нам, як праехаць да клуба, папярэдзіўшы, што ўстанова не працуе, ужо некалькі гадоў. І гэта нягледзячы на тое, што вёска не падалася нам малой ды бесперспектыўнай.

Ужо ў Жлобіне нам патлумачылі прычыну закрыцця ГДК. Аказваецца, Беліца даўно стала прыгарадам райцэнтра, а мясцовых жыхароў там “пацяснілі” дачнікі, пад якіх установы культуры падладжвацца не збіраюцца…

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Якія можна зрабіць высновы? Думка пра неабходнасць стварэння (адраджэння) рэгіянальных брэндаў, якую «К» упарта выказвала цягам апошніх гадоў, пакрысе становіцца явай. Таму прыклад — дзейнасць работнікаў культуры Старадарожчыны. Дадатным падалося і тое, што яны, прасоўваючы, да прыкладу, сваю традыцыйную ляльку, цудоўна разумеюць, што яна не павінна паўтараць ляльку, скажам, Рагачоўшчыны. Думаецца, аксіёмай ужо стала, што ў кожнага рэгіёна нашай краіны — свае строі, свае арнаменты вышыванак. Ухвальна, што аддзелы імкнуцца не быць падобнымі да іншых. З гэтай нагоды: ці не прыспеў час для падрыхтоўкі прэзентацыйнага фотакаталога рэгіянальных брэндаў? Пачэснае месца тут знойдзецца не толькі святам, фестывалям ды абрадам, але і канкрэтным рэчам: ручнікам, лялькам, дыванам… Уяўляеце, якім стане альбом?..

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.10.2019 20:26:02

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.