:: calculation
2014
Загаловак text
Школа танцаў і не толькі...
Спасылка embed
Дата публікацыі date
22.02.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Школа танцаў і не толькі...

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Адбыўся творчы вечар, прысвечаны 20-годдзю ўзорнага фальклорнага ансамбля "Верабейкі" Любанскага раённага цэнтра культуры.

Гурт выступаў цягам гэтых гадоў па ўсёй Беларусі, у 2010-м стаў пераможцам у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва "Берагіня", а ў 2013-м з’ездзіў на гастролі ў Кракаў. Нязменным мастацкім кіраўніком гурта з’яўляецца Сяргей Выскварка, вядомы этнапедагог і даследчык. Акрамя “Верабейкаў” ён кіруе народным ансамблем народнага гумару “Смехаўё”. Аб прафесійнай дзейнасці Выскваркі ў 2013 годзе рэжысёр Вольга Дашук зняла на студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” стужку “Старадаўнія танцы”.

Акампаніятарам у "Верабейкаў" працуе гарманіст Васіль Семашкевіч — патомны музыка, найгрышы якога нядаўна выйшлі асобным дыскам пры дапамозе Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства". З юбілеем ансамбль і асабіста Сяргея Выскварку віншуе калега і даўняя сяброўка — кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву "Калыханка" Міханавіцкага дома фальклору Ларыса Рыжкова. У якасці падарунка яна дзеліцца ўспамінамі аб удзеле ў летняй танцавальнай школе "Пятровіца" на Любаншчыне.

— Дрэвы, трава, плот, лаўка са старой хаты... — узгадвае Ларыса Мікалаеўна. — Амаль струхлелая. Але на ёй добра сядзіцца, думаецца... Спектакль. Сучасная дзея. Пятровіца. Мастацтва дапаўняе тое, чаго няма ў жыцці. Яно дае чалавеку мару, асалоду, кампанію, сяброўства. Адчуванне еднасці і роднасці. А побач Выскварка… Шчаслівы... Рагоча…

Паўсюдна ў свеце фальклор і фальклорны працэс затухаюць, а ў Любані яны маладзеюць ды развіваюцца. Фалькларысты звычайна шукаюць вельмі даўнія пласты фальклору, ігнаруючы ўсе праявы сучаснай народнай творчасці як з’яву познюю і малацэнную для навукі і сучаснага культурнага працэсу. А ў Любанскім раёне і на сучасны, і на архаічны фальклор глядзіць Выскварка. Глядзіць улюбёна.

Апошнія дзесяцігоддзі ў свеце, не толькі ў нас, прынята нарадзіцца ў адным месцы, вывучыцца ў другім, а працаваць у трэцім. З Выскваркам атрымалася іначай: ён нарадзіўся і працуе на Любаншчыне. Тут жыве ягоная маці, жылі бабулі і дзяды...

Фалькларыстамі з Мінска сабраны матэрыял, неабходны для кніжак, артыкулаў, фонаархіваў. А Выскварку трэба больш: каб любанскія танцы на Любаншчыне танчылі, каб любанскія касцюмы на Любаншчыне насілі, каб мова, песня, казка — гучалі. І яны гучаць...

Для даведкі. Школа традыцыйнага народнага танца “Пятровіца” праходзіць з 2011 года, перад святам Пятра (12 ліпеня). Моладзь пад час “Пятровіцы” мае магчымасць павучыцца любанскім танцам ад носьбітаў фальклору з розных вёсак раёна, а таксама ад этнахарэографа Сяргея Выскваркі. Акрамя танцавальных заняткаў, удзельнікі знаёмяцца і з іншымі праявамі лакальнай традыцыйнай культуры Любаншчыны: песнямі, гульнямі...Праходзяць канцэрты аўтэнтычных гуртоў, сумесныя вечарыны. У Пятровіцы прымаюць удзел студэнты з Беларусі, Літвы і Расіі.

Падрыхтавала Алена ЛЯШКЕВІЧ

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.11.2018 15:43:38

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.