::
2017.04.27 — Традыцыя вырабу саламяных павукоў у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь! / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Традыцыя вырабу саламяных павукоў у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь!
Спасылка
Дата публікацыі
27.04.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Традыцыя вырабу саламяных павукоў у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь!

На пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 27 красавіка 2017 г. прынята рашэнне аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыя вырабу салямяных павукоў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці».

Падвясныя саламяныя канструкцыі – “павукі”, вядомы з глыбокай даўніны. У вёсках Быхаўскага раёна саламяных павукоў збіралі да 40-х гадоў XX ст. амаль у кожнай сялянскай сям’і. У ваенны перыяд практыка элемента перапынялася і была адноўлена ў канцы 50-х гг. Саламяны павук па традыцыі з’яўляецца абярэгам, які ахоўвае хату, прыносіць шчасце, забяспечвае дабрабыт сям’і, сёння прэваліруе яго дэкаратыўна-аздабленчая функцыя. 


Быхаўскія павукі збіраюцца па двух тыпах – пірамідальным (вв. Грудзінаўка, Рыжкаўка, Гадылёва) і рамбічным (вв. Няраж, Кузькавічы, Баркалабава). Саламяны павук з’яўляецца элементам рэгіянальнай ідэнтычнасці Быхаўшчыны, дзе ён па-ранейшаму захоўвае сваю традыцыйную марфалогію, дасканаласць і завершанасць форм, высокія мастацкія якасці.

Сёння вырабам павукоў займаюцца не толькі вясковыя жыхары, але і прафесійныя рамеснікі – майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Носьбітамі традыцыі на сённяшні дзень з’яўляюцца жыхаркі вёсак Быхаўскага раёна, якія перанялі майстэрства ад сваіх матуль, бабуль, старэйшых сясцёр, іншых сваякоў. Яны дзеляцца сакрэтамі майстэрства збору саламянай канструкцыі з навучэнцамі мясцовых школ, са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Традыцыя вырабу саламяных павукоў актыўна падтрымліваецца і перадаецца маладомупакаленню ў Быхаўскай дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў і мастацтваў пад кіраўніцтвам дырэктара Кухціной І. Г., якая з вялікай павагай ставіцца да захавання народных традыцый свайго краю.

Намінацыйны файл элемента НКС падрыхтаваны ДУА «Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава» пры куратарскай дапамозе УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”. Файл прайшоў папярэднюю экспертызу на адпаведнасць патрабаванням Канвенцыі ЮНЕСКА. аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г і нацыянальнага заканадаўства ў ДУА “Інстытут культуры Беларусі”. Навуковую экспертызу і мастацкую ацэнку правёў эксперт Сахута Я.М., доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. 

У экспертным заключэнні падкрэсліваецца, што актыўнасць быхаўскіх спецыялістаў па адраджэнні і актыўным уключэнні ў сучасны культурны кантэкст арыгінальнага віду народнай мастацкай творчасці заслугоўвае прызнання і падтрымкі, а ўключэнне ў такой адметнай мастацкай з’явы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь стане добрым стымулам для яе далейшага пашырэння і развіцця.

СМІ
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.07.2019 07:27:02

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.