::
2017.06.07 — Зміцер Бартосік пра Горвата, Лукашэнку і «Новы час» (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Зміцер Бартосік пра Горвата, Лукашэнку і «Новы час» (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
07.06.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У кнігарні ЛогвінаЎ 6 чэрвеня бард, журналіст і літаратар Зміцер Бартосік зладзіў музычную аўтограф-сесію для ахвочых набыць сваю кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы», што выйшла ў канцы 2016-га.
Спачатку аўтар чытаў урыўкі з кнігі, а потым выканаў некалькі песень і падпісаў для ахвочых папяровыя асобнікі. Зборнік «Быў у пана верабейка гаварушчы» выйшаў у серыі «Бібліятэка Свабоды» і ў электронным выглядзе дасяжны на сайце Радыё Свабода. Пад адной вокладкай сабраныя выбраныя рэпартажы Змітра Бартосіка для перадачы «Падарожжы Свабоды».

Чытаючы, літаратар звярнуў увагу на ўрыўкі размоў, што сведчаць пра фалькларызацыю вобраза афіцыйнага лідара ў беларускай вёсцы. Напрыклад, яму давялося пачуць: «Чаго вы тут ходзіця? У нас тут выбары Лукашэнкі Республікі Беларусь». Агаворачка па Фрэйду, як кажуць, але даволі паказальная. Яшчэ людзі казалі, што прэзідэнт «грошы дае бясплатна», «адзеў нас босых, голых... Мы да Лукашэнкі ў лапцях хадзілі».


Кіраўнік краіны ўспрымаецца як культурны герой, што быў заўсёды і заўсёды будзе, яму прыпісваюцца «заслугі» Сталіна і іншых савецкіх кіраўнікоў. Фота прэзідэнта ў некаторых вясковых хатах можна пабачыць сярод сямейных фотаздымкаў ці нават побач з абразамі. Такая з’ява для традыцыйнай культуры не новая: сучасныя людзям гістарычныя постаці паступова выціскаюць «старых» герояў, пераймаюць іх функцыі, а ў расповядах могуць мяняцца толькі імёны.

На Палессі фалькларысты запісвалі песню «Да нас едзе…» (у розны час у тэкст «траплялі» імёны кіраўнікоў СССР і БССР, а ў апошнія гады — Аляксандра Лукашэнкі). Пра курганы па ўсёй Беларусі распавядаюць, што гэта магілы волатаў, шведскіх ці расійскіх жаўнераў, партызанаў, сябры якіх насыпалі гэтыя «горы» шапкамі — героі змяняюць адзін аднаго, але сутнасць расповядаў не мяняецца.



Назву кнізе «Быў у пана верабейка гаварушчы» даў артыкул пра вандроўку Змітра Бартосіка ў вёску Дзямідаў Нараўлянскага раёна. Калісьці тамашні памешчык Горват трымаў папугая, што ўмеў гутарыць. Сяляне не ведалі слова «папугай» і таму звалі птушку верабейкам. Пра прыгоды гаваруна можна пачытаць у кнізе ці паслухаць расповяд самога Змітра на відэа.

Памешчык Горват, уладар папугая, даводзіцца далёкім сваяком Андрусю Горвату, які, як нам паведамляў інтэрнэт-дзённік апошняга (нядаўна Андрусь Горват абвясціў, што часова закрывае сваю старонку ў фэйсбуку — рэд.), таксама паступова «абрастае» немалой гаспадаркай.

Андрусь пракаментаваў: «Наўрад ці можна назваць памешчыка Горвата маім продкам. Так, мой і яго род паходзяць з аднаго кораня, але яны разгалінаваліся яшчэ ў ХVII стагоддзі. Ужо мой дзед з тым памешчыкам былі сваякамі ў трынаццатым калене». Дзякуючы Фэйсбуку Андруся мы ведаем, што яго аднафамільцы валодалі палацам у Нароўлі. Аказваецца, палац у іх быў не адзін, можна сказаць, што Горваты — гэта палескія Радзівілы з нерухомасцю па ўсім поўдні Беларусі. 



Падчас аўтограф-сесіі супрацоўнік «Новага часа» Арцём Лява раздаў прысутным газету і паведаміў, што яе цяпер можна набыць у шапіках «Белсаюздруку» і падпісацца праз «Белпошту».

Зміцер Бартосік ёсць нашым адданым чытачом і падпісчыкам. Ён распавёў, што ў «Новым часе» яму найбольш падабаюцца аналітычныя і гістарычныя артыкулы, хаця ўся газета вельмі цікавая.
Напрыканцы сустрэчы Зміцер Бартосік падзяліўся творчымі планамі: сёлета ён займаецца ўкладаннем кнігі, што будзе ўтрымліваць гісторыі пра знакамітых беларусаў. Сяргей Дубавец, які рэдагаваў выданне «Быў у пана верабейка гаварушчы», палічыў, што такія гісторыі будуць там залішнімі (а так кніга магла б выйсці ўдвая таўсцейшай).


Фота і відэа Алены Ляшкевіч


СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.06.2019 06:36:33

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.