::
2017.04.18 — Фатаграфічная спадчына Юзафа Шыманчыка / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Фатаграфічная спадчына Юзафа Шыманчыка
Спасылка
Дата публікацыі
18.04.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Сярод тых, хто пакінуў неацэнную беларускую фатаграфічную спадчыну першай паловы ХХ стагоддзя, быў беларускі фатограф Юзаф Шыманчык (1909–2003). Нарадзіўся ён у Косаве.



 

Юзаф Шчыманчык са сваёй жонкай Аленай Ласько


Будучы 14-гадовым хлопчыкам, Юзік упершыню выпадкова пазнаёміўся з фотаапаратам. Захапленне тэхнікай і фотамастацтвам змяніла яго жыццё. Пачынаў юнак як самавук. Але з часам набыў прафесійнае майстэрства і заснаваў сваё фотаатэлье — спачатку ў родным Косаве, потым у Слоніме падчас вайны, а пасля 1945 года ў Польшчы ў Кутне. Заўзяты ідэяй Яна Булгака, які быў прыхільнікам фатаграфавання Бацькаўшчыны, ён з рэпарцёрскім запалам дакументаваў Беларусь — здымаў беларускае Палессе, азёры Белае і Спораўскае, Косава, вёску Пескі (цяпер Бярозаўскі раён), Слонім, Пінск, сялян, рабочых, сцэны быту сельскіх жыхароў, іх цяжкую працу і г.д. Захавалася каля 400 этнаграфічных і дакументальных здымкаў з Палесся. 50 фотаздымкаў у Юзафа Шыманчыка набыў у 1990-х гадах Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Фатограф падараваў музею і адзін са сваіх фотаальбомаў. Пасля вайны Юзаф Шыманчык некалькі разоў наведваў Беларусь. У 1999 годзе ён прыязджаў сюды разам са здымачнай групай Варшаўскага тэлебачання. На Косаўшчыне, Слоніме і ў іншых мясцінах, дзе да 1945 года жыў спадар Шыманчык, здымалі пра яго дакументальны фільм «Фатограф Палесся». Мастак фатаграфіі наведаў мясціны свайго маленства і юнацтва, ён нават змог сустрэцца з героямі сваіх фотаздымкаў, якія яшчэ жылі і нават памяталі, як ён іх фатаграфаваў. Пазней, гэты фільм музею ў Бярозе падаравала дачка Юзафа Шыманскага Ірэна Даманьска. Дарэчы, Ірэна Даманьска, якая цяпер жыве ў Лодзі, у 2012 годзе ў Варшаве ў галерэі «Вазоўня» наладзіла выставу, прысвечаную бацьку. Выстава мела назву «Юзаф Шыманчык: паміж фатаграфіяй бытавой і айчыннай фатаграфіяй». Наведвальнікі выставы і крытыкі ў польскай прэсе адзначалі, што аўтар здымкаў 30-х гадоў ХХ стагоддзя не толькі фіксаваў прыгажосць тых месцаў, дзе бываў, але паказаў таксама прозу жыцця, часта вельмі беднага. Працы Юзафа Шыманчыка сёння з’яўляюцца доказам таго, што ў гісторыі беларускай і польскай фатаграфіі 1930-х гадоў мы павінны з роўнай сілай улічыць вартасць сацыяльнай фатаграфіі як плынь піктарыялізму. Фатаграфіі Шыманчыка, пісала польская прэса, апрача прыгажосці краявіду і характарных чалавечых тыпаў, паказваюць таксама цяжкае жыццё, бяду палескай вёскі… У 1990-х гадах я перапісваўся з Юзафам Шыманчыкам. Ён жыў тады ў дачкі ў Лодзі. Спадар Шыманчык заўсёды быў рады маім пісьмам і выданням, якія я дасылаў. У знак падзякі ён кожны раз высылаў мне свае здымкі Слоніма 1942–1944 гадоў. Здымкі ўнікальныя, рэдкія, якасныя, цікавыя. І яны менш вядомыя беларусам і палякам за цыкл здымкаў беларускага Палесся. Хаця ані ў тэхнічным, ані ў мастацкім сэнсе яны не саступаюць палескім. Шмат слонімскіх здымкаў Юзафа Шыманчыка я ўжо апублікаваў у друку, у сваіх кнігах. Але яшчэ далёка не ўсе. Да вайны Юзаф Шыманчык пазнаёміўся з Аленай Ласько, якая была родам таксама з Косава і працавала швачкай. Яны пажаніліся і ў пачатку Другой сусветнай вайны Шыманчык і Ласько пераехалі ў Слонім, жылі ў самым цэнтры горада ў старым двухпавярховым доме на другім паверсе з балконам. У цэнтры горада Юзаф меў фотамайстэрню. Яго не чапалі ні партызаны, ні немцы — ніхто. Ён займаўся толькі фотасправай. Фатаграфаваў усіх, хто прыходзіў да яго ў майстэрню ці прасіў сфатаграфаваць дома. Аднойчы ў горадзе адбыўся мітынг. Выйшла на балкон паслухаць выступоўцаў і Алена Ласько. Але ж трэба было здарыцца бядзе. Балкон абваліўся. Так загінула цяжарная Алена. Юзаф Шыманчык моцна перажываў смерць каханай. 
У ліпені 1944 года, калі немцы пакінулі Слонім, савецкія салдаты кінулі гранату ў фотамайстэрню спадара Шыманчыка. Усё згарэла. Выратаваць Юзафу ўдалося некаторыя здымкі і негатывы, якія знаходзіліся ў падвале. 
Пасля вайны Юзаф Шыманчык паехаў жыць у Польшчу, дзе яшчэ сорак гадоў працаваў фатографам у гарадку Кутна. З выхадам на пенсію, у 1985 годзе, ён пераехаў у Лодзь. 
Усё, што сфатаграфаваў і пакінуў беларусам і палякам Юзаф Шыманчык у першай палове ХХ стагоддзя, яшчэ па вартасці неацэнена спецыялістамі-этнографамі і гісторыкамі. А можа я памыляюся? Бо яго фотаздымкі ўжо набылі музеі і бібліятэкі Варшавы, Кракава, Беластока, Мінска, Вільні, Бярозы, Слоніма, Пінска, Пружан і іншых гарадоў. Яго працы сёння выклікаюць жывую цікавасць ва ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны і хто неабыякавы да яе. Чытачам «Новага Часу» прапаную некалькі фотаздымкаў Юзафа Шыманчыка Слоніма 1941–1943-х і Палесся 1920–1930-х гадоў.
  У палескай хаце, 1930-ыя гады 
 Палешукі, 1930-ыя гады  
 Дзяўчаты з Палесся, 1930-ыя гады 
 
Вуліца Татарская ў Слоніме, 1943 г. 
 
Касцёл Святога Андрэя ў Слоніме, 1942 г.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 28.08.2019 09:09:29

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.