::
2017.05.21 — Танцавальная ноч у музеі Багдановіча (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Танцавальная ноч у музеі Багдановіча (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
21.05.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

На імпрэзу «Танцуйма Багдановіча. Ноч музеяў-2017» музей паэта запрасіў суполкі, што займаюцца рознымі відамі харэаграфіі. Паралельна танцам можна было пагуляць у салонныя гульні пачатку ХХ стагоддзя, пабачыць прэзентацыю кнігі Мікіты Найдзёнава «Развітанцы» і выступ гурта «Князь Мышкін» ды паэтычныя выступы.

Міжнародны дзень музеяў адзначаецца 18 траўня. У будні святкаваць нязручна, таму акцыя «Ноч музеяў» праходзіць звычайна па суботах. Сёлета праграмы падрыхтавалі амаль усе сталічныя ўстановы. У музеі Максіма Багдановіча асноўнай, але не адзінай, тэмай імпрэзы сталі танцы. Спачатку наведвальнікаў забаўляў гурт «Калыханка», потым можна было далучыцца да танцаў самых розных накірункаў: эпохі мадэрну (тэатр «Гістрыён»), традыцыйных беларускіх (клуб «Сіта»), ліндзі хопу, блюзу, танга (школа «Квартал»).


Акторка вандроўнага тэатра «Гістрыён» Людміла Скакун патлумачыла, што іх праграма ў музейную ноч была прысвечана танцам пачатку ХХ стагоддзя, каб паказаць, як мог Максім Багдановіч забаўляцца ў Мінску сярод моладзі ў 1916-м, жыўшы ў Мінску. Гэта час, калі танчылі ван-стэпы, пачыналася эпоха танга, заставаліся ў модзе фігурныя вальсы. «Гістрыён» паспрабаваў паказаць, як магла б праходзіць вечарына ў той перыяд — з танцамі, забавамі, салоннымі варожбамі.

Пры тэатры «Гістрыён» дзейнічае школа танцаў. Праграма вельмі разнастайная, пачынаецца з беларускіх традыцыйных танцаў, потым ідуць заходне- і паўночнаеўрапейскія, затым — паглыбленне ў Сярэднявечча. За імі — танцы эпохі барока і, калі хапае часу да канца навучальнага года, то танцы пачатку ХХ стагоддзя — one step, hesitation waltz, салоннае танга…

30 траўня плануецца апошні занятак у фармаце open-air, часткова пад жывую музыку. «Гістрыён» запрашае ўсіх ахвочых далучацца. Найверагодней, занятак (а фактычна вечарына) пройдзе а 19.00 у дворыку дома-музея І з’езда РСДРП, але лепш удакладніць бліжэй да справы на суполках тэатра ў сацсетках. Увосень чакаецца новы набор у танцавальную школу.

Пасля танцаў эпохі мадэрну фальклорныя гурты «Горынь», «GUDA», «Калыханка», Віктар Сямашка і Кумпанія, музыка Кася Радзівілава паказалі спеўную праграму «Вянок для Максіма». Вершы паэта выканалі на традыцыйныя беларускія мелодыі. Пра першую версію праграмы «Новы час» пісаў летась у снежні.

Фальклорны вянок да 125-годдзя Багдановіча (фота і відэа)



Потым настаў час беларускіх традыцыйных танцаў. Прысутныя ахвотна скакалі Польку-Бабачку, Падыспань, Кракавяк…

Як распавяла танц-майстар клуба традыцыйнага танца «Сіта» Ганна Сілівончык, да вечарын на вольным паветры можа далучыцца кожны ахвочы. Яны будуць праходзіць з 28 траўня штонядзелю а 19.00 у Музычным завулку на Нямізе.

«Сіта» — гэта музыкі і танцоры, што сабраліся каля 5 год таму, каб пашырыць беларускія традыцыйныя танцы сярод моладзі. Асноўная мэта — не навучанне і майстар-класы, а перадача атмасферы вясковай вечарынкі, з гульнямі, імправізацыямі, прыпеўкамі. Шмат танцаў «Сіта» прывозіць з этнаграфічных экспедыцый, у якія ездзіць самастойна ці ў складзе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (большасць сяброў «Сіта» з’яўляюцца і сябрамі СЭТ). Часам на вечарынах старэйшыя ўдзельнікі паказваюць танцы часоў сваёй вясковай маладосці. Людзей сталага ўзросту на вечарынах «Сіта» ўсё больш і больш, імпрэзы бадай што перасталі быць выключна моладзевымі. Людзі прыходзяць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі, атрымліваецца яднанне пакаленняў, як яно і было на вясковых вечарынках.

У той жа час, танцы ў Верхнім горадзе, як і традыцыйныя вясковыя, успрымаюцца як месца для знаёмства моладзі, свята ў пэўным сэнсе, таму Ганна Сілівончык раіць прыходзіць прыгожа ўбранымі: ніколі не ведаеш, дзе сустрэнеш свой лёс.

«Сіта» ахвотна адгукаецца на прапановы самых розных устаноў зладзіць танцы на іх тэрыторыі: супрацоўнічае з музеямі (22 траўня будзе яшчэ адна вечарына — у мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура), ездзіць у сельскія дамы культуры па ўсёй Беларусі. Раней нават узімку штонядзелю ладзілі танцы ў Мінску, але апошнім часам моцна падаражэла арэнда памяшкання. Таму ўжо некалькі год падчас ацяпляльнага сезона «Сіта» танчыла ў Ракаве, а сёлета — у Міханавічах.

На пытанне «Што трэба мець з сабой танцору-пачаткоўцу?» Ганна Сілівончык адказвае, што ахвочым галоўнае хацець навучыцца танчыць і не баяцца. Каб выканаць большасць танцаў, дастаткова ўмець польку і вальс, фігуры «нанізваюцца» на гэтыя ўменні. Дрэс-кода няма, пароль не пытаюць. Таму прыходзьце!


Выкладчыкі танцавальнай школы «Квартал» Уладзімір Марчанка і Аліна Высоцкая распавялі, што займаюцца ліндзі-хопам. Яшчэ ў школе можна навучыцца таньчыць блюз, сола-джаз, сальсу, танга, contemporary dance.

Узімку КВАРТАЛ ладзіць вечарыны для вучняў, але могуць далучацца і звычайныя наведвальнікі. Улетку часта танчаць на вольным паветры, але рэгулярных вечарын няма, трэба сачыць за абвесткамі. Танцы бываюць і пад жывую музыку, і пад фанаграму. На пытанне «Адкуль бяруцца музыкі, што граюць музыку такога накірунку?» Уладзімір і Аліна адзначылі, што музыкаў, якія б выконвалі танцавальны джаз, і праўда няшмат. Часта яны «вырастаюць» з танцораў. Нядаўна ўтварыўся гурт «Майстэрня 41», у якім грае і Уладзімір Марчанка.

Ліндзі-хоп — адносна новы для Беларусі танцавальны накірунак, з’явіўся ў нас літаральна год восем таму. Гэты танец нарадзіўся ў асяродку афраамерыканцаў у міжваенны перыяд, прыйшоў у Еўропу, але да 1980-х быў фактычна забыты і выціснуты рок-н-ролам. У 1990-х адрадзіўся, як ні дзіўна, у Швецыі, і адтуль зноў распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе і трапіў у ЗША. Там ліндзі-хоп танчыць шмат людзей сталага веку. У нас накірунак пакуль лічыцца пераважна моладзевым.

Паралельна танцам у экспазіцыі музея можна было пагуляць у салонныя гульні пачатку ХХ стагоддзя, пабачыць прэзентацыю кнігі Мікіты Найдзёнава «Развітанцы» і выступ гурта «Князь Мышкін», паэтычныя выступы Віктара Лупасіна, Георгія Барташа, Таццяны Светашовай, Дар'і Бялькевіч.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.10.2019 07:08:08

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.