:: calculation
2017
Загаловак text
«Бога праслаўляем, Юр'я велічаем, ой венцы-венцы зялёны бярвенцы»
Спасылка embed
Дата публікацыі date
08.05.2017
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

Старажытны абрад, прысвечаны ўрадлівасці, які традыцыйна святкуецца ў дзень Святога Георгія Перамоганосца і мае назву Юр'е, правялі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.

 

 

Сюды ў Юр'еў дзень штогод прыязджаюць журналісты і турысты. Гэты абрад з'яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай і ахоўваецца дзяржавай, а таксама рыхтуецца ўвайсці ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ААН. Гэты абрад пагостаўцы праводзяць насуперак недабраслаўленню мясцовага святара, які кажа, што «граблі — гэта не наша свята».

Абрад "Юр'еўскі карагод" знаходзіцца пад аховай дзяржавы з 2004 года

Мясцовыя старажылы ўзгадваюць, што святкаванне абраду не спынялася ў Пагосце нават за часамі вайны.

Тады, канешне, усё было зусім інакш. Зараз нават песні маладыя па-свойму спяваюць: перакладаюць на свой лад, змяняюць манеру выканання, — дзеліцца ўражаннямі пагостаўскі гарманіст.

Зараз жа свята жыве дзякуючы мясцовай жыхарцы Кацярыне Іванаўне Панчэні, якая з'яўляецца асноўнай ініцыятаркай Юр'еўскага карагоду.

Давайце благаславімся, Бога папросім. Начном свой абрад, штоб гэты абрад нам прынёс ураджай добры. Бо вы знаеце, што і бабы нашыя і мацяры па нашай спадчыне кажды год вадзілі карагода, каб урадзіў ураджай. — прамаўляе Кацярына Іванаўна. — Давайце нарадзім карагода.

Жанчыны ўпрыгожваюць святочны каравай, які панясуць у поле, каб Бог даў добры ўраджай

Пагостаўскія жанчыны на  Юр’е выпякаюць каравай, збіраюцца ў адной хаце і пачынаюць яго ўпрыгожваць каляровымі стужкамі ды печанымі галінкамі-кветачкамі і спяваць абрадныя песні з просьбамі да Бога, каб даў добрага ўраджаю:

«Урадзі, Божа, жыта на новае летаОй, венцы-венцы, зялёны бярвенцы».

Выхад шэсця ў поле

Потым апранаюць фартух зялёнага колеру на граблі і ідуць у поле, несучы таксама і ўпрыгожаны каравай - як сімвал даніны за будучы добры ўраджай, якога так жадаюць вяскоўцы. Да святкавання далучаецца таксама моладзь. Дзяўчаты плятуць і апранаюць вяночкі з кветак, хтосці з маладых абавязкова бярэ ікону, з ёй узначальвае шэсце і вядзе ўсіх на поле, дзе адбываецца наступная абрадавая дзея — карагод.

Карагод, у цэнтры якога хлопцы і мужчыны - зярняткі

Абрад гэты дужа загадкавы і архаічны. Сэнс свята заключаецца ў тым, каб выйсці у поле, дзе пасеяна жыта або пшаніца і заклікаць Юр'я (у дахрысціянскі час гэта быў Ярыла), які сваімі прамянямі адчыняе зямліцу ды выпускае расіцу. Ну, а міфолагі кажуць, што гэта дзень шлюблення бацькі-неба і маці-зямлі. Такім чынам, хлопцы, што стаяць у цэнтры карагода, сімвалізуюць зярняткі, якія трэба каб паліў дожджык і прарасціла зямля, — тлумачыць Рэгіна Гамзовіч — абрадазнаўца, якая штогод прыязджае на Юр'еўскі карагод. — Гэты карагод з'яўляецца этнічным сімвалам Тураўшчыны, таму яшчэ носіць назву «Тураўскі карагод». У 2004 годзе яму быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Юр'еўскі карагод у полі


Ну што, папрасілі Бога, давайце хадзем у сяло, павесялім людзей, — заклікае Кацярына Панчэня. — Мяняйце фартуха, з зялёнага на чырвоны, абратна так уходзьце як заходзілі.

 

 

Шэсце паслухмяна рушыць тым жа шляхам, што і заходзіла ў поле. Але ўжо пад спевы і танцы — знак таго, што ўсё атрымалася і што ўраджай цяпер дакладна абяцае быць выдатным.

Далей пачынаецца валачобніцтва — абыход вясковых двароў. Каля кожнага таксама танцы і спевы — віншаванне гаспадароў і пажаданне «каб жылося і вялося і каб усе здаровыя былі ў етам гаду».

Віншаванне жыхара адной з вясковых хат

У пагосце зараз ё дужа цікавая тэндэнцыя калі вяртаюцца дзеці і ўнукі тых, хто ўжо даўно з’ехаў адсюль, або памёр. — заўважае Рэгіна Гамзовіч. — І важна, каб гэтыя нашчадкі працягвалі захоўваць традыцыі Юр’еўскага карагоду, як тое рабілі іх бацькі і дзяды.

Спевы ды танцы працягваюцца аж да абеду. Свята падыходзіць да сканчэння, а пагостаўцы збіраюцца за святочным сталом і запрашаюць усіх жадаючых абавязкова далучыцца. Кажуць, прысутнасць за сталом і частаванне прыгатаванымі стравамі — знак павагі і пашаны да гаспадароў.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.11.2018 23:54:03

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.