::
2017.04.24 — Радаўніца: ад «грамулькі» да карагодаў на могілках / Наша Ніва / nn.by
Загаловак
Радаўніца: ад «грамулькі» да карагодаў на могілках
Спасылка
Дата публікацыі
24.04.2017
Катэгорыя
інтэрвію
Анатацыя

25 красавіка — Радаўніца. Пра беларускія традыцыі памінання продкаў расказвае фалькларыст Таццяна Валодзіна.

Поўны тэкст

«Наша Ніва»: Ці праўда, што Радаўніца — унікальны беларускі абрад, якога няма нават у найбліжэйшых суседзяў-славянаў?

Таццяна Валодзіна: Менавіта ў беларусаў веснавыя велікодныя абрады ўшанавання памерлых атрымалі асаблівае развіццё, шматстайнасць і надзвычайную трываласць. Гэта жывая і сёння традыцыя. Што цікава: Радаўніца і ў беларусаў можа быць розная. У Беларусі ўспамін памерлых і ўшанаванне іх памяці адбываецца не абавязкова ў наступны аўторак па Вялікадні. Напрыклад, на Палессі, нават на Паўднёвай Міншчыне веснавы дзень памінання продкаў завецца Наўскім (Мёртвых) Вялікаднем і святкуецца ў чацвер — на чацвёрты дзень пасля Вялікадня. Наўі — так у старажытнасці называлі памерлых.

У некаторых мясцінах (асобныя вёскі Лагойскага, Докшыцкага, Бярозаўскага, Быхаўскага раёнаў) — на могілкі ходзяць на Вялікдзень. Хоць царква гэта не ўхваляе: у дзень Уваскрасення трэба радавацца жыццю.

Таму тое, што зрабілі аўторак выходным днём… Добра, вядома ж, што ўшанавалі даўні звычай памінання продкаў.

Але тут ёсць і момант умяшання ў традыцыю народную, яе разбурэння. Ужо і ў тых рэгіёнах, дзе продкаў спрадвеку паміналі ў іншыя дні велікоднага тыдня, пачынаюць хадзіць на могілкі ў аўторак — бо выходны, многа часу, дзеці з горада прыязджаюць.

«НН»: Звычай піць на могілках на Радаўніцу — ён спрадвечны ці прынесены?

ТВ: Неабходнасць «ста грамаў» на магіле — спрэчны момант.

Гэта рэгіянальна. Усходняя Беларусь — там амаль паўсюдна ёсць традыцыя выпіць на могілках гэтую «грамульку». Але звычай не новы. Раней, як на магілы яшчэ не ставілі чарак, алкаголь лілі проста пад крыж. Так усталёўваўся кантакт з памерлымі шляхам сумеснага сталавання.

«НН»: Багацце сталоў на могілках часам уражвае.

ТВ: Так, нават салат аліўе можна пабачыць. Але трэба памятаць, што Радаўніца — не банкет.

Раней бралі абрадавы мінімум: чырвонае яйка, кавалак булкі і гарэлку. Акрамя булак ва Усходняй Беларусі на могілкі бралі збожжа, крупы. Іх рассыпалі там, каб частаваць душы продкаў у выглядзе птушак. Душы ў выглядзе птушак — гэта вельмі архаічнае ўяўленне.

Ідэя Радаўніцы — сумеснае з памерлымі «застолле».

Яно грунтуецца на ідэі, што мы цэлае, толькі калі мы ўсе разам: і жывыя, і памерлыя. Народ, вёска, род.

«НН»: Звычай есці на магілах можна параўнаць з паганскімі трызнамі.

ТВ: У нейкім сэнсе так. Найперш у тым, што гэта памінанне без жалю. Гэта дзень яднання, успамінаў. Светлы дзень. Зусім на ўсходзе Беларусі да гэтага часу жывы прыгожы звычай: магілы засцілаюць белымі абрусамі, ручнікамі. Гэта фантастычнае відовішча: дзясяткі белых пагорачкаў, ля якіх збіраецца разам увесь вясковы люд.

Вёска Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, 02.05.2006 а 10.00 на Радаўніцу. Фота этнографа Вольгі Лабачэўскай.

Радня збіраецца каля магілы сваяка, які памёр апошнім. На засланую магілу ставяць стравы, сядаюць наўкола. Раней бралі адну чарку на ўсю вялікую сям’ю.

На Магілёўшчыне, у Чачэрскім раёне, у прыватнасці, на Радаўніцу водзяць карагоды.

Карагод — гэта не абавязкова вясёлыя скокі, як мы часта сабе ўяўляем. Там людзі ідуць між магілаў, пабраўшыся за рукі, і спяваюць песню стрымана-духоўнага сэнсу, у якой вядзецца пра памінанне душы.

Сустракаецца там і звычай іграць на «пішчыках» — свістульках, зробленых з кары, — проста на могілках, калі ўласна праз гук адбывалася сімвалічнае яднанне з памерлымі.

Відэа: "Свішчыкі" https://youtu.be/hhxrKZ2xV-I 

«НН»: Цяпер пра набліжэнне Радаўніцы ў Беларусі можна пазнаць па масавым з’яўленні на кірмашах пластыкавых кветак. Ці раней насілі на могілкі кветкі, стужачкі ці завязвалі на крыжы?

ТВ: Кветкі — сучасная прыдумка. А вось стужкі, ручнікі, хвартушкі неслі ў сабе старажытную ідэю. Калісь абнову дзецям імкнуліся справіць да Вялікадня. Продкі на тым свеце, паводле народнага ўяўлення, таксама маюць патрэбу ў новай адзежы. «Не маеш абновы — хоць нітачку новую занясі завяжы — яму там абнова будзе», — тлумачыла мне бабуля ў Докшыцкім раёне.

«НН»: Чаму Радаўніца — менавіта ў гэтыя дні? І які сэнс продкі ў яе ўкладалі?

ТВ: Тут мы не ведаем напэўна, можам толькі рэканструяваць. Час веснавога раўнадзенства — гэта час, калі адкрываецца вырай. Прылятаюць птушкі, выходзяць змеі, прачынаецца мядзведзь. У раўнадзенства на зямлю вяртаюцца і душы памерлых, лічылі продкі. Але нябожчыкі могуць пабыць сярод жывых абмежаваны час. Потым яны, каб сусветная раўнавага не парушылася, мусяць вяртацца назад. Таму першая нядзеля пасля Вялікадня і называецца «праводнай» — маюцца на ўвазе дзеянні, звязаныя з выпраўленнем дзядоў назад, на той свет.

Радаўніца ўваходзіць у сістэму Дзядоў — памінання продкаў, якое адбывалася ў розных мясцовасцях ад трох да сямі разоў на год.

Паміналі падчас Калядаў, Масленіцы, Саракоў, Тройцы, пасля былі Дзяды Пятроўскія, Міхайлаўскія, Піліпаўскія, Змітраўскія, Асяніны… З гэтым звязаная нават прымаўка: «Каб яшчэ адзін дзед, дык згалеў бы ўвесь свет». Бо кожны раз трэба было рабіць стол — і не абы-які.

На паганскую ідэю вяртання продкаў арганічна наклалася хрысціянская ідэя ўваскрашэння Хрыста. Увогуле, шукаць асобна паганскія элементы ў нашых звычаях — рэзаць традыцыю па жывому.

«НН»: Цяпер на Радаўніцу нават бацюшка прыходзіць свяціць магілкі.

ТВ: Звычай асвячаць магілы распаўсюджаны не паўсюль, за душы памерлых маліліся пераважна ў царкве. А галоўны сэнс Радаўніцы — гэта факт духоўнай сустрэчы з продкамі. І матэрыяльным увасабленнем гэтай сімвалічнай сустрэчы з’яўляецца застолле.

Дарэчы, якраз яго святары цяпер спрабуюць забараняць.

Асабліва на ўсходзе Беларусі — там, дзе доўга не было цэркваў. Святар забараняе піць і есці на могілках — дык прыхаджане робяць гэта цішком, як ён сыходзіць. Цікава, што тут народнае ўяўленне канфліктуе з загадамі святара: «Бацюшка запрашчаіць, дык я не паставіла чарку на магілу. У сне прыходзіць мужык і кажаць: «Ты мне ўжо сто грам пашкадавала?»

«НН«: Ці задумваецеся Вы: што будзе пасля таго, як адыдуць апошнія носьбіты гэтай фальклорнай свядомасці? Застанецца бясконца апрацоўваць і перапісваць раней сабраны матэрыял?

ТВ: Кожнай фальклорнай з’яве ўласцівая прагматыка. Абрады, спевы — усё гэта робіцца не напаказ. Няма нічога, што не было б патрэбна. Тое, у чым знікае патрэба, адмірае.

«НН»: Вы маеце на ўвазе, што жніўныя песні цяпер не пяюць таму, што жыта больш не жнуць сярпамі?

ТВ: Так. Таму спроба наноў укараняць дажынкі выглядае штучна. А вось я залетась бачыла, як у Добрушскім раёне «водзяць русалку»…

«НН»: Якая можа быць прагматыка сёння ў «ваджэнні русалкі»?!

ТВ: А вось глядзіце: год быў, калі памятаеце, вельмі сухі. Дык старыя бабулькі глядзяць на абрад і кажуць: во, павялі русалку, значыць за колькі дзён пойдзе дождж. І ён, самае цікавае, сапраўды пайшоў!

А як было цікава назіраць, калі ўдзельнікі «ваджэння» — маладыя дзяўчаты, дзеці, — вывеўшы «русалку» за сяло, кінуліся і за секунду расшкамуталі яе ўбор, зроблены з травы і галінак. Кожнаму хацелася хоць галінку прынесці на свой агарод — ад мядзведкі, якая становіцца цяпер сапраўднай пошасцю.

«НН»: Выходзіць, на змену адным фальклорным уяўленням прыходзяць іншыя. І хрысціянства нічога тут не парадзіць?

ТВ: А звычай свяціць вербачку — не тое самае? Можна казаць пра прыход Хрыста ў Іерусалім, пра пальмавыя галіны, якімі яго віталі, — але хіба ў аснове абраду для шэрагу звычайных абывацеляў не ляжыць жаданне атрымаць магічную рэч? Уся наша традыцыя — суплёт паганскіх уяўленняў з хрысціянствам. На гэтым і жывём.

***

Назоў Радаўніца (Радуніца, Раданіца) вельмі архаічны. Няма адзінага меркавання пра яго паходжанне. Доўгі час яго этымалогію выводзілі ад «радавацца» або «род». «Род» — ясна чаму. На карысць «радаснай» тэорыі сведчыла тое, што ў хрысціянскі час Радаўніца стала «Вялікаднем памерлых»: святам, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Аднак многія навукоўцы лічаць такое тлумачэнне павярхоўным. Ключом да тлумачэння слова можа быць літоўскае слова rauda «плач з галашэннем» і raudanė «малітва з плачам і галашэннем». Параўнайце, як гэта падобна да славянскага «рыдання».

Абрад памінання дзядоў па Вялікадні ў нас з літоўцамі ідэнтычны. Назоў «Радаўніца» менш пашыраны на поўдзень ад Беларусі.

***

Таццяна Валодзіна

нар. 1968, родам з Лепельшчыны. Фалькларыст, доктар філалагічных навук. Працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Гутарыў Сяргей Мікулевіч
http://nn.by/?c=ar&i=189662

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.10.2019 11:49:34

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.