№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г
У “К” № 11 мы разважалі пра пераемнасць традыцыйнай танцавальнай культуры. У працяг тэмы хочацца засяродзіцца на грамадскіх ініцыятывах у гэтай сферы, балазе танцавальныя вечарыны набываюць папулярнасць па ўсёй Беларусі.
Урэшце, у асяродку аматараў фальклору, не звязаных з установамі культуры, цікаўнасць да традыцыйных танцаў абудзілася ў 1980-х. Тады і спявалі, і рабілі спробы ладзіць Гуканне вясны, Купалле, калядаваць у горадзе. На чале гэтага руху стаялі студэнты філалагічных факультэтаў БДУ і Гомельскага педінстытута. Стыхійны рух паступова арганізаваўся ў суполкі “Майстроўня” і “Талака” (апошняя, дарэчы, існуе і сёння).
Другая хваля, звязаная з першай хіба ментальна, — танцавальныя вечарыны ў Інстытуце праблем культуры, арганізаваныя Ірынай Мазюк. Прыходзіла моладзь, пераважна студэнты творчых спецыяльнасцей: мастакі, дызайнеры, архітэктары. З тых мастацкіх ініцыятыў і цэнтра этнакасмалогіі “Крыўя” бярэ пачатак гурт “Гуда” і рэспубліканскае Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. На пачатку 2000-х першы засяродзіўся на спевах, а другое — на экспедыцыях і навучальных гуртках. Нейкі час у Мінску народнымі танцамі займаліся толькі рыцарскія клубы і дудары. У сярэдзіне 2000-х бард Зміцер Сідаровіч арганізаваў вечарыны народных танцаў у мінскай кавярні “Жар-птушка”. Паступова ўтварылася музычная капэла “На таку”, якая ладзіць танцавальныя вечарыны ў розных гарадах Беларусі. Падчас гэтых імпрэз ад мясцовых носьбітаў танцавальных традыцый запісваюцца новыя танцы, якія потым набываюць другое жыццё на мінскіх вечарынах.
Рух, узняты ў рэгіёне мінскімі аматарамі, звычайна не заціхае: работнікі культуры знаходзяць мясцовых музыкаў і працягваюць ініцыятыву. Бывае, што нефармальныя танцавальныя вечарыны ўзнікаюць на месцах без уплыву з цэнтру. І ўсё ж імпрэзы з удзелам мінскіх музыкаў застаюцца запатрабаванымі. Таму Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і падала праект па арганізацыі мясцовых танцавальных вечарын “Трохкрок” на конкурс “Social Weekend 9” (падрабязна пра тое — таксама ў “К” № 11).
Праўда, не ўсюды танцавальныя вечарыны “прыжыліся”. Напрыклад, у Крупскім раёне Мінскай вобласці з восені 2015-га на працягу года прайшло 6 імпрэз. “К” пісала пра гэтыя танцы ў № 43 за 2015 год і ў № 4 за 2016-ы. Ініцыятаркай мерапрыемстваў была танцорка мінскай этнашколы гурта “Гуда” Антаніна Малама, якая здымала хату ў пасёлку Крупскі. Самыя яскравыя імпрэзы прайшлі на Каляды і Масленку ў пачатку 2016-га, на адным з мерапрыемстваў прысутнічала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крупскага райвыканкама Таццяна Мельнік. Але ў верасні 2016-га нешта пайшло не так і вечарыны спыніліся. Антаніна Малама набыла ў Крупскім хату і стала жыве там, але прапаноў па арганізацыі новых танцавальных вечарын ад работнікаў культуры пакуль не атрымлівала.
Сітуацыя з пераемнасцю ў галіне танцавальнага мастацтва не ўнікальная. Напрыклад, песні: даўней спявалі калі не ўсе, то многія. Песні гучалі амаль заўсёды: падчас працы і адпачынку, на сямейныя і каляндарныя святы, над калыскай і на кірмашы. Цяпер бабулі, якіх апытваю падчас этнаграфічных экспедыцый, скардзяцца: “Запяеш дзе — дык скажуць, што п’яная”. Таму можна рэзюмаваць, што любая пераемнасць патрабуе асяродку, супольнасці. Адзін у полі не ваяр, хаця прыватная ініцыятыва вельмі істотная.
Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"Падзяліцца
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.