:: calculation
2017
Загаловак text
Энтузіязм хутка заканчваецца, але...
Спасылка embed
Дата публікацыі date
08.04.2017
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Энтузіязм хутка заканчваецца, але...

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваўВа ўніверсітэце культуры і мастацтваў 21—23 красавіка пройдзе ХІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання” імя Зінаіды Мажэйка, арганізавала якую наша кафедра. І сёлета ў падзеі з'явіўся партнёр, які ўдзельнічае фінансава.

Нагадаю, штуршком да арганізацыі першай канферэнцыі стала падпісанне нашай краінай Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Адпаведна гэтаму міжнароднаму дакументу, варта звяртаць увагу не толькі на маніторынг стану фальклору, але і на механізмы яго перадачы. Паўстала пытанне, чаму апошнія ў нас не працуюць. Той падыход да вывучэння фальклору, які пануе ў асяродку мастацтвазнаўцаў і фалькларыстаў, не кажа пра пераемнасць. Варта звяртацца да антрапалагічных методык. Зінаіда Мажэйка і пачала казаць у свой час, што фальклор варта вывучаць метадам улучанага назірання.

Варта разумець, што фальклор нічым не горшы за прафесійнае мастацтва, хоць і развіваецца па сваіх законах. Але гэта нашы праблемы, праблемы сучасных людзей, што мы знаходзімся па-за гэтай эстэтыкай. Таму для нашай кафедры прынцыпова, што на канферэнцыі не толькі гучаць даклады, але і адбываюцца канцэрты носьбітаў традыцый і пераемнікаў. Мы ўвесь час шукаем новыя формы працы, у апошнія гады ладзім прэзентацыі антрапалагічнага кіно. Ганарымся, што ў 2012-м на канферэнцыі ўпершыню быў прадэманстраваны відэазапіс грання беларускіх дудароў, што датуецца ліпенем 1939 года (фрагмент з кіначасопіса “Савецкае мастацтва”, што быў знойдзены, апісаны і ўведзены ў навуковы ўжытак падчас выканання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады). Гэта навуковая сенсацыя ў сучаснай этнамузыкалогіі.

Сёлета на канферэнцыі выступяць носьбіты традыцыйнай песеннай культуры з вёскі Новае Палессе (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці), магчыма — выканаўцы з вёскі Любонічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці (выкладчыца нашай кафедры Эвеліна Шчадрына і яе студэнты пазнаёміліся з імі падчас летняй практыкі). Дзіцячы гурт з вёскі Ліпнікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы зладзіць рэканструкцыю велікоднага абраду “Стрылка”, што праходзіць у вёсцы Бездзеж таго ж раёна і мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Такі ж статус, дарэчы, мае і спеўны стыль вёскі Новае Палессе. Гурт “Ліпачка” падтрымае інструментальны ансамбль “Папінскія музыкі” (вёска Папіна Драгічынскага раёна). Як заўсёды, будзе асобны канцэрт гуртоў-пераймальнікаў.

Ахвочыя паслухаць даклады могуць прыходзіць на канферэнцыю задарма, уваход на канцэрты таксама вольны (у Музеі народнай архітэктуры і побыту трэба будзе аплаціць уваходны квіток). Арганізацыйны ўнёсак для тых, хто хоча апублікаваць свой артыкул у зборніку, — 25 рублёў. Зразумела, што для студэнта ці магістранта 25 рублёў — гэта нямала, але ён досыць стандартны па нашых ВНУ. У арганізацыі нашай канферэнцыі фінансава ўдзельнічае, акрамя ўніверсітэта, Міністэрства культуры і, сёлета ўпершыню, “Прыёрбанк”. Але калі мы будзем размяркоўваць сродкі на зборнік, у нас не атрымаецца належна прыняць носьбітаў традыцый. Цікавая гісторыя, дарэчы. атрымалася з “Прыёрбанкам”: мы звярталіся да іх два гады таму, і яны адмовілі ў фінансавай дапамозе. А сёлета звярнуліся да іх аўстрыйскіх партнёраў — і атрымалі сродкі! Таму хочацца параіць усім, хто шукае фінансаванне на свае мерапрыемствы, — грукайцеся, і вам адчыняць. Бо на энтузіязме асобных людзей нешта рабіць можна вельмі нядоўга, гэты энтузіязм хутка заканчваецца.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.08.2018 23:45:41

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.