::
2014.08.02 — Знайсці артэфакт / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Знайсці артэфакт
Спасылка
Дата публікацыі
02.08.2014
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Знайсці артэфакт

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Сябры Гомельскай маладзёжнай краязнаўчай грамадскай арганізацыі “Талака” правялі даследаванне традыцыйнай культуры Лоеўшчыны. Па словах намесніка старшыні “Талакі” Марысі Тульжанковай, мэтамі экспедыцыі, акрамя тэарэтычнага навуковага вывучэння, быў пошук матэрыялу, прыдатнага для рэканструкцыі традыцыйных святаў, для арганізацыі работы гурткоў і майстар-класаў.

Варта адзначыць вялікую ролю работнікаў культуры ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны Лоеўшчыны: менавіта ад людзей, што былі ўдзельнікамі ці кіраўнікамі фальклорных калектываў, атрымана найбольш інфармацыі па абрадах і песнях. Свой фальклорны архіў — у Валянціны Берасневай, якая заснавала ў Лоеве вакальны гурт “Жывіца” і ў 1970-х — 1980-х гг. шукала па вёсках рэпертуар. Уразіў “Лутава”, названы ад вёскі, пры клубнай установе якой утварыўся. Клуб у Лутаве закрылі, таму бабулі цяпер спяваюць дома ў кіраўніка гурта Тамары Шапавал. Шмат песень узгадалі былыя ўдзельніцы фальклорнага гурта вёскі Дзяражычы.

Шмат артэфактаў традыцыйных рамёстваў збераглося ў музеях. Вялікая калекцыя традыцыйнага тэкстылю захоўваецца ў Лоеўскім музеі бітвы за Днепр. Змястоўны пакой-музей дзейнічае пры Лоеўскай гімназіі. Мяркуючы па зборах, у раёне былі развіты пляценне з розных матэрыялаў, ганчарства, выраб посуду з дрэва, шматнітовае ткацтва, вышыўка гладдзю і крыжыкам, вязанне карункаў. Як і па ўсёй Гомельшчыне, уражвае разнастайнасць драўлянага аздаблення хат. У жывым бытаванні выяўлена толькі рамяство вышыўкі.

Пад час экспедыцыі быў запісаны цікавы шматкаленны вальс. Гэты танец мае вялікі патэнцыял для пераймання маладзейшым пакаленнем мясцовай супольнасці: штогод у маі, перад выпускным вечарам, у Лоеве праводзіцца конкурс “Свята вальса”, у якім удзельнічаюць навучэнцы старэйшых класаў мясцовых школ. Акрамя таго, у раёне дзейнічае дзіцячы фальклорны гурт “Фэст” — шматразовы прызёр Фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Аднымі з пераймальнікаў традыцыйнай культуры Лоеўскага раёна стануць цяпер і сябры “Талакі”. Па выніках свайго этнаграфічнага архіва арганізацыя выпускае выданні, якія папулярызуюць традыцыйную культуру Гомельшчыны. На аснове леташняй, Брагінскай экспедыцыі апублікавалі буклет “Вяселле па-брагінску” з музычным дадаткам. Выданне дазваляе маладым парам, якія вырашылі зрабіць сваё вяселле традыцыйным, аднавіць абрад на аснове брагінскіх звычаяў. Па выніках Лоеўскай экспедыцыі таксама чакаюцца цікавосткі!..

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.