::
2014.02.22 — Семінар пад гармонік / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Семінар пад гармонік
Спасылка
Дата публікацыі
22.02.2014
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Семінар пад гармонік

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

У аграгарадку “Бацэвічы” прайшоў раённы семінар для работнікаў культуры “Метады адраджэння танцавальных традыцый Клічаўшчыны”. Арганізоўвала мерапрыемства ў фармаце танцавальнай вечарыны загадчык Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна Жанна Ачыновіч.

Алена Прохарава і Васіль Нікіцін на танцавальнай дзеі.

Ініцыятарам правядзення вечарыны выступіла актывістка Алена Прохарава з Мінска. Яна ж прадумвала і канцэпцыю мерапрыемства. Планавалася, што наведвальнікамі стануць жыхары Бацэвічаў, а граць будуць музыкі мінскай капэлы “На таку”. Прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі прыхільна паставіліся да ініцыятывы, прапанавалі правесці пад час вечарыны семінар для работнікаў культуры раёна. Апошнія згадвалі танцы са сваіх вёсак, вучылі ім калег ды гасцей. Гасцямі сталі як жыхары Бацэвічаў, так і аматары традыцыйнай культуры, сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Танчылі вальс, польку, падэспань, кракавяк, “Месяц”, “Каробачку”, “Страданне”, “Лявоніху”, “Лысага”.

У дзень вечарыны да мінскіх музыкаў далучыліся мясцовыя гарманісты Уладзімір Александровіч з вёскі Клічаўскія Пасёлкі і Дзмітрый Русецкі з Клічава. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама дапамог з транспартам, таму ў вечарыне прымалі ўдзел носьбіты традыцый і работнікі культуры з вёсак Востраў, Арэхаўка, Дзмітраўка, Максімавічы, а таксама — вакальны ансамбль ветэранаў “Крыніца”, этнаграфічнае аматарскае аб’яднанне “Калагод”, дзіцячы танцавальны калектыў “Кантрасты”, аматарскае аб’яднанне “Спадчына”.

Прыемна, што некаторыя госці прыехалі ў традыцыйных строях. Зоя Самец, напрыклад, носіць строй сваёй прабабулі з вёскі Каўбчанская Слабада, а Валянціна Нікіціна сама пашыла сабе ўбор паводле старажытнага адзення вёскі Заполле. Муж яе — Васіль Мікалаевіч — танчыў у аўтэнтычнай кашулі. Жанчыны, у якіх не было строяў, прыйшлі ў квяцістых хустках. Вечарына атрымалася нейкая... сапраўдная, калі так можна сказаць: і танцы, і музыка, і строі ўдзельнікаў — усё казала пра павагу да даўніны...

Алена ЛЯШКЕВІЧ

 

Фота аўтара

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.08.2019 06:11:58

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.