::
2017.02.27 — Масленку паводле старадаўніх абрадаў адсвяткавалі на Тураўшчыне (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Масленку паводле старадаўніх абрадаў адсвяткавалі на Тураўшчыне (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
27.02.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

На Масленку ў Тонежы… упрыгожваюць ёлку. Навукоўцы лічаць, што вечназялёнае дрэўца — сімвал новага году, які даўней пачынаўся ўвесну.

 

 

 

Праваслаўныя адсвяткавалі Масленку 26 лютага. На Палессі ў гэты час ужо гукаюць вясну. У рэпартажы — абрады дзвюх вёсак гістарычнай Тураўшчыны, Пагост (цяпер Жыткавіцкі раён) і Тонеж (цяпер Лельчыцкі раён).

 

 

 

 

 

 

 

Сёлета супадаюць праваслаўны і каталіцкі Вялікдзень, суадносна, і Масленка амаль што супала: праваслаўныя святкавалі яе з 20 да 26 лютага, а ў каталікоў найбольш урачыстыя дні — 27 і 28 лютага.

 

 

Падавалася б, Беларусь не вельмі вялікая краіна, але клімат на Поўдні і Поўначы адрозніваецца. Святкаванне Масленкі ва ўсіх беларускіх рэгіёнах спалучае рысы провадаў зімы і сустрэчы вясны, але толькі на Палессі, дзе цяплей, ужо ў гэты дзень гукаюць вясну.

 

 



 

 


Вёска Пагост ля Турава найбольш вядомая абрадам Юр’я, які праходзіць 6 мая і ўнесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Акрамя таго, у мясцовай царкве захоўваецца адзін з каменных крыжоў, якія, па легендзе, прыплылі ў Тураў з Кіева ўверх па цячэнні Дняпра і Прыпяці ў Сярэднявеччы. 

 

 

Падчас абраду «Гу, весна» дзеці атрымліваюць вузельчык з масленічнымі стравамі: пірог, тварог, масла, яйкі. На ўзвышшы (раней на капе саломы ці стозе сена ў пуні, цяпер, калі людзі не трымаюць жывёлу, — на страсе) дзеткі ядуць і гуляюць у біткі.

 

 

 

 

Ад біткоў на Вялікдзень масленічная гульня ў Пагосце адрозніваецца тым, што яйкі нефарбаваныя. Старэйшыя жанчыны з гурту «Міжрэчча» тым часам выконваюць абрадавыя песні. Гурт атрымаў назву ад ландшафту Пагоста: вёска знаходзіцца між Прыпяццю і Сцвігай.

 

 

 

 

 

 


Цікава, што ў тураўскіх гаворках не дзейнічаюць характэрныя для літаратурнай беларускай мовы правілы акання і якання, таму «весна», а не «вясна», «поломалі», а не «паламалі».

 

 

 

 

Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна вядома па фільме Валера Рыбарава 1977 года «Тонежскія бабы», дзе паказана разам з традыцыйнай культурай сяла трагедыя яго жыхароў падчас Другой сусветнай вайны. Потым Тонеж фігураваў у шэрагу этнамузыкалагічных фільмаў 1970–1990-х гадоў паводле сцэнараў Зінаіды Мажэйка. Даследчыца працавала адпаведна самым высокім міжнароднымі стандартам у музычнай і візуальнай антрапалогіі.

 

 

Вёска застаецца «спеўнай» да сённяшняга дня.

 

 

Абрад гукання вясны на Масленіцу ў Тонежы завецца «Чырка» ці «Чырачка» (назва аднаго з відаў птушак, што водзіцца ў гэтай мясцовасці). Ён унесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Пра чырачку-пташачку пяецца ў адной з абрадавых масленічных песень:



 

 

Ой, чырочко-пташэчко,

 

 

не залетай далечко,

 

 

Не занось мого венчыка,

 

 

Бо мой венчык потрэбчык:

 

 

Трэба братка жаніці,

 

 

А сестрыцу й отдаваць.

 

 

А сестрыцу отдаваць,

 

 

Да веселлейко спраўляць.

 

 

Поехав мілы по дрова загорэлас дуброва.

 

 

Стала міла тушыці, рэшэтом воду носіці.

 

 

Сколько в рэшэце водзіцы,

 

 

Столько в мілого правдзіцы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На Масленку пякуць печыва ў форме птушак, якое так і завуць — «чырачкі». «Птушынае» печыва ў Беларусі часцей выпякалі на пазнейшыя вясновыя святы, таму яшчэ будзе нагода сёлета скарыстацца з тонежскага рэцэпту.

 

На Масленку ў Тонежы… упрыгожваюць ёлку. Навукоўцы лічаць, што вечназялёнае дрэўца — сімвал новага году, які даўней пачынаўся ўвесну. Пра дрэўца кажуць: «Это ж ёлачка як дзяўчына нарадна… сьветлая, ясная і багатая».

 

 

 



 

Святкаванне Масленіцы адбываецца на ўзвышшы, тонежцы водзяць карагоды, частуюцца, гуляюць, сустракаючы такім чынам вясну. Ёлку зацягваюць на дуб, пудзіла спальваюць, пачастункі з’ядаюць. Скатваюцца з горкі, сімвалічна забяспечваючы сабе на будучы год ураджай і здароўе.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 17.07.2019 22:03:02

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.