::
2017.03.18 — «Чорны сімвал» Алеся Таболіча / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
«Чорны сімвал» Алеся Таболіча
Спасылка
Дата публікацыі
18.03.2017
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст

Гурт «Znich» прэзентуе новы альбом на Фэсце вясновага раўнадзенства ў мінскім клубе Re:public, сёння, 19 сакавіка. Да апошніх дзён нават назва альбому трымалася ў сакрэце.

 

 

Фота Паўла Аксіновіча

Лідар і вакаліст “Znich” Алесь Таболіч распавёў пра фэст, альбом і як пачуваецца гурт у сваім пачцівым узросце “за 20” (“Znich” створаны ў 1996-м, першы альбом, “Язычнiк я” выдаў у 1997-м). Размова з ім адбывалася ў Алеся на працы, тату-салоне “У лісіцы”.

— Фэст вясновага раўнадзенства нарадзіўся адносна нядаўна, 4 гады таму. “Купальскаму колу” сёлета 10 год, потым дадаўся “Калядны фэст” (яго арганізуе Віталь Супрановіч). Была ідэя рабіць канцэрты, прымеркаваныя да прыроднага цыклу, гадавога святочнага кола. Таму дадаліся яшчэ фэсты на Багач і вясновае раўнадзенства. Канцэрты не прыносяць вялікага прыбытку, добра, калі па выніках хаця б выходзім у нуль. На жаль, дзяржава ніяк не падтрымлівае, не бачыць у метале праяў нацыянальнай культуры, як, напрыклад, балтыйскія краіны: 70 % бюджэту літоўскага фестывалю Kilkim Žaibu дае Міністэрства культуры ды іншыя дзяржаўныя арганізацыі.

 

 

фота Алеся Таболіча

Новы альбом — вось ён, толькі прыехаў са студыі гуказапісу, можна сказаць, яшчэ гарачанькі — завецца “Чорны сімвал”. На альбоме большасць песень, музыку і словы якіх напісаў наш басіст Аляксандр Філіпенка. Ёсць кампазіцыі на вершы Максіма Багдановіча. Апрацоўка фальклору толькі адна — ваярская балада “Дунаю”. У канцы 2015-га выйшаў кліп на яе і за год сабраў каля 135 тысяч праглядаў на Youtube. І яшчэ невядома колькі людзей глядзела ў сацсетках. Гэта песня — разынка альбому. Яна вельмі дасканала перадае беларускі ваярскі дух. У альбом увайшлі песні з міньёна “Слова зямлі”. Усіх трэкаў на “чорным сімвале” — 11. Выпусцілі 100 асобнікаў, без буклета. Запісвалі на студыі пад Гомелем, заселі там у вёсцы — і зрабілі. Па якасці гуку не саступае еўрапейскім запісам, мы вельмі задаволеныя. Істотна нават не дзе пішаш, а хто займаецца звядзеннем. Наш гукарэжысёр — Аляксей Коршун.

Альбом “Чорны сімвал” плануем выдаць большым накладам на еўрапейскім лэйбле на еўрапейскі ж рынак. А ў Беларусі гэтыя 100 дыскаў limited edition будуць прадавацца падчас канцэрта, а далей паглядзім. Хутка музыка з’явіцца ў інтэрнэце.

 

 


Фольк для мяне — гэта бясконцая крыніца натхнення. Я нідзе не вучыўся вакалу, чуў толькі, як спявае мая прабабуля з вёскі Палосцевічы Жыткавіцкага раёна. Слухаючы яе, зразумеў, што такое спеў з глыткі. Вось з таго часу і раву нешта, я ўвогуле не вакаліст (смяецца). Вельмі паўплывалі этнаграфічныя экспедыцыі са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. Калі гутарыш са старымі людзьмі, удзельнічаеш у абрадах, святкуеш дома, то лепш адчуваеш старадаўнюю беларускую культуру. А гэта адчуванне уплывае і на музыку.

На альбоме 2003-га года “Запаветы апошняга старца” і ў сінгле “Адчуванне вясны”, выпушчаным да яго ў 2002-м, спявае ў традыцыйнай манеры Наталля Сухая (тады Валынец). У апошнія гады мы нячаста звяртаемся да жаночага народнага вакалу. Мая жонка Алеся валодае традыцыйнай спеўнай манерай, на канцэрце, прысвечанным 17-годдзю “Znich”, яна спявала разам з гуртом. У запісе песні “Купальскае кола” — яе голас разам з Аляксандрай Грахоўскай. Але зараз Алеся больш займаецца адміністрацыйнымі справамі, вядзе суполкі “Znich” у сацсетках. Фактычна, яна арганізоўвае Фэст вясновага раўнадзенства, а я ёй дапамагаю. А вось з “Купальскім колам”, наадварот, яна дапамагае мне.

 

 

Алесь з жонкай. Фота з сямейнага архіву


Жанчына ў метал-музыцы, на мой погляд, можа рэалізавацца так жа, як у любой іншай музыцы. Галоўнае, каб чалавек быў творчым, тады не асабліва істотна, чым ён вырашыць займацца, усё ў яго атрымаецца. Шмат маіх знаёмых, што пачыналі з альтэрнатыўнай музыкі, захацелі зарабіць грошаў, і цяпер граюць поп. Напрыклад, гітарыст Аляксандр Камлюк, што напісаў мелодыю на народныя словы песні “Ой, дымна за гарой” з альбому “Дух Зямлi” 1999-га году, зараз грае у “Сябрах” з Анатолем Ярмольнікам. Металам не заробіш, гэта хобі ці справа жыцця, каму як больш падабаецца. Але не заробак.

 

 


“Znich” існуе больш за 20 год таму, што пакуль іншыя гралі ў падполлі дзеля ўласнага задавальнення, мы пачалі актыўна выступаць, гастраляваць, запісвацца на студыі. Потым як грыбы пасля дажджу вырасла новая генерацыя беларускамоўных альтэрнатыўных гуртоў: “Камаедзіца”, “Piarevaracień”, “Сонцаварот”. “Адарвірог” і “Folcore”, якія будуць разам з намі рабіць прэзентацыі альбомаў на Фэсце вясновага раўнадзенства — гэта таксама адгалосак 1990-х. Тады быў у вялікай модзе рок, а метал-сцэна знаходзілася ў нейкім зачатачным стане. Кожны альбом быў і застаецца для гурта “Znich” новым нараджэннем. Вялікая праблема, што сёння ў Беларусі няма лэйблаў, якія “раскручвалі” б метал-музыку, у тым ліку за мяжой. БМА-group ужо не выдае дыскаў.

У ліпені Znich прадставіць Беларусь на буйным еўрапейскім фестывалі альтэрнатыўнай музыкі Ragnard Rock Fest у Францыі. Там упор на Скандынавію і паганства, большасць гуртоў паўночна- і заходнееўрапейскіх, летась запрашалі украінцаў, цяпер вось нас з Беларусі. Там будуць і гурты больш фальклорнай скіраванасці. Французы плануюць арганізаваць аўтобус на фестываль для беларускіх фанатаў.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 24.05.2019 19:01:33

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.