::
2016.04.27 — Этнавандроўкі ў глыбінку / СБ. Беларусь сегодня / sb.by / Советская Белоруссия
Загаловак
Этнавандроўкі ў глыбінку
Спасылка
Дата публікацыі
27.04.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Этнавандроўкі ў глыбінку

Фотаздымкі з выставы Алены Ляшкевіч расказваюць пра сучаснае жыццё вяскоўцаў у ладзе з Зямлёю, Небам і Сусветам

Фотаздымкі з выставы Алены Ляшкевіч расказваюць пра сучаснае жыццё вяскоўцаў у ладзе з Зямлёю, Небам і Сусветам


Юр’еўскае шэсце ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна

Фотаздымкі з абрадаў “Юр’я”, “Пахаванне стралы”, са святаў Масленіца і Каляды, што дагэтуль жывыя ды ладзяцца ў розных рэгіёнах Беларусі, можна было пабачыць на выставе “Этнавандроўкі”. Экспазіцыя фотатвораў маладой аўтаркі Алены Ляшкевіч праходзіла ў мінскім офісе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства па вул. К. Лібкнехта, 12. Здымкі ж рабіліся пад час паездак у глыбінку, прычым на працягу трох апошніх гадоў. І ў большасці выпадкаў выезды былі спалучаны з правядзеннем каляндарных абрадаў на Палессі, ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі.

“Абрады — наша жывая духоўная спадчына, якая захавалася ў народзе праз тысячагоддзі”, — гаварыла Алена Ляшкевіч на адкрыцці выставы. Пакуль гадавое кола народных святаў аўтарка адлюстравала ў фотаздымках толькі часткова, збіраецца пашыраць і геаграфію вандровак. “Ёсць яшчэ шмат мясцін, куды можна і хочацца паехаць! — радуецца дзяўчына. — А за цікавы досвед працы “ў полі” я ўдзячная сябрам Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, асабліва Ірыне Мазюк ды Аляксею Глушко. А Сяргею Балаю з Беларускай асацыяцыі журналістаў — за тое, што навучаў “лавіць момант” на фотакурсах”.

Фотаздымкі з правядзення абрадаў са свячой на Міколу, масленічных дзеяў у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна асабліва дарагія для Алены. Многія з традыцыйных святаў яна памятае з дзяцінства: прыязджала тады ў вёску да бабулі. “Хто б мог падумаць, што буду фіксаваць цікавыя моманты народных святаў, занатоўваць на дыктафон ды ў блакноце ўспаміны сталых вясковых жанок…” — усміхалася яна, расказваючы пра свае набыткі. Справа ў тым, што этнавандроўкі з фотаапаратам для Алены цяпер не простае захапленне: гэта яшчэ і праца. Гісторык-этнограф па адукацыі, яна рыхтуе кандыдацкую дысертацыю па тэме “Масленіца”. Кожную сустрэчу з вяскоўцамі старанна занатоўвае: на фота, аўдыя- ды відэаносьбітах. Пра кожную вандроўку ёсць што ўспомніць ды расказаць.


На Масленіцу ў вёсцы Тонеж упрыгожваюць ёлачку

Вось, напрыклад, жывуць у глыбінцы і па сёння два абрады, прысвечаныя Святому Юрыю: у вёсках Ахонава (Дзятлаўскі раён Гродзеншчыны) і ў Пагосце (Жыткавіцкі раён Гомельшчыны). Абодва яны маюць статус Нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці і ахоўваюцца дзяржавай. “Абрады гэтыя амаль адначасова праводзяцца, — гаворыць Алена. — Аднак асноўнае абрадавае дзеянне — абыход вёскі — у Ахонаве робяць пад вечар 5-га мая, а ў Пагосце — ранкам 6-га. Таму спрактыкаваны этнавандроўнік можа паспець адсвяткаваць старажытнае свята двойчы”. Так, дарэчы, летась Алене і ўдалося зрабіць! У Ахонаве, згадвала, удзельнікаў абрада чакалі ў тых хатах, дзе год таму гулялі вяселлі. З мінулага Юр’я, дарэчы, у вёсцы прайшло пяць вяселляў, таму пабывалі ў пяці сем’ях. А летась было ўсяго адно...  У Пагосце ж — трохі іншая завядзёнка: там з караваем-“карагодам” абышлі вяскоўцы і поле, і вёску.

“Свята Юр’я лічылася заўсёды адным з самых важных для жыхароў Тураўшчыны, — расказвае Алена Ляшкевіч. — Аднак сёння яно ў поўнай меры захавалася толькі ў некаторых месцах. Так, у Пагосце і цяпер, як шмат гадоў таму, менавіта у Дзень святога Юр’я ўпершыню выганяюць жывёлу на пашу, пякуць хлеб-карагод і ўпрыгожваюць яго галінкамі квітнеючых дрэў. Дзяўчаты звіваюць сабе вянкі ды разам з жанчынамі, бабулямі ідуць у поле: каб “задобрыць Бога на ўраджай”, а таксама каб у будучыні паспяхова знайсці сваю пару і працягнуць род”.

Захаванне абрадаў — справа вельмі далікатная: трымаюцца ж яны ў асноўным на энтузіястах. А вёсцы Пагост у гэтым сэнсе вельмі пашчасціла. Там створаны этнагурт “Міжрэчча”, ім кіруе завадатарка і выдумшчыца Кацярына Панчанка. Дзякуючы ёй старанна збіраюцца ды зберагаюцца аўтэнтычныя спевы, праводзяцца абрады. Алена Ляшкевіч упэўнена, што ў Пагост варта завітаць і на іншыя святы з традыцыйнага народнага календара: Раство, Шчодры вечар, Саракі, Жаніцьбу коміна... Вёска знакамітая і каменным крыжам, што захоўваецца ў мясцовай царкве — кажуць, гэта адзін з тых, што, па легендзе, прыплыў па Дняпры-Прыпяці з Кіева ў XII стагоддзі. Крыж той, дарэчы, таксама ёсць на фотаздымку даследчыцы народнай культуры.


Жытнія каласкі — як абярэг

Шмат цікавага даведваюцца этнавандроўнікі й па дарозе да месцаў правядзення абрадаў. “Што вы ведаеце пра “агурковую сталіцу” Альшаны, што ў Столінскім раёне? — пытаецца Алена. — Мяне, напрыклад, здзівіла: амаль ніхто з вяскоўцаў не з’язджае там з малой радзімы. Бо навошта недзе шчасця шукаць? Бадай, ніякая прафесія, набытая ў сярэдняй ці вышэйшай навучальнай установе, не дасць такога прыбытку, як парнік. Але ж і цяжкай працы там не баяцца: да яе прывучваюць дзетак з маленства”. Летась, дарэчы, Алена пазнаёмілася з альшанскім хлопцам, які падвозіў яе на машыне да Барысава. Аказаўся гаваркім, шмат чаго паведаміў пра мясцовы побыт. Так, хлопцы ў Альшанах ужо ў 17-18 гадоў самі “ставяць парніка”, каб не браць грошы ў бацькоў, і вырошчваюць у іх гуркі, перцы, памідоры, капусту... А жэняцца, расказваў альшанец, як толькі заробяць на асабісты дом: гады ў 22. Прычым жанок бяруць за сябе маладзейшых: 18-19-гадовых. Дзяцей жа ў сем’ях бывае па 6-7, а часам і па 15-17! Да парніковай працы прывучаюць іх з маленства. Вось якія бываюць традыцыі ў век глабалізацыі, кампутарных тэхналогій! Самы час, дарэчы, і там навукоўцам папрацаваць, пра досвед Альшанаў свету распавесці. Бо жывем жа ў пару,  калі кожны другі з маладых людзей, як сведчыць сацыёлага-псіхалагічная статыстыка, праяўляе як прываблівы стыль жыцця адзіноту...

Так што незвычайнае знаходзіцца побач — трэба толькі ўмець заўважаць. Як тое і робіць Алена Ляшкевіч.

Кацярына Мядзведская

Фота: Алена Ляшкевіч

Голас Радзімы № 15 (3471), чацвер, 28 Красавіка, 2016 у PDF

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.05.2019 16:01:04

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.