470 0
У гэтым артыкуле я хачу распавесці маю гісторыю любові да Бярозаўскага раёна. Яна пачалася больш за дзесяць год таму, у 2003-м, з ліцэйскіх паходаў на Белае, Чорнае і Спораўскае азёры. Але, мабыць, варта адзначыць тое, што радзіма майго дзядулі – вёска Сланімцы Пружанскага раёна. Я была там толькі аднойчы, але ўсё роўна – з жыхарамі Бярозаўскага раёна мы землякі.
Дык вось, паходы на азёры. Купка ліцэістаў і кніга “Беларускія легенды і паданні”. Заварожваюць паэтычныя аповеды пра паходжанне назваў азёр. Думаецца, што яшчэ можна запісаць у раёне варыяцыі гэтых легенд у жывым бытаванні. Запісваць варта, бо літаратурная фіксацыя – гэта адно, а зафіксаваны на аўдыяносьбіт аповед жывой мясцовай гаворкай – зусім іншае. Да таго ж кожны апавядальнік ад сябе дадае да агульнай канвы легенды дэталі, цалкам у рэчышчы народнай традыцыі.
Памятаецца халаднаваты надвячорак на Белым возеры, а вада цёплая-цёплая. Даведваюся, што гэта ад ДРЭС… Камарэча нейкая дзікая, прымушае апранацца чым хутчэй, не дае абсохнуць. А ўжо ў 2015 г. даведалася, што неяк у Белым возеры злавілі піранню. Вось дык навіна!
Два гады запар мы хадзілі ў паходы. А потым – пяцігадовы перапынак і знаёмства з Ірынай Мазюк, ураджэнкай вёскі Хрыса Бярозаўскага раёна, спецыялісткай па традыцыйных спевах і тэкстылі. Космас аўтэнтычнага гуку, абертоны. І мы зямлячкі! Прыемна. Праз некалькі гадоў знаёмства пачынаю вучыцца ў Ірыны Васільеўны традыцыйнай манеры спявання. Для заняткаў выкарыстоўваем матэрыял, сабраны ёй у шматлікіх экспедыцыях па Палессі.
…Ужо 2011 год, працоўная паездка для метадыстаў у галіне традыцыйнай культуры ў Люблін, арганізаваная Ірынай Мазюк супольна з польскай грамадскай арганізацыяй “Таварыства прыроды і чалавека”. Я на той момант скончыла гістфак БДУ, працую метадыстам па фальклоры ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.
Навучальны візіт вельмі змястоўны, палякі дзеляцца сваімі поглядамі і вопытам. У Польшчы ўжо складана адшукаць старэйшых людзей, якія захоўвалі б аўтэнтычную манеру спеву і танца. Таму беларускія фальклорныя гурты, асабліва на Палессі, – гэта наша адметнасць сярод суседзяў, нематэрыяльная культурная спадчына, якая можа мець і эканамічнае вымярэнне. Напрыклад, шматлікія даследчыкі з суседніх краін едуць у Беларусь менавіта па аўтэнтычны матэрыял. Існуюць суполкі зацікаўленай фальклорам моладзі, якая патэнцыйна магла б прыехаць у якасці дасведчаных турыстаў. Цікавяцца Палессем арнітолагі, якія, назіраючы за птушкамі, маглі б зацікавіцца і мясцовай культурай. Таму пытанне толькі за арганізацыяй турыстычных груп.
Падчас навучальнай паездкі ў Люблін мы пазнаёміліся з Вольгай Лаўрэнчук, метадыстам па фальклоры Бярозаўскага РАМЦ. Такая зацікаўленасць, імпэт да працы! Прыемна, што завязаўся кантакт, пачалося супрацоўніцтва. З таго разу часта сустракаю Вольгу на семінарах па розных аспектах традыцыйнай культуры, вітаемся як добрыя знаёмыя. На пасяджэнні рады Міністэрства культуры па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, дзе прымалі пад ахову «Спораўскую польку», я моцна перажывала. Але прайшло ўсё добра, элемент прынялі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Такім чынам полька з Бярозаўскага раёна стала другім прынятым пад ахову элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што рэпрэзентуе танцавальны стыль. Першы – Котчынская кадрыля з Мастоўскага раёна. Танец цікавы тым, што захоўваецца цэльным, носьбіты памятаюць усе калены. Спораўская полька ж адметная манерай выканання. Паспрабаваць яе станьчыць хацелі б зацікаўленыя маладзёны з Мінска, Брэста, Любліна і Варшавы. Пытанне толькі ў інфармаванасці пра танцавальныя вечарыны ў раёне.
Улетку 2014 г. на Ягелонскім кірмашы ў тым жа Любліне пазнаёміліся з дырэктаркай Бярозаўскага цэнтра рамёстваў Наталляй Іванаўнай Кавалевіч. Цудоўны бярозаўскі строй і захапляльны аповед пра птушку з сасновай дранкі! Вырашылі, што тэхналогію вырабу і павер’і, звязаныя з выкарыстаннем гэтага абярэга, таксама варта рыхтаваць на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму супрацоўніцтва з Бярозаўскім раёнам працягваецца.
Як толькі больш-менш гатовы камплект дакументаў, яшчэ да разгляду яго навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры інфармацыя пра элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны выстаўляецца на сайце livingheritage.by у раздзеле “Інвентар НКС”. Калі зацікаўлены чалавек шукае, то можа выбраць раён і даведацца, якія там ёсць элементы. Пакуль што Бярозаўскі раён прадстаўлены інфармацыяй пра Спораўскую польку.
І вось у рэшце рэшт Каляды, 13 студзеня 2015 г. Доўга збіралася, думала, куды паехаць, каб не перакрыжоўвацца з іншымі журналістамі і даследчыкамі. Бо калядуюць па ўсім Палессі, але едуць мінчукі звычайна куды-небудзь недалёка ад Мінска і часта па слядах адно аднаго. Далёка патрапіць могуць сабе дазволіць супрацоўнікі буйных СМІ, якім рэдакцыя дае машыну ці аплачвае бензін. Але такія – у адвечным цэйтноце: матэрыял пажадана здаць увечары таго ж дня, калі адбылася падзея, каб ужо назаўтра ён з’явіўся на сайце. Таму некалькі гадзін дарогі становяцца непераадольнай перашкодай.
Мне, супрацоўніцы рэсурсу Міністэрства культуры livingheritage.by, на машыну разлічваць не даводзіцца. Таму я выправілася з Мінска ранішнім цягніком. Мой маршрут пралягаў у в. Перасудавічы. Мастацкі кіраўнік гурта “Суседкі” Надзея Васільеўна Мікіціч не толькі патлумачыла мне, як ехаць, а нават і папрасіла свайго зяця сустрэць мяне ў Белаазёрску. Прыемна, як да сваякоў прыехала! Пад расповеды пра мясцовае жыццё даехалі да Перасудавіч. Надзея Васільеўна ўжо чакала нас на калядны сняданак. Якая ж смачная ў яе таўкеня з печкі! Пасля гарадской ежы я патрапіла ў кулінарны рай. Тут высветлілася, што дачка Надзеі Васільеўны Святлана Пятроўна Чайчыц – таксама культработнік. І невядома, хто каго “заразіў”: ці то маці дачку любоўю да народнага спеву, ці то дачка маці, калі пайшла вучыцца ў Гродзенскае культпрасветвучылішча і потым у Мінскі інстытут культуры. Высветлілася, што і Святлана, і яе муж Леанід часам выступаюць з гуртом Надзеі Васільеўны “Суседкі”, а 7 студзеня дык нават з імі калядавалі. Вось дык творчая сям’я! Рэшта “Суседак” – жанчыны 1930 – 1940-х гадоў нараджэння. І тыя, што цяпер у складзе гурта, пяюць у ім ужо... больш за 30 гадоў! Якой бы ўстанове культуры такі сталы склад кадраў!
Але ёсць у Перасудавічах і старэйшыя жыхары. Да калядавання мы з Надзеяй Васільеўнай паспелі наведаць Ганну Іванаўну Даміно, якой сёлета споўнілася 90 гадоў. Ганна Іванаўна распавядае: калі зычаць пражыць да 100 год, абяцае падумаць, але да 95 дык дакладна! Падрабязна распытаўшы, як калядавалі даўней, у часы маленства Ганны Іванаўны, мы з Надзеяй Васільеўнай пераканаліся, што сёння “Суседкі” не адступаюць ад перасудавіцкай традыцыі. Ходзяць з зоркай, 7, 13 і 14 студзеня, пяюць калядкі і шчадроўкі. Усе гаспадары прымалі гурт з вялікай радасцю, дзякавалі, што не мінулі іхнюю хату.
Вельмі годна мясцовая матэрыяльная культура прадстаўлена ў музеі ў Доме сацыяльных паслуг, які слугуе адначасова і клубам. Шкада толькі, што як клуб ён з 1 студзеня больш не існуе.
У экспазіцыі можна пабачыць тэкстыль, ганчарныя і плеценыя вырабы. Кінуліся ў вочы самаробныя гумовыя пасталы. Чула пра іх, чытала, але бачыць пакуль не даводзілася. А тут – вось ён, абутак, пра які з 1930-х гадоў гуляла ў народзе “палітычная” прыпеўка “Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну”. Таксама ўжо частка гісторыі і этнаграфіі, і не ўсюды пабачыш! Здаецца, у Перасудавіцкім этнаграфічным кутку можа быць цікава не толькі сталічнаму жыхару, а і таму, хто жыве ў Бярозаўскім раёне. А як захапляльна Надзея Васільеўна апавядае пра кожную рэч! Можна дзяцей на школьныя экскурсіі вывозіць. А калі падгадаць пад якое свята, то зладзіць творчы вечар з гуртом “Суседкі”. Жанчыны і паспяваюць, і распавядуць, як даўней святкавалі. Толькі прыязджайце!
Вось і для мяне Стары Новы год, шчодрая куцця прайшлі незабыўна. Шкадую, што не атрымалася пазнаёміцца з поўным складам “Суседак”. Прыйшлі да Надзеі Васільеўны вячэраць і потым калядавалі па хатах Марыя Пятроўна Пунько, Ганна Мікалаеўна Шэшка, Таццяна Мікалаеўна Місоўская. І ўсё было па-сапраўднаму! Куцця, што прэла з раніцы ў печцы, а потым стаяла на куце, малітва перад вячэрай, царкоўная свечка. І, канечне ж, уласна абыход двароў! Незабыўныя ўражанні. А яшчэ – сапраўдная магія Новага года: як ні былі мы стомленыя, заснуць да дванаццатай гадзіны ночы не здолелі. Затое як толькі Стары Новы год наступіў, то адразу ж.
Спадзяюся на працяг супрацоўніцтва. Дзякуй усім, з кім мяне звёў лёс у Бярозаўскім раёне!
Алена ЛЯШКЕВІЧ,
метадыст ДУА “Інстытут культуры Беларусі”.
Фота аўтаркі. На фота: у “Суседак” – шчодрая куцця.
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.