::
2014.12.13 — Чаму здзівілася... / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Чаму здзівілася...
Спасылка
Дата публікацыі
13.12.2014
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Чаму здзівілася...

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры БеларусіЯ крыху сумелася, прачытаўшы ў “К” № 48 ад 29 лістапада матэрыял Юрыя Чарнякевіча “Пагрозы няма, але кадраў бракуе” з меркаваннямі дырэктараў абласных метадычных цэнтраў наконт праблем і перспектыў развіцця традыцыйнай культуры.

Некаторыя з кіраўнікоў названых структур блытаюць лічбы, называючы недакладную колькасць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, узятых пад ахову ў іх вобласці. Праўда, часам тое можна зразумець. Калі, напрыклад, носьбітамі пэўнага спеўнага ці танцавальнага стылю з’яўляюцца некалькі гуртоў, дык вялікая спакуса палічыць кожны калектыў за асобны элемент. Але існуюць пастановы Савета Міністраў, таму колькасць узятых пад ахову элементаў трэба лічыць усё ж у адпаведнасці з афіцыйнымі дакументамі. Ці, калі ўжо вельмі хочацца, распачынаць працэс унясення змяненняў у пэўную пастанову. Некаторыя вобласці кажуць аб вялікай колькасці элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія чакаюць разгляду Навукова-метадычнай радай Міністэрства культуры краіны. Колькасць у шэрагу выпадкаў большая за сапраўдную…

Далей — тэрміналогія (пытанне, дарэчы, тычыцца і журналістаў). Адпаведна Канвенцыі UNESCO 2003 года аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, ужываецца паняцце “элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны”. Таму казаць “аб’ект” у такім значэнні — недакладна. Калегі, давайце скарыстоўваць лексіку, прынятую ў міжнароднай практыцы!

Кажуць спікеры аб праграмах, якія паспяхова выкананы пяць гадоў таму. І такую ж абласную праграму нехта плануе на наступныя пяць гадоў. Дык няўжо за дзесяцігоддзе нічога не змянілася? Але аб дапрацоўцы праграмы, прыстасаванні да сучасных рэалій — ні слова…

Пад праграму “Слуцкія паясы” чамусьці “падганяюць” аднаўленне і развіццё сялянскай ткацкай традыцыі. Радзівілаўскія слуцкія паясы ткаліся на адмысловых станках па спецыяльнай тэхналогіі, прызначаліся для нашэння шляхтай і ніякай пераемнасці ад сялянскай традыцыі ткацтва паясоў не маюць. Таму дзіўнавата глядзяцца некаторыя ўвасабленні гэтай праграмы ў мясцовасцях, дзе радзівілаўскіх персіярняў не існавала…

Кажуць, што народныя традыцыі хутчэй засвоіць вясковец, чым гараджанін. Не пагаджуся. Гарадскія фальклорныя рухі ў Беларусі ды іншых краінах свету пацвярджаюць маю думку. Моладзь, якая выгадавалася ў горадзе, вёскі часам нават і не бачыла ніколі, але шукае свае карані, хапаецца за любую магчымасць далучыцца да традыцыі. А выхадцы з вёскі імкнуцца пазбавіцца “вясковасці”, пераймаюць з энтузіязмам неафітаў гарадскія субкультуры. Бывае, канешне ж, і наадварот.

Некаторыя дырэктары ўпэўнены, што ў іх вобласці варта зберагаць толькі тое, што адроджана. А як быць з неперарыўнымі традыцыямі? Некаторыя, наадварот, лічаць, што калі ў іхняй вобласці шмат аўтэнтычных традыцый, дык адраджэннем можна і не займацца.

Здзіўленне выклікала сцвярджэнне, што ў тых або іншых мясцовых установах культуры не стае сродкаў на лічбавую тэхніку, а на касеты пісаць — ужо не актуальна. І — цішыня… Ніякіх варыянтаў рашэння праблемы? Канешне ж, лепш запісаць на касету, чым не запісаць ніяк. Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” прымае касеты на алічбоўку, — вяртаем разам з лічбавай копіяй. Звяртайцеся! Да таго ж у кожнага работніка культуры сёння ёсць мабільны тэлефон, а на ім — дыктафон, амаль у кожнага — фотаапарат-мыльніца, які і відэа піша, хай сабе не вельмі якаснае, але гэта лепш, чым нічога. Дык, можа, варта перагледзець тэзіс, што тэхнічных сродкаў бракуе? Так можна гадамі чакаць, пакуль раён ці вобласць набудуць тэхніку, па-філасофску назіраючы, як адыходзяць у іншы свет носьбіты традыцый…

Хочацца ўсё ж лыжку мёду дадаць. Парадавала паведамленне пра супрацу магіляўчан з тэлебачаннем. Сапраўды, шэраг добрых фільмаў выйшаў! Некаторых носьбітаў традыцый, што ў іх знятыя, ужо няма сярод нас. Файна, што ў Брэсцкай вобласці шмат увагі надаюць працы з дзецьмі, усведамляюць багацце мясцовых аўтэнтычных традыцый. Радуе, што на Гомельшчыне ўсё больш вяселляў ладзіцца з традыцыйнымі элементамі. Пытанне: гэта тэндэнцыя ў грамадстве рэгіёна наогул ці заслуга работнікаў культуры? Калі другое, дык досвед варты пераймання. Добра, што ў Гродзенскай вобласці клапоцяцца пра павышэнне кваліфікацыі работнікаў менавіта ў галіне традыцыйнай культуры. Цікава, ці накіроўваюць вучыцца ў саміх носьбітаў традыцыйных рамёстваў, ці прыязджаюць тыя ў Гродна выкладаць? Але ў любым выпадку рамяство лепш пераймаць у натуральным асяродку яго бытавання. Вялікі станоўчы досвед Мінскай вобласці па правядзенні фестываляў нельга пакінуць па-за ўвагай. Застаецца пажадаць, каб, апроч святаў рамёстваў, яўчэ часцей ладзілі фальклорныя імпрэзы, і не толькі дзіцячыя...

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"Падзяліцца

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.08.2019 19:15:24

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.