№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г
Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Творчы праект Лідчыны = інавацыя + традыцыяАдметнасць творчых праектаў на Лідчыне ў тым, што мясцовыя ўстановы культуры імкнуцца спалучыць інавацыі са старадаўнімі традыцыямі. Працэс гэты толькі зараджаецца. Будзем спадзявацца, што не застанецца ў ім месца фармалізму ды абыякавасці. Паразважалі мы і пра тое, якім праз час можа быць вынік раённых праектных памкненняў. Падаецца, прастымулюе творчы пошук абласны конкурс на лепшы брэнд. Перспектыва хоць і далёкая, але думаць пра яе варта ўжо сёння. Хаця б з той нагоды, што культура Лідчыны ніжэй за трэцяе месца на Гродзеншчыне не апускалася. Так што марку трымаць трэба.
Вось што распавёў нам пра праекты праграм транспамежнага супрацоўніцтва намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў. Напрыканцы года іх было пададзена тры. Кожны — з разлікам на доўгатэрміновую перспектыву. Так, адзін арыентаваны на стварэнне ў раёне базы па развіцці ткацтва, з абавязковым прыцягненнем да гэтай справы дзяцей і моладзі. У цэлым жа ў праектах непасрэдна задзейнічаны вядучыя ўстановы сферы: мясцовая школа мастацтваў, Цэнтр культуры, а таксама гісторыка-краязнаўчы музей.
Падставы спадзявацца на поспех маюцца. Хаця б з улікам удалага папярэдняга досведу. Так, год таму быў завершаны праект “Дух продкаў жывы ў нашых сэрцах” — накіраваны на адраджэнне народных святаў. Цягам двух гадоў з літоўскім Тракаем сумесна арганізавалі некалькі мерапрыемстваў. У рамках абменных візітаў было наладжана навучанне народным рамёствам. Нашы давалі майстар-класы па кераміцы, выцінанцы, саломцы, літоўскія майстры — па шапавальстве, дэкаратыўным валянні.
Непасрэдна ў гэтым праекце былі задзейнічаны загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна ды вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш, якія і канкрэтызавалі сітуацыю з праектнай дзейнасцю. Раённая карта праектных захадаў — надзвычай стракатая. Шэсць клубных устаноў на Лідчыне — са сталым фальклорным ухілам. Працуюць яны ў вёсках Ганчары, Пескаўцы, Беліца, Ваверка, Голдава, Ходараўцы. Фальклорныя клубныя фарміраванні дзейнічаюць у Бердаўцы — “Ойра”, Першамайску — “Заранак”, Беліцы — “Абцасік”, Дзітве — “Танцы для душы”, Беліцы — “Спазнай смак сваёй кухні”. (Кажуць, у Беліцы нарадзіўся кухар караля Аўгуста Панятоўскага, таму было б дзіўна, каб вёска не ганарылася старадаўнімі нацыянальнымі стравамі… Інакш кажучы, традыцыйная аснова для праяў інавацый — больш чым грунтоўная. Вось і шчыруюць у раёне. Калі ўсё атрымаецца, любы ахвотны зможа пакаштаваць у Беліцы тое, чым любіў частавацца апошні кароль Рэчы Паспалітай. Але гэта, як той казаў, — тэорыя. А што Лідскі раён мае цяпер на практыцы?)
Я апошнім часам усё больш апелюю да тых матэрыялаў, што змяшчаюцца пад рубрыкай “Лабараторыя” і распавядаюць пра новыя тэхналогіі работы клубаў. Гэта ў працяг гаворкі пра тэорыю і практыку клубнай дзейнасці. Якім павінен быць сучасны праект? Не толькі адрасным, але найперш скіраваным на тое, каб у ягоную рэалізацыю была ўцягнута максімальная колькасць асоб. Праект толькі тады стане ”жывым”, калі прымусіць і суперажываць, і самавыяўляцца ў здольнасцях. Доказ таму — размах “Мотальскіх прысмакаў” у Іванаўскім раёне. Ці атрымаецца штосьці адметнае інавацыйнае, ды яшчэ і з каралеўскімі кухарскімі нюансамі? Павінна атрымацца.
Каб лепш пазнаёміцца з той практыкай, вырашылі скіравацца ў Ганчары. У пошуках СДК завіталі на пошту і, атрымаўшы падказку, у дадатак набылі латарэйны білет “Скарбніцы”, як аказалася, выйгрышны.
Не менш прыемныя ўражанні чакалі нас і ў СДК, дзе нас з ходу закідалі рознымі крэатыўнымі праектамі. Да прыкладу, домам культуры ў Ганчарах загадвае Ганна Булай, а акампаніятарам працуе Васіль Дымовіч. Так і ўзнікла рабочая назва праекта — “Васіль ды Ганна запрашаюць”. Не, праект не мае дачынення да ганчарства. Ягоных праяў, на жаль, тут не захавалася. “Хочам стварыць фальклорную гасцёўню з фальклорнымі ж пасядзелкамі”, — тлумачыць Ганна Міхайлаўна.
З народных рамёстваў тут плануюць развіваць ткацтва. Калі атрымаецца заручыцца падтрымкай транспамежнага праекта, замовяць некалькі ткацкіх станкоў. Тым больш разгарнуцца ёсць дзе: СДК перадалі бібліятэчны пакой — так вырашылася пытанне з недахопам памяшканняў. Цяпер гэты пакой плануецца аформіць пад сялянскую хату. Там жа размесцяцца і новыя ткацкія станкі, там стануць праводзіць заняткі.
На ацэнку грантавай заяўкі ў арганізатараў будзе цэлы год. Пакуль жа ў Ганчарах ёсць яшчэ чым пахваліцца: адроджаны народны абрад “Жаніцьба коміна”, а на бягучы год запланавана свята печы. Усё гэта кладзецца на плечы, галоўным чынам, аматарскага аб’яднання “Ульяніца”, якое колькі гадоў таму распрацавала анімацыйна-рэалістычную дзею “Беларускае вяселле”.
І ўсё ж нас найбольш завабіла ідэя выкарыстання льну ў дзейнасці Ганчарскага СДК — не толькі як матэрыялу для ткацтва, але і як кулінарнага дэлікатэсу. Тым больш ёсць дзе і сыравіну браць: у ваколіцы працуе льнозавод.
У Ганчарах ведаюць некалькі дзясяткаў рэцэптаў. Дом культуры набывае зерне, апрацоўвае на кавамолцы. Так атрымліваецца льняная мука, што выкарыстоўваецца не толькі для выпечкі прысмакаў, але і для стварэння адмысловага кісяля. Але найвялікшы кулінарны гонар СДК — макуха, адмысловая беларуская прыправа. Зерне льну абсмажваецца на патэльні, дадаецца трохі солі. Пасля ўся сумесь дробна перамолваецца. З такой прыправай вараная бульба, блінкі і аладкі набываюць незвычайны смак. Прызнаемся, самі мы гэтыя прысмакі не пакаштавалі, але верым на слова мясцовым работнікам культуры.
І ткацтва, і льняная кухня, і свята печы... У нас узнікла лагічнае пытанне: ці пацягне адзін дом культуры столькі праектаў? Але яно знікла, як ва ўстанову завітала мясцовая школьніца Яна Кастэнка і з ходу ўзялася за майстраванне — па-за графікам працы гурткоў: таму што гэта цікава і займальна. Верым, за ёй падцягнуцца і іншыя.
Гасцюючы за межамі нашай краіны, даводзіцца сустракаць у супермаркетах незвычайныя для нас, але традыцыйныя для мясцовых жыхароў стравы кшталту вэнджаных каўбасак-“кабаносаў” у Польшчы ці кляновага сіропу ў Канадзе, ужо не кажучы пра духмяныя французскія сыры. Усё гэта не толькі частка кухні, але і выдатны спажыўны сувенір. Не, я не заклікаю вырабляць у Лідзе сухія канцэнтраты дранікаў, а вось спецыі з ільну — чаму б і не, ды і магутнасці мясцовага заводу, мяркую, дазваляюць. Але спачатку традыцыю спажывання такога кшталту спецый трэба адрадзіць, найперш, у свядомасці мясцовай супольнасці. А тут ужо без ініцыятывы ўстаноў культуры раёна не абысціся.
Вёска называецца Кульбакі, а аграгарадок — Дзітва. Існуе тут вялікае торфапрадпрыемства. Таму і ЦДК тут — адпаведны: вялікі і шматпрофільны. Падтрымка галоўнага спонсара — торфабрыкетнага завода — адчувальная. Дзякуючы дапамозе прадпрыемства ў будынку пазалетась зроблены капітальны рамонт, заменена сантэхніка.
У будынак дома культуры завіталі без узгадненняў і папярэджванняў. За працай заспелі мастацкага кіраўніка ды харэографа Галіну Прымаву, а таксама бібліятэкара Ірыну Санюк. Памятаеце, адзін з праектаў тут — танцавальны. І пачыналася ўсё са шляхецкіх баляў ды побытавых танцаў. Усё гэта было літаральна тры гады таму. Пасля раённае кіраўніцтва вырашыла змяніць прапіску праекта і перакінуць яго ў Тарнове. Цяпер там штогод ладзіцца праект “Танцуем па-даўнейшаму”.
Але і ў Дзітве з танцамі вырашылі не развітвацца. Тут дзейнічаюць два дзіцячыя калектывы “Світанак” і “Сузор’е”. А вось дыскатэк няма. Прычына здзівіла: няма дзяўчат, якія з’ехалі з вёскі на вучобу ды працаўладкаваліся ў горадзе. Вяртаюцца хіба толькі сямейныя. Ды і ў іх вялікай ахвоты ісці ў дом культуры няма.
У Дзітве замест шляхецкіх танцаў прыдумалі іншы праект — шоу-праграму “Жанчына года”, якая летась з поспехам прайшла ў аграгарадку. Але і на гэтым вырашылі не спыняцца. Сёлета тут упершыню пройдзе свята капусты. Тлумачацца такія змены лагічна: мясцовым людзям павінна быць цікава. Тады і грошы ім не шкада пакінуць у доме культуры. А будзе ўсё аднастайна, то хто пойдзе? Такі ж прынцып тычыцца нават начыння ЦДК: нядаўна замест “летняга сада” паўстаў “куток даўніны”.
Хутчэй дзеля разнастайнасці дзейнічае тут і філарманічная пляцоўка: прыкладна раз на квартал прыязджае аркестр з Ліды. Вось толькі аматараў высокай культуры не так шмат: на канцэрт звычайна збіраецца пара дзясяткаў чалавек. Маецца і свой народны вакальны ансамбль “Святліца”, мастацкая самадзейнасць. Таму мясцоваму спажыўцу культуры ёсць з чаго выбіраць.
Завітваюць мясцовыя жыхары і ў бібліятэку. Тут мы заспелі чытача Лідзію Кудаш. Яна дзявятая на сёння наведвальніца ўстановы: былі старшакласнікі, рабочыя завода, пенсіянеры. А ўсяго ў бібліятэцы — 500 чытачоў. Па вялікім рахунку, усе яны і маюць стаць патэнцыйнай аўдыторыяй свята капусты.
Кожная камандзіроўка на Гродзеншчыну заўсёды чаканая, бо ведаем, што мясцовая ініцыятыва, працавітасць ды руплівасць у справах развіцця культуры падмацоўваецца падтрымкай абласнога кіраўніцтва. Так атрымалася і гэтым разам: поруч з цікавымі праектнымі задумкамі Лідскага і Гродзенскага раёнаў даведаліся пра надзвычай актуальныя і перспектыўныя абласныя ініцыятывы. А калі яшчэ і заяўкі на міжнародныя гранты будуць падтрыманы, дык хвалявацца за сферу культуры Гродзеншчыны не выпадае ўвогуле! Адно хочацца, каб і прыватная ініцыятыва неабыякавых да культуры, але не звязаных наўпрост з гэтай сферай людзей таксама знаходзіла падтрымку і разуменне. Вось тады будзе поўнае суладдзе, за якім абавязкова прыйдзе і эканамічны эфект.
Мінск — Воранаўскі і Лідскі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск
Фота аўтараў
Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.