::
2017.02.25 — Яшчэ крыху пра сучасны аспект клубных устаноў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Яшчэ крыху пра сучасны аспект клубных устаноў
Спасылка
Дата публікацыі
25.02.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Яшчэ крыху пра сучасны аспект клубных устаноў

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Пазнаёміўшыся з дакладам дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алега Хмялькова на выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны, хачу падзяліцца ўласнымі думкамі. Тэмай даклада Алега Фёдаравіча, дарэчы, члена рэдакцыйнага савета “К”, стала “Народная творчасць у сучасным аспекце дзейнасці клубных устаноў”.

Танцавальная вечарына ў СДК вёскі Боркі Ганцавіцкага раёна. / Фота аўтара

Алег Хмялькоў згадвае шэраг праектаў, пра якія я не чытала і не чула. Сярод тых, што мяне асабліва зацікавілі, “Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны”, “Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі”, віцебскае абласное свята беларускага арнаменту “Вытокі сімвала”, конкурс традыцыйнай свістулькі “Салавейка-2016” у Віцебску. Шкада, што ведаюць пра такія імпрэзы збольшага работнікі культуры і, па выніках, — прысутныя на справаздачных пасяджэннях. А гэта ж атракцыя для турыстаў, і для навукоўцаў — магчымасць сустрэцца з інфармантамі і намеціць шляхі для далейшага паглыбленага вывучэння! Упэўненая, што ва ўмовах адпаведнага піяру фестывалі займелі б шмат гасцей са сталіцы ды іншых абласцей. Таму хочацца звярнуцца да ўсіх крэатыўшчыкаў на месцах: не будзьце ў гэтым аспекце сціплымі, паведамляйце пра вашы планы, а потым — пра тое, як прайшлі мерапрыемствы, нам у “К”, супрацоўнічайце з мясцовымі і цэнтральнымі СМІ!

З даклада Алега Фёдаравіча даведалася, што за 2016 г. па рэспубліцы закрылі 111 клубных устаноў. Лічба сумна ўражвае. Хутчэй за ўсё, страцілі ўстанову культуры вёскі, дзе жывуць збольшага людзі старэйшага веку, што бавяць зімовыя дні перад тэлевізарам, а летнія — у гародзе (пакуль здароўе дазваляе). А клуб ці бібліятэка — гэта ж месца сустрэчы, фактычна дом сацпаслуг (у які часам афіцыйна ператвараецца ўстанова культуры перад тым, як канчаткова зачыніцца). Гэта магчымасць для вяскоўцаў хоць некалькі разоў на год сабрацца ўсім разам, пагаманіць, магчыма, памірыцца тым, хто ў хату адно да аднаго з прычыны нейкай крыўды не пойдзе…Узгадалася некалькі такіх “сацыяльных дамоў” у розных абласцях. У 2014-м на Масленіцу трапіла ў вёску Выхадцы Лёзненскага раёна на Віцебшчыне. У Тлусты чацвер творчы калектыў з суседняй вёскі Барсеева з песнямі ідзе па Выхадцах, вешаючы кожнаму сустрэчнаму на шыю “калодку” (цукеркі і печыва, прымацаваныя на стужку) і запрашаючы адсвяткаваць разам у тым самым Доме сацыяльных паслуг, дзе вяскоўцы накрываюць агульны стол, ладзяць танцы…

У 2015-м падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства мы жылі ў вёсцы Боркі Ганцавіцкага раёна на Брэстчыне. Тады яшчэ ўстанова культуры дзейнічала як клуб. Пачала хварэць загадчыца Валянціна Шпакава, і, праведваючы бабуль улетку 2016-га, я даведалася, што сельскі дом культуры ўжо знаходзіцца ў статусе дома сацпаслуг. І вось з пачатку 2017-га Валянціна Майсееўна на пенсіі, а ўстанова культуры аптымізаваная. Рэчы з этнаграфічнага кутка перадалі ў раён. Добра, што прыдаліся — нават была канкурэнцыя між краязнаўчым музеем і Домам рамёстваў (абедзве ўстановы маюць вялікія этнаграфічныя калекцыі).

На Вялікдзень 2016-га ў Данілевічах Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, прыехаўшы да “каменнай дзевачкі”, у Дом сацпаслуг (як і варта было чакаць, экс-клуб) зазірнула, адно каб пабачыць этнаграфічны куток. Памяшканне не ацяплялася, мясцовы гурт усю зіму збольшага рэпетаваў па хатах.

Яшчэ Алег Хмялькоў зазначае: “Пры правядзенні мерапрыемстваў па папулярызацыі традыцыйнай культуры звяртаць увагу не столькі на старанную “аўтэнтычную” рэканструкцыю, колькі на абуджэнне ў шырокіх колах насельніцтва жывой цікавасці і матывацыі да зразумення мінулага, успрымання імі не проста як нешта даўно аджылага, а як крыніцу патаемных сэнсаў і сакральных пачаткаў, значных для сучаснага чалавека. З мэтай забеспячэння пераемнасці творчых традыцый павінна стаць нормай стварэнне калектываў-спадарожнікаў, незалежна ад жанру і творчага накірунку”. Сапраўды, без калектыву-спадарожніка ніякай пераемнасці не атрымаецца. Гарадскія аматары фальклору, запісаўшы песні і развучыўшы іх, усё роўна не становяцца паўнавартаснымі пераемнікамі традыцыі ўжо хаця б таму, што выконваюць песні з розных мясцовасцяў і проста не могуць перадаць усіх нюансаў мясцовай спеўнай манеры. А дзеці, якія выраслі побач з бабулямі, якія гутараць у тым жа рэгістры, што старэйшыя выканальніцы, пяюць — могуць. Тое ж і з танцамі — у гарадскіх іншая пластыка, іншая “мова цела”.

Алег Фёдаравіч працягвае: “Выбудаваная дзяржаўная палітыка па падтрымцы і развіцці народных рамёстваў з’яўляецца сваеасаблівым гарантам паспяховасці гэтай дзейнасці. Вялікая праца штогод праводзіцца клубнымі ўстановамі па актуалізацыі рамёстваў, па іх пераводзе ў сучасныя, даступныя і зразумелыя формы існавання ў грамадстве, аднаўленні іх здольнасцей да функцыянавання і самааднаўлення. Арганізуючы формы папулярызацыі традыцыйных рамёстваў, мы арыентуем аўдыторыю на “жывое існаванне”, вывучэнне культурных формаў, іх сацыяльных функцый”. Тут хочацца адзначыць, што, на мой погляд, рамёствам пашанцавала больш, чым фальклору. Іх усё ж лягчэй пераняць, чым спеўную ці танцавальную манеру, хаця не без складанасцяў. Больш рамесных фестываляў, конкурсаў і майстар-класаў, часта па асобных накірунках творчасці. Ну і “практычнай карысці” ад рамёстваў быццам бы больш: вынік матэрыяльны, сувеніры… Але без кантэксту, што ствараюць іншыя віды народнай творчасці, рамесныя вырабы застаюцца рэчамі ў сабе, пазбаўленымі ўласцівага ім даўней “культурнага асяродка”, што, канешне, сумна. Таму хочацца, каб клубныя ўстановы падыходзілі да народнай творчасці ў працэсе сваёй дзейнасці комплексна, па магчымасці развівалі адначасова ўсе накірункі. І, паўтаруся, дзяліліся вынікамі сваёй творчасці на старонках СМІ, такім чынам папулярызуючы ўласныя набыткі!

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.10.2019 06:42:46

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.