::
2015.06.13 — Бібліятэчны сувенір для… раённага музея / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Бібліятэчны сувенір для… раённага музея
Спасылка
Дата публікацыі
13.06.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Бібліятэчны сувенір для… раённага музея

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Як патрапіць да радзімічаў?Гэта — апошні матэрыял чарговага журналісцкага аўтатура "К". Дапісваем яго і рыхтуемся да наступнага выезду — на Гродзеншчыну. Кажуць, там асабліва цікава праходзіць аптымізацыя падыходаў да развіцця рэгіянальнай культуры. Пабачым, абагульнім, падзелімся досведам (калі ён таго варты) з іншымі. А пакуль — пра культуру Крычаўскага і Чавускага раёнаў Магілёўшчыны.

А вочы — не гараць

Апошняе ўражанне ад вёскі Бель Крычаўскага раёна аказалася не надта станоўчым. Бель — аграгарадок. Але, як нам паведамілі мясцовыя знаўцы, тутэйшае сельскагаспадарчае прадпрыемства, што славілася калісьці заможнасцю, цяпер не надта можа пахваліцца фінансавымі вынікамі. Змяніла шыкоўны будынак пад свой офіс (арэнда не па кішэні стала) на больш сціплы, потым былі яшчэ адны пярэбары...

Але сапсавала наш настрой не толькі названая сумная перспектыва. Не надта спадабалася, як дзейнічае мясцовы СДК. Не, усё быццам, як ва ўсіх. Але сама назва ўстановы “Сельскі дом культуры-музей аграгарадка Бель” абавязвае да большага. Дырэктар установы Валянціна Семчанка і мастацкі кіраўнік Людміла Окунева расказваюць пра колькасць гурткоў і зону абслугоўвання, паказваюць дыскатэчную залу і тлумачаць пра напружанне выканання пазабюджэтнага плана… Але няма ў іх гарэння ў вачах... Зняверыліся ў канчатковым выніку працы ў бесперспектыўнай вёсцы? Але ж мы толькі пабывалі ў люднай школцы з цудоўным філіялам школы мастацтваў. Не, вёска — жывая. І работнікі клуба павінны штодня даказваць гэта сваёй адданай працай. Але ў СДК — пуста, ціха, ніхто сюды не імкнецца. Сітуацыя ў нашай журналісцкай практыцы — звычайная. "Чалавечы фактар…" — уздыхае з нагоды нашых разваг спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Наталля Марозава. Урэшце, менавіта ад гэтага фактару залежыць сёння, ці заставацца Белі на карце раёна…

Не, сказаць, што ў СДК Белі няма нічога цікавага — значыць, схлусіць чытачу. Тут ёсць незвычайны музей. Экспанаты яго не абмяжоўваюцца традыцыйнай пралкай ды старадаўнімі глечыкамі. Тут — шмат, як модна цяпер казаць, вінтажных рэчаў: радыёла “Рэкорд-61”, швейная машынка “Зінгер” пачатку стагоддзя… У скрынях — апошнія "фондавыя" паступленні: часткі зброі, мінамётных снарадаў, гільзы. Але ўсё пададзена ў экспазіцыі без канцэптуальнай відовішчнасці, што можа і павінна быць нават у вясковым музеі. Хто ўрэшце "запаліць" вочы клубніцам? Хто дапаможа пераўтварыць неблагі клубны будынак у сапраўднае апірышча павагі і да гісторыі, і да культуры?

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Анатановіча

Праязджалі праз Чэрыкаўскі раён і спыніліся ў Рэчыцы ля клубнай установы. У СДК пад час нашага візіту быў законны абедзенны перапынак. На вялікі жаль. Бо, як даведаліся з шыльды, тут размяшчаецца яшчэ і пляцоўка тэатральнага і філарманічнага абслугоўвання насельніцтва. З’ява на сённяшні дзень хоць і даволі рэдкая, але вельмі важная. Ці запатрабаваная тая пляцоўка мясцовым насельніцтвам? Спадзяюся на станоўчы адказ на гэтае пытанне.

Праблема — абласная

Даўно не былі ў Чавусах. Заехалі і не пашкадавалі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Раздзівіліна — на сваім месцы. Хоць і працуе нядаўна, але на сваёй "кухні" цудоўна ведае, дзе "цукар" ляжыць, а дзе "перац молаты". Ці не таму "стравы" атрымліваюцца "смачнымі" (чытай — брэндавымі)?

Адна з іх — міжрэгіянальны фестываль-конкурс "Зялёныя святкі". Прайшоў ён (ужо трэці па ліку) у нядзелю 7 чэрвеня па ініцыятыве і на базе Петухоўскага цэнтра фальклору. Сёлета тэрміны мерапрыемства трохі ссунуліся. "…Святкі" прысвечаны Тройцы, таму праходзіць павінны напрыканцы мая. Але ў гэты ж час у Клімавічах ладзіцца знакамітая "Залатая пчолка". Як яе абмінеш? Таму "Зялёныя святкі" вырашылі арганізававаць пазней. На апошніх прысутнічалі прадстаўнікі 11 раёнаў Магілёўшчыны. Конкурс праходзіў ва ўрочышчы Байкава, вядомым сваімі гаючымі крыніцамі. Так што і мясцовых гледачоў ставала. Самадзейныя артысты спаборнічалі на лепшы карагод, лепшы абрад кумавання. Пацалавацца з кумой — таксама мастацтва. Лішне казаць, што гэты светлы ды вясёлы конкурс паспеў стаць для раёна знакавым.

Яшчэ адна акцыя, якую смела можна назваць брэндавай, звязана з гісторыяй вёскі Радамля. Справа ў тым, што менавіта тут, як сцвярджаюць археолагі, быў цэнтр размяшчэння племені радзімічаў. Захавалася замкавая гара, і ў жніўні на ёй адбудзецца ўжо другое па ліку свята "У госці да радзімічаў". Сутнасць яго — у маштабнай тэатралізацыі, што ўмоўна перадае асаблівасці жыцця і побыту тых часоў. Тэатралізацыя ставіцца сіламі супрацоўнікаў Чавускага РДК і ўяўляе з сябе яркае відовішча: і вопратка тагачасная пашыта, і ўпрыгожанні зроблены па ўзоры знойдзеных на раскопах.

З сумам даведаліся мы, што ў складзе шыкоўнага фальклорнага гурта "Незабудкі", што існуе ў Галавенчыцах і добра вядомы ў свеце, засталося толькі чатыры бабулі. Раней мы разам за стол не памяшчаліся, а цяпер… Ніхто бабуль, натуральна, не заменіць. А тэма фармальных дзіцячых гуртоў-пераемнікаў заслугоўвае, на наш погляд, вельмі сур’ёзнага аналізу на ўзроўні спецыялістаў. Хіба сапраўдная пераемнасць выхоўваецца пад прымусам?

І на заканчэнне раздзела — пра вельмі сумнае. Існуе ў культуры Чавусаў і антыбрэнд: будынак РДК, які апошні час знаходзіцца ў аварыйным стане і не працуе. Служба РДК на сёння месціцца ў не вельмі спрыяльных умовах невялікага будынка колішняга Цэнтра моладзі. Стары гмах РДК знаходзіцца ў цэнтры горада і сваім занядбаным выглядам ніяк не ўпрыгожвае архітэктуру раённага цэнтра. Пра гэта праз "К" не раз казаў з вялікім смуткам начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Анатоль Сінкавец. Так, раённая праблема перарасла ў праблему абласную. Праектна-каштарысная дакументацыя даўно падрыхтавана. Але на рамонт патрэбны незлічоныя мільярды рублёў, якіх пакуль проста няма…

Затое побач з закінутым РДК з’явіўся ў Чавусах спорт-бар “Сёмы сектар”, куды мы завіталі пакаштаваць кавы. Ва ўстанове можна ў адпаведным антуражы з цікавасцю правесці час, назіраючы за яркімі футбольнымі баталіямі, а калі іх няма — гуляючы з сябрамі ў настольны футбол. Падумалася, а чаму б не стварыць у Чавусах ці іншым райцэнтры тое ж арт-кафэ, дзе будуць праходзіць выстаўкі, а на экранах — дэманстравацца мясцовыя канцэрты з інструментальнай музыкай? З гэтымі думкамі і скіраваліся ў мясцовую бібліятэку. Дзе, калі не там, шукаць іншыя крэатыўныя ідэі?

"Сайтавы" трэнінг

І Чавуская ЦБС ды яе кіраўнік Алена Максімовіч сапраўды здзівілі россыпам канкрэтных творчых праектаў і шчыльным узаемадзеяннем з іншымі структурамі сферы культуры. У доказ апошняму сцвярджэнню можна прывесці той факт, што бібліятэчная выдавецкая справа працуе не толькі на ўнутраныя патрэбы, але паспявае яшчэ і вырабляць наборы паштовак, нататнікі ды іншую патрэбную турыстам драбязу для сувенірнай крамы, што працуе ў мясцовым музеі. Пра краму — крыху пазней, а цяпер — менавіта пра бібліятэчныя шчыраванні на абсягах раёна.

За кошт аптымізацыі клубнай сеткі з’явіліся бібліятэкі-клубы. Такі кангламерат — даволі эфектыўны хаця б з той нагоды, што ўсе сельскія ўстановы ўкамплектаваны камп’ютарнай тэхнікай, якая і ў бібліятэчнай справе — памочнік і дарадца, і ў клубнай дазваляе трымаць планку якасці на належнай вышыні. На 21 бібліятэку — 47 адзінак згаданай тэхнікі. Інтэрнэт — хуткасны, свая "электронка" — амаль ва ўсіх бібліятэках. У ЦБС — уласны сайт. Мы праверылі: ён поўны, інфарматыўны (ёсць нават звесткі пра новыя паступленні), шмат ілюстрацый, метадычных парад…

Пацікавіліся, як той сайт складаўся, бо многія ў іншых раёнах ды абласцях наракаюць на тое, што з такой задачай самім справіцца немагчыма. Сапраўды, што можна зрабіць, калі няма жадання самаразвівацца? Дык вось, у Чавусах за справу сёлета ўзяліся кіраўнік ЦБС, метадыст ды інжынер-праграміст, што працуе на паўстаўкі. Абралі шаблон, пафантазіравалі — і зрабілі. Абласныя калегі падтрымалі метадычнай дапамогай.

Пастаянныя бібліятэчныя трэнінгі — чарговы праект, які з поспехам рэалізуецца. Без іх, шчыра кажучы, сайта ЦБС не было б. Цяпер чытач можа праз яго пацікавіцца, ці ёсць у фондзе патрэбная для яго кніга.

Уразіла і ўзважаная кадравая палітыка. Хто, скажыце, можа цяпер пахваліцца, што вакансій па ЦБС няма, спецыялісты ў чэргі выстройваюцца?.. Вось і мы пра тое ж.

І апошняе — пра маркетынг: усё лета ля Цэнтральнай бібліятэкі райцэнтра працуюць кніжныя выстаўкі, а праз расчыненае акно гучыць музыка. Такая тэматычная "агучка" дадае ў атмасферу горада штосьці сваё, 
непаўторнае.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Да бібліятэкараў Магілёўшчыны — ніякіх прэтэнзій. Яны сапраўды валодаюць камп’ютарам, ведаюць, чаго хочуць ад чытача, трымаюцца ўпэўнена і артыстычна, самі ўдумліва чытаюць. Словам, люблю ездзіць вучыцца менавіта на Магілёўшчыну.

Я павяду цябе ў музей

Бадай, самы адмысловы будынак у горадзе адведзены пад Чавускі гісіторыка-краязнаўчы музей, які ўзначальвае Іна Казакова. Невыпадкова на рамонт музея ў 2012 годзе былі вылучаны немалыя на той час грошы ў межах праграмы “Культура Беларусі”. Рамонт праводзіўся ў два этапы, а агульная сума склала блізу трох мільярдаў рублёў. За гэтыя грошы быў зроблены вялікі фронт работ, пачынаючы з перакрыццяў страхі і заканчваючы абнаўленнем экспазіцыі.

Але што найперш нас уразіла, дык гэта сувенірная крама. Нават больш буйныя музеі могуць пазайздросціць такому асартыменту прадукцыі. Чавускі музей актыўна супрацоўнічае з мясцовымі народнымі майстрамі, якія прапаноўваюць карціны ў розных тэхніках, кераміку, лялькі ў мясцовых строях. Робіць музей замовы на сувенірныя вырабы і прыватным фірмам. У апошніх бярэ на рэалізацыю кубкі з выявамі Чавусаў, магніты. Цікава, што з магнітаў у продажы засталіся толькі на рускай мове, бо на беларускай ўсё, па словах дырэктара музея, раскупілі. Атрымліваецца, што ўсё ж такі выгадна, нягледзячы на розныя папяровыя замарочкі, ствараць у музеях уласныя сувенірныя крамы. А таму чарговы раз пераконваемся, што не варта баяцца гэтым займацца.

Апроч сувеніраў мае музей і свой інтэрактыў. Да прыкладу, “Ой, вяселейка нам Бог даў”. Такую назву мае тэматычная праграма, якую паводле мясцовых народных вясельных традыцый музей рэканструяваў і прадставіў яшчэ на Першым музейным форуме ў Гродне. Прываблівае гэта праграма і маладыя пары, якія жадаюць уступіць у шлюб паводле старадаўніх звычаяў. Маецца ў экспазіцыі патэфон, які мала таго, што знаходзіцца ў працоўным стане, дык абавязкова ўключаецца для экскурсійных груп.

Адзначым і адзін адметны экспанат. Напрыканцы 1960-х пісьменнік Канстанцін Сіманаў наведваў Чавусы. Сёння ў экспазіцыі прадстаўлены фотаапарат з дарчым надпісам літаратара.

Калі ж казаць пра экспазіцыйныя залы, то большасць з іх створана яшчэ ў 1996-м і пасля нядаўняга рамонту абноўлена. Самая вялікая прысвечана вызваленню Чавускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як расказала нам дырэктар музея, фронт спыніўся на рацэ Проня ў 1943 — 1944 гадах і стаяў дзевяць доўгіх месяцаў. У зале ўражвае дыярама, прысвечаная пачатку аперацыі “Багратыён”. Тут жа можна пачуць і песні Вялікай Перамогі.

Здзівіла, што музеефікаваная гісторыя Чавускага раёна заканчваецца на 80-х гадах мінулага стагоддзя. Пакуль толькі плануецца стварыць залу, прысвечаную найноўшаму часу раёна. Ужо знойдзена і падрыхтавана памяшканне. Маюцца і цікавыя экспанаты. А вось на афармленне экспазіцыі не хапае сродкаў. Спадзяемся, што неўзабаве задума ўсё ж будзе годна рэалізавана, найперш — дзякуючы дапамозе дабрадзеяў. Кажам гэта без іроніі, бо з абнаўленнем мэблі Чавускаму музею дапамаглі калегі з Магілёва — у Мастацкім музеі Бялыніцкага-Бірулі адбываецца рэканструкцыя, а таму яны прапанавалі забраць свае стэнды.

Свой сайт мае і музей. Праўда, пакуль старонка дзейнічае на калектыўным партале museum.by і хоць пастаянна абнаўляецца, ды ўсё ж не мае свайго стылю, не кажучы пра самастойнае адміністраванне. Стварэнню паўнавартаснага сайта перашкаджае адсутнасць у штаце праграміста.

 

***

8 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 235 "Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці". Маецца на ўвазе ўстойлівае развіццё Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Слаўгарадскага і шэрагу іншых раёнаў. Указ больш чым своечасовы. Будзем спадзявацца, што і рэгіянальная культура адчуе неўзабаве ягонае дзеянне.

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 17.10.2019 03:28:28

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.