Крыжы нашымі продкамі ўспрымаліся як сімвалы веры і выратавання. Прашчуры ставілі іх, акрамя могілак, у многіх месцах – пры дарогах, на іх скрыжаваннях, ля водных перавозаў, крыніц, што бруіліся гаючай халоднай вадой, на межах зямель, нярэдка там, дзе адбыліся нейкія памятныя тутэйшаму люду адметныя падзеі.
Да прыкладу, крыж ля вёскі Галошава Талачынскага раёна мясцовыя жыхары з даўніх часоў называюць Кацярынінскім: існуе паданне, быццам у гэтым месцы спынялася ў час свайго падарожжа па Беларусі расійская імператрыца – што, дарэчы, магло быць. Недзе тут і пралягаў маршрут аўгусцейшай асобы.
Найбольш старадаўнімі з’яўляюцца каменныя крыжы каля вёсак Сокарава Бешанковіцкага і Вітунічы Докшыцкага раёнаў. Як лічаць археолагі, яны існуюць з XVI стагоддзя. Вельмі верагодна, што вітуніцкі крыж мемарыяльны. Тут нібыта стаяў са сваёй світай Стэфан Баторый. Крыж высечаны з мясцовага граніту шэрага колеру, на ім выбіты лацінскія літары, якія можна расшыфраваць як ініцыялы караля. Рэальнасць гэтай падзеі пацвярджае і назва ўрочышча – Каралёў Стан, дзе знаходзіўся крыж (цяпер ён экспануецца ў рэспубліканскім Музеі валуноў).
Вельмі часта крыжы ставілі па краях вёсак. Людзі спадзяваліся, што яны абароняць ад цяжкіх хвароб і пошасці, эпідэміі, ліхой бяды, злых духаў, нячыстай сілы, вайны, розных цмокаў, ваўкалакаў і крывасмокаў. Ды ці мала ад чаго прагнуў засцерагчыся тады чалавек!
Да нашага часу захаваліся дзве вёскі з назвай Крыжы ва Ушацкім раёне.
Маўклівымі сведкамі сівой мінуўшчыны з’яўляюцца і шматлікія камяні-валуны. Яны нярэдка кваліфікаваліся вучонымі як культавыя аб’екты, якім у старажытнасці пакланяліся язычнікі. Іх часта называюць чортавымі. Згодна з паданнямі, чэрці спраўлялі тут святы, шылі адзенне, малолі муку. Камяні-шаўцы (ці краўцы) зафіксаваны ў многіх раёнах. Цікавы факт: на Беларусі ўсяго сем камянёў з высечанымі на іх паверхні падковамі. Чатыры знаходзяцца на Віцебшчыне. Адзін з іх шмат вякоў спачывае ва ўрочышчы Святая Воля, што ў Міёрскім раёне. Невыпадковая таму назва самай блізкай да яго вёскі – Камянполле.
У Пастаўскім раёне ёсць гара, якую ў народзе завуць Вялікай. Калісьці тут знаходзіўся вялікі па сваіх памерах камень (колькі гадоў таму вывезены ў Літву). Адсюль, як лічаць краязнаўцы, і назва вёскі Вялічкі. Тутэйшыя жыхары называлі валун каменем з дзіркай. У яе можна было выліць добрае вядро вады. Чорт нібыта шыў тут боты. Апоўначы людзі чулі гукі, падобныя на стук малатка.
Паблізу вёскі Камень у Лепельскім раёне здалёк прыцягвае ўвагу буйны валун. У даўнія часы, сцвярджаюць вяскоўцы, ён мог ляжаць на гарадзішчы, якое, паводле археалагічных раскопак, у VI стагоддзі існавала каля развілкі дарог, на высокім і крутым узгорку на беразе возера Каменскае. Па ўсіх прыкметах, у старажытнасці тут знаходзілася капішча нейкага язычніцкага бажаства. Нездарма пазней менавіта на ўзгорку была пабудавана царква, разбураная ваяўнічымі атэістамі ў 30-я гады ХХ стагоддзя.
Многія палі нашай вобласці моцна засмечаныя каменнем. Кожнай вясной яно нібы зноў вырастае з-пад зямлі, усцілаючы нівы і сенажаці. Гэта мароз за доўгую зіму выціскае іх з нетраў на паверхню. Каля вёскі Горкі Шумілінскага раёна знаходзіцца самы буйны на Беларусі валун. Другі па памерах спачывае ля вёскі Вароніна Сенненскага раёна, трэці – паблізу вёскі Кудаева, што на Аршаншчыне.
Камянец, Каменка, Каменкаўка, Каменкі, Каменцы... Амаль 25 вёсак, у назвах якіх корань «камень». А было значна больш...
Праз вёску Каменка Верхнядзвінскага раёна цячэ аднайменная рачулка. Дно ў яе камяністае.
І тут варта ўспомніць пра каменны век у гісторыі нашай Айчыны. Як сведчаць вучоныя, першыя людзі на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў эпоху верхняга палеаліту – прыкладна 40 тысяч гадоў таму. Знойдзены ўсяго дзве стаянкі тых часоў, і толькі на самым поўдні краіны, у Гомельскай вобласці. Тэрыторыю ж Віцебшчыны чалавек засяліў значна пазней – у наступную за палеалітам эпоху мезаліту, 8-5 тысяч гадоў да нашай эры. Толькі тады і ўзніклі ў нас першыя стаянкі людзей. Адну з іх археолагі знайшлі ля вёскі Крумплева (Полацкі раён).
Чаму ж нага чалавека не ступала дагэтуль на поўнач Беларусі? Ды таму, што тут вельмі доўгі час панаваў апошні ледавік. Ён амаль цалкам заняў тэрыторыю сённяшняй Віцебшчыны, усё руйнуючы на сваім шляху, але спакваля пачаў губляць жахлівую энергію, прыпыніўся і далей на поўдзень прасунуўся асобнымі доўгімі язычкамі, а затым марудна папоўз назад, туды, адкуль прыйшоў – у Скандынавію, пакідаючы незайздросную «спадчыну» – валуны ды каменне, якіх няма ў такой колькасці ў многіх іншых раёнах Беларусі.
Ад аднаго з жыхароў ваколіц Бягомля давялося пачуць наступны жарт. Прыехала сюды сям’я перасяленцаў з Гомельскай вобласці. І прывезла з сабой грувасткі камень, якім прыціскаюць квашаную капусту. Здзіўленым мясцовым сялянам гаспадар растлумачыў: валунчык – сямейная каштоўнасць, дастаўся ад бацькі, які, у сваю чаргу, атрымаў яго ад дзеда, а той – ад прадзеда: «У нас камянёў днём з агнём не знойдзеш».
І як жа быў узрушаны гэты чалавек, калі вяскоўцы прывялі яго на тутэйшае поле, спрэс засеянае камянямі самага рознага калібру...
Як сцвярджае лепельскі краязнаўца І. Януш, у аснову назвы вёскі Кальнікі пакладзена слова з латышскай мовы са значэннем «камяністая горка». Вёска Кальнік ёсць ў Докшыцкім раёне.
Існавалі калісьці ў нас вёскі Каменны ручай, Каменны Мост, Каменны Бор, Каменная Ніва.
Дзесьці паўвека таму быў у Полацкім раёне каля вёскі Блізніца хутар Каменны Крыж. Мала хто памятае цяпер пра яго. Назву змаглі растлумачыць мясцовыя старажылы Казімір Гурэцкі і Рыгор Касарэвіч. Стаяла калісьці на хутары царква з могілкамі, дзе хавалі святароў. Захаваўся толькі высечаны з каменя крыж. Паселішча з царквой і пагостам мела ў далёкія часы больш высокі грамадскі статус, таму і вёску, размешчаную непадалёку ад храма, назвалі Блізніцай.
Анатоль Бруцкі
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.