::
2016.11.05 — Ці ёсць “жыццё” па-за “Берагіняй”? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Ці ёсць “жыццё” па-за “Берагіняй”?
Спасылка
Дата публікацыі
05.11.2016
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст

Ці ёсць “жыццё” па-за “Берагіняй”?

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Метадыст Цэнтра культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна Юлія КУЛАК працуе на гэтай пасадзе з сакавіка 2015-га, калі скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Да ВНУ Юлія наведвала фальклорны гурток, у якім выкладала яе маці, таму, можна сказаць, вырасла “ў фальклоры”. Сястра Юліі, Ганна Бялько, таксама працуе ў гэтай галіне. У гутарцы ж даведаемся пра творчы і прафесійны шлях нашай гераіні, “музычную” сям’ю і вяртанне на малую радзіму пасля вучобы ў сталіцы.

Я з дзяцінства займалася ва ўзорным фальклорным гурце “Некрашынка” Валосавіцкага сельскага дома народнай творчасці Акцябрскага раёна. Удзельнічала ў пяці фестывалях “Берагіня”, там пазнаёмілася з Таццянай Пладуновай і Вячаславам Калацэем. Яны мяне запрасілі на адкрыты іспыт сваіх студэнтаў. Тады я вырашыла паступаць на кафедру этналогіі і фальклору ўніверсітэта. Па размеркаванні трапіла ў Акцябрскі, амаль да сябе на радзіму.

— Ваша сястра, Ганна Бялько, таксама займаецца фальклорам…

— Так, яна вучылася на той жа кафедры, што і я, размеркавалася ў Гомельскі абласны метадычны цэнтр, цяпер працуе на пасадзе загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры. Часамі вядзе заняткі па спевах для моладзі.

— Ці не цяжка было пасля пяці гадоў у сталіцы вярнуцца ў Акцябрскі?

— Канечне, цягне ў Мінск, але тут жывуць мае блізкія, родныя. Калі людзі знаёмыя, ўсё прасцей, чым у вялікім горадзе.

— З якімі складанасцямі давялося сутыкнуцца ў працы?

— Я лічыла, што будзе шмат цяжкасцей. Але побач са мной працуе цудоўны калектыў, які ў любы момант дапаможа. У мяне праца больш папяровая, чым практычная. Хаця сёлета ўпершыню ўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” як арганізатар. Аддзелам робім усё магчымае, каб нашым гасцям было ў Акцябрскім утульна, будзем і далей працаваць у гэтым кірунку. Але творчасць не пакідаю, удзельнічаю ў народным вакальна-харэаграфічным ансамблі “Рудабельская пацеха”, і яшчэ ў народным калектыве “Івушка”. Таму спеў для мяне — гэта адпачынак.

— Ці працуеце нейкім чынам з аўтэнтыкай?

— На жаль, у Акцябрскім — не. Але пакуль езджу займацца з роднай “Некрашынкай” у Валосавічы, два разы на тыдзень — там дзеці з васьмі да шаснаццаці гадоў. Песні акапэльна, танцы, гульні… Мая маці там музычны і вакальны кіраўнік, а я — танцавальны. І маці — цудоўная спявачка, як і бабуля. Такая атрымалася “перадача” па спадчыне.

— У якім стане ў Акцябрскім раёне аўтэнтычнае выканальніцтва?

— Чым далей, тым больш складана. Менш і менш застаецца носьбітаў традыцый. У вёсцы Забалаць жыве цудоўная спявачка Настасся Паўлаўна Самусёва; у раёне дзейнічаюць два аўтэнтычныя гурты: “Купалінка” ў вёсцы Пратасы і “Перазвоны” ў вёсцы Гаць. Ёсць і пераемнікі традыцый: узорныя фальклорныя ансамблі “Рудабельскія зорачкі” і “Праменьчыкі” ў Акцябрскім, “Цярэшкавы Шчодрыкі” ў аграгарадку Рассвет, тая ж “Некрашынка” ў Валосавічах.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.08.2019 19:13:48

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.