:: calculation
2012
Загаловак text
Купальская ночка ля возера Шо ў Глыбоцкім раёне
Спасылка embed
Дата публікацыі date
07.09.2012
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

На мінулым тыдні вёскі Івесь і Шо Глыбоцкага  раёна загаманілі, заспявалі  па-старадаўняму. Жанкі і мужчыны ўсхвалялі веліч Зямлі і Сонца, выконвалі  песні фальклорныя, аўтэнтычныя. Вяскоўцы  гасцінна сустракалі ўдзельнікаў IX абласнога свята абрадавага фальклору «Купалле Паазер’я-2012»

Поўны тэкст text

Купальская ночка ля возера Шо ў Глыбоцкім раёне


 

 

 

На мінулым тыдні вёскі Івесь і Шо Глыбоцкага  раёна загаманілі, заспявалі  па-старадаўняму. Жанкі і мужчыны ўсхвалялі веліч Зямлі і Сонца, выконвалі  песні фальклорныя, аўтэнтычныя. Вяскоўцы  гасцінна сустракалі ўдзельнікаў IX абласнога свята абрадавага фальклору «Купалле Паазер’я-2012».

 

Звычайнае «Купалле» асацыіруецца з вогнішчам, жартамі, гульнямі, дзявоцкай варажбой… Але ж гэта не зусім так. Купальскія святы, якія праводзяцца ў гарадах, разлічаны на масавасць. Купалле ж на беразе таямнічага возера Шо, у блакітным люстэрку якога, па меркаванні некаторых беларускіх навукоўцаў, і «хаваецца» цэнтр Еўропы, – не канцэрт, не распісанае па хвілінах тэатралізаванае прадстаўленне. Гэта самабытнае, непаўторнае свята, накіраванае на захаванне аўтэнтыкі, традыцый і манеры выканання старадаўніх песень пад адкрытым небам без узмацняльнай апаратуры.

 
У гэтым годзе ў глыбоцкую глыбінку завіталі народныя фальклорныя калектывы з Ушацкага, Глыбоцкага, Полацкага, Міёрскага раёнаў, Мінска, Наваполацка, Віцебска. Распачало свята ўрачыстае песеннае шэсце па вуліцах вёсак Шо і Хралы. Разам выканаўцы сольных і гуртавых абрадавых спеваў на жытнёвым полі спявалі, збіралі кветкі, плялі вянкі. Каб дапоўніць прастору маляўнічых мясцін этнічным самабытным гучаннем, арганізатары свята запрасілі знакамітага дудара Вячаслава Козака.

 

Начную цішыню і цемру возера Шо абуджалі факельнае шэсце, купальскія гульні і «песенная барана». Праходзіў фэст народных музыкаў «Прыпеўкі Паазер’я-2012», усе жадаючыя маглі паспытаць абрадавых страў Паазер’я, песнямі віталі ўзыход сонца, вадзілі карагоды каля вогнішча.

 

Гэта месца сакральнае, у адзін голас сцвярджаюць вяскоўцы і ўдзельнікі абласнога абрадавага свята. Лясы і азёры, палі і ўзгоркі чаруюць, зараджаюць непаўторнай энергетыкай, надаюць сілы і бадзёрасць духу. Спакон вякоў тутэйшыя жанчыны вітаюць песнямі старажытнае свята летняга сонцастаяння, захоўваюць старадаўнія абрады.

 

Па словах метадыста па фальклоры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ЛілііКернажыцкай, аўтэнтычны фальклорны гурт Івесьскага культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра, які існуе больш за 20 год – унікальны. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць напоўненыя жыццёвым сэнсам тэксты песень, а таксама само іх выкананне. Бабулі з вёсак Шо, Івесь, Хралы ведаюць больш за 100 старадаўніх песень.

 

У красавіку гэтага года гурт прымаў удзел у ІХ  рэспубліканскім этнаграфічным канцэрце Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў «Фальклор беларускай глыбінкі». За зберажэнне і папулярызацыю культурнай спадчыны краіны жанчыны атрымалі падзяку Міністэрства культуры Беларусі.

 

Існуе меркаванне, што аўтэнтычныя спевы аказваюць спрыяльнае  тэрапеўтычнае ўздзеянне на арганізм чалавека. Даследчыя праекты, звязаныя з вывучэннем і ўжываннем у лячэбных мэтах арт-тэрапіі, грунтуюцца на аналізе фальклору беларускіх вёсак, у тым ліку і глыбоцкіх. Каб пачуць чароўны голас мінулага, у Івесь, Шо людзі спяшаюцца з розных гарадоў і вёсак Беларусі і нават іншых краін.
Па словах удзельніцы свята, выкладчыцы Маскоўскага інстытута псіхалогіі і педагогікі Марыны Сарокінай, пра цудадзейную глыбоцкую глыбінку яна ведала даўно, але што так хораша можна адпачыць, правесці вольны час, не ўяўляла. У гэтам годзе з Масквы ў Івесь прыехалі больш за 10 чалавек, каб дакрануцца да гісторыі сакральнага месца, зазірнуць у тайны чароўнай купальскай ночы.

 

Дзіяна Берніковіч, фота аўтара, «НС».

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 04.11.2018 09:51:06

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.