::
2015.07.11 — Дзедавы гармонік — сімвал сваякоў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Дзедавы гармонік — сімвал сваякоў
Спасылка
Дата публікацыі
11.07.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Дзедавы гармонік — сімвал сваякоў

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Пра рэбрэндынг і яго першыя вынікі ў дзеянніРазважаючы пра эфектыўнасць устаноў культуры на Гродзеншчыне, у чарговы раз задумаліся пра прычыны, якія змусілі зрабіць у вобласці маштабны рэбрэндынг, або, прасцей кажучы, змену назваў дамоў культуры і рамёстваў, гэтаксама як і клубаў. Урэшце, дом культуры — ён і ў Афрыцы дом культуры. І ад таго, што ДК ператворыцца ў аддзел ці сектар, лепш ці горш працаваць, мяркуем, ён не стане. А вось у чым мы дакладна пераканаліся, дык гэта ў тым, што не зважаючы на змены назваў сваіх устаноў ды, мякка кажучы, не вельмі высокія заробкі работнікі культуры Гродзеншчыны праяўляюць вельмі важную рысу, неабходную для іх прафесіі, — ініцыятыўнасць.

Не аўтаклуб, а…

Але спачатку не пра гэта. Даўно мы не былі ў Зэльве. Карыстаючыся нагодай, вырашылі наведаць мясціны, звязаныя з Ларысай Геніюш. Запыталіся ў першых сустрэчных, дзе пахавана іх славутая зямлячка і дзе стаіць прысвечаны ёй помнік. Атрымалі вельмі дакладныя адказы. Так што не блукалі. Уражанні ад убачанага помніка каля мясцовай царквы, прыхаджанкай якой была слаўная пісьменніца, а таксама ад яе дагледжанай магілы запалі ў душу.

З такім узнёслым настроем і прыехалі ў вёску Дзярэчын, што ў Зэльвенскім раёне. Летапісная гісторыя гэтага краю пачынаецца з 1416 года, калі вялікі князь Вітаўт за адданую службу перадаў паселішча роду Копачаў. Адметнае колішняе мястэчка яшчэ і тым, што ў 1786 годзе тут быў узведзены палац, дзе размяшчалася калекцыя жывапісу, захоўваліся старажытныя дакументы, зброя гетманаў Вялікага Княства, ваенныя трафеі, каштоўны посуд.

Палаца мы не знайшлі, але палюбаваліся касцёлам і царквой. А ля клубнай установы (у адным будынку з Домам рамёстваў) заўважылі дзяўчат, якія прыбіралі тэрыторыю. Як высветлілася, рыхтаваліся да абласнога семінара па сельскай гаспадарцы, што меркавалася правесці на Зэльвеншчыне. Так што пагутарыць з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Галінай Раманчук не атрымалася, бо была яна вельмі занятая.

Высветлілі толькі, што ў Дзярэчыне прайшло нядаўна свята фальклору. А туды, дзе няма стацыянарных устаноў культуры, скіроўваецца па 6-7 разоў на месяц аўтаклуб. Даруйце, называецца ён на сёння “сектар па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў”. Мог бы, кажуць, і часцей выязджаць, але акампаніятараў часам не стае. Недахоп акампаніятараў-“слухачоў” — бадай, адна з вострых кадравых праблем увогуле па рэспубліцы. Заглыбляцца ў яе — значыць самастойны аналітычны артыкул пісаць. Лепш падрабязна з установамі культуры Дзярэчына пазнаёмімся.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Адно з вялікіх задавальненняў — праехацца ўлетку па прасёлачных дарогах, абапал якіх палі, што патанаюць у валошках. Здавалася б, васількі для Беларусі здаўна з’яўляюцца адым з яскравых брэндаў. А ці выкарыстоўваецца ён тымі ж установамі культуры? Ці праводзяцца васільковыя святы? Або чаму б не зрабіць музей валошак? Паверце, у экспазіцыі можна багата распавесці пра значэнне гэтай кветкі ў культуры нашага краю. Адказ за ўстановамі культуры.

План — выканальны

Валянціна Лапа кіруе ў Дзярэчыне Домам культуры. Яе пасада на сёння гучыць так: “загадчык аддзела па правядзенні культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка “Дзярэчын”. Ала Сідорык — загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка. А вось самастойнай бібліятэкі ў Дзярэчыне ўжо няма: не так даўно яе аб’ядналі са школьнай. Але цяпер не пра тое. Найбольш уражвае аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры (колішні РДР). Найперш прасторнымі заламі, выдатна аздобленымі вырабамі мясцовых майстроў раёна. Маецца тут і невялікая сувенірная крама з вельмі дэмакратычнымі цэнамі на арыгінальныя аўтарскія вырабы. Але самае галоўнае, што ў Дзярэчыне вядзецца актыўная праца па далучэнні дзяцей і моладзі да асваення старадаўніх народных рамёстваў. Сярод прапанаваных школьнікі могуць выбраць гурткі “Саламяныя дзівоты”, “Гліняная скарбонка”, “Драўляныя таямніцы”, “Беларуская саломка”, “Чароўная іголка” ды шмат іншых. Самі назвы сведчаць пра разнастайнасць кірункаў дзейнасці РДР. Усяго ж тут працуюць восем майстроў.

Знаёмячыся з установай, мо з дзясятак разоў пабачылі ў розных варыяцыях выяву каня. Як аказалася, не выпадкова. Дзякуючы славутаму Ганненскаму кірмашу, які здаўна славіўся продажам коней, гэтая жывёла стала сімвалам раёна, яе выява змешчана на гербе Зэльвы. Адсюль і зэльвенскі брэнд.

З новых кірункаў працы Дома рамёстваў — абрадавая лялька. Здавалася, нямала раёнаў ёй пачало займацца. Згадаем хаця б наведаныя намі Рагачоўскі, Любанскі ды Старадарожскі. Тым не менш, зэльвенская лялька мае сваё аблічча, яна апранута ў мясцовыя строі, мо таму і запатрабаваная ў турыстаў.

Нельга не сказаць і пра кадры. Прыемна бачыць, што ва ўстанове працуе ня мала моладзі. Тыя ж керамісткі — дзве сімпатычныя дзяўчыны — маладыя спецыялісты, якія зусім нядаўна скончылі профільныя навучальныя ўстановы. Далучаюцца да справы папулярызацыі народных рамёстваў і мясцовыя старажылы. Часцяком тут арганізоўваюць майстар-класы з удзелам жахарак Дзярэчына і навакольных вёсак, для якіх ткацтва з дзяцінства было не прафесіяй, а жыццёвай неабходнасцю.

Выкарыстоўвае РДР для папулярызацыі сваіх вырабаў яшчэ адзін брэнд Зэльвеншчыны — Сынкавіцкую Свята-Міхайлаўскую царкву абарончага тыпу. Побач з храмам нядаўна была збудавана альтанка, у якой кожныя выхадныя і святы ладзіцца продаж вырабаў народных майстроў. У іншы час некаторыя прадметы можна набыць у самой царкве, з настаяцелем якой атрымалася знайсці паразуменне. Здавалася б, такая актыўнасць Дома рамёстваў прыносіць істотныя прыбыткі. Аднак план платных паслуг у 30 мільёнаў бачыцца Але Сідорык вялікім: пры вялікім аб’ёме працы з дзецьмі гурткі для школьнікаў — бясплатныя.

Лёгкіх шляхоў выканання плану платных паслуг (сёлета ён складае 49 мільёнаў) не шукаюць у аддзеле па правядзенні культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка “Дзярэчын”. Галоўная крыніца паступлення грошай ад платных паслуг СДК, як высветлілася, не правядзенне дыскатэк, а выяздныя канцэрты, у тым ліку ў навакольных санаторыях. Спрыяе прыцягненню гледачоў і сумесная праца з РДР. Да прыкладу, на апошнім свяце рамёстваў СДК прапаноўваў музычную праграму, а РДР — майстар-класы ды выстаўку адметных сувеніраў.

Пакуль у Дзярэчыне маецца толькі адна адкрытая канцэртная пляцоўка — ля царквы. Зарабіць там ад продажу білетаў на канцэрты — справа маларэальная. Таму Валянціна Лапа жадае стварыць невялікі крыты амфітэатр у мясцовым парку. У ажыццяўленні задумы неабходна фінансаванне з аднаго гранта. Прынамсі, заяўка ўжо пададзена. У выніку там з’явіцца гульнявая і спартыўная пляцоўкі, а таксама сцэна і глядзельная зала.

У тым, што канцэрты ў гэтай зале будуць заўсёды з аншлагам, мы нават не сумняваемся. Не выпадкова ж за яркую мастацкую самадзейнасць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі летась падараваў установе ноўтбук. Гэта значыць, што патэнцыял маецца.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У Доме рамёстваў Дзярэчына я купіў за невялікія грошы дзве гліняныя фігуркі. Дзядуля-гарманіст і бабуля ў нацыянальным строі — вельмі характарныя і сімпатычныя, так і выпраменьваюць неўтаймоўную энергію кераміста-глінамеса. Такімі работамі і імкнуся папаўняць сваю калекцыю. Так што на маёй кухні, дзе і выстаўлена па паліцах кераміка з усёй Беларусі, заўжды цёпла ды ўтульна.

Лепшая ўстанова

Апошняя вёска, куды мы патрапілі на Зэльвеншчыне, — Мадзейкі. Сустрэчны вясковец так і не змог прыгадаць, ці бываў тут калі аўтаклуб… А вось бібліятэка маецца. Праўда, знаходзіцца яна пры дабрачыннай установе сястрынскага дагляду. Падумалі, што не кожны ахвотны сюды патрапіць. Памыліліся: установа мае асобны ўваход. Вось толькі бібліятэкарка, як нам ахвотна распавялі мясцовыя жыхары, знаходзіцца на двухтыднёвых курсах павышэння кваліфікацыі. Па шматлікасці дружных адказаў зразумелі, што спецыяліст тут — у вялікай пашане.

Едзем далей. Наступны прыпынак — на Ваўкавышчыне, у вёсцы Невяровічы. Аграгарадок, як гэта часцяком бывае, носіць іншую назву — “Юбілейны”. Ля мясцовай установы культуры нас спачатку сустрэлі не вельмі ветліва. Хоць, як і заўжды робім, назвалі сябе і пасведчанні паказалі, але сяго-таго з тых, хто прыехаў сюды на рэпетыцыю, засмуціла чамусьці… наша беларуская мова. Але пакрысе давялі, што шукаем станоўчы досвед, які можа аказацца карысным для нашых чытачоў.

Дык што за рэпетыцыя такая? Аказваецца, на спеўкі народнага ансамбля “Сваякі” збіраюцца ці не з усяго раёна. Марыя Бачынская, загадчык аддзела культуры і дасугу аграгарадка “Юбілейны”, кажа, што “Сваякі” гастралююць па ўсёй Гродзеншчыне, білет на канцэрт каштуе 30 тысяч рублёў. А канцэртаў тых — незлічона. Так што гадавы план пазабюджэтнай дзейнасці будзе выкананы. А ў “Сваяках”, дарэчы, спрэс родзічы ды сваякі: сёстры, браты, жонкі…

Па выніках леташняй дзейнасці клубная ўстанова “Юбілейнага” прызнана лепшай у Ваўкавыскім раёне. Атрымалі дзяўчаты сто базавых велічынь, абнавілі музычную і гукаўзмацняльную апаратуру.

Клубнай установай Марыя Бачынская кіруе больш за трыццаць гадоў. Штуршок да развіцця творчасці даў ёй дзядуля Яўген Станіслававіч Ляскоўскі, які прывёз з вайны гармонік. Як можна было не навучыцца на ім граць? Гармонік той стаў ці не першым экспанатам у імправізаваным этнамузейчыку, пад які Бачынская адвяла ў сваёй установе цэлы пакой. А гармонік тут — як сімвал сваяцкасці “Сваякоў”.

Як бібліятэкарка нашай аўтаркай стала

Не паспелі мы гэты артыкул напісаць, а бібліятэкарка Наталля Ляута ўжо апублікавала ў “К” свае нататкі пра недакладнасці ў энцыклапедыі, бо падчас нашай размовы выявілася агульная вялікая праблема: сёлета рэзка зменшылася паступленне новых кніг у бібліятэку. А тыя, што паступаюць, пераважна энцыклапедыі ды даведнікі, маюць шмат недакладнасцей.

Адзначым, што каб паспець да закрыцця ўстаноў, адзін з нас скіраваўся ў дом культуры, другі — у бібліятэку. Такая актыўнасць прынесла свой плён, хаця б таму, што ўпусціць, напэўна, адзіную ў Беларусі сельскую бібліятэку — цэнтр нацыянальнай культуры было б недаравальна. Да таго ж, гэта самая вялікая па плошчы сельская бібліятэка ў раёне.

Як можна здагадацца па назве, галоўны профіль установы — народная этнакультурная спадчына. Тут рэгулярна адбываюцца тэматычныя сустрэчы са школьнікамі розных узростаў. Адна з апошніх импрэз — інтэрактыўнае “Падарожжа па казачнай сцяжынцы” — праграма для малодшых школьнікаў з летніка. Працуюць у бібліятэцы і з садком. Словам, любові да кнігі прывучаюць тут літаральна з пялюшак.

Далучаецца бібліятэка і да святаў вёсак. На бібліятэкары звычайна ляжыць распрацоўка сцэнарыя, вядзенне самога мерапрыемства, а таксама падрыхтоўка выстаўкі архіўных фотаздымкаў.

Наталля Ляута шчыра прызналася, што з-за актыўнай працы з моладдзю не паспявае сачыць за ўсімі кніжнымі навінкамі. Часам абмяжоўваецца толькі праглядам. Аб’яднання кнігалюбаў бібліятэка не мае. Але мясцовыя жыхары самі дзеляцца ўражаннямі ад прачытаных кніг. Мо таму жанчыны ў сваёй большасці абіраюць дамскія раманы, мужчыны — дэтэктывы, а іх выбар часцяком спыняецца на расійскіх аўтарах? Айчынныя ж без рэкламы не вытрымліваюць канкурэнцыі. Але хто будзе рабіць тую рэкламу, як не самі бібліятэкары?

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Упэўніліся, Зэльвенскі і Ваўкавыскі раёны маюць вялікі турыстычны патэнцыял — транзітам праз іх едзе вялікая плынь аўтамабіляў у кірунку польскага Беластока. І зацікавіць патэнцыйнага турыста таксама ёсць чым — ад аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны да адметных і вельмі папулярных у Еўропе вырабаў hand-made мясцовых майстроў. Дык што ж перашкаджае павелічэнню пазабюджэтных сродкаў? Адсутнасць рэкламы ды інфармацыйных указальнікаў і бігбордаў? Магчыма, і так. Але хутчэй за ўсё адсутнасць ідэалагічнага разумення важнасці нацыянальнай годнасці.

Фота аўтараў

Мінск — Дзяржынскі раён Міншчыны — Карэліцкі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Ваўкавыскі, Мастоўскі раёны Гродзеншчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.08.2019 09:21:52

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.