::
2015.08.01 — Усім музеям музей! / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Усім музеям музей!
Спасылка
Дата публікацыі
01.08.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Усім музеям музей!

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Часам даводзіцца чуць такое нібыта рытарычнае пытанне: маўляў, што рабіць у вёсцы ці нават райцэнтры рафінаванаму сталічнаму інтэлектуалу? Пабачанае ў апошні дзень нашага аўтатура пераконвае: цікава і карысна для свайго развіцця правесці час можна і ў рэгіёнах. І досвед Мастоўскага раёна ў гэтым плане нам падаўся паказальным. З’ехаць адтуль можа прымусіць хіба толькі перанасычэнне яркімі ўражаннямі.

Хто каму вінен?

У Мастах нас чакала новае знаёмства. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама Сяргей Дзейкала грунтоўна і шчыра распавёў нам пра дасягненні і клопаты сферы. Што спадабалася, начальнік аддзела кіруецца ў сваёй працы дэвізам “любую праблему можна вырашыць”. Скажам, ёсць пытанні па замацаванні маладых спецыялістаў, і галоўны клопат у гэтай справе, вядома ж, жыллёвы. Але агульнымі намаганнямі і ён вырашаецца. Прыкладам, маладому спецыялісту са Смаргоні, які прыехаў на працу ў музычную школу, рашэннем райвыканкама выдзелілі пакой у інтэрнаце. А каб замацаваць кадры ў аграгарадках, у аддзеле вырашылі знаходзіць жыллё для маладых спецыялістаў у прыватным сектары і часткова кампенсаваць ім выдаткі на арэнду.

У размове закранулі і бібліятэчную сферу. І калі гарадскія ды сельскія бібліятэкі не выклікаюць у начальніка аддзела нараканняў, то пытанні маюцца да аб’яднаных у адну школьных і публічных бібліятэк на сяле. У свой час усе інтэграваныя бібліятэкі раёна былі аддадзены аддзелу адукацыі. Такі падыход выявіў нямала хібаў: кожная школа мае прапускны рэжым, штогод там адбываюцца каранцінныя мерапрыемствы, а таму далёка не кожны рабочы пасля змены пойдзе ў навучальную ўстанову па кнігу. Адпаведна, частка чытачоў адсейваецца. Няма магчымасці раённай ЦБС уплываць на кніжныя паступленні, а самім бібліятэкарам у асобныя месяцы з-за загрузкі з падручнікамі няма калі наведаць чытачоў у аддаленых вёсках у зоне абслугоўвання.

Сяргей Дзейкала адзначыў праблему і з абнаўленнем ва ўстановах культуры абсталявання. Праўда, і яна паступова вырашаецца. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, з абласнога бюджэту паступіла каля 90 мільёнаў на набыццё музычных інструментаў. А вось спадзявацца на буйных спонсараў сферы культуры раёна пакуль не выпадае. Яскравы прыклад: пакуль “Мастадрэў” пасля мадэрнізацыі толькі нарошчвае абароты, установы культуры аказваюць дрэваапрацоўчаму прадпрыемству паслугі, можна сказаць, у крэдыт. На момант нашага візіту запазычанасць складала 15 мільёнаў рублёў.

Тое, што фінансавыя паступленні на развіццё сферы культуры неабходны, сведчыць і Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек” — адзіны музей экалагічнага профілю ў Гродзенскай вобласці. Сёння наспела патрэба ў новым памяшканні і стварэнні сучаснай экспазіцыі.

Хапае ў сферы культуры раёна і пазітыву. Скажам, дзе яшчэ на Гродзеншчыне можна знайсці ў вёсцы літаратурна-краязнаўчы музей? А ў Гудзевічах ён не проста існуе, але актыўна развіваецца за кошт трансгранічных праектаў. Мае раён і нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці. Сярод іх — Котчынская кадрыля і Падвойнае ткацтва ў тых жа Гудзевічах. Між іншым, летась гэты аграгарадок разам з Лідай прымалі рэгіянальны фестываль народных рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”. Ёсць думка праводзіць гэты фестываль на сталай аснове.

Галерэю — гаспадарчым спосабам

Калі трэба, не цураюцца ў аддзеле і папрацаваць сваімі рукамі на будаўнічых работах, у чым мы пераканаліся, наведаўшы шыкоўную выставачную залу Цэнтра рамёстваў. У свой час там размяшчалася аддзяленне банка. Некалькі гадоў памяшканні пуставалі, і калі з’явілася магчымасць правесці добраўпарадкаванне гаспадарчым спосабам, справа зрушылася з мёртвай кропкі. Рамонт быў зроблены з улікам пажаданняў дырэктара РЦР. Рэалізавана, у прыватнасці, магчымасць падсветкі экспанатаў...

...Дырэктара Цэнтра рамёстваў не заспелі: як-ніяк, а лета — сезон адпачынкаў. Пагутарылі з метадыстам установы Марыяй Севасцьяновіч, якая не толькі валодае сітуацыяй у Цэнтры рамёстваў, але і сама з’яўляецца выдатным майстрам.

Высветлілі, што дзякуючы з’яўленню галерэі народныя майстры з усёй вобласці атрымалі магчымасць выстаўляць і прадаваць свае работы. Што прыемна, платныя выстаўкі карыстаюцца поспехам у мясцовых жыхароў. З апошніх выставачных праектаў — прадстаўленне мастацкіх вырабаў са скуры і лазы. Зараз на парадку дня распрацоўка чарговай тэматычнай выстаўкі і пошук зацікаўленых майстроў.

Пазнаёміўшыся з выстаўкай, пераканаліся ў прафесіяналізме і крэатыўным мысленні мясцовых рэзчыкаў па дрэве. Прыемна ўразілі арыгінальныя вырабы з саломкі. Словам, у галерэі прадстаўлены віды рамёстваў, якія захаваліся і развіваюцца ў раёне. Ёсць сярод іх і незвычайныя: майстэрства стварэння капальных свечак ці мастацкіх вырабаў з… дроту.

Не маглі не пацікавіцца адносна фінансавых задач, пастаўленых перад установай. Думаецца, 3 мільёны — менавіта такі месячны план па аказанні платных паслуг — РЦР цалкам рэальна зарабіць. Мяркуйце самі: 10 тысяч каштуе аднаразовы майстар-клас. Ёсць магчымасць прайсці гадавыя курсы і стаць сапраўдным майстрам. Не дзіўна, што жадаючых хапае. За апошні год каля 60 чалавек прайшлі такія курсы. Апроч таго, бясплатна рэгулярна праводзяцца заняткі з інвалідамі. У свой час той жа “Мастыдрэў” замаўляў майстар-класы для сваіх супрацоўнікаў.

Апроч платных курсаў і продажу сувеніраў установа зарабляе і на… кветках. Не, у Цэнтры рамёстваў не вырошчваюць расліны. Але два гады запар у галерэі з поспехам праводзіцца Фестываль фіялак, на якім традыцыйна прадстаўлены больш за 250 гатункаў гэтых сімпатычных кветак.

Актыўна прыцягвае ва ўстановы культуры публіку і Раённы дом культуры. І не толькі дзякуючы дзіцячым атракцыёнам, устаноўленым перад уваходам у будынак: пры РДК дзейнічаюць народны і дзіцячы ўзорны тэатральныя калектывы. Кожны тэатральны сезон пачынаецца з прэм’еры спектакля. І нягледзячы на аматарскі статус — акцёры прыходзяць на рэпетыцыі пасля вучобы ці працы — узровень тэатральных пастановак даволі высокі. Прынамсі, такую ацэнку дае Сяргей Дзейкала, які не прапусціў яшчэ ніводнай прэм’еры.

А тым часам кіраўнік народнага тэатра Валянціна Гаўрылава рыхтуецца да фестывалю “Тэатральныя сустрэчы”, на якім плануе паказаць прэм’ерны спектакль па п’есе Роберта Хоўдана “Шыкоўнае вяселле”.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Такое ўражанне, што я ведаю Валянціну Гаўрылаву ўсё сваё жыццё. Справа ў тым, што калі я пачынаў сваю журналісцкую кар’еру ў роднай Ветцы, яна ўжо працавала кіраўніком Веткаўскага РДК. Яна ўжо тады не шкадавала энергіі, ад якой сілкаваўся любы ахвотны. Мы называлі РДК “сонечным”. А як грымеў наш тэатральны калектыў! І ў Мастах Валянціна Мікалаеўна кіруе народным тэатрам.

Ініцыятыўны Маскевіч

Сяргей Дзейкала падзяліўся яшчэ адным клопатам. Справа ў тым, што калі закрываецца сельскі клуб, патрэбна вырашыць пытанне не толькі з далейшым абслугоўваннем насельніцтва, але і з будынкам колішняй установы. Яго неабходна прадаць або пераабсталяваць. Другі варыянт абралі ў вёсцы Мікелеўшчына, дзе цяпер размяшчаецца філіял Мастоўскага РЦР. Загадчык філіяла Міхаіл Маскевіч — майстар разьбы па дрэве. Яшчэ не так даўно ён быў прадпрымальнікам, а цяпер вучыць асновам народнага рамяства мясцовых падлеткаў.

Філіял больш нагадвае музей народнага побыту — якіх узораў гаспадарчага рыштунку тут толькі няма! Цяжка паверыць, але ўсё гэта — з прыватнай калекцыі Міхаіла Маскевіча, якую ён збіраў у раёне не адно дзесяцігоддзе. Прадстаўлена тут і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва самога майстра, а таксама працы ягоных выхаванцаў. На сённяшні дзень Міхаіл Мар’янавіч мае чатырох вучняў, некаторыя з якіх ездзяць у вёску з Мастоў.

У гэтым жа памяшканні размешчана і майстэрня, на дзіва абсталяваная сучаснымі такарскімі станкамі, якія ў межах праграмы развіцця на сяле дамоў рамёстваў летась былі набыты за сродкі абласнога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

А калі ёсць падтрымка з боку мясцовай ўлады, разуменне важнасці і жаданне мясцовых жахароў займацца адраджэннем народных рамёстваў, перакананы, гэтая справа будзе развівацца і надалей, ствараючы адмысловы брэнд раёна.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Анатановіча

Летась набыў вясковую хату на амаль закінутым хутары. Разбіраючы скарб, што застаўся ад мінулых гаспадароў, ловіш сябе на думцы, якім крэатыўным, працавітым спрадвеку быў наш народ. З іншага боку, апаноўвае і смутак, што я не ведаю назваў многага з таго сялянскага рыштунку, не кажучы ўжо пра спосабы яго выкарыстання. Што ж, спадзяюся, яшчэ ёсць час, каб даведацца, а з цягам часу мо і зрабіць адмысловы музей. Спадзяюся, мясцовыя работнікі культуры мне дапамогуць.

Справа Белакоза жыве і будзе жыць

Едзем у Гудзевічы. Пра тое, што край гэты — лясны, дрэваапрацоўчы, нагадваюць назвы вёсак, што пралятаюць за вокнамі аўто: Абрэзкі, Пілкі, Струга… Па дарозе разважаем пра патэнцыял культуры раёна. Сяргей Дзейкала разумее, што турыстычны поспех асобна ўзятай установы культуры дасягаецца толькі шляхам яе ўключэння ў сістэму іншых аб’ектаў раёна, у тым ліку прыватных. Музей у Гудзевічах не выключэнне. Большасць турфірм зацікавіліся адметным музеем, аднак паставілі перад начальнікам аддзела ўмову: турыстаў трэба накарміць, прапанаваць ім анімацыйную праграму, а таксама паказаць іншыя цікавосткі раёна. У выніку ўжо набыты стылізаваныя касцюмы для работнікаў установы, прапрацоўваецца пытанне з прыцягненнем прыватнікаў да сістэмы харчавання, а ў маршрут уключана конеферма. Што ж, адразу бачны дзелавы падыход да справы.

Тым часам нас сустракае Кацярына Басінская, дырэктар Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея. Нагадаем, ён быў заснаваны яшчэ ў 1968 годзе як школьны настаўнікам Алесем Белакозам дзякуючы падтрымцы тагачаснага кіраўніка мясцовай гаспадаркі Міхаіла Пронькі. Менавіта тады дзеці пад кіраўніцтвам Алеся Белакоза пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавік ці рукапіс свайго твора, кнігу з аўтографам. Назбіралася багата матэрыялаў, у выніку чаго і быў адкрыты школьны музей, які з цягам часу перарос у дзяржаўны.

Але на пачатку Кацярына Басінская скіроўвае нас у этнаграфічны аддзел, які ўяўляе сабой тыповую драўляную хату ХІХ стагоддзя, характэрную для рэгіёну Панямоння, з адпаведным побытавым начыннем. Праўда, ёсць тут і свае цікавосткі. Незвычайна было ўбачыць у чырвоным куце выяву Францыска Скарыны, які, як высветлілася, у музеі кананізаваны як святы. Пагадзіцеся, хай сабе і спрэчны з пэўнага гледзішча, а ўсё ж такі брэнд. У адрозненні ад Беларускага дзяржаўнага музея народнага побыту, дзе помнікі архітэктуры мусяць захоўвацца недатыкальнымі, этнаграфічная хата ў Гудзевічах актыўна задзейнічана ў разнастайных абрадах, у тым ліку калядаванні, падчас якога прапальваецца печ. Маецца ў хаце і традыцыйная калыска, дзе, бывалі выпадкі, адпачывалі маленькія дзеці экскурсантаў. Словам, суцэльны інтэрактыў. Адно толькі непакоіць — на хаце даўно ўжо час адрамантаваць страху ды затынкаваць адну са сцен. Суцяшае, што гэтую праблему ведаюць у райвыканкаме і пастараюцца вырашыць да зімовых сцюжаў.

І ўсё ж найбольш уражвае літаратурна-краязнаўчая экспазіцыя, размешчаная ў асобным прасторным будынку побач з драўлянай хатай. Цяжка паверыць, але аналагаў ёй няма пакуль нават у беларускай сталіцы. Гэта датычыць і прадстаўленых музейных прадметаў, і афармлення выставачных залаў, зробленых паводле апошніх тэндэнцый у музейнай сферы. Тут лагічна перапляліся арыгінальныя артэфакты пачатку ХХ стагоддзя, асабістыя рэчы класікаў нашай літаратуры, узоры сучаснага беларускага мастацтва і адметнага падвойнага ткацтва, пераймаць якое прыязджаюць у Гудзевічы нават з Расіі.

Дзяліцца думкамі пра музей можна вельмі шмат. Спынімся ж на двух момантах, якія больш за ўсё нас уразілі. Найперш, часовая выстаўка, прысвечаная ветэрану вайны Пятру Міхайлавічу Багдану, які вярнуўся з вайны на пратэзах, і тым не менш здолеў цалкам рэалізавацца ў жыцці, доўгі час працаваў у калгасе. У зале можна было паглядзець дакументальны фільм пра гэтага мужнага і працавітага чалавека, убачыць тыя самыя пратэзы, у якіх ён прахадзіў большую частку свайго жыцця. Пагадзіцеся, такі прыклад надзвычай эфектыўна матывуе нават далёкіх ад культуры.

Другі момант, што не пакінуў абыякавым, — фрагмент працоўнага кабінета Ларысы Геніюш, дзе прадстаўлены друкавальная машынка, на якой яна набірала свае вершы, ікона, на якую малілася набожная паэтка, кнігі, старонкі з перапіскі з Васілём Быкавым, Янкам Брылём... Гудзевічы невыпадкова ўшаноўваюць памяць пісьменніцы. Менавіта тут жыў і быў пахаваны яе дзед Павел Міклашэвіч. У гэтай вёсцы маленькая Ларыса пачала хадзіць у школу…

Трэба сказаць, што ажыццявіць значнае абнаўленне музея дапамог трасгранічны праект Беларусі, Польшчы і Украіны “Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць (Падарожжа ў этнаказку)”. Па праекце асноўная частка сродкаў (а гэта 260 тысяч еўра) была выдаткавана на стварэнне новых экспазіцый Гудзевіцкага музея, у выніку чаго шэсць залаў цалкам змянілі сваё аблічча. З’явілася і неабходная турыстычная інфраструктура. Былі створаны 25-хвілінны дакументальны фільм пра Гудзевіцкі музей і прафесійнага ўзроўню сайт установы.

Да развіцця музея далучылася і мясцовая ўлада, бо, згодна ўмовам праекта, 10 працэнтаў выдзеленай Еўрапейскім Саюзам сумы павінна было фінансавацца з мясцовага бюджэту. З разуменнем да значнасці музея ставіцца і мясцовая гаспадарка. У прыватнасці, яна прафінансавала бясплатны ўваход у Гудзевіцкі музей для сваіх супрацоўнікаў, бо складвалася парадаксальная сітуацыя: людзі жывуць побач, а яшчэ не пабывалі ў абноўленым музеі.

Нягледзячы на тое, што да музея вядзе ўсяго адзін указальнік з гродзенскай трасы, спадзяемся, што наведвальнікаў у гэтай адметнай установы будзе заўсёды багата.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Наведваць Гродзеншчыну заўжды прыемна, бо тут на кожным кроку сустракаюцца цікавыя, неабыякавыя да сваёй культуры людзі, яркія ўнікальныя праекты. Наш чарговы аўтатур не стаў выключэннем: мы пераканаліся, што ў работнікаў сферы культуры вобласці маецца выразнае бачанне перспектыў далейшага развіцця галіны. Гэтаксама як і разумення, што ім не абысціся без падтрымкі, стымулявання, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, рацыянальных ініцыятыў з месцаў.

Фота аўтараў

Мінск — Дзяржынскі раён Міншчыны — Карэліцкі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Ваўкавыскі, Мастоўскі раёны Гродзеншчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 17.09.2019 01:04:06

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.