::
2017.01.21 — 21 студзеня ў Новінах у 20-ты раз зацягнулі Каляду на дуба / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
21 студзеня ў Новінах у 20-ты раз зацягнулі Каляду на дуба
Спасылка
Дата публікацыі
21.01.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Бярэзінскі раён Мінскай вобласці праславіўся адноўленым у 1998 годзе старадаўнім земляробчым абрадам “Цягнуць Каляду на дуба”. Некалі традыцыя развітвання з каляднымі святамі праз багатае застолле ў складчыну і цяганне на дуб бараны, драўлянага кола або ступы разам з абмалочаным снапком жыта ахоплівала амаль усе вёскі раёна і некаторыя — суседніх Клічаўскага, Асіповіцкага, Чэрвенскага раёнаў. Сляды яго можна адшукаць ў Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцях, але толькі кропкава і ў асноўным па тэкстах песень, запісаных у 90-я і ранейшыя гады XX стагоддзя. Хутчэй за ўсё Бярэзіншчына з’яўлялася нейкім эпіцэнтрам традыцыі ў даўнія часы. Сёння традыцыя прыцягвае ўвагу і саміх жыхароў гэтага краю, дзе старэйшае пакаленне памятае яе назву, а таксама некаторыя элементы абраду, і аматараў фальклору, і прэсы, якая заўсёды шырока адлюстроўвае абрад у друкаваных і электронных СМІ.
    Калі едзеш у напрамку з Мінска ў Магілёў па тэрыторыі Чэрвенскага і Бярэзінскага раёнаў, багатых лесам, выразна відаць, якую вялізную шкоду нарабілі тут ураганы за апошнія гады — вялізныя дзялянкі ўтварыліся ўздоўж дарогі. А ў глыб лесу пашкоджаны яшчэ большыя ўчасткі, якія працаўнікі лясгасаў ачышчаюць гадамі ад палеглых дрэў, выварачаных з коранем. Мясцовыя старажылы тлумачаць сэнс абраду “Цягнуць Каляду на дуба” ў тым, што на адзінокі дуб у полі трэба зацягнуць персаніфікаванае ўвасабленне свята ў выглядзе зажыначнага абмалочанага снапка — Каляды: каб “сядзела высока і глядзела далёка”, аберагаючы поле і вёску ад грому, урагану і ўсякай бяды. Вось я і думаю: магчыма, менавіта на гэтай тэрыторыі ўраганы і пажары ад маланкі летам былі нярэдкай з’явай. І таму менавіта да дуба — дрэва Перуна — ішлі з мальбой пра захаванне будучага ўраджаю, забеспячэнне паспявання збожжа ад сонечнага жыццядайнага цяпла і нябеснай вільгаці.
    На дуб таксама ўсцягваюць барану або кола —  каб прыляцелі і пасяліліся буслы, пасрэднікі паміж “тым” і “гэтым” светам. Яны звязваюць нас з продкамі, душы якіх адлятаюць з птушкамі ўвосень у вырай, а вясной вяртаюцца на зямлю, каб садзейнічаць нашчадкам у іх працы на зямлі. Для продкаў нясуць да дуба, ахвяруючы іх душам, куццю ў гаршку на сене — сімвал сям’і, роду чалавечага, які размножыўся на Зямлі. Пра вобразы прапродкаў у выглядзе каляднага карнавалу нагадалі на працягу двухтыднёвых святкаванняў таленавітыя спевакі і музыканты, захавальнікі традыцыйных абрадаў калядавання і шчадравання, а таксама тры сяямейныя вячэры-куцці, на якіх паміналі памерлых родзічаў. На завяршэнне калядных свят ля дуба спальваюць старую Каляду, што вісела там цэлы год. Агонь пад дубам — гэта праводзіны душ продкаў на “той” свет, у вырай.
    Традыцыя менавіта цягнуць Каляду звязана з зімовым карнавалам (само слова “карнавал” азначае павозку або сонечную калясніцу, на якой Бог-сонца едзе па небе на чатырох белых конях і пускае свае стрэлы-маланкі, апладняючы дажджом нашу Маці-зямлю). А ўвогуле, калі паглыбляцца ў міфалогію, тым больш яе астранамічны аспект, можна казаць пра тое, што ў гэты перыяд зімовага сонцастаяння адбываецца нараджэнне Божыча Грамаўніцай — жонкай Перуна (Грамаўніка). Але гэтыя складаныя вобразы страчаны ў свядомасці сучаснага чалавека, які ўжо не ўмее карыстацца мовай сімвалаў. Таму так цяжка было расшыфраваць сімволіку абраду “Цягнуць каляду на дуба”, пакуль не выйшаў у свет энцыклапедычны слоўнік “Беларуская міфалогія”. Дзякуй яго стваральнікам за карпатлівую працу!
    Каляду да дуба цягнуць менавіта мужчыны, бо поле — іх сфера дзейнасці. А ў саначках (раней на баране) сядзіць самая паважаная ў вёсцы жанчына — знаўца і захавальніца традыцый, што вельмі нагадвае цяганне на хрэсьбіны бабкі-павітухі. У старадаўнія часы гэта была жрыца, якая пільна сачыла за ходам абраду. У Новінах асноўнай знаўцай традыцыі з’яўляецца Ніна Дзмітрыеўна Клімовіч, якая адрадзіла яе разам з усімі сваімі родзічамі і сваякамі, аднавяскоўцамі. А звесткі збірала шмат гадоў разам са сваёй нявесткай Святланай, якая нядаўна змяніла яе на пасадзе дырэктара сельскага клуба.
    Гарэлка і яе распіванне пад дубам мужчынамі сімвалізуюць нябесную вільгаць Бога-бацькі і ў той жа час гэта сімвал піру, свята. У старадаўнія часы гарэлку, пэўна, ўжывалі толькі мужчыны-жрацы, захавальнікі сакрэту яе здабывання. Гарэлка — ад слова “гарэць”. Агонь на зямлі сімвалізуе агонь нябесны, ад якога ён з’явіўся праз удары маланкі. І часцей за ўсё ў навальніцу загараліся дубы. Пасля таго, як зацягнуць каляду на дуб, мужчыны вярталіся  ў вёску да жанчын, якія заставаліся ў хаце ладзіць багатае застолле. І пачыналася піраванне з танцамі і гульнямі. Зараз у Новінах жанчыны ідуць і едуць да дуба, нават бяруць з сабой дзяцей, бо ўсім цікава паглядзець, што там будзе адбывацца. Піраваннем заканчваюцца звычайна ўсе земляробчыя абрады, бо яны сімвалізуюць дабрабыт і багацце, які дасць будучы ўраджай.
    Ігрышча “Ката пячы” ў Бярэзінскім раёне, як сведчаць старажылы,  праводзілі на Багатую Каляду (на Шчодры вечар) і на Крывую каляду (на Вадохрышча). Вадохрышча святкавалася 3 дні, і яго заканчэнне супадае з праводзінамі Каляд 21 студзеня. Гэтае ігрышча — адметная этнічная рыса жыхароў Цэнтральнай Беларусі. Перыяд ад загавення на Піліпаўку да загавення на Вялікі пост быў прысвечаны фарміраванню новых шлюбных пар у сельскай абшчыне. Для гэтага ігрышча характэрны эратычныя гульні з пацалункамі, “салёнымі” прыпеўкамі, танцамі і сумесным застоллем у складчыну. Да падвешанага да столі Ката (на Бярэзіншчыне гэта фігурнае печыва з прэснага цеста) пад’язджалі на вілках са словамі “Еду з кута да Ката!”. Той, хто адкусіць мудзі пад хвастом Ката, атрымлівае ўсё печыва і дзеліць паміж удзельнікамі абрадавай гульні як сімвал шчаслівай долі кожнага, падобна таму, як дзеліцца каравай на вяселлі.
    А што да песень, танцаў і гульняў, то і “Радзіна”, і “Валошкі” на гэта майстры, гуляюць ад душы. Такія назвы носяць народны дарослы фальклорны і ўзорны дзіцячы калектывы, створаныя Нінай Клімовіч з удзелам усіх яе сваякоў і таленавітых аднавяскоўцаў. Паступова да іх цягнуцца іншыя спевакі і музыканты раёна, бо “Радзіна” — адзіны фальклорны калектыў, які тут застаўся. Дзеці падрастаюць, атрымліваюць адукацыю, і рассейваецца па раёне таленавіты музычны род Клімовічаў, падобна таму, як сімвалічна рассыпаецца куцця па полю каля дуба падчас абраду “Цягнуць Каляду на дуба”, які з 2011 года мае статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Магчыма, паступова і сам абрад такім жа чынам стане рассейвацца — адновіцца ў тых вёсках, дзе ён некалі бытаваў. І тады, магчыма, ніякія ўраганы і іншыя прыродныя катаклізмы не будуць адбывацца на нашай зямлі.

Рэгіна Гамзовіч,
філолаг і журналіст,
грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны


СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 30.06.2019 04:44:00

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.