::
2016.01.30 — Што можна зрабіць “апетытным”? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Што можна зрабіць “апетытным”?
Спасылка
Дата публікацыі
30.01.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Што можна зрабіць “апетытным”?

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Пачытаць у аўтобусе “Круглае — Талачын”, або Бібліятэчныя праекты, “майкі” і не толькіІ вось — Круглае. Мы тут наведалі музей, рённую і дзіцячую бібліятэкі, РДК і Раённы дом рамёстваў. Распавесці ёсць пра што. Прынамсі, досвед мясцовага бібліятэчнага развіцця варты не толькі абагульнення і распаўсюджвання, але і з’яўляецца добрай нагодай для чарговых сур’ёзных разваг пра камерцыйны складнік творчай дзейнасці ў сферы рэгіянальнай культуры.

Брэндавая перспектыва

Мясцовы музей знаходзіцца ці не на галоўнай вуліцы райцэнтра паміж райвыканкамам і Раённым домам культуры. Якраз па гэтай вуліцы і курсуе аўтобус “Круглае — Талачын”, пра “бібліятэчную” спецыфіку якога мы распавядзем крыху пазней. А вось пра музейную дзейнасць цяпер — без ніякіх інтрыг.

Пазнаёміўшыся падчас нашых аўтатураў не з адным тузінам музеяў рознага маштабу, пераканаліся ў выснове: калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то музей — з сувенірнай крамы. Круглянскі гісторыка-краязнаўчы — не выключэнне. Сувенірныя прадукцыя прадстаўлена ў першай ад уваходу зале музея, што даволі зручна для турыста. Пад увагай музейшчыкаў і сацыяльны аспект: частку названай залы займаюць вырабы, створаныя ў цэнтры дзённага знаходжання інвалідаў.

Сувенірная крама працуе ўсяго толькі год. Па словах навуковага супрацоўніка Дзмітрыя Шаўкоўскага, ідэю падгледзелі ў калег са Шклова. Яны ж падказалі і пастаўшчыкоў прадукцыі — прадпрымальнікаў з Брэстчыны. Як высветлілася, прыватнікі зацікавіліся не толькі аддаваць на рэалізацыю шаблонную, уніфікаваную прадукцыю, але і распрацоўваць ды пастаўляць арыгінальныя сувеніры, звязаныя з мясцовай гісторыяй. Да прыкладу, нам трапіўся на вочы магніцік з выявай руінаў царквы ў вёсцы Тубушкі. У цэлым жа пераважаюць круглянскія матывы, сувеніры з музейнымі выявамі.

Раскрыем камерцыйную таямніцу: за адзін дзень абарот сувенірнай крамы можа дасягаць некалькіх мільёнаў рублёў. І хай сабе гэтым днём былі абласныя “Дажынкі”, тым не менш магчымасці для развіцця згаданага кірунку ў музея, мяркуем, маюцца не кепскія. Адно здзіўляе — чаму прыватнікі аказаліся больш рухавымі за мясцовых рамеснікаў?

Праходзяць у музеі і камерцыйныя выставы. Па словах спадара Дзмітрыя, васковых фігур не было, затое дэманстраваліся жучкі ды павучкі. Але гэта хай сабе і камерцыйна-прыватныя праекты, але ўсё ж на аматара. Нам жа даспадобы цікава і займальна адлюстраваная мясцовая гісторыя. Спадзяёмся, не толькі нам.

А цікавостак у Круглянскім музеі хапае. Згадаем хаця б артэфакты ХІІ стагоддзя: каменны памежны крыж з насечанымі на ім выявамі-знакамі мясцовых князёў. Багата матэрыялу прадстаўлена і пра летапісную гісторыю Круглага — першая згадка пра горад датуецца 1524 годам.

Знайшлося ў музеі і месца для ўладальніка “Русского мира” генерала Чарняева. У гэтым часопісе друкаваліся многія літаратурныя класікі, у тым ліку Фёдар Дастаеўскі, з якім у генерала былі прыяцельскія стасункі, гэтаксама, як і з Львом Талстым. Чарняеў меў не толькі родавы маёнтак у ваколіцах Круглага, але і заклаў традыцыю мецэнацтва, якую сёння працягвае арганізацыя мясцовай ПМК...

...Менавіта дзякуючы намаганням дырэктара гэтай арганізацыі не так даўно для наведвальнікаў адкрылася Музей-сядзіба Мікалая Неўрава. Сёння гэты музейна-турыстычны комплекс мае назву “Мікалаеўскія пруды”. Апрача музейнай экспазіцыі там размешчана гасцініца, рэстаран. Словам, уся неабходная інфраструктура маецца. Невыпадкова менавіта “Мікалаеўскія пруды” дзеляцца сваімі наведвальнікамі з раённым музеем, а не наадварот. Па словах Дзмітрыя Шаўкоўскага, масава турфірмы сюды турыстаў пакуль не прывозяць. Што зрабіць, каб змяніць сітуацыю? Вядома, стварыць свой “апетытны” прадукт, арыентаваны на сучаснага турыста. Пакуль жа ці не адзіны інтэрактыў — музейна-педагагічныя заняткі, у межах якіх праходзіць гульня-падарожжа “Гэта мой край” і знаёмства з драўлянымі музычнымі інструментамі.

З іншага боку, што можна зрабіць “апетытным”, калі ўжо некалькі гадоў сродкі на папаўненне калекцый не выдаткоўваюцца? А таму новыя выставы праводзяцца пераважна дзякуючы ці то прыватным калекцыянерам, ці то прадметам з Магілёўскага абласнога музея, ці то праз абменныя праекты з музеямі раёнаў-суседзяў.

Выснова наша — досыць стандартная, бо не першы раз яе робім, аналізуючы дзейнасць раённых музеяў. Па нашым меркаванні, павінны яны быць у першую чаргу брэндавымі. Вось які брэнд, скажам, у Круглага і Круглянскага раёна? Падкова. Скульптурная выява яе з’явілася нядаўна ля тутэйшага РДК. А што мы ведаем пра падкову? Чаму менавіта яна сімвал шчасця, якой яна бывае і чаму знікла звычка вешаць яе на дзвярах на ўдачу? Не пачулі мы ў Круглым адказаў на гэтыя пытанні, як не пабачылі і змястоўнай калекцыі падкоў. Гэты брэнд, мяркуем, яшчэ раскручваць ды раскручваць.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Неаднаразова даводзілася разважаць пра турыстычныя перспектывы помнікаў археалогіі. З аднаго боку, кожнае такое месца захоўвае памяць пра тысячагадовую гісторыю. З іншага — схавана слаямі глебы, і адной шыльдай з надпісам “Ахоўваецца дзяржавай” турыста не прывабіць. Зрабіць дэманстрацыю археалагічных артэфактаў, як гэта зроблена ў Тураве і Брэсце? Але гэта неверагодна дорага. А вось рабіць імправізаваныя стаянкі першабытнага чалавека з адлюстраваннем ягонага побыту, ежы пад сілу нават музейшчыкам. Вядома, з адной агаворкай — зацікаўленым музейшчыкам. А стаянак першабытнага чалавека ў Круглянскім раёне багата. І што немалаважна, маніторынг за імі адбываецца рэгулярны. Мо варта ў гэтым выпадку аб’яднаць намаганні сфер адукацыі і культуры?

“Купі майку, чытач!”

Перад тым, як перайсці да круглянскай бібліятэчнай канкрэтыкі, давайце паразважаем, ці патрэбны бібліятэкам план па аказанні платных паслуг. Такі план, што бібліятэкары там-сям змушаны прадаваць памідорную расаду ці хатнія кветкі. Здаровая логіка падказвае, што менавіта такі — не патрэбны. У адваротным выпадку пры няўхільным павелічэнні пазабюджэтных аб’ёмаў у храмах кнігі будуць змушаны займацца адно толькі камерцыяй, а папулярызацыя чытання аўтаматычна пяройдзе ў лік другасных, то бок неабавязковых функцый. А храм і камерцыя — неспалучальныя. Выснова наступная: любая праява бібліятэчнага абслугоўвання павінна быць звернутай да шанавання кнігі. Памер бібліятэчнай пазабюджэткі, звязанай з “пракатам” камп’ютарных магчымасцяў, варта звязваць з набыццём паперы і фарбы для прынтараў. Не больш, не менш. Таму план аказання паслуг (асабліва для дзіцячых устаноў) павінен быць, як нам падаецца, фіксаваным. Гэта ў марах. А на практыцы…

У райбібліятэцы мы наведалі кабінет камп’ютарных тэхналогій. Дарэчы, больш нідзе такі не сустракалі. Дый займаюцца тут справай для нас незвычайнай. Сярод іншых клопатаў загадчык аддзела Алеся Гальпа і аператар Юлія Касачова робяць на майках адбіткі самых розных карцінак і з поспехам прадаюць іх кліентам-чытачам. Вось дык разваротлівасць! Але паступова высветлілі, што карцінкі тыя не маюць дачынення ні да мовы, ні да літаратуры. Зразумела, гэта камерцыя ўзнікла не ад добрага жыцця, а ад немалога пазабюджэтнага плана. Сітуацыя, на наш погляд, была б больш выйгрышнай, каб на майках былі адлюстраванні, звязаныя з нашымі пісьменнікамі і іх творамі. Уявіце выяву, скажам, Уладзіміра Караткевіча і надпіс “Быў. Ёсць. Буду”. Аднак чаго няма, таго няма. Будзем думаць, сітуацыя — часовая. Паўторымся, любая праява бібліятэчнага абслугоўвання павінна прапагандаваць кнігу. І культура, як мы лічым, абавязана даваць спажыўцу не тое, што ён хоча, а тое, што яму трэба. Інакш ад безгустоўя не пазбавіцца.

Вось гэта піяр…

Але ўсё вышэйвыкладзенае зусім не азначае, што бібліятэкарскі крэатыў — аднабокі, “маечны”. Ёсць тут і іншыя, не менш цікавыя праекты. Скажам, ад аўтастанцыі рэгулярна адпраўляецца аўтобус “Круглае — Талачын”, праходзіць ці не праз увесь райцэнтр і мінае па маршруце райбібліятэку. Вось на гэтым адмежку круглянскія бібліятэкары з кнігамі едуць разам з пасажырамі і наладжваюць прадуманую імпрэзу па прапагандзе і мовы, і літаратуры. Аўтобус пачынае чытаць. Такі “ваяўнічы” піяр не можа не дзейнічаць: бібліятэка становіцца больш папулярнай.

Дырэктар ЦБС Тамара Кавалеўская пастаралася нас пераканаць, што цікавых праектаў шмат і на сяле, што занадта мала вясковых бібліятэк у раёне мы наведалі. Да прыкладу, прагучала інфармацыя пра тое, што ў Ракушаўскай бібліятэцы дзейнічае фарміраванне “Залаты ўзрост”, дзе працуюць з пенсіянерамі, у Шапялевіцкай установе краязнаўчы праект рэалізуецца не толькі тэарэтычна, але і практычна, падчас традыцыйных турпаходаў, а ёсць бібліятэкі, дзе чытачы кантактуюць з бібліятэкарамі пры дапамозе электроннай пошты. Прагрэс! Пра такое мы таксама нідзе не чулі…

А ў дзіцячай бібліятэцы пазнаёміліся з прыгажунямі: загадчыкам Вольгай Цалавальнік і бібліятэкарам Вікторыяй Падаляк. Яны распавялі пра тое, што кніжныя мерапрыемствы тут — рэгулярныя і шматлюдныя. А маленькі чытач, што гартаў тым часам часопіс, з гатоўнасцю папазіраваў перад фотааб’ектывам…

І ўсё ж мы застаемся пры сваім. Метадычная дапамога сельскім установам з боку кіраўніцтва ЦБС павінна быць больш прадметнай і выніковай. Тады, мы ўпэўнены, і на вёсцы ў Круглянскім раёне можна будзе ўбачыць штосьці падобнае на аўтобус, які чытае.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Чым яшчэ можна прывабіць чытача? Асобай бібліятэкара! У Ветцы, калі працаваў слесарам на бавоўнапрадзільнай фабрыцы, пазнаёміўся з яе галоўным інжынерам, які меў неймаверную хатнюю бібліятэку (там нават поўны збор энцыклапедыі Бракгауза і Эфрона быў, пра фантастыку я ўжо і не кажу). Дзядзька Міша прапанаваў мне ў яе “запісацца”. Так я і стаў штотыднёвым наведвальнікам гэтага дома, дзе кожная сценка была кніжным стэлажом. Мой новы сябар уразіў мяне не толькі дасканалым веданнем марак вугля, сталі, класіфікатара яхтаў і парод коней ды сабак. Ён, не выпускаючы з рук “ЛіМ” і “Литературку”, ссунуўшы акуляры на край носа, чытаў мне бліскучыя лекцыі пра творчасць Ядвігіна Ш, Генрыха Бёля і Навума Каржавіна. Гэтыя ўспаміны грэюць мяне і па сёння. І як шкада, што дзядзька Міша рана пайшоў з жыцця. Свет стаў не такім цікавым.

Шлях да рамяства

Раённы дом рамёстваў у Круглым месціцца ў адным будынку з РДК і бібліятэкамі. Гэты гмах 1976 года ўзвядзення ўражвае як знешнім выглядам, так і ўнутраным начыннем. Нядаўна тут прайшоў рамонт. Новае аблічча набылі ў РДК абрадавая і метадычная залы, глядзельная атрымала сучаснае асвятленне. Дырэктар РДК Сняжана Гарбачова пахвалілася, што ва ўстанове абнавіліся сцэнічныя касцюмы і апаратура, у тым ліку і ў студыі гуказапісу. Пагадзіцеся, гэта немалаважна па сённяшнім часе.

А вось дырэктара РДР Наталлю Аніковіч заспелі за пераездам. Ад яе і даведаліся пра прычыны такога рашэння. Як аказалася, дзякуючы гэтаму павялічыліся плошчы ўстановы, а ўмовы працы сталі больш камфортнымі. Усяго ва ўстанове апроч дырэктара працуюць два метадысты і адзін кіраўнік філіяла РДР у сельскай мясцовасці. А пераймаюць майстэрства на сённяшні дзень 36 дзяцей. Скажам шчыра, не вельмі багата. У той жа час нават дарослым ёсць тут чаму навучыцца. Для іх арганізаваны платныя майстар-класы роспісу па тканіне.

Па словах Наталлі Аніковіч, у раёне каля 40 чалавек грунтоўна займаюцца традыцыйнымі рамёствамі. І самы вядомы з іх — чалавек-брэнд Аляксандр Харкевіч. Больш за тое, у раёне маецца нематэрыяльная культурная каштоўнасць нацыянальнага маштабу — тэхналогія вырабу драўляных музычных інструментаў менавіта таго самага Харкевіча. Іншая справа, што з-за стану здароўя вучняў у яго няма. Тым не менш ён заўсёды прадстаўляе раён на буйных тэматычных мерапрыемствах, супрацоўнічае з народным ансамблем “Вераснянка”, ягоныя творы прадстаўлены ў раённым музеі, а пакрокавая тэхніка вырабу музычных інструментаў зафіксавана на відэа. Справа за малым — арганізаваць працэс навучання дзяцей славутай тэхналогіі. Як што, яшчэ ёсць магчымасць распытаць пра тыя-сія таямніцы ў самога стваральніка тэхналогіі.

А пакуль РДР займаецца распрацоўкай і вырабам уласных тэматычных сувеніраў, якія робяцца да кожнага раённага мерапрыемства. У тым ліку розныя варыяцыі на тэму падковаў. Займаюцца у доме рамёстваў пераважна тэкстылем — ткацтвам, вышыўкай, пляценнем паясоў. Працуюць часцей за ўсё пад заказ, таму ў гандлёвыя сеткі на продаж трапляе няшмат прац майстроў.

З тым жа раённым музеем толькі пачынаецца супрацоўніцтва. Вось толькі ці знойдуць тыя сувеніры гарантаванага пакупніка, бо ў Круглянскім РДР перакананы, што рукачынны выраб не можа быць танным.

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Нам спадабалася стаўленне райцэнтраўскіх работнікаў культуры да выканання сваіх абавязкаў. Больш яркімі, натуральна, выглядаюць бібліятэкары, у якіх могуць павучыцца супрацоўнікі многіх раённых бібліятэк краіны. Маюць не кепскія перспектывы на развіццё і астатнія раённыя ўстановы культуры — варта ў сённяшніх эканамічных варунках не згубіць аптымізму і мэтанакіраванасці, а самае галоўнае, спецыялістаў.

Мінск — Круглянскі — Шклоўскі раёны Магілёўшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 14.10.2019 03:29:56

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.