::
2016.06.25 — Перспектыва: музейная экспансія / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Перспектыва: музейная экспансія
Спасылка
Дата публікацыі
25.06.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Перспектыва: музейная экспансія

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Ідэя, якую можна памацацьАсноўны ўпор у сённяшняй публікацыі мы зробім на бераставіцкі Музей вавёркі. Ён толькі пачынае заваёўваць ды пашыраць прастору распаўсюджвання сваіх культурных паслуг, якая не будзе абмежавана музейнымі сценамі. Пакрысе набірае брэндавай вагі і вавёрка з герба Бераставіцы. І гэты аспект нам падаецца выключна важным у пошуку непаўторнага аблічча для мясцовай культуры. Прынамсі, далёка не кожны раён пахваліцца такімі творчымі высілкамі. Бераставіцкі — ужо можа. Але наперадзе — яшчэ безліч спраў.

к пажываеш, вавёрка?

Вельмі папулярная мясцовая показка: “У свеце — тры сталіцы: Масква, Парыж, Бераставіца”. Апошняя стараецца адпавядаць. Атрымліваецца не заўжды. Мяжа ды Белавежская пушча — пад бокам, самая рэальная перспектыва развіцця — турыстычная, а гасцініцы як не было цягам некалькіх гадоў, так і няма. А вось стварэнне Музея вавёркі — ход, па нашым меркаванні, вельмі трапны. Прынамсі, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун рушыў шляхам няходжаным і вырашыў: паколькі на гербе пасёлка прысутнічае вавёрка, дык і ў будучым музеі яна павінна стаць галоўнай гаспадыняй. Зазначым, што прычына з’яўлення гэтай жывёлы на гербе простая: вельмі ўжо шмат вавёрак вадзілася тут на момант надання мястэчку Магдэбургскага права. Словам, работы былі завершаны ў 2013 годзе — на пераўтварэнне пажарнага дэпо ў музей пайшло каля мільярда рублёў. Дырэктарам установы стаў Аляксандр Галавач, навуковымі супрацоўнікамі — Мікалай Пацэнка і Яўген Волкаў. Мужчынскі трыумвірат ведаў што рабіць. Праз год Музей вавёркі прыняў першых наведвальнікаў…

З дырэктарам установы сустрэліся у музейным дворыку, дзе таксама прысутнічае вавёрка — у скульптурнай выяве. Неўзабаве тут могуць размясціцца вальеры з жывымі звяркамі ды актывізавацца разнастайная інтэрактыўная дзейнасць. Словам, у кагосьці маецца музейная аптэка, а ў Бераставіцы — свой невялікі заапарк.

Спынімся на хвілінку і паразважаем. Стварэнне раённага нестандартнага музея — падзея. Пры гэтым трэба дакладна ўяўляць яе мэты і перспектыву. Мясцовыя музейшчыкі разважалі так: брэнд зробіць мястэчка турыстычным. Вось і доўгатэрміновы прагноз, пацверджаны некалькімі праектамі, якія знаходзяцца пакуль на стадыі ідэі.

Выява вавёркі прысутнічае ва ўсёй музейнай прасторы, пачынаючы з багатай сувенірнай прадукцыі, ледзяшоў на палачцы і заканчваючы маляванымі вавёркамі ў мужчынскім і жаночым строях на дзвярах прыбіральні. Гэта да таго, што ў прафесійнай музейнай дзейнасці дробязяў не бывае. Мы пазнаёміліся і з жывой вавёркай. Яна сустрэла нас гасцінна, нават паспрабавала падарыць нейкую кветачку. Пабачыўшы жывёлінку, мы троху збянтэжыліся ад яе выгляду.

Аказалася, гэта чылійская вавёрка — людзі ў Мінску аддалі, што называецца, у “добрыя рукі”. Чаму заморская? Беларуская вавёрка ў няволі жыць не захацела і пачала маркоціцца.

Няхай не слухаюць нас "зялёныя", але астатнія хвастатыя звяркі прысутнічаюць у дзвюх экспазіцыйных залах у выглядзе чучал. Пэўныя экспанаты можна мацаць рукамі. Падрабязна расказана, якімі вавёркі бываюць у свеце, а якімі  — у Беларусі. Што ядуць, якое жытло робяць, з кім сябруюць? На ўсе гэтыя пытанні бераставіцкія «вавёрказнаўцы» даюць дакладныя адказы. Прэзентуецца геральдыка свету з выявамі сімпатычнага звярка. Усё астатняе месца займаюць сувеніры ў выглядзе вавёрак. Калекцыя, якая ці не штодня папаўняецца, прыцягвае асаблівую ўвагу.

Гатовы музей і да міжнароднага супрацоўніцтва. Выйшлі музейшчыкі на сваіх калег у Зеленаградзе пад Масквой, дзе ў доме культуры створана невялікая экспазіцыя, прысвечаная вавёрцы. Звязаліся і з Германіяй, дзе на гербе камуны Ноенкірхен таксама прысутнічае вавёрка. Ды не адна, а цэлых тры. Вось толькі пакуль не атрымалася высветліць, ці ёсць там тэматычны музей. Нараджаюцца ў музеі і свае жарты. Так, дзеці, якія прыязджаюць у Бераставіцу з Гродна, часцяком пытаюцца ў сваіх настаўнікаў: а калі ў Гродне з’явіцца музей аленя?

Аднак музейшчыкі займаюцца не толькі сустрэчай турыстаў, але і самымі разнастайнымі праектамі. Мікалай Пацэнка пахваліўся сваім: у сёлетні Год Культуры рыхтуецца да выдання кніга “Культурныя традыцыі Бераставіччыны ХІХ — ХХ стагоддзяў”. Пра іншыя задумы работнікаў культуры Бераставіцы крыху пазней.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я даўно не атрымліваў такога задавальнення. Нібыта ў дзяцінства вярнуўся. У нас у гомельскім парку ля Палаца Паскевічаў і Румянцавых вавёркі да сёння ручныя. Калі не дасі якога пачастунку, будуць доўга лаяцца з галін і кідацца раззлавана шалупіннем. Згадаўся і Музей мышы на расійскай Яраслаўшчыне. Ён быў створаны пры народным музеі, а цяпер мае сем структурных падраздзяленняў: скансэн, музей рэтратэхнікі з адпаведным традыцыйным фэстам, муніцыпальны турыстычна-адукацыйны комплекс… Нават газета "Мышгорад" выпускаецца! Неаспрэчна адно: музейшчыкам Бераставіцы трэба рэгулярна здзіўляць грамадства цікавымі праектамі, скіраванымі на ўмацаванне брэнда. І справа не толькі ў аднаўленні папуляцыі вавёрак.

Нераскручаны касцёл

Астатнія дзве залы прысвечаны гісторыі пасёлка і раёна. Мы пачалі наракаць, што пра вавёрку тут ні слова, ні выявы. Абяцалі сітуацыю выправіць. Вавёркі калісьці адчувалі сябе ў Бераставіцы паўнапраўнымі жыхарамі. Кажуць, нават па гандлёвай плошчы падчас кірмашу маглі прабегчыся ў пошуках ласунку. Значыць, выява яе неўзабаве ўзнікне на рэканструкцыі кірмашовага эпізоду. Вавёрка і ў час Вялікай Айчыннай вайны, ёсць сведчанні, дапамагала нашым снайперам адшукваць “зязюль” — фашысцкіх стралкоў, што займалі пазіцыю на дрэвах! І пра гэты эпізод трэба абавязкова распавесці ў музейным фармаце.

Гэта хрэстаматыйны гісторыка-краязнаўчы музей адносна лёгка стварыць, а брэндавы — тут моцна думаць варта. Але мэты апраўдваюць сродкі. Ужо цяпер з выкананнем плана па аказанні культурных паслуг у Музея вавёркі праблем няма. А турысты едуць з многіх краін свету. Час ужо і за гасцініцу брацца!

Тым больш, у музейшчыкаў шмат задум. Парк вавёркі ля музея з каваным флюгерам ужо зроблены. Неўзабаве тут высадзяць алешыну. А вось экскурсія (пешая ці веласіпедная) па горадзе — пакуль у планах. Сапраўды, трэба ж і старасвецкі парк паказаць, дзе калісьці вавёркі жылі без праблем, і вадаёмы, і помнік з выявай звярка, і касцёл Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі XVII стагоддзя, створаны ў стылі ранняга барока па фундацыі Гераніма Хадкевіча. Так, гэта той касцёл, які мясцовым энтузіястам не ўдаецца закансерваваць, і дзе, апавядаюць, Кастусь Каліноўскі ўпотай друкаваў "Мужыцкую праўду".

Мы пагаджаемся, гістарычны цэнтр мястэчка, дзе касцёл, возера, парк, зачыненая пакуль гасцініца, павінен стаць музейным філіялам. Ад такой экспансіі — толькі выгоды, і культурныя, і эканамічныя. Прынамсі, з аналагічным амбіцыйным музейным праектам мы падчас аўтатураў яшчэ не сустракаліся. Дай бог яго аўтарам вытрымаць усе выпрабаванні ды застацца першымі, паспяховымі і перспектыўнымі. Хто ведае, можа праз час Бераставіцкі музей займее філіял і ў Белавежскай пушчы…

У РЦК ёсць лазартаг

Мы патрапілі ў Цэнтр культуры, калі скончыўся навучальны год. Школькнікі ўтварылі радаснае шэсце па райцэнтры, а потым сабраліся ў РЦК на тэатралізаванае відовішча. А мы тым часам сустрэліся з кіраўніком установы Аленай Місюля. Пра новую структуру юрыдычных асоб мы пісалі ў папярэдняй публікацыі. Дадамо, што пры цэнтральнай клубнай установе дзейнічае і арганізацыйна-метадычны аддзел: два метадысты працуюць, адна вакансія. Знаная фалькларыстка Марыя Юшкевіч пайшла на пенсію. На замену прыедзе дзяўчына пасля Гродзенскага каледжа мастацтваў.

Больш сур’ёзная праблема ў тым, што не ва ўсіх клубах раёна ёсць камп’ютарная тэхніка. З дадатнага пачулі пра тое, што існуе пры РЦК аматарскае аб’яднанне “Вінт”, што ладзіць фестываль “Бераставіца запрашае сяброў”. Калі разабраліся, у чым сутнасць “Вінта”, доўга не маглі зразумець, чаму крэатыўная штогадовая фестывальная справа мае досыць традыцыйную назву. А сутнасць “Вінта” ў тым, што ён аб’ядноўвае аматараў мадэляў катараў ды самалётаў з дыстанцыйным кіраваннем.

А яшчэ з паслуг раённых клубнікаў ёсць лазартаг, ці — лазарны пейнтбол. Абсталяванне дапамаглі набыць СВК раёна. Адзін гульнявы камплект на дзве гадзіны каштуе ў выхадныя і святочныя дні сто тысяч рублёў, у будні — на дзесяць тысяч танней. Паслуга карыстаецца попытам. Мы пра такую ва ўстановах культуры раней не чулі.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

У пошуках матэрыялаў зазірнуў на сайт Бераставіцкага РЦК. Найперш зацікавіла інфармацыя з прайсам на паслугі. Налічыў 43 пазіцыі, падзеленыя ў адпаведнасці са структурнымі падраздзяленнямі ўстановы. Апрача тыповых, кшталту “Набор тэксту на камп’ютары”, зацікавіла прапанова зладзіць эстрадны канцэрт за пяць мільёнаў рублёў — самая дарагая. Але чаму б ёй не скарыстацца, скажам, падчас вяселля, адмовіўшыся ад пракату дарагіх лімузінаў. Не хапае грошаў — за паўтара мільёна работнікі ўстановы зладзяць музычнае суправаджэнне свята. Няма жадання жаніцца — тады за дваццаць тысяч у месяц цябе могуць навучыць працаваць з глінай. Словам, прапаноў багата — былі б грошы і жаданне.

Рамесніцкія будні

У будынку РЦК месціцца і Раённы цэнтр рамёстваў. Даруйце, не Цэнтр, а ў адпаведнасці з новым структурным дзяленнем — раённы аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, які ўзначальвае Тамара Касьян. Але ад змены назваў праблемы не знікаюць. Памяшканні малыя. Высветлілася, што не ад добрага жыцця майстры пераехалі летась у будынак Цэнтра культуры і народнай творчасці. Цяпер у іх карыстаніі адзін пакой, дзе месца хапае і для працы з дзецьмі, і на сваю дзейнасць, і нават на невялікую выставу.

Цікавы момант: на майстар-класы прыязджаюць да майстроў бібліятэкары і сельскія работнікі культуры, каб самім навучыцца і арганізоўваць у сябе курсы і гурткі, бо запатрабаванасць на такія паслугі ў народу маецца.

Агледзеліся. Сувеніраў з выявамі вавёркі, мясцовага касцёла — шмат, а вось з Кастусём Каліноўскім — ніводнага. Дырэктар Музея вавёркі кажа, маўляў, гэта сапраўды ідэя, і штосьці запісвае ў нататнік. Мы, відаць, прысутнічаем пры зараджэнні новага сувенірна-музейнага праекта.

Гістарычна склалася, што традыцыйныя рамёствы Бераставіччыны — вышыўка, ткацтва, карункапляценне. Вось толькі зараз у аддзеле рамёстваў прадстаўлены збольшага кераміка і саломкапляценне. Не ўбачылі ў пакоі ні гарчарнага кола, ні ткацкага станка — няма ні ўмоў, ні спецыялістаў. Замовілі выпускніка, але той не даехаў — забралі ў армію. Тым не менш, працы ў майстроў хапае: на заняткі да іх запісана 37 дзяцей. Апроч таго, на лета запланавана шмат выздаў на разнастайныя святы па ўсёй вобласці.

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Абяцаем наведаць Музей вавёркі праз некалькі гадоў. Цікава, ці займее ён вагу сярод іншых раённых устаноў! Ці з’явяцца за гэты час музеі квасу, мёду, журавін, музеі лесавіка, лазніка і, скажам, млынара ў іншых кутках рэспублікі? Закінутых млыноў па краіне — процьма, а ў рабочым стане даводзілася бачыць толькі адзіны — у аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна.

Мінск — Ваўкавыскі — Бераставіцкі і Свіслацкі раёны Гродзеншчыны — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.08.2019 21:37:46

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.