::
2016.10.18 — Мой рэальны досвед прадзюсавання / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Мой рэальны досвед прадзюсавання
Спасылка
Дата публікацыі
18.10.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Мой рэальны досвед прадзюсавання

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Журналіст змяняе прафесіюДаўно хацелася паспрабаваць свае сілы ў справе музычнага прадзюсавання. Напэўна, з таго моманту, калі некалькі гадоў таму пазнаёміўся з расійскім прадзюсарам Сары Конар, які займаўся вырашэннем пытанняў з выступленнем зоркі на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”.

Грашовае пытанне ў гэтай справе было не прыярытэтным. Першапачаткова агарнулі думкі арганізаваць гастрольны тур па рэгіёнах аднаго з маладых беларускіх гуртоў. І ўсё ж вырашыў ісці ад адваротнага: запрасіў у Мінск замежны гурт і зладзіў яму невялікае турнэ.

Пытанне першае, якое ўзнікае перад арганізатарам канцэрта: запрошаная каманда павінна быць вядомая хаця б у вузкіх колах. Тым самым ствараецца мэтавая аўдыторыя. Без раскруткі не пойдуць нават на самых таленавітых выканаўцаў. Яшчэ адзін з прыёмаў прадзюсавання — экзатызм. Таму было знойдзена аптымальнае рашэнне: запрасіць замежны гурт, які спявае па-беларуску.

Каб не займацца гастрольнымі пасведчаннямі, са спевакамі быў адразу абумоўлены альтруістычны падыход: за выступленне ганарар не прадугледжваецца. Тым не менш, пэўны райдар у калектыву быў: добрыя ўмовы начлегу і смачнае харчаванне. Істотны клопат, калі ўлічваць, што абраны мной гурт складаецца з 14 чалавек.

Словам, знаёмцеся: фальклорны гурт “Жэмэрва” з Бельска-Падляшскага, Рэспубліка Польшча. Чаму менавіта ён? Усё вельмі проста: калектыў добра ведаюць на Беларусі — у каляфальклорным асяродку. Неаднаразова “Жэмэрва” ўдзельнічала ў фестывалях на беларускім Палессі. Кобрын, Пінск, Маларыта, Брэст, Драгічын... У Мінску гурт выступаў апошні раз каля дзесяці гадоў таму. За гэты час змяніўся склад, былі запісаны некалькі студыйных альбомаў. Яшчэ адной прычынай заняцца прадзюсаваннем менавіта “Жэмэрвы” стала асабістае знаёмства з кіраўніком Ганнай Фіёнік і яе братам Дарафеем — дырэктарам Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, пад дахам якога і працуе фальклорная студыя.

У першую чаргу трэба было вызначыцца з цэнтральным мерапрыемствам. І ім стала 500-годдзе вёскі Тарасава, што размяшчаецца ў пары кіламетраў ад Мінска. У рамках святкавання арганізатары хацелі ўбачыць не толькі эстрадных мясцовых выканаўцаў, але і арыгінальную народную спеўную культуру. Зацікавіўся выступленнем “Жэмэрвы” настаяцель мясцовага праваслаўнага прыхода протаіерэй Сергій Кузмянкоў. З умовай, што госці праспяваюць пазалітургічныя спевы ў храме, а таксама паўдзельнічаюць у святочным канцэрце, святар пагадзіўся размясціць калектыў ў прыходскім доме, а таксама забяспечыць харчаванне.

Пасля гэтага неабходна было вырашыць візавае пытанне. З гэтым дапамагло Міністэрства культуры, прадстаўнікі кіраўніцтва якога пазнаёміліся з “Жэмэрвай” на сёлетняй “Берагіні”.

Заставалася дробязь — арганізаваць як мінімум тры канцэрты, а таксама прадумаць цікавую праграму для спевакоў з Польшчы. Давялося хутка засвоіць, што пытанні арганізацыі канцэрта — гэта ў першую чаргу пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Да прыкладу, атрымалася даволі хутка вырашыць пытанне з выступленнем “Жэмэрвы” ў Міханавіцкім доме фальклору, ці не адзінай падобнай установе ў Мінскім раёне. Цікавым атрымаўся і фармат канцэрта — вячоркі з мясцовым фальклорным калектывам “Калыханка”. Ларыса Рыжкова, кіраўнік апошняга, праявіла зацікаўленасць у супрацоўніцтве як паміж установамі, так і калектывамі.

Наступным пунктам гастрольнага туру “Жэмэрвы” было абрана выступленне ў Інстытуце сучасных ведаў, з якім у Музея малой бацькаўшчыны сёлета падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Для кіраўніцтва інстытута было цікава паглядзець на рэакцыю на аўтэнтычны фальклор з боку студэнтаў-эстраднікаў. І рэакцыя стала, па шчырасці, нечаканай: моладзь з неверагоднай захопленасцю слухала песні, а таксама ўдзельнічала ў невялікай танцавальнай праграме.

Мелася жаданне зладзіць адзін з канцэртаў “Жэмэрвы” ў адным са сталічных музеяў. Першапачаткова быў абраны Літаратурны музей Янкі Купалы, аднак літаральна за пару тыдняў да выступлення высветлілася, што на вызначаны дзень пляцоўка будзе занятая падрыхтоўкай да новай выставы. У такой сітуацыі трэба было тэрмінова вырашаць пытанні з новай пляцоўкай для канцэрта. Выбар спыніўся на Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Прапанову падтрымаў Савет па грамадскіх сувязях гэтай установы і асабіста ягоны кіраўнік Юрый Іваноў. Аператыўна былі зроблены афішы, вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні. Таксама было прынята рашэнне пазнаёміць з гасцямі з Бельска-Падляшскага ўніверсітэцкі фальклорны калектыў “Грамніцы”.

Прызнаюся, аншлагу не атрымалася. Тым не менш, аўдыторыя была запоўнена не толькі студэнтамі, але і аматарамі творчасці “Жэмэрвы”, якіх у Мінску становіцца ўсё больш.

Узбагацілі праграму побыту калектыву знаёмства з фальклорным гуртом з Сербіі, вечарына з мінскімі аматарамі народнай культуры з калектыву “Гаманіна”, экскурсія па сталічных храмах ды пакупкі ў кнігарнях і этнакрамах. Цёпла ўспрынялі “Жэмэрву” і ў Тарасаве, запрасіўшы на калядаванне. Словам, за чатыры дні ў гасцей з Польшчы практычна не было вольнай хвіліны, як і ў арганізатара турнэ. Думаецца, пры пэўнай самаахвярнасці і ідэйнасці прадзюсарства на Беларусі магло б актыўна развівацца, тым самым падтрымліваючы стасункі з беларусамі замежжа ды і свае калектывы. Вось толькі без сувязей ды ўзаемавыгадных прапаноў у гэтай справе ніяк не абысціся.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.07.2019 07:27:01

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.