::
2016.12.10 — “Культура” — газета для прафесіяналаў-5 / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
“Культура” — газета для прафесіяналаў-5
Спасылка
Дата публікацыі
10.12.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

“Культура” — газета для прафесіяналаў-5

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Быхаўшчына: павук, які не тчэ павуціны, але прэтэндуе на статусАд культуры Быхаўскага раёна вяртаемся да горада, а больш дакладна, да тых устаноў культуры Быхава, дзе захоўваюцца, культывуюцца і набываюць новыя формы беларускія народныя рамёствы. Такіх устаноў у раённым цэнтры мы налічылі дзве. Гэта Цэнтр культуры, творчасці і рамёстваў, а таксама Дзіцячая школа рамёстваў і мастацтваў. Абедзве знаходзяцца ў адным будынку, змагаюцца за вучняў і шукаюць новыя ідэі для свайго развіцця. У свой час “К” звяртала ўвагу на дзейнасць гэтых устаноў — у кантэксце падрыхтоўкі да колішняга Дня беларускага пісьменства. Але адно — жыць надыходзячым святам (а разам з гэтым атрымліваць лепшую фінансавую падтрымку), і зусім іншае — жыць у паўсядзённых клопатах. Але ці такія паўсядзённыя тыя клопаты?

Чатыры ў адным

Шукаючы будынак цэнтра ў былым ваенным гарадку, спачатку завіталі ў прыцягальны сваёй вонкавай аздобай аздараўленча-спартыўны комплекс і ўбачылі вялікае мноства малечы, якая прыйшла на плаванне ў басейн. Падумалася, ці будзе такі ж ажыятаж ва ўстановах культуры? У Цэнтры культуры, творчасці і рамёстваў заўважылі не ажыятаж ахвотных далучыцца да культуры, а хутчэй мітусню супрацоўнікаў. Прычына, як высветлілася, даравальная: не паспелі работнікі цэнтра вярнуцца з санітарнага дня (уласцівага практычна ўсім установам культуры раёна), як ім трэба рыхтавацца да чарговага свята.

Як нам патлумачылі, установа працуе ў фармаце чатыры ў адным. Скажам шчыра, такое сустрэнеш не часта. Тут займаюцца і канцэртнай дзейнасцю, ладзяць дыскатэкі, словам, выконваюць функцыі гарадскога дома культуры. Апроч таго, наладжана праца з майстрамі па раёне. Усяго іх на сёння налічваецца 71. І кожны месяц адбываюцца сустрэчы, дзе абмяркоўваюцца нюансы працы, вызначаюцца яе прыярытэты. Да таго ж Цэнтр культуры займаецца трансляцыяй народнай творчасці з дзецьмі, аб’ядноўваючы іх у гурткі: у фальклорным “Падворку” — 17 падлеткаў, прыкладна столькі ж займаюцца ў двух іншых — па пляценні паясоў і вырабе абярэгавых лялек. Некаторыя дзеці паспяваюць займацца і ў школе рамёстваў і ў цэнтры культуры. Скажам, у школе вырабляюць саламяных павукоў, а ў цэнтры робяць з тымі павукамі абрадавыя дзеі.

Усяго ў штаце ўстановы, апроч дырэктара Наталлі Хамаўненка, мастацкі кіраўнік Алена Байкова, два майстры-метадысты Ірына Фадзеева ды Алена Новікава, а таксама метадыст па фальклоры і народнай творчасці. Праўда, на сёння пасада вакантная. Дзейнічае пры ЦКНТ і ансамбль народнай песні “Дняпроўскія зоры” са статусам народнага. Але асаблівы гонар цэнтра — ткацтва паясоў. Да жалю, не атрымалася пазнаёміцца з Аленай Новікавай, якая вядзе тут рэй: наш візіт якраз супаў з яе сесіяй. Да слова, юная майстрыха ўдзельнічала ў стварэнні 48-метровага купальскага пояса для фэсту ў Александрыі. А вось арнамент для пояса Быхаўскага раёна, як нам распавялі, доўга, а калі быць дакладным, да мінулага года не ўдавалася ідэнтыфікаваць. Пакуль не дапамагла навуковая супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марыя Віннікава. Узор яна здолела прадыктаваць па тэлефоне. Арыгінал жа з вёскі Грудзінаўка 1949 года захоўваецца ў Акадэміі навук. Як мы пабачылі, гэта мужчынскі пояс-падвязка. Цяпер у цэнтры ўжо маюцца і ягоныя інтэрпрэтацыі.

Яшчэ адзін кірунак установы — лапікавае шыццё. Чаму звярнуліся да яго? Адказ просты: танны матэрыял, а таксама добрая магчымасць зацікавіць дзятву. У гэтай тэхніцы цягам апошніх двух гадоў вырабляюцца абярэгавыя лялькі. Прызнаемся, бачылі падобныя і на Рагачоўшчыне, і на Любаншчыне, і на Лёзненшчыне. Такое адчуванне, што гэта стала сапраўдным беларускім брэндам. Праўда, у Быхаве першапачаткова звярнуліся да агульнаславянскіх вобразаў, але цяпер надаюць належнае і ўласна беларускім узорам. Атрымліваецца цікава.

Колькі гадоў таму ў быхаўскім Цэнтры культуры развівалася і лозапляценне. Але не доўга — майстрыха сышла ў дэкрэтны адпачынак…

А ўвогуле, цікавая рэч: Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў месціцца на першым паверсе былога афіцэрскага Палаца культуры. На трэцім паверсе працуе мастацкая школа рамёстваў. Паміж імі, на другім паверсе, як нейтральная паласа,— бібліятэка. Мы задумаліся, ці ёсць канкурэнцыя паміж першым і трэцім паверхамі. Натуральна, ёсць! Якая творчасць без канкурэнцыі? Так што паміж школай і цэнтрам саламяны павук “прабег”. Дай Бог, каб у выніку гэтага суперніцтва таленты нараджаліся.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Нараджаюцца! Я ў гэтым яшчэ ў 2013 годзе пераканаўся, калі ўпершыню і з Цэнтрам пазнаёміўся, і са школай. Але сёння гаворка крыху пра іншае. Вельмі ўразіўся, што творчыя ўстановы былога афіцэрскага гарадка апякуюць святары мясцовай царквы. Гутаркі з дзецьмі скіраваныя на тое, каб кожны зразумеў, што таленавітасць у дзіцячай прыродзе — якасць абавязковая. Проста яе пастаянна развіваць трэба. Я, да прыкладу, мясцовым мальцам пазайздросціў. Дай мне такі палац культуры ў свой час, я на ўсіх трох паверхах па чарзе “завісаў” бы…

Тры гады таму зрабіў у школе рамёстваў партрэт выкладчыц Юліі Жалабкевіч, Анжэлы Быстровай, Вольгі Чыжанок. Фота было апублікавана напярэдадні Дня беларускага пісьменства на першай паласе ”К”. Дзяўчаты тады рабілі сувеніры да свята. У гэты прыезд сустрэў Анжэлу Быстрову, якая робіць цудоўныя рэчы са скуры. Яна і паведаміла, што ў кожнай з іх нарадзілася дзіця. Праўда, Оля з’ехала ў іншы раён, а саломкапляцельшчыца Юля засталася. Словам, вірлівае жыццё ў школе працягваецца. Пра гэта чытайце трошкі ніжэй.

Зацікавіць і тутэйшага, і турыста

Даведаліся ў Цэнтры культуры, творчасці і рамёстваў, што ў вобласці даўно (і ці вынікова?) стаіць пытанне пра абавязковую наяўнасць пры ўсіх раённых цэнтрах рамёстваў сваёй сувенірнай крамы-салона. У Быхаве тая павінна з’явіцца яшчэ да новага года. Зараз вырашаюцца юрыдычныя пытанні. Ужо і месца вызначана — на ўваходзе ў будынак.

Пытанне ў іншым. Аказваецца, толькі каля чвэрці майстроў раёна гатовыя да супрацоўніцтва з сувенірнай крамай. Многія папросту не вераць у свае сілы. Але ў той жа час і кіраўніцтва цэнтра свой адбор вядзе на “правільнасць узораў”. Думаецца, з адкрыццём крамы большасць пытанняў з запаўненнем і адборам паступова вырашыцца. Тым больш пры ўстанове дзейнічаюць два аматарскія клубы з мясцовымі майстрамі. На гэтых людзей і разлік пры стварэнні і напаўненні сувенірнай крамы. Вялікія спадзяванні кіраўніцтва цэнтра ўскладае на прафесійнага ганчара, што будзе працаваць на даму са сваёй муфельнай печкай.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Падчас размовы з супрацоўніцамі быхаўскага цэнтра культуры звярнуў увагу на словы, што, маўляў, у раёне мясцовыя паясы не запатрабаваныя, затое карыстаюцца попытам на абласных і рэспубліканскіх святах. Вядома, пытанне не толькі ў тым, што там турыстаў нашмат больш. Пытанне ў звычцы і ў самапавазе. Калі мясцовы пояс не выкарыстоўваўся больш за паўстагоддзе, дык казаць пра моду на яго будзе вельмі саманадзейна. У той жа час пасля інфармацыі пра ўзнаўленне аўтэнтычнага пояса, а неўзабаве і ўсяго строю, кожны быхаўчанін, які сябе паважае, думаю, яго набудзе…

Славутыя насякомыя

Памятаеце, у пачатку артыкула мы пісалі пра дзятву, што ў літаральным сэнсе акупавала цэнтр? Дык вось, у Дзіцячай школе рамёстваў і мастацтваў малечы не менш, а мо і болей. Куды ні глянеш — паўсюль або дзеці, якія працуюць з настаўнікамі, або ўнікальныя экспанаты і ўзоры іх мастацкіх работ. Усё заціснута, не разгарнуцца. З апошняга заўважаем цікавую калекцыю радыёпрыёмнікаў. Але гэтым разам не пра іх.

Нагадаем, што школа была створана ў 2008-м — Годзе рамяства ў Магілёўскай вобласці. Першапачаткова тут займаліся маляваннем, жывапісам, вывучэннем кампазіцыі. Рамёствы прыйшлі трохі пазней. Сёння ў школе дзеці (94 чалавекі) займаюцца ў некалькіх класах, працуючы са шклом, скурай і самым даступным матэрыялам — саломай. А з шасці педагогаў, чатыры — у Саюзе майстроў народнай творчасці.

Прыходзяць сюды дзеці з шасці гадоў, а ў адзінаццаць ім даводзіцца даваць дыплом аб заканчэнні школы. Відавочна, што да часу паступлення ў ВНУ і ССНУ губляюцца атрыманыя навыкі і веды. Таму цяпер вучні могуць вучыцца як па пяцігадовай, так і па сямігадовай праграме навучання.

Дырэктар школы Ірына Кухціна падзялілася апошнім дасягненнем. За час існавання ўстановы была адроджана традыцыя вырабу саламяных павукоў. “Ісціна” нараджалася ў экспедыцыях, падчас уласных творчых (ці навуковых?) эксперыментаў. Цяпер цалкам падрыхтавана дасье для таго, каб павук атрымаў статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. На нашых вачах майстры стваралі адмысловага Купальскага абрадавага павука. Здавалася б, гэтымі дасягненнямі трэба не толькі ганарыцца, але і хваліцца. І далёка за межамі краіны. Аднак пакуль за мяжой былі толькі ў Расіі — прадстаўлялі свае вырабы ў Яраслаўлі і Тамбове. А чаму не паказаць тых жа павукоў на польскім Падляшшы, дзе існуюць падобныя традыцыі? Тое ж тычыцца і супрацоўніцтва з іншымі школамі рамёстваў у Беларусі. Гэта дазволіць вырашыць агульныя метадычныя і практычныя пытанні. Пакуль жа сумоўе наладжана толькі з горацкай школай. Спадзяёмся, славутыя любанская і іванаўская не будуць супраць?

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

У кожнай са згаданых школ рамёстваў і мастацтваў — пакручасты лёс. Стварэнне ўнікальнай навучальнай праграмы, узгадненне яе ў шматлікіх інстанцыях — экзамен не з лёгкіх, ды і каштуе ён немалых нерваў. Ірына Кухціна гэта пацвярджае. Досвед раёнаў у гэтым плане неабходна абагульняць і распаўсюджваць. Тут, мы перакананы, палягае будучыня этнавыхавання…

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 10.09.2019 17:59:29

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.