::
2017.01.07 — Свой брэнд — у кожнага СДК / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Свой брэнд — у кожнага СДК
Спасылка
Дата публікацыі
07.01.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Свой брэнд — у кожнага СДК

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Воранаўшчына — за творчае непадабенстваТак, свой яркі брэнд-мерапрыемства павінен быць літаральна ў кожнага сельскага дома культуры Гродзеншчыны. Менавіта такую задачу на 2017-ы паставіў перад работнікамі культуры намеcнік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч. Нас не магла не зацікавіць такая маштабнасць творчых новаўвядзенняў. Таму і выправіліся ў край велічных касцёлаў і трансгранічных праектаў.

Хто ахвочы да блінцоў?

У першай палове дня ў Воранаўскім райвыканкаме праходзіла нарада, якую вяла з работнікамі культуры намеснік начальніка аддзела ІРКСМ Лілія Каланас, што ўсяго толькі як месяц выконвае абавязкі кіраўніка сферы культуры. Мы тым часам паспелі пабываць у вёсках Тракелі ды Жырмуны, паразмаўляць з мастацкімі кіраўнікамі тамтэйшых СДК (гаворка пра дзейнасць гэтых устаноў — у наступных нумарах “К”). Ужо ў Воранаве даведаліся пра нараду і зразумелі, што гаворка на ёй ішла досыць прынцыповая. Прынамсі, падрамаць прысутным не давялося, асабліва супрацоўнікам бібліятэк. І мы, журналісты “К”, не раз казалі ў сваіх публікацыях, што не варта палохацца слова “брэнд”, яно — усяго толькі паказчык нестандартнага падыходу да працы. І тады на пытанне “Чым вы непадобныя на іншых?” прагучыць ад клубнікаў чаканы адказ: “Тым, што непаўторнае свята маем!” А што датычыцца бібліятэкараў… Мо ім варта проста аб’яднаць намаганні з супрацоўнікамі СДК і СК і забяспечыць, скажам, інфармацыйную падтрымку клубнаму праекту? Да слова, знайшлі мы ў Воранаве і арыгінальныя бібліятэчныя праекты па наладжванні экскурсій на турмаршрутах. Але пра гэта — у наступных нумарах. А пакуль Лілія Антонаўна знаёміць нас з брэндавым, так бы мовіць, насычэннем клубнай работы на толькі што распачаты 2017 год.

Вёска Пераганцы рыхтуе Свята блінцоў, аграгарадок Місевічы — ушаноўвае ручнік, а Тракелі — гармонік, Жырмуны — ладзіць раённую маладзёжную акцыю, а Воранава робіць стаўку на дзіцячую творчасць, арганізоўвае аб’яднаныя праваслаўна-каталіцкія святы. Уяўляеце, як суладна гучыць аб’яднаны царкоўна-касцёльны хор?! Сталі добрай традыцыяй велікодныя і калядныя творчыя сустрэчы, якія адлюстроўваюць поліэтнічнасць і канфесійную разнастайнасць. Усе гэтыя канцэрты — дабрачынныя: уваход для ўсіх бясплатны, але кожны можа зрабіць невялікае ахвяраванне. Усе сабраныя сродкі перадаюцца сям’і або чалавеку, які мае вялікую патрэбу ў дапамозе. Дадамо, што кожны год у жніўні ў Воранаве праводзіцца Тыдзень культуры.

Не забыліся ў раёне і на дробныя вёсачкі. Яшчэ летась, калі на Воранаўшчыне ладзіліся тыдні культуры, была апрабавана наступная форма працы пад назвай “Будзь здаровы, гаспадар! Будзь здарова, гаспадыня!”: насельніцтва аднаго паселішча наведвае жыхароў другога, з песнямі, танцамі ды пачастункамі. Вясёлай справе знойдзецца працяг і сёлета.

Магчыма, і не было б усіх гэтых брэндаў, каб не дапамога спонсараў — мясцовых гаспадарак, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў ды і проста неабыякавых людзей. А таму да іх у раёне ставяцца з вялікай увагай. У тым ліку на іх арыентавана і такое штогадовае мерапрыемства, як “Залатая ліра”. Узнагароды атрымліваюць установы, арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі — усе тыя, хто зрабіў унёсак у развіццё культуры раёна. А ўнёсак гэты, да слова, не малы. Згадаем толькі адзін прыклад. Летась у капітальны рамонт Цэнтра культуры было ўкладзена 8 мільярдаў недэнаменаваных рублёў з абласнога бюджэту, яшчэ больш за мільярд — спонсарскіх.

Словам, “брэндаўтварэнне” становіцца не толькі на Воранаўшчыне, але і ў вобласці тэрмінам звыклым і будзённым. Інакш кажучы, Гродзеншчына ў плане рэгіянальнай культуры становіцца непадобнай на іншыя вобласці. Дай Бог, каб атрымалася.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У Беняконях будзе ладзіцца Птушынае вяселле. Ніколі пра такое не чуў. Свята адзначаецца ў сакавіку, у Дзень Святога Іосіфа. У адпаведнасці з мясцовым паданнем у гэты дзень, нягледзячы на каталіцкі пост, “птушкі бяруцца шлюбам”. Так што галоўная дзейная асоба мерапрыемства — птушка. Яна ўсяляк ушаноўваецца і аддзячваецца. І ўсе спевы ды танцы — толькі дзеля гэтага. Кажуць, вельмі старадаўняе свята. Прынамсі, з пальца не высмактана, а зладжана выключна на мясцовым матэрыяле. Пра такія святы варта кнігу напісаць для турыстаў. Дый не толькі.

Вячоркі з аншлагам

Аказваецца, ніводнай установы культуры на Воранаўшчыне не скарацілі ні летась, ні пазалетась. Гэтай жа тактыкі збіраюцца прытрымлівацца і ў 2017-м. І, па словах намесніка начальніка аддзела ІРКСМ, ёсць усе падставы ашчаджаць дробныя клубікі ды бібліятэкі. Узяць, да прыкладу, вёску Курчоўцы, дзе жывуць пераважна бабулькі пашанотнага ўзросту. Здавалася, для іх абслугоўвання можна і аўтаклубам абысціся. Аднак, не — аргумент супраць неабачлівай аптымізацыі — самы сур’ёзны. Кожную суботу ў мясцовым сельскім клубе адбываюцца вячоркі з аншлагам. І менавіта тут дзейнічае аматарскае аб’яднанне інвалідаў, якое надзвычай шчыльна супрацоўнічае з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання. Ну як такі клуб скарачаць?!

А цяпер — пра трансгранічныя праекты развіцця рэгіянальнай культуры, па якіх Гродзеншчына ўпэўнена лідзіруе ў краіне. Напрыканцы года Воранаўскі аддзел ІРКСМ падаў дзве заяўкі на конкурс грантаў трансгранічнага супрацоўніцтва ў межах праграмы “Латвія — Літва — Беларусь” па лініі Еўрапейскай палітыкі суседства на 2014 — 2020 гады. Адзін з іх прадугледжвае добраўпарадкаванне старадаўняга парка і насычэнне арт-праектамі сядзібы ў Больцініках, дзе, нагадаем, у свой час жыла Марыля Верашчака са сваім мужам графам Путкамерам і дзе гасцяваў Адам Міцкевіч. На базе сядзібы плануецца зрабіць Цэнтр сямейнага адпачынку. Для гэтага мяркуюць рэстаўраваць другі паверх, а таксама забяспечыць Цэнтр неабходнай інфраструктурай. Партнёрам праекта выступае невялікі гарадок Іянава, што месціцца каля Каўнаса, і дзе таксама маецца старадаўні парк. Як высветлілася, пазнаёміліся воранаўскія работнікі культуры з партнёрамі падчас абмеркавання заявак на семінарах па трансгранічным супрацоўніцтве. Гэта ў чарговы раз сведчыць, што пры жаданні і старанні можна рэалізаваць праект любой складанасці. Дарэчы, бюджэт гэтага складае 140 тысяч еўра. Дзесяць працэнтаў фінансавання былі знойдзены ў раённым бюджэце.

Другі, гэтым разам шматвектарны, праект плануецца ажыццявіць супольна з літоўцамі: адміністрацыяй Алітускага раёна і музеем у гарадку Прэны. З беларускага боку ўдзельнічаюць аддзел ІРКСМ, Цэнтр культуры і народнай творчасці, а таксама гісторыка-археалагічны музей у Навагрудку. Праект нарадзіўся з ідэі праводзіць грунтоўныя этнаграфічныя экспедыцыі з запісам і апрацоўкай вуснай гісторыі, а таксама зборам артэфактаў.

Адзначым, вынікі конкурсу грантаў будуць вядомыя толькі праз год. Але незалежна ад поспеху воранаўскіх заявак раён актыўна працуе ў культурным міжнародным кірунку: з адміністрацыяй Шальчынінкайскага раёна падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, дзякуючы якому рэгулярна адбываюцца выязныя канцэрты калектываў з Воранаўшчыны, у тым ліку арганізаваных для беларускай супольнасці ў Літве. Наладжана супрацоўніцтва і з гарадамі-пабрацімамі: літоўскім Алітусам, расійскім Несцеравам. А зусім нядаўна — і з беларускім культурным цэнтрам “Радзіма” ў Казахстане.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

Заўсёды цікава прыязджаць у памежныя раёны краіны. Бо пабачыць там можна і змяшэнне розных культур, традыцый, нацыянальнасцей. А яшчэ паглядзець на выкарыстанне трансгранічнага патэнцыялу. Пакуль Воранаўскі раён не ўваходзіць у зону з бязвізавым рэжымам, у якую ўключаны Гродна ды Аўгустоўскі канал. Тым не менш у будучыні гэтага выключаць не варта. Але і без такіх прэферэнцый Воранаўскі раён можа і павінен паказаць патэнцыйным замежным (і вядома ж, айчынным) інвестарам свой гісторыка-культурны патэнцыял. І мяркую, што з такім кіраўніцтвам сферы культуры ў яго гэта выдатна атрымаецца.

За сувенірам сувенір

У пошуку цікавостак Воранава далёка хадзіць не давялося. За сціплым будынкам раённага дома рамёстваў у самым цэнтры пасёлка гарадскога тыпу хаваецца яскравае начынне: па выставачнай зале можна пераканацца, што праца тут ідзе добра. Чаго толькі ў ім не прадстаўлена: маецца аплікацыя, выцінанка, бісер, традыцыйная вышыўка, саломкапляценне, керамічныя вырабы, а таксама ўзоры такога моднага сёння ў нашай краіне (надзвычай бюджэтнага) рамяства як квілінг.

Даведаліся, што РДР не абмяжоўваецца адной пляцоўкай. Маецца ў яго свой філіял у Жырмунах, дзе нараджаюцца керамічныя сувеніры, ёсць таксама народныя ткачыхі ў вёсцы Пагародна, якія прадстаўляюць раён на рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Дзейнічае тут аматарскае аб’яднанне “Школа ткацтва”, якое ўсебакова падтрымліваецца мясцовымі ўладамі. І не дзіва, бо зараз стаіць задача ўнесці мясцовую традыцыю ткацтва ў Дзяржаўны спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. А ў перспектыве — і абрад “У цыганы” той жа самай вёскі.

Пасля такой інфармацыі не завітаць у гэтыя вёскі мы не маглі. А таму ў наступнай публікацыі аўтатура грунтоўна спынімся на дзейнасці сельскіх устаноў культуры Воранаўшчыны.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Падалося, што за ўсёй гэтай разнастайнасцю вырабаў пакуль воранаўскімі майстрамі не створаны адметны пазнавальны брэнд. Ведаюць жа сёння лепельскіх цмокаў ды сунічкі Лёзна. А чаму б не стварыць воранаўскіх крумкачоў або львоў па асацыяцыі з назвай райцэнтра ды персанажам ягонага герба? Ідэю мы падалі — цяпер справа за яе рэалізацыяй.

Мінск — Воранаўскі і Лідскі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 24.05.2019 00:51:46

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.