::
2017.01.14 — Мёд з дзьмухаўцоў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Мёд з дзьмухаўцоў
Спасылка
Дата публікацыі
14.01.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Мёд з дзьмухаўцоў

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Хто нараджае ідэі на сялеТут вельмі важна сказаць вось пра што. Гродзеншчына лідзіруе ў краіне па падпісцы на "К". І гэты факт — зусім не выпадковы. Начальнік галоўнага ўпраўлення ІРКСМ аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі не аднойчы казаў са старонак нашай газеты пра тое, што кожны аддзел ІРКСМ павінен працаваць у тандэме з "К", каб і сваё годным чынам прэзентаваць, каб і ў суседскім добра арыентавацца. Інакш кажучы, вопыт павінен абагульняцца і працаваць на карысць усёй краіны, а не толькі аднаго рэгіёна. Цалкам згодныя, бо такі метад узаемадзеяння і прынята называць беларускай талакой. Але ці ва ўсіх абласцях думаюць так, як на Гродзеншчыне? Таму і не стамляемся даводзіць: "К" — сацыяльная, так бы мовіць, платформа для творчага стасункавання рэгіёнаў. Сёння cвой творчы вопыт прэзентуюць работнікі культуры Воранаўскага раёна.

Як Скарына вучыў

У вандроўках па Гродзенскай вобласці нам вельмі дапамагае энцыклапедычны даведнік “Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны”, які нам падарыў пазалетась начальнік аддзела ІРКСМ Мастоўскага раёна Сяргей Дзяйкала. Дзякуй яму вялікі за гэта! Кніжка (бліскучы вынік трансгранічнага праекта, рэалізаванага разам з польскімі калегамі) на пяці мовах утрымлівае на 302 мелаваных старонках звесткі пра дзве сотні асоб і літаральна пра ўсе культурна-гістарычныя цікавосткі вобласці. У іншых мы аналагічнага выдання штосьці не сустракалі… Дык вось яшчэ ў Мінску даведаліся, што ў Жырмунах ёсць драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа, якому больш за 200 гадоў і які ўзведзены на сродкі Караліны Радзівіл. А на месцы пераканаліся, што і апроч касцёла вёска шмат чым можа пахваліцца.

Вельмі здзівіліся, да прыкладу, што на мясцовай Дошцы Гонару ёсць цытата з Францыска Скарыны: “Не толькі для сябе нарадзіліся на свет, але найбольш для служэння агульнаму дабру”. Нічога падобнага таксама нідзе не бачылі. Такія аб’екты, як правіла, яркімі пазнакамі нацыянальнай ідэалогіі не вызначаюцца. А тут — вельмі дарэчны і ёмісты Скарына. Яшчэ больш запаважалі Жырмуны.

А яны зноў здзівілі. На гэты раз — асобай мастацкага кіраўніка Цэнтра культуры Людмілы Комінч. Мама яе, Ганна Іванаўна, таксама ўсё жыццё працавала мастацкім кіраўніком, займалася фальклорам, пра што сведчыць клубная фотагалерэя колішніх культурных падзей. Цяпер няма ўжо тых бабулек-пявунняў, але сённяшні мастацкі кіраўнік ваўсю стараецца, каб захаваць спеўную ды абрадавую традыцыю вёскі. Дзейнічае адпаведны гурток. У мясцовай школцы — 90 вучняў, палова з іх — клубныя гурткоўцы. Карацей, працуе Людміла Канстанцінаўна, як мама вучыла. План па аказанні платных паслуг пастаянна перавыконваецца за кошт сістэмнага правядзення выязных канцэртаў, у тым ліку — у Іўеўскі, Лідскі раёны. А яшчэ можна лічыць, што дзейнічае ў Жырмунах філіял раённага цэнтра рамёстваў, бо ёсць тут цудоўны кераміст Таццяна Орсік. І тэхніка ва ўстанове неблагая. Прынамсі, ёсць не толькі камп’ютар, але і ноўтбук, флэшкі…

Прыдумала Людміла Комінч конкурс аматараў-музыкантаў: гарманістаў ды скрыпачоў “Грай, гармонік!” Падарыла ідэю суседняму клубу ў вёсцы Тракелі. Маўляў, ідэй не шкада. А што сабе пакінула? А шмат чаго: як брэндавую дзею — свята моладзі (вёска за кошт мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства — перспектыўная), спектаклі сіламі драматычнага гуртка. Дарэчы, батлеечныя пастаноўкі ладзяцца разам з касцёльнай моладдзю, на рэпетыцыі нават ксёндз прыходзіць. Словам, усё, як Скарына вучыў — для агульнай карысці. У перспектыве — аднаўленне вясковага прыкасцёльнага фэсту. Інакш кажучы, мастацкі кіраўнік не чакае метадыстаў з райцэнтра, прыдумвае праекты сама, знаходзіць у гэтым сапраўднае творчае задавальненне…

У той дзень заспелі мы ў Жырмунах гаспадарчую групу аддзела ІРКСМ. Будаўнікі рамантавалі бібліятэку, навешвалі жалюзі ў актавай зале. Не так ужо часта за нашу вандроўную практыку даводзіцца бачыць гэтую групу ў дзеянні. Яшчэ адзін доказ таго, што ў раёне культура жыве ды рухаецца. Так трымаць!

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я — пра недахоп, уласцівы літаральна усім сельскім творцам. Ну не навучыліся яны яшчэ прыдумваць сваім акцыям ды праектам кідкія назвы. Так, мастацтва гэтае — не з простых і нават канкрэтную назву мае: “нэймінг”. Ну што гэта за назва, скажам, — “Грай, гармонік!”? Па-першае, ва ўсіх на слыху; па-другое, ніякім чынам не адлюстроўвае нейкія мясцовыя нюансы. Я іх не ведаю, таму і прапаноўваць нічога не бяруся. Скажу толькі, што і нам, журналістам, ох як няпроста прыдумваць загаловак для артыкула. А калі ён удалы ды адлюстроўвае галоўную думку — гэта ж палова поспеху. Як човен назавеш, так ён і паплыве. А пакуль клубныя мерапрыемствы называюцца спрэс аднолькава: свята вёскі, да прыкладу. За сярэднестатыстычным найменнем, вядома, і дзея сярэднестатыстычная. Ці наадварот, любую адметную справу можна спляжыць шэрай безаблічнай назвай. Думайце, думайце, думайце.

І кожная — знахарка…

Па словах мастацкага кіраўніка СДК вёскі Тракелі Ліліі Бярцэвіч, чатырнаццаць кабет з аб’яднання “Знахарка” могуць “здабываць” мёд з… дзьмухаўца. А ён, аказвецца, паляпшае абмен рэчываў, чысціць кроў, прыбірае шум у вушах, лечыць страўнік і цудоўна захоўваецца цягам усёй зімы. Чым не клубны брэнд? Ды яшчэ вельмі яркі сімвал нечаканага, нестандартнага падыходу да, здавалася б, будзённай працы. (Таму і стаў загалоўкам гэтага артыкула.) А ўяўляеце, якая лірычная і трапная назва для гіпатэтычнай пакуль рэспубліканскай акцыі траўніц, якіх пакрысе становіцца пры клубах усё больш, — “Дзьмухаўцовы мёд”? Але ад мар вернемся да рэальнасці.

Мерапрыемства “Грай, гармонік!” (усё ж спадзяёмся, назва будзе больш “чапляльнай”) запланавана на 11 чэрвеня. Будзе мець яно статус раённага. Лілія Эдуардаўна ўжо рыхтуецца. Мо хтосьці з чытачоў пасумняваецца: маўляў, не ў вёсцы Тракелі прыйшлі да гэтай ідэі. Запярэчым. У супрацоўнікаў мясцовага СДК сваіх ідэй і дасягненняў хапае. Адны “Знахаркі” чаго вартыя! А ёсць яшчэ ансамбль “Журавінка”, які пастаянна займае ў раёне прызавыя месцы, бо калісьці працавала Бярцэвіч метадыстам па вакальным жанры, але потым пераехала з райцэнтра ў Тракелі… І ўрэшце, складанне “сеткі” брэндавых мерапрыемстваў у маштабе раёна — прэрагатыва аддзела ІРКСМ. Там і вырашылі, што свята гарманістаў ды скрыпалёў варта не ў Жырмунах арганізоўваюць, а ў Тракелях.

А выснова ад убачанага і пачутага адзіная: вобласць вызначыла брэндавы кірунак на толькі што распачаты год, раёны адпрацавалі тактыку працэса, а вёскі і сёлы пачалі думаць, аналізаваць, параўноўваць і прыдумваць. Звычайны творчы працэс.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

Сёння зацікавіць мясцовага жыхара праектамі ў сферы культуры досыць не проста. Тэлебачанне і інтэрнэт зрабілі сваю справу. І прыемна, што работнікі культуры Воранаўшчыны не схілілі галовы, не наракаюць на цяжкасці, а змагаюцца з імі цікавымі і даступнымі (чытай недарагімі) праектамі. У Тракелях дзейнічае клубнае аб’яднанне па зёльніцтве, у Пагародна супрацоўнікі ўстаноў культуры да рэлігійных святаў упрыгожваюць вербачкі, праводзяць сумесныя мерапрыемствы з мясцовым прыходам. І такі падыход спрацоўвае.

“Дарогаю продкаў”

Вось што распавёў пра Пагародна наш энцыклапедычны даведнік: “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці прапаноўвае дзесяць гурткоў аматарскай, у тым ліку фальклорнай, творчасці. Ёсць узорны тэатр-студыя “Гульнёвы кірмаш”. Створаны музейны этнапакой. Праект народнага майстра Станіславы Міхно называецца “Навучыла мяне маці на кроснах ткаці”. Ткаць яна пачала ў 15 гадоў, зараз жанчыне — 85. Кіруе “Школай ткацтва”. Пагадзіцеся, для турыста і журналіста “наводка” — досыць поўная і дакладная.

Пазнаёміліся мы са “Школай ткацтва”, якой кіруе Станіслава Міхно — сама па сабе раённы брэнд. Яе майстар-клас — самы запатрабаваны, бо ткалля не толькі вучыць кроснаў не баяцца, але да таго ж ведае безліч прымавак ды прыказак, песень ды прыпевак. Нездарма бабулю Станіславу турыстам паказваюць. А цяпер — пра яшчэ адзін брэнд Пагародна. І клубны мастацкі кіраўнік Святлана Салмановіч, і загадчык бібліятэчнага філіяла Алена Вітукевіч адказныя за дзейнасць турмаршруту “Дарогаю продкаў”. Экскурсіі ладзяцца па папярэдніх заяўках. Калі пажадаеце, работнікі культуры вам пакажуць касцёл Святога Георгія ў вёсцы Асава, помнік дзяўчатам-сувязістам, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны (у самім аграгарадку), музейны пакой Цэнтра культуры, майстар-клас Станіславы Міхно, праграму “Гульнёвага кірмашу”, фрагменты парку канца XVIII стагоддзя ў Пагародне, а таксама — выставу-продаж сувеніраў Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. І не толькі пакажуць, але і падрабязна распавядуць пра тое, чым ганарацца. Больш насычанага асветніцкага маршруту, на якім работнікі культуры няблага зарабляюць, мы, шчыра кажучы, пакуль не бачылі.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Нам было надзвычай цікава на Воранаўшчыне. І майстроў-рамеснікаў сустрэлі, і клубнікаў з бібліятэкарамі пабачылі за выкананнем абавязкаў, і з начальствам давялося пагутарыць. Выснова наступная: ад працы тут атрымліваюць задавальненне, няхай сабе толькі маральнае. А гэта ўжо вялікая справа, калі табе не перашкаджаюць думаць і тварыць. Нам спадабалася пазіцыя кіраўніка аддзела ІРКСМ, які хоча, каб з аднолькавай аддачай працавалі і клубнікі, і бібліятэкары. Мы перакананы, што публікацыі пра культуру Воранаўшчыны будуць карысныя для чытачоў іншых абласцей. Інакш кажучы, ёсць чаму павучыцца, ёсць што на вус наматаць... У наступных нумарах гаворка пра клубную і бібліятэчную справу на Лідчыне. Не прапусціце!

Мінск — Воранаўскі і Лідскі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІНрэдактар аддзела газеты "Культура"Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 30.04.2019 18:54:24

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.