::
2016.03.02 — Званарства можа стаць нематэрыяльнай спадчынай / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Званарства можа стаць нематэрыяльнай спадчынай
Спасылка
Дата публікацыі
02.03.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Пабачыла свет адна з першых айчынных грунтоўных манаграфій па кампаналогіі — навуцы аб званах. Гэта кніга кандыдата мастацтвазнаўства Алены Шацько «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции». Пад яе вокладкай — унікальны матэрыял пра традыцыйнае беларускае званарства, звесткі пра каштоўныя старажытныя званы, што захоўваюцца ў музеях і яшчэ гучаць у храмах. Выданне сталася вынікам амаль пятнаццацігадовага даследавання, соцень экспедыцый, працы ў архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Гэтая кніга — не толькі найбагацейшая крыніца звестак пра званы, але і доказ таго, што традыцыйнае званарства нашага народа непаўторнае, унікальнае, вартае захавання і зберажэння.

Сёння Алена Шацько разам з Беларускім саюзам музычных дзеячаў ініцыюе ўнясенне традыцыйнага званарства ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, а потым і ЮНЕСКА. У гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» Алена Генадзеўна ўспамінае пра вытокі сваёй цікавасці да званоў, расказвае пра сенсацыйныя знаходкі і адкрыцці, а таксама тлумачыць, чаму ў вёсках нельга праводзіць майстар-класы для званароў.


З чаго ўсё пачыналася?

— Я скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе цымбал. Нас, музыкантаў, заўсёды вучылі: шукай гук. Натуральна, што нават на адных і тых жа інструментах усе іграюць па-свойму. І калі я пачула звон, яго гук мяне проста ўразіў глыбінёй, непаўторнасцю, яго нельга ўзнавіць на іншых інструментах. Даведалася, што ў Мінску распачала працу Школа званароў пры храме прыхода «Усіх тужлівых Радасць», яе ўзначальваў Аляксандр Маліноўскі, ён выдаваў і часопіс «Звонница».

Але ў школе нас вучылі фактычна рускай, маскоўскай, традыцыі звона, а яго гісторыю мы вывучалі толькі па адной кнізе, выдадзенай яшчэ да рэвалюцыі, — «Гісторыя званоў і звоналіцейная вытворчасць» Мікалая Алавяшнікава. Пра тое, якая спадчына захавалася ў нас, у Беларусі, ніхто не мог дакладна расказаць. Больш за тое, у пачатку 2000-х гадоў у многіх храмах яшчэ не было званоў, напрыклад, у Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы ў сталіцы на званіцы віселі чыгуначныя рэйкі.

Калі скончыла школу званароў, пачала званіць у храме у гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці. Але ў 1990-я гады некаторыя людзі сябе дрэнна адчувалі, калі чулі званы. Такое і сёння сустракаецца. Вось і жанчына, якая жыла непадалёк ад храма, напісала скаргу ў міліцыю, была заведзена справа. Настаяцель храма айцец Аляксандр Рудчанка параіў мне пакуль не званіць на службу.

— Тыя, хто некалі званіў ці звоніць цяпер, мяне зразумеюць: да гэтага прывыкаеш так, што справа становіцца проста неабходнасцю, гэта радасць душы, якую ні з чым нельга параўнаць. Тады айцец Аляксандр мне параіў: звані словам, пішы!..

Атрымаўшы блаславенне самога Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, а таксама афіцыйнае пасведчанне з просьбай спрыяць у даследаванні, я рушыла ў амаль бясконцую экспедыцыю. Менш як за 10 гадоў пабывала ў трох сотнях храмаў, працавала ў архівах Літвы, Польшчы, Расіі, Беларусі, у музяех, дзе ў сховішчах ёсць званы, сабрала ўнікальны матэрыял. Гэта і звесткі пра тое, якія званы былі ў нашых храмах, якія з іх вывозіліся ў пачатку Першай сусветнай вайны. Было бясконца многа сустрэч з людзьмі, цікавых расповедаў, найбольш адметныя з іх змешчаны ў новым выданні.

Нашы званы — унікальныя, і іх захавалі вернікі

— У храмах Беларусі, нават самых маленькіх вёсачках, захаваліся ўнікальныя званы. Але дакладнае месца іх размяшчэння называць не буду: былі выпадкі, калі пасля публікацый у прэсе каштоўныя прадметы — гэта было з абразамі, — знікалі з храмаў. У нас адметныя і самі мелодыі звонаў. Мы маем тое, чаго няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Па матэрыялах экспедыцый я выявіла, што ў 19 храмах Беларусі захаваўся канон царкоўнага звону. Проста цуд!

У маёй новай кнізе прадстаўлены звесткі пра многія ўнікальныя гістарычныя званы XVІІ–XІX cт. Некаторыя з іх павінны знаходзіцца ў музеях — настолькі вялікая іх культурная каштоўнасць. Ёсць у выданні і факты, што могуць стаць сенсацыйнымі. Так, напрыклад, тут змешчана выява фрагмента звона з надпісам ХІІ стагоддзя. Ён быў знойдзены на Замкавай гары ў Гродне. Раней жа лічылася, што надпісы на званах сталі рабіць з XІV стагоддзя. Ці ўнікальны звон з адтулінамі, адліты нямецкім майстрам Германам Моцфільдам у 1598 годзе ў нясвіжскай ліцейні князя Радзівіла. Дарэчы, такія званы на беларускіх землях з'явіліся на стагоддзе раней, чым у Расіі, а з-за таго, што гучалі надзвычай гучна і прыгожа, іх называлі «цымбаламі».

Каталіцкія ці праваслаўныя і адкуль да нас прыйшлі?

— Сярод навукоўцаў няма згоды наконт афіцыйнага дазволу папы Сабініяна (604–606) на выкарыстанне званоў у набажэнствах. Няма і адзінай версіі пра тое, што святы епіскап Нолы (Італія) Понцій Мітрапілій Паўліній (каля 353–431) мае дачыненне да іх з'яўлення. Вядомы амерыканскі даследчык XX ст. Эдвард Уільямс, аўтар кнігі «Званы Расіі: гісторыя і тэхналогія» многа гадоў працаваў у архівах і не знайшоў гэтаму пісьмовых доказаў. Значыць, можна меркаваць, што ў той час званы яшчэ не выкарыстоўваліся.

На землі тагачаснай Белай Русі праваслаўнае набажэнства, спевы прыйшлі з Візантыі, а звон — з Захаду, але не адразу. Спачатку выкарыстоўваліся білы, кляпалы. Зразумела, звон быў вялікай каштоўнасцю. Таму, калі ворагі захоплівалі мясцовасць, то першае і галоўнае, што рабілі — здымалі звон, голас.

І па форме, і па гучанні званы ў касцёлах і цэрквах сёння крыху адрозніваюцца, а ў XVІ–XІX ст. адлівалі іх адны і тыя ж майстры. Яшчэ больш усё змяшалася з пачаткам Першай сусветнай вайны, калі званы пачалі вывозіць ці закопваць у зямлю — так рабілі каталікі, пратэстанты і праваслаўныя — каб захаваць.

На жаль, сёння ў касцёлах часта выкарыстоўваюць сістэму «Электронны званар», у праваслаўных храмах тэндэнцыя замяняць чалавека электронікай таксама назіраецца. І гэта не ідзе на карысць: сістэмы каштуюць дорага, патрабуюць абслугоўвання, а традыцыя званарства знікае. Некаторыя святары пачынаюць разумець памылку і шукаюць сапраўднага званара.

Майстэрства як спадчына

— Сучасныя гарадскія званары і джазам, і рокам раней захапляліся, і маюць музычную адукацыю, таму імкнуцца пазваніць хутчэй, грамчэй, каб больш людзей пачула і прыйшло на службу. У гэтым ёсць доля праўды. Але ў маленькіх гарадах і вёсках цягам доўгіх гадоў гучыць адзін і той жа матыў, мелодыя, а майстэрства званіць перадаецца з пакалення ў пакаленне. У гэтай аднастайнасці, традыцыйнасці і хаваецца каштоўнасць. Звоны вельмі простыя, павольныя, у іх няма рытмічнай шматстайнасці, хуткага тэмпу, пераліваў. Вось чаму падчас экспедыцый нельга спрабаваць уразіць мясцовых званароў сваім майстэрствам, паказваць, як умееш. Для іх тэхнічныя трукі, складаныя камбінацыі чужыя, а значыць — непрымальныя і непрыгожыя. Гучанне званоў з іх царквы — самае роднае. Яны любяць сам гук, гэта іх духоўнае і фізічнае здароўе.

Вельмі важна, каб маладыя святары, якія прыязджаюць служыць у храмы, з павагай пераймалі майстэрства ад званароў-старажылаў, не пачыналі іх вучыць. Але, на жаль, у беларускіх духоўных семінарыях пакуль не выкладаюць кампаналогію: не вучаць, як званіць, не знаёмяць з традыцыяй званарства. А яна захавалася толькі ў нас! Яе вывучаюць у Новасібірскай, Іркуцкай школах званароў! У нас не вучаць як даглядаць самі званы, як правільна павесіць новыя. Пасля таго, як я пабывала ў храмах і гутарыла з настаяцелямі, у некаторых цэрквах сталі з'яўляцца пастаменты са званамі. Хай яны ўжо і не гучаць са званіцы, бо маюць пашкоджанні, але зберагаюцца як вялікая каштоўнасць, помнік культуры XVІІ–XX стагоддзяў, святыня.

Прайшло каля 25 гадоў з таго моманту, як званы загучалі адкрыта паўсюль, дзе яны захаваліся. Між тым значная іх частка, цудам перажыўшы войны і ліхалецце, была перабіта. Чаму? З-за няведання элементарных правілаў абыходжання. Гэта здаралася там, дзе не было званара. Многія дзяржавы маюць музеі званоў, але, на жаль, у нашай краіне такога музея пакуль няма. Клопат аб захаванні ўнікальных помнікаў духоўнай спадчыны народа — гістарычных званоў — павінен стаць паказчыкам узроўню развіцця нашай грамадзянскай супольнасці.

Зва­нар Іван Лян­ке­віч з Ма­ла­дзеч­на.

Жанчына — званар?!

— Жанчыны ўзняліся на званіцы пасля Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўды, да вайны званіць на службу было выключна мужчынскай справай. Мне пашанцавала сустрэць адну жанчыну-званара — Ксенію Цімахавец, майстэрства ёй перадаў свёкар, які калісьці быў проста легендай сваёй справы, з розных месцаў спецыяльна прыязджалі ў вёску Дубай, што на Століншчыне, каб яго паслухаць. А сёння жанчыны звоняць нароўні з мужчынамі. І да сябе я заўсёды адчуваю добрае стаўленне.

Ахвяра дзеля цуду

— Я запісала расповед пра дзяўчынку, якая выратавала звон. Калі яго знішчалі ў 1930-я гады, яна падбегла і ўзяла кавалачак сабе. Захавала. І ўсе заўважылі, што жыццё гэтай дзяўчынкі склалася вельмі шчасліва: яе муж вярнуўся з вайны, адзіны мужчына з вёскі, нарадзіліся паслухмяныя і добрыя дзеці. І ў вёсцы лічылі: усё таму, што яна выратавала звон.

Я занатавала многа апавяданняў пра тое, як звон, ахвяраваны храму, станоўча ўплываў на лёс чалавека: нараджаліся дзеці, вылечваліся цяжкія хваробы. Званы часам ахвяравалі і маладыя, калі ішлі пад вянец у храме. Прасачыць гісторыю такіх ахвяраванняў і нават даведацца пра лёс дарыльшчыкаў дапамагаюць надпісы на званах. Падчас працы над гэтым даследаваннем я мыла званы, фатаграфавала, расчытвала надпісы на іх, усяго пашпартызавала каля дзвюх тысяч званоў. Гэтыя звесткі таксама можна пабачыць у кнізе. А самі надпісы на званах надзвычай цікавыя і змястоўныя — на польскай, нямецкай, лацінскай, царкоўнаславянскай мовах. Па іх можна напісаць не адну дысертацыю.

vesіaluha@zvіazda.by

Фотаздымкі з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Звані званчэй, звон!

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 06.01.2019 04:43:14

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.