::
2016.06.24 — Спявалі ў Ячаве, захапляліся — у Казловічах / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Спявалі ў Ячаве, захапляліся — у Казловічах
Спасылка
Дата публікацыі
24.06.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Спявалі ў Ячаве, захапляліся — у Казловічах


Сноп на шчасце і лялька як выканальніца жаданняў.

Лета — самы зручны час для вандровак. Ярка свеціць сонца, усё навокал квітнее. Таму і мы з камандай праекта «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» былі рады пакінуць тлумную сталіцу і выправіцца ў падарожжа па краіне. Гэтым разам кіруемся ў вёску Казловічы, што на Случчыне, дзе нас чакае знаёмства з народным фальклорным гуртам «Ячаўскія вячоркі». Таксама завітаем у Слуцкі Цэнтр традыцыйнай культуры — яго супрацоўнікі аднаўляюць старажытныя тэхналогіі вырабу лялек і адраджаюць мастацтва маляванак. Тэлепраграму можна будзе пабачыць у ліпені, але ўжо сёння чытачы «Звязды» маюць магчымасць даведацца пра яе змест.


Гурт «Ячаў­скія вя­чор­кі».

Запрашаем на вячоркі

Гурт «Ячаўскія вячоркі» ў Казловічах — сапраўдныя зоркі. Без іх звонкіх спеваў не абыходзіцца ніводнае мясцовае свята, ды і гісторыя калектыву ўражвае: ён існуе ўжо 37 гадоў!

Кіраўнік і стваральніца «Ячаўскіх вячорак» Людміла Калядка расказала:

— Калектыў быў створаны ў 1979 годзе тут, у Казловічах, а потым некаторыя нашы ўдзельніцы пераехалі ў суседняе Ячава, таму вырашылі змяніць месца размяшчэння гурта, знайсці новых спявачак. Калі прыехала ў Ячава, абышла ўсю вёску, зазірнула ў 18 хат — і ўсе гаспадыні пагадзіліся спяваць у гурце.

Мясцовыя прыгадваюць: жанчыны ў Ячаве спявалі так прыгожа і так гучна, што іх песні чуваць было нават у Казловічах. Для большага ўражання дадам, што адлегласць паміж вёскамі — 4 кіламетры! Потым, калі ў Казловічах пабудавалі новы вялікі Дом культуры і вылучылі для «Ячаўскіх вячорак» асобнае рэпетыцыйнае памяшканне, калектыў зноў пераехаў. Але назва засталася ранейшай.

У 1992 годзе ансамбль атрымаў званне народнага. Спачатку ў ім спявалі толькі жанчыны, потым да іх далучыліся і мужчыны — мясцовыя музыканты.

— Можна сказаць, што мы ўвесь час выступаем у адным складзе. Толькі старэйшыя адышлі. За гэты час мы выдатна «спеліся», — кажа Людміла Кузьмінічна, — Разам аб'ехалі ўвесь белы свет! Выступалі на днях культуры Беларусі ва Узбекістане, у Маскве, на фестывалях у Істры, Ліпецку, сталі лаўрэатамі многіх абласных, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў. І адусюль прывозім карысныя падарункі, якімі карыстаемся ў рабоце.

Слухачы патрабуюць!..

Раней на сцэне «Ячаўскія вячоркі» прадстаўлялі не толькі песні і танцы, але ладзілі паўнавартасныя абрады. Але сёння ў іх рэпертуары назбіралася вельмі шмат песень, ды і слухачы патрабуюць вясёлай атмасферы, выбухаў-прыпевак, таму падчас канцэртаў гурт больш не прадстаўляе абрадавы складнік. Тым не менш калектыў — сталы ўдзельнік мясцовых свят, а своеасаблівы яго хіт — абрад Зажынкі. У першы дзень жніва ў мясцовай гаспадарцы жанчыны-спявачкі ўсе разам ідуць у поле, зжынаюць некалькі сімвалічных снапоў, спяваюць песні. Пасля афіцыйнай часткі кіруюцца ў вёску, заходзяць да тых вяскоўцаў, хто не так даўно пабудаваў новы дом, ажаніўся, а таксама ў сем'і, дзе нарадзіліся дзеці. Сноп у падарунак ад калектыву — як матэрыяльнае ўвасабленне пажаданняў шчасця, здароўя і дабрабыту новай маладой сям'і і маленькаму жыхару Казловічаў. Людміла Калядка кажа, што візіт «Ячаўскіх вячорак» — вялікае свята для кожнай сям'і, іх прывітанняў штогод чакаюць, а калі раптам нейкую хату жанчыны выпадкова абмінуць, — вяскоўцы вельмі крыўдуюць.

У рэпертуары «Ячаўскіх вячорак» — як і досыць вядомыя народныя песні, танцы, так і тыя, што спяваліся менавіта ў гэтай мясцовасці, якія помняцца жанчынам яшчэ ад матуль і бабуль. Самы старажытны пласт — спевы, што суправаджаюць абрады, напрыклад, вяселле.

Спявачкі добра памятаюць песні, што павінны гучаць у пэўныя моманты вяселля. Вось такім спевам віталі зяця, які падыходзіў са світай да дома маладой:

Выхадзіла маці ды зяця

страчаць,

Ды не так страчаць —

як выглядаць,

Ці не вельмі п'яны,

як Панасаў брат,

Ці не жаль дзіцяці

за яго аддаць.

Каўнер багровы —

зяць чарнаброў,

Каўнер ваўністы —

зяць ганарыст.

А гэтая песня-прыпеўка прызначаецца для прадстаўлення маладой:

Да на небе сонейка

калясом ідзе роўненька,

Брат сястрыцу на пасад

вядзе раненька.

А гэтая сумная песня — зварот маладой, развітанне з жыццём «у дзеўках», з сяброўкамі:

Ты касіца мая русая,

Я табою любавалася

Ды нічога не баялась...

Спеўныя традыцыі ў гурце — досыць багатыя, таму кіраўнік Людміла Калядка вельмі строга ставіцца да гучання «Ячаўскіх вячорак». Шмат гадоў Людміла Кузьмінічна працавала дырэктарам мясцовага Дома культуры, сёння яна на пенсіі, але пасаду кіраўніка калектыву пакуль не збіраецца пакідаць. Дарэчы, не так даўно Людміла Калядка адзначыла 70-годдзе. Таму віншуем і жадаем гэтай таленавітай спявачцы яшчэ шмат-шмат цікавых вандровак, бадзёрасці, энергіі і сіл на новыя выступленні, творчыя адкрыцці.

Бат­ле­еч­ныя ляль­кі.

Сем зярнятак грэчкі

Слуцкі Цэнтр традыцыйнай культуры — установа незвычайная. Тут працуюць людзі, апантаныя беларушчынай, існуе мноства гурткоў для дзяцей, ды і самі супрацоўнікі займаюцца аднаўленнем старажытных відаў мастацтва. Таццяна Ермаловіч, кіраўнік калектыву аматарскай мастацкай творчасці «Беларуская лялька», расказвае:

— Мы аднаўляем лялькі паводле звестак, што збіраем па ўсёй краіне, нават шырэй — разглядаем абрадава-абярэгавыя лялькі, якія бытавалі і ў Расіі, Украіне. Адметна, што іх нельга дыферэнцыраваць паводле нацыянальнай прыналежнасці, вызначыць дакладнае месца паходжання. Таксама робім батлеечныя лялькі, яны былі распаўсюджаныя на Беларусі і выкарыстоўваліся падчас пастановак лялечнага тэатра. Іх ствараем па старадаўняй тэхналогіі.

Але самыя любімыя лялькі і кіраўніка калектыву, і малых, якія тут займаюцца, — абрадава-абярэгавыя. Іх досыць лёгка зрабіць, дзеці могуць з імі гуляць, ды і ў абыходжанні яны вельмі простыя, бяспечныя (яны робяцца ў асноўным з тканіны). Тым не менш кожны з відаў абярэгавых лялек мае глыбокае сімвалічнае значэнне, якое можна пабачыць ужо ў іх назвах.

— Гэта, напрыклад, лялька-пажадальніца, анёл на пальчык, зайчык на пальчык, лялька на шчасце і лялька з цікавай назвай трохкольца, — тлумачыць Таццяна Міхайлаўна. — У аснове трохкольцы — грэцкі арэх і сем зярнятак грэчкі. Зярняткі закладвалі ўнутр шалупіння грэцкага арэха, таму калі такую ляльку патрэсці, можна пачуць вельмі ціхі і прыемны гук. Грэчка сімвалізавала здароўе, а сама лялька супакойвала менавіта гучаннем, таму яе часта давалі маленькім дзеткам і хворым людзям, каб яны хутчэй засыналі.

Майстрыха кажа, што менавіта грэчка дае такі заспакаяльны эфект:

— Я спрабавала выкарыстоўваць гарох, іншыя крупы пры вырабе такой лялькі, але тады атрымліваецца званчэйшы гук, які не мае такога ўздзеяння, як гук ад грэчкі. Больш за тое, трохкольцу можна даваць дзеткам, у якіх рэжуцца зубкі.

Ляльку на шчасце таксама вельмі любяць рабіць дзеці. Яна маленькая і мае доўгую касу, яе зручна насіць у кішэні. Каса ў лялькі доўгая, бо яна сімвалізуе шчасце і даўжыню жыцця чалавека. Чым каса даўжэйшая — тым лепш. А з лялькамі зайчык на пальчык і анёл на пальчык цікава гуляць нават дарослым, яны вельмі лёгка і хутка робяцца. Ляльку-пажадальніцу нашы продкі хавалі, каб пра яе ніхто не ведаў, яе ўпрыгожвалі гузікамі, каралямі і верылі, што яна мае здольнасць выконваць жаданні. Калі ж лялька цалкам была пакрытая ўпрыгожваннямі, то рабілі новую.

— Абрадава-абярэгавыя лялькі — вельмі цікавая тэма. Іх даследаваць, пашыраць калекцыю нашых вырабаў можна амаль бясконца, — кажа Таццяна Міхайлаўна.

Але ёсць сярод работ Таццяны Ермаловіч і нетрадыцыйныя для нашай культуры лялькі, яны большага памеру, апранутыя ў нацыянальныя строі. Як кажа майстрыха, перад намі пэўнага кшталту эксперымент, ёй самой цікава было паспрабаваць у такім варыянце прадставіць нашы лялькі, паказаць класічны беларускі дзявочы строй. Гэтыя работы Таццяна Ермаловіч летась прадстаўляла на «Славянскім базары ў Віцебску» і заняла 3-е месца.

Яшчэ адзін яркі акцэнт дзейнасці Цэнтра традыцыйнай культуры — аднаўленне мастацтва маляванак. Адметна, што менавіта на Случчыне нарадзілася і жыла знакамітая мастачка, прадстаўнік наіўнага кірунку жывапісу Алена Кіш.

Маляванкі стваралі простыя вяскоўцы па замове. Звычайна гэта былі творы наіўнага жанру, вельмі падобныя да дзіцячых малюнкаў. На дываны пераносілі выявы жывёл, часам нават фантастычных, бытавыя сцэны. Малявалі самаробнымі фарбамі: для чорнага колеру выкарыстоўвалася сажа, жоўтага — жаўток, карысталіся любымі матэрыяламі, напрыклад, сокам бурака, лісцем. Таму тагачасныя маляванкі былі не вельмі яркія і вельмі кепска захаваліся, амаль не дайшлі да нашага часу.

Натуральна, сучасныя маляванкі адрозніваюцца ад традыцыйных. Таццяна Ермаловіч кажа:

— Сёння гэта работы на палатне, выкананыя па класічнай схеме, методыцы. Кожная работа мае своеасаблівую раму, якая змяшчае арнамент на чорным фоне. У нас ужо склалася калекцыя з чатырох маляванак, іх аб'ядноўвае тэматыка беларускіх свят і абрадаў. На маляваных дыванках можна пабачыць сюжэты, што распавядаюць пра Каляды, Гуканне вясны, Купалле і Дажынкі.

У Слуцкім Цэнтры традыцыйнай культуры ўпэўненыя, што і выраб лялек, і стварэнне маляванак — выдатная магчымасць далучыць дзетак да нашай спадчыны. У планах установы — правядзенне абрадаў, а таксама актыўная работа па аднаўленні старажытных відаў мастацтва. Будзем спадзявацца, што ўсё выдатна атрымаецца, бо на актыўную працу натхняе нават сама пляцоўка — тут узноўлены інтэр'ер традыцыйнай беларускай хаты, дзе школьнікі могуць дакрануцца да рэчаў, якімі карысталіся нашы дзяды і прадзеды, пабачыць, як яны жылі.

vesіaluha@zvіazda.by

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.09.2019 11:49:10

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.