::
2016.06.28 — Пад крылом «Берагіні» / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Пад крылом «Берагіні»
Спасылка
Дата публікацыі
28.06.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У пасёлку Акцябрскі прайшоў ІХ Рэспубліканскі фестываль.

Кажуць, што «Берагіня» — фестываль незвычайны: кожны, хто хоць раз завітае ў гэтыя дні ў Акцябрскі і акунецца ў непаўторную атмасферу свята, абавязкова вернецца наступны раз. Але калі задумацца, то ў гэтай адметнасці нічога дзіўнага: на чатыры дні невялічкае мястэчка на Гомельшчыне ператвараецца ў сапраўдную сталіцу фальклору: сюды прыязджаюць гурты, танцавальныя пары з усёй Беларусі і нават замежжа. Сёлетняе свята падтрымалі Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам, Акцябрскі райвыканкам, Беларускі фонд культуры; яно ўпершыню прайшло пад патранатам ЮНЕСКА і Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У фестывалі прынялі ўдзел каля 900 спевакоў, музыкаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Сербіі, а ў конкурсе танцавальных пар за званне найлепшых выканальнікаў беларускіх побытавых танцаў паспаборнічала каля 120 пар — гэта ў два разы больш, чым на мінулым фэсце.


Фота БЕЛТА.

У ку­паль­скім ка­ра­го­дзе.

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям «Берагіні» даслаў пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік нашай краіны пры ЮНЕСКА Павел ЛАТУШКА. Ён зазначыў:

— Фестываль «Берагіня» ўжо стаў значнай падзеяй у культурным жыцці не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі. Адметная рыса фестывалю — яго арыентаванасць на захаванне самабытнай народнай творчасці.

І сапраўды, «Берагіня» — гэта не толькі чатыры дні заключных святочных мерапрыемстваў. Гэта вялікі і грунтоўны праект па вывучэнні спадчыны сваёй мясцовасці, які рэалізоўваецца ўдзельнікамі цягам двух гадоў. Гэта карпатлівая навуковая і даследчая праца па аналізе крыніц розных відаў, экспедыцыйныя пошукі, бясконцыя гутаркі з прадстаўнікамі старэйшага пакалення.

— Фестываль традыцыйны ў самым добрым сэнсе гэтага слова. Аднойчы выбраўшы шлях на захаванне народнай традыцыйнай культуры, ён і сёння прытрымліваецца гэтай канцэпцыі, — кажа начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля ЗАДЗЯРКОЎСКАЯ.

«Берагіня» — гэта яшчэ і выдатная магчымасць паназіраць, як ажыццяўляецца пераемнасць пакаленняў, як перадаюцца вопыт і веды. Гэта выдатная лабараторыя для даследчыкаў, а для саміх носьбітаў традыцыі — гарантыя захавання іх спадчыны.

— У наш час, у хуткаплынным ХХІ стагоддзі людзі звярнулі ўвагу на тое, што іх робіць людзьмі менавіта разнастайнасць, якая захоўваецца пры асабістым кантакце паміж пакаленнямі. Калі песня перадаецца з вуснаў на вусны, танец — з нагі на нагу, найгрыш — з інструментаў на інструмент, — падкрэсліў загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ, кандыдат культуралогіі Вячаслаў КАЛАЦЭЙ. — Заслуга нашых навукоўцаў у тым, што яны змаглі сінтэзаваць канцэпцыю фестывалю, які амаль дваццацігоддзе паспяхова існуе ў беларускай культурнай прасторы. Зерне, што мы пасеялі, ужо дае добрыя ўсходы. Людзі, якія некалі ўпершыню выйшлі на сцэну «Берагіні» як носьбіты мастацтва сваёй малой радзімы, вёскі, выраслі, многія сталі ўжо прызнанымі спецыялістамі ў Беларусі і за мяжой.

На купальскае свята прыйшло шмат удзельнікаў сталага ўзросту.

Многія удзельніцы фестывалю былі апрануты у строі і мелі упрыгожванні зробленыя сваімі рукамі.

Узорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” паказаў гледачам вясельныя абрады. На здымку – сяброўкі прымяраюць вянок будучай абранніцы.

Як любы фестываль, «Берагіня» мае свае традыцыі, свае адметныя «фішкі». Гэта вялікае «Рудабельскае Купалле», што ладзіцца ў апошнюю ноч фэсту; кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама яскравы конкурс пар-выканаўцаў беларускіх бытавых танцаў. Сёлета яго ўдзельнікамі былі пары пяці ўзроставых катэгорый. Самым малодшым танцорам — 9 гадоў, а старэйшым — за 80! І калі ў танцах маладых бачыцца перадусім старанне, жаданне выконваць парады кіраўнікоў, то ў танцах старэйшых — вопыт і характар, адметны індывідуальны стыль, што выпрацоўваўся гадамі і нават дзесяцігоддзямі.

— Выдатна, што ў танцавальным конкурсе шмат маладых. Яны прымаюць эстафету ў старэйшага пакалення, — сцвярджае сябра журы танцавальнага конкурсу, вядомы балетмайстар-пастаноўшчык, стваральнік сусветнавядомых «Харошак» Мікалай ДУДЧАНКА.

Былі ў сёлетняй «Берагіні» і новыя рысы. У межах фестывалю працавала выстаўка фотакарэспандэнта газеты «Звязда» Яўгена Пясецкага, якая пазнаёміла з адметнымі старонкамі гісторыі фэсту; прайшоў І рэспубліканскі конкурс музычных капэл традыцыйнага складу, таксама ўпершыню адбыўся конкурс салістаў — выканаўцаў беларускіх народных традыцыйных танцаў. Перад танцорамі-салістамі (а іх было больш як шэсць дзясяткаў!) стаяла няпростая задача — выканаць танцы «Жабка», «Чобаты», «Мікіта».

Прызы лепшым танцорам ад надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Францыі, прадстаўніка нашай краіны пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі уручае член нацыянальнай каміссіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

Прадстаўленне удзельнікаў свята на галоўнай сцэне раённага Цэнтра вольнага часу.

“Барыня”- танец вясёлы.

8. Танец “Жабкі” некаторыя салісты выконвалі з непаўторным спрытам.

Аўтар і кіраўнік фестывалю «Берагіня», этнахарэолаг Мікола КОЗЕНКА расказаў:

— За гады існавання фестывалю з'явіліся новыя асобы, калектывы, новыя танцавальныя пары, распачаліся праекты, якія грунтуюцца на вывучэнні традыцыйнай культуры. На жаль, носьбіты традыцый вельмі хутка сыходзяць, а разам з імі адыходзіць частка нашай спадчыны. Фестываль «Берагіня» скіраваны на падтрымку, пераемнасць у культуры. Хочацца, каб быў працяг.

Не выпадае сумнявацца, што ён, такі працяг, абавязкова будзе. Бо разам з фэстам, які праз два гады пройдзе ў Акцябрскім ужо дзясяты раз і адзначыць дваццацігоддзе, вырасла цэлае пакаленне аматараў фальклору, традыцый беларускага народа, склалася цэлае кола адданых сяброў фестывалю, тых, хто некалі амаль выпадкова трапіў на «Берагіню», але так і застаўся на ўсё жыццё яе адданым прыхільнікам.

— Гэтыя дні застаюцца ў памяці надоўга, бо свята, што праходзіць у невялікім раённым цэнтры, ужо стала брэндам цэлай краіны, а шырокі ўдзел тут замежных калектываў сведчыць і пра яго міжнародны аўтарытэт, — кажа пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль БУТЭВІЧ. — Ёсць надзея, што гэты фестываль увойдзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Разам у фестывальнай святочнай калоне.

Усім маленькім удзельнікам фестывалю перадаваўся агульны святочны настрой, а некаторыя з іх мелі падставу радавацца высокім адзнакам за свае выступленні.

Рэцэпты прысмакаў рудабельскай кухні ў Акцябрскім ведаюць і малыя і старыя.

На фестывалю даказвалі сваё майстэрства маладыя пачаткоўцы і вопытныя майстры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Акцябрскі, які тады называўся Рудабелкай, быў сталіцай Рудабельскай рэспублікі — зямлі, якая заставалася свабоднай ад фашысцкіх акупантаў. Тая сімвалічная рэспубліка была сведчаннем адданасці яе жыхароў ідэалам, за якія змагаліся нашы продкі. Таму Анатоль Бутэвіч прапанаваў у дні правядзення «Берагіні» засведчыць існаванне Рудабельскай Фальклорнай Рэспублікі, якая можа стаць сімвалам еднасці ў любові да фальклору і пераемнасці паміж рознымі пакаленнямі беларусаў, абмену вопытам і ведамі ў галіне вывучэння каранёвых традыцый нашага народа.

Пад­час ура­чыс­та­га за­крыц­ця Рэс­пуб­лі­кан­ска­га фес­ты­ва­лю «Бе­ра­гі­ня» пісь­мен­нік Ана­толь Бу­тэ­віч уру­чыў спе­цы­яль­ныя пры­зы ад па­сла Бе­ла­ру­сі ў Фран­цыі, па­ста­ян­на­га прад­стаў­ні­ка на­шай кра­і­ны пры ЮНЕС­КА Паў­ла Ла­туш­кі. На фо­та ўзна­га­ро­ду атрым­лі­вае Баг­дан За­ха­рэ­віч з фальк­лор­на­га ка­лек­ты­ву «Мі­ла­ві­ца» Цэнт­ра да­дат­ко­вай аду­ка­цыі дзя­цей і мо­ла­дзі «Вет­разь» (г. Мінск).

Узор­ны фальк­лор­ны ан­самбль «Ру­да­бель­скія зо­рач­кі» з г.п. Ак­цябр­скі прэ­зен­та­ваў на свя­це не толь­кі спеў­ную і тан­ца­валь­ную спад­чы­ну, але і мяс­цо­выя стра­вы.

І сапраўды, фальклорных фестываляў у нас нямала, але «Берагіня» — адзіны, дзе да фальклору так шчыра і непасрэдна далучаюцца дзеці. Гэты фестываль — прыклад таго, як трэба шанаваць сваё, роднае, што вырасла з маці і ўваходзіць у свядомасць дзіцяці разам з любоўю да роднай зямлі, якое зараджаецца як любоў да роднага куточка і з цягам часу ператвараецца ў вялікую любоў да радзімы. «Берагіня» вучыць: варта любіць і берагчы сваё, роднае і спрадвечнае. Толькі так можна адчуць сябе беларусам.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.10.2019 22:47:12

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.