::
2016.08.19 — У наступным сезоне праграма «Наперад у мінулае» зменіць фармат / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
У наступным сезоне праграма «Наперад у мінулае» зменіць фармат
Спасылка
Дата публікацыі
19.08.2016
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст

У наступным сезоне праграма «Наперад у мінулае» зменіць фармат


Цяпер у цэнтры ўвагі апынуцца не асобныя беларускія народныя песні, што выконваюцца аўтэнтычнымі калектывамі, а потым набываюць новае жыццё ў сучасных аранжыроўках, а цэлыя абрады. Пра новую канцэпцыю праекта і «справаздачны» канцэрт «200 песень для Беларусі», што цяпер рыхтуецца да эфіру, мы гутарым з аўтарамі праграмы Аксанай і Анатолем ВЕЧАРАМІ.


Гу­тар­ка Ак­са­ны Ве­чар з май­страм пад­час экс­пе­ды­цыі пра­ек­та «На­пе­рад у мі­ну­лае» ў вёс­ку Во­са­ва Са­лі­гор­ска­га ра­ё­на.

Анатоль: — Каб пазбегнуць уключэння ў праграму аўтарскіх, не зусім народных беларускіх песень, мы вырашылі здымаць абрады. Тут ужо «несапраўдных» твораў быць не можа. У нас даўно была такая ідэя: здымаем адзін і той жа абрад у некалькіх рэгіёнах Беларусі, штотыдзень цягам месяца расказваем пра яго адметнасці ў кожнай мясцовасці, а ў апошнім выпуску — раз на месяц — іх аб'ядноўваем у міні-мюзікл. Вырашылі не толькі перапрацоўваць новыя запісаныя ў экспедыцыях песні, але і дадаваць у выніковыя праграмы яшчэ і тыя кампазіцыі з 200 раней зробленых, што тычацца пэўнага абраду — тым больш калі яны ўжо сталі хітовымі. Атрымаецца сучасна-старажытны абрадавы мюзікл. Некалькі разоў мы спрабавалі зрабіць мюзікл на базе нашых песень, але з розных прычын не атрымалася. Тым, над чым будзем працаваць у новым сезоне, пацешым і сябе, і гледача. Мне падаецца, што павінна быць цікава.

Аксана: — Сюжэтная частка так і застанецца ў выкананні бабуль, аўтэнтычных спявачак, а музычнае напаўненне складуць народныя песні ў сучаснай апрацоўцы.

— Вы не баіцеся, што з боку даследчыкаў фальклору можа быць вельмі крытычная рэакцыя на такі эксперымент з абрадавымі песнямі? Бо адна справа — песні сямейна-бытавыя, лірычныя, застольныя, якія цалкам лагічна падаваць у сучаснай інтэрпрэтацыі, але ж абрадавыя — зусім іншая рэч. Яны ў прынцыпе не павінны змяняцца з цягам часу, а тым больш — асучаснівацца.

Анатоль: — Я чуў, што некалі ў Амерыцы выдалі «Вайну і мір» у коміксах. Прыкладна такі варыянт прадстаўлення абрадаў мы і прапануем. Усё роўна асноўная частка нашых гледачоў не будзе паглыблена вывучаць матэрыял. А паглядзеўшы праграму, яны атрымаюць хоць нейкае ўяўленне пра тыя з'явы, што калісьці існавалі ў нашай краіне. Трэба таксама мець на ўвазе, што кожны абрад звычайна заканчваецца бяседай, а за сталом гучаць не толькі абрадавыя спевы. Мы ўсё роўна будзем звяртаць увагу на розныя песні. Нават падчас першай у новым сезоне экспедыцыі на Жыткавіччыну, дзе мы здымалі жніво, запісалі адну застольную песню, якую ў сучасным варыянце будзе выконваць Галіна Грамовіч. Яна не зусім жніўная, але ўвойдзе ў праграму пра Дажынкі.

Аксана: — Думаю, фалькларысты разумеюць: тое, што мы робім, — гэта «папсовы» варыянт. Калі распавялі пра задуму Алегу Хаменку з гурта «Палац», ён сказаў: важна хоць так падтрымліваць нашу традыцыйную культуру. Канечне, Іван Кірчук з «Троіцы» працуе з фальклорам на нейкім касмічным узроўні, захоўваючы аўтэнтыку. Мы ўсё ж такі прадстаўляем лёгкі варыянт, разлічаны на масавую аўдыторыю. Я перакананая, што тыя абрады, якія мы здымаем, больш нагадваюць пастаноўку, рэканструкцыю. Зразумела, яны занатаваныя ад старажылаў, але сёння адроджаныя наноў. Мы ж проста выконваем сваю ранейшую місію: захаваць, паказаць гледачу хоць некаторыя моманты нашай традыцыйнай культуры.

— Калі можна будзе пабачыць у эфіры выпуск «Наперад у мінулае» ў новым фармаце?

Анатоль: — Новая праграма, што будзе прысвечана Дажынкам, выйдзе ў эфір ужо ў першы тыдзень верасня. Яе мы запісалі ў вёсцы Вобчын Любанскага раёна. Звычайна абрад Дажынак у розных рэгіёнах нязначна адрозніваецца, але менавіта на Любаншчыне ёсць некалькі элементаў, якія раней нам былі не вядомыя. Так, напрыклад, прынята дзяўчатам пралазіць пад сярпамі, а каб быць здаровымі — качацца па зжатым полі са словамі «На коніка лой, на ніўку гной. А мне на здароўе». Думаю, што для фалькларыстаў тут не знойдзецца нічога новага, але шырокаму гледачу безумоўна будзе цікава. Мы ўжо зладзілі дзве экспедыцыі — на Любаншчыну і Смаргоншчыну, хутка выправімся на Полаччыну, дзе таксама будзем запісваць абрады Дажынак, вяселле і хрэсьбіны.

Аксана: — Падчас нядаўняй экспедыцыі на Смаргоншчыну быў адзін смешны выпадак. Пакінулі на полі «бараду» — нязжаты кавалак. Дзяўчаты сказалі патрэбныя словы і пачалі жаць. Жалі-жалі і ўсё зжалі. А адна бабуля кажа: «Што ж вы нарабілі, трэба было пакінуць колькі каласоў, каб абвязаць стужкай!» Але мы знайшлі выйсце, каб у праграме ўсё выглядала правільна: уваткнулі каласы проста ў зямлю.

Ана­толь Ве­чар со­чыць за пра­цэ­сам за­пі­су пра­гра­мы ў вёс­цы Каз­ло­ві­чы на Случ­чы­не.

— Ужо бачыце розніцу ў правядзенні беларускіх абрадаў у розных мясцовасцях? Заўважаеце іх рэгіянальныя асаблівасці?

Анатоль: — Мы пакуль завіталі толькі ў два рэгіёны. Гэтыя абрады тут адрозніваюцца, але не вельмі значна. Нейкія высновы можна будзе зрабіць хаця б праз паўгода экспедыцый. Розніца бачыцца не толькі таму, што самі абрады маюць мясцовыя адметнасці ў іх аўтэнтычным бытаванні. Многае залежыць і ад сучасных выканаўцаў: нехта вельмі скрупулёзна падыходзіць да справы, а нехта робіць проста дзеля справаздачы.

Аксана: — Так, параўноўваць пакуль цяжка. Але для сябе я заўважыла некалькі адметных момантаў. Даведалася, што раней на Жыткавіччыне, у вёсцы Буразь, дзіця месяцаў да трох у калыску не клалі, а трымалі ў начоўках. Маленькіх дзяцей таксама нельга было купаць: толькі пасля нараджэння абмывалі вадою, а потым цягам некалькіх месяцаў проста абціралі. Заварочвалі дзяцей у ношаныя жаночыя і мужчынскія кашулі, якія ўжо сталі танюсенькімі.

— За гады існавання праекта «Наперад у мінулае» вы зладзілі мноства экспедыцый, сабралі багаты матэрыял. Гэта сапраўдная скарбонка для фалькларыстаў.

Анатоль: — Так, мы захоўваем фактычна ўсе запісы.

Аксана: — Неяк мы запісвалі гурт Apple Tea, ім вельмі спадабалася працаваць у нашай праграме, таму нават планавалі зрабіць альбом цалкам пабудаваны на фальклорным матэрыяле. Не ведаю, ці атрымалася. Былі розныя думкі наконт пашырэння ўжытку нашых архіўных запісаў, магчыма, нешта з задуманага рэалізуем.

— А ў канцэртным, сучасным жыцці айчынных выканаўцаў старыя песні, праспяваныя на новы манер, знаходзяць месца? Яны выконваюцца?

Анатоль: — Аляксандр Сухараў кажа: як толькі на канцэрце пачынаюць гучаць песні з нашага праекта, зала рэагуе зусім па-іншаму. Мы неяк размаўлялі з вядомым украінскім музыкам Алегам Скрыпкам, далі паслухаць некалькі песень з праекта, ён быў у захапленні. Была і такая гісторыя: едучы ў цягніку, папулярная расійская спявачка Алена Ваенга пачула песню з нашага праекта «З-за каго я сохну» ў выкананні Яны Старцавай. Ёй вельмі спадабалася песня, і Ваенга са Старцавай разам яе выканалі тут, у Мінску. І падчас выступлення Ваенгі ў маскоўскім Крамлі наша песня таксама гучала. Шкада толькі, што словы пераклалі на рускую мову. Па-першае, пераклад не дакладны, а па-другое, словы народных песень і не трэба перакладаць. Як і Уладзіміра Караткевіча нельга чытаць па-руску.

Аксана: — А Uzarі распавядаў, што нават на канцэртах у Германіі песню на палескім дыялекце «Скрыпка бы ны грала» прымалі проста выдатна.

— Часта атрымліваеце водгукі ад гледачоў?

Аксана: Мы ж, уласна кажучы, да нашага гледача і ездзім у экспедыцыі, у розных мясцовасцях Беларусі мяне ўжо як сваю ўспрымаюць. Вельмі добра, што выпускі праграмы больш-менш рэгулярна сталі з'яўляцца ў інтэрнэце, на афіцыйнай старонцы тэлеканала «Беларусь 3» на YouTube. Дарэчы, у нас там досыць вялікая колькасць праглядаў

Анатоль: — Сапраўды, наш глядач у асноўным — з рэгіёнаў. Таксама ёсць водгукі людзей, якія жывуць за мяжой, яны не могуць ужывую дакрануцца да традыцыйнай культуры. Ім вельмі падабаецца праграма — яна ж транслюецца і на канале «Беларусь 24».

— У межах праграмы «Наперад у мінулае» вы ўжо запісалі 200 песень і рыхтуецеся да канцэрта-справаздачы...

Аксана: — Так, мы завяршаем лета акурат двухсотай песняй. А канцэрт «200 песень для Беларусі», над якім мы цяпер працуем, будзе складацца з дзвюх частак: падчас першай прадставім лепшыя песні з першай сотні, а падчас другой — тыя, што запісалі ўжо ў другой сотні. У эфір канала «Беларусь 3» канцэрт выйдзе 4 і 11 верасня.

— Можа, крыху прыадкрыеце таямніцу, што гледачы пабачаць на канцэрце?

Анатоль: — Першую частку канцэрта Аксана правядзе з Аляксандрам Сухаравым — ён быў першым выканаўцам, які ўдзельнічаў у нашым праекце, яшчэ калі мы запісвалі пілотны выпуск. Гэта была песня з вёскі Маршалкі. На жаль, калектыву ўжо не існуе, але галасы спявачак гучаць у нашых запісах, і песня жыве. А другую — з аранжыроўшчыкам Кірылам Ермаковым.

Аксана: — Для канцэрта мы сабралі самыя лепшыя песні, якія прагучалі ў межах праекта за гэтыя гады. Тут выступяць не толькі эстрадныя выканаўцы, прывязём у Мінск і аўтэнтычныя гурты з рэгіёнаў. Мы іх папрасілі зрабіць свае каверы на сучасныя песні, вельмі цікава паслухаць, што атрымаецца. Напрыклад, гурт «Крынічанька» з Рудзенска прадставіць сваю версію адной з песень Вольгі Плотнікавай — яна некалі выканала іх песню. Гурт з Лагойска перапрацуе адну з кампазіцый каманды «Без білета», дзіцячы калектыў «Калыханка» прадставіць сваю версію песні Тэа «Чызкейк», гурт з Анопаля выканае адну з песень Ані Шаркуновай, таксама прагучаць прыпеўкі пра беларускую эстраду. На жаль, не ўсе запланаваныя ўдзельнікі канцэрта зараз знаходзяцца ў Мінску. Але мы знайшлі рашэнне: арганізуем тэлемасты, анлайн-уключэнні, напрыклад, для Руслана Мусвідаса, гурта «Без білета», каб хоць віртуальна гэтыя выканаўцы маглі быць з намі. Але не буду раскрываць усіх картаў. Глядзіце — і самі ўсё пабачыце.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Новае жыццё старажытных песень

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.08.2019 03:16:49

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.