::
2016.10.14 — Беларускае вяселле: традыцыі і забабоны / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Беларускае вяселле: традыцыі і забабоны
Спасылка
Дата публікацыі
14.10.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Нашы продкі зазвычай ладзілі вяселле ўвосень. Ураджай з поля сабраны, а свойская жывёла ды птушка за лета добра адкормлены. Значыць — вясельны стол будзе багатым. Прайшлі Пакровы, а калядны пост яшчэ не настаў. Таму весяліцца можна — хоць некалькі дзён. Смачна есці, спяваць песні, танцаваць, піць гарэлку...

Дарэчы, паводле традыцыі, на вяселлі гарэлкай маглі частавацца толькі госці. Маладым піць забаранялася — каб у будучыні не сталі п'яніцамі. Яшчэ больш пра адметнасці аўтэнтычнага беларускага вяселля на Полаччыне і Вілейшчыне гледачы тэлеканала «Беларусь 3» даведаюцца з праграмы «Наперад у мінулае». Чарговыя «вясельныя» выпускі выйдуць у эфір 16 і 23 кастрычніка, мы ж ужо сёння запрашаем нашых чытачоў разам са здымачнай камандай праекта і карэспандэнтам «Звязды» ў якасці гасцей пабываць на вяселлях у вёсцы Багатырская, што на Полаччыне, і ў горадзе Вілейка.


Тра­ды­цый­на ма­ла­дыя пад­час вя­сел­ля ся­дзяць на по­ку­ці, пад аб­ра­за­мі, г. Ві­лей­ка.

На добры век і здароўе

Вяселле ў традыцыйным стылі (ці хаця б з яго элементамі) — сёння рэч досыць модная. Усё больш маладых людзей імкнецца пабрацца шлюбам не толькі «па правілах», але і згодна з традыцыямі нашых продкаў. Вось і студыя народных традыцый і абрадаў «Краявід», што працуе пры Вілейскім краязнаўчым музеі, прапануе адмысловую паслугу — беларускае вяселле. Усе пажаданні-абрады, з якіх складаецца цырымонія, не выпадковыя. Іх сябры студыі карпатліва адшукалі ў літаратурных крыніцах, запісалі ў экспедыцыях, а мясцовыя спявачкі з задавальненнем вывучылі песні, характэрныя менавіта для Вілейшчыны. А многія з іх жанчынам помняцца яшчэ з маладосці.

Так, паводле традыцыі, ля парога хаты, дзе ладзіцца вяселле, маладых сустракаюць хлебам-соллю і пажаданнямі:

— Мы сустракаем вас з хлебам-соллю, а Бог няхай сустракае шчасцем і доляю. Пакланіцеся хлебу — нашаму абярэгу на ўсе вякі, і пацалуйце яго, каб жылі доўга і толькі разам. Будзьце прыгожыя, як ружы, багатыя, як зямля, здаровыя, як вада. Бласлаўляю вас жытам-бытам — на добры век, на добрае здароўе!

А вось якую песню здаўна спяваюць у Вілейцы, калі маладая разам з маладым заходзяць у хату:

Лятуць-лятуць два лебедзі цераз сад,

Вядуць-вядуць млоду Ніначку

на пасад.

Яна ж у нас пасадзіку не знала,

Яна ў свае роднай мамачкі пытала.

Да ад каго, мая мамачка, пасадзік?

Да не ад каго, мая дачушка, ад Бога,

Да каб не знала пасадзіку другога.

На стале, за якім сядзяць маладыя, усе прадметы маюць свой сэнс. Чырвонае віно — сімвал кахання, лубка з зернем і грамнічная свечка — абярэг новай сям'і. Здаўна ў беларусаў лічылася, што грамнічная свечка аберагае дом ад маланак, пажараў, таму і сям'ю яна будзе аберагаць ад нястач. Хлеб — сімвал багацця і дабрабыту. Дарэчы, маладым на стол клалі толькі адну лыжку — каб па жыцці яны заўжды ішлі разам.

Таксама на вяселлі маладыя маглі варажыць. Гэта апошні раз, калі дазвалялася дзяўчыне гадаць, каб даведацца пра будучыню сваёй сям'і. Па чарзе маладыя выцягваюць розныя рэчы з лубкі. Кожны з гэтых прадметаў таксама мае свой сэнс. Так, салома прадказвае, што малады будзе руплівы, а не такі гультай, як куль саломы. Лялька абяцае, што ў першы год сумеснага жыцця ў хаце маладых будзе калыхацца калыска. Зерне сведчыць пра дастатак у сям'і, а кветка сімвалізуе моцнае каханне паміж мужам і жонкай. Лыжка сведчыць пра тое, што малады будзе вельмі працавіты, але будзе шмат есці.

Ку­ры­ца — сім­ва­ліч­ны па­саг ад хрос­най. Гэ­та па­ча­так но­вай гас­па­дар­кі, в. Ба­га­тыр­ская.

Што за вяселле, калі няма дарэння!

Думаю, многія падчас вяселляў і ў нашы дні чулі жартоўныя пажаданні, якія госці часам кажуць, калі дораць маладым усялякія дробязі. Аказваецца, што такія падарункі рабілі і нашы продкі, суправаджаючы іх пажаданнямі. Так, на Вілейшчыне маладым кажуць:

— Дару вам зялёны ліст, каб нарадзіўся сын-гарманіст. І жадаю вам мець столькі сыноў, колькі ў хаце вуглоў. Дару нітак катушку, каб у сям'і былі і дачушкі. Жадаю мець столькі дачушак, колькі ў хаце падушак. Дару маладому клубок нітак, каб не круціўся ля чужых лытак.

А вось у вёсцы Багатырская, што на Полаччыне, падарункі дораць з такімі словамі:

— Дару вас абразам, каб усё жыццё пражылі разам. Дару вам абрус новы, каб былі ўсе здаровы. Дару маладому абцугі — каб не раслі ў яго рагі. Дару агурочкі, каб раслі ў вас добрыя дочкі, а сыны — як дубочкі. Дару аладкі — каб жонка была гладкай. Дару маладой пацеркі бярозавы — каб мужык заўсёды прыходзіў дамоў цвярозы.

Вяселле — не проста свята і забава. Гэта яшчэ сімвалічны этап пераходу дзяўчыны ў свет жанчын, нараджэнне новай сям'і. Як заўсёды ў беларусаў, у такія знакавыя моманты павінна было выконвацца мноства правілаў, існавалі і свае забабоны. Так, на Вілейшчыне нам расказалі, што калі маладыя першы раз разам заходзяць у хату, то маладая — паколькі яна ў доме новы чалавек — павінна цераз парог пераступіць, або малады мусіць яе перанесці. Нашы продкі лічылі, што пад парогам жывуць духі дома, якія аберагаюць хату. Такім чынам трэба паказаць духам, што маладая — ужо свая ў хаце. Таксама падчас вяселля важна правільна стаяць і сядзець: нявеста мусіць знаходзіцца злева ад жаніха.

Вясельны каравай нельга ламаць, кусаць, даваць частавацца гасцям. Маладыя яму павінны пакланіцца і пацалаваць, бо хлеб — гэта жыццё. З'есці яго можна ўжо пасля вяселля, але толькі мужу і жонцы. Падчас вяселля маладыя гарэлку могуць толькі прыгубіць, яны павінны выліць цэлыя кілішкі цераз левае плячо. Лічылася, што на левым плячы сядзіць чорт-спакуснік, а на правым — анёл-абаронца. Такім сімвалічным жэстам маладыя аддавалі чорту гарэлку, адмаўляліся ад яе і тым самым адганялі спакусніка. Дарэчы, садзіцца на дзяжу (сімвалічны абрад, што мусіць спрыяць нараджэнню дзяцей, узмацненню жаночай сілы) магла толькі нявінная дзяўчына. Калі ж здаралася так, што жанчына выходзіла замуж ужо цяжарная, то ёй нельга было падчас вяселля сядзець на покуці, пад абразамі.

Ма­ла­дыя ра­зам з гас­ця­мі, спя­ва­ю­чы пес­ні, кро­чаць па ву­лі­цы даха­ты, в. Ба­га­тыр­ская.

Лапці для цешчы

На Полаччыне вясельныя традыцыі таксама выконваюцца спрадвек. Іх захавальніцамі ў сучаснасці можна лічыць гурт «Голас спадчыны», што існуе ў вёсцы Багатырская з 1971 года. Дарэчы, маці Веры Пісюковай, заснавальніцы калектыву, была ў маладосці нянькай у дзяцей вядомага мастака Івана Хруцкага. За мілагучны голас ён узяў юную Яўгенію на працу, каб дзяўчына вучыла беларускім песням і яго дзяцей. І менавіта ад маці Вера Уладзіміраўна яшчэ ў дзяцінстве пераняла захапленне фальклорам, стварыла гурт «Голас спадчыны», якім кіравала амаль чатыры дзесяцігоддзі. На жаль, Веры Пісюковай ужо некалькі гадоў няма на гэтым свеце, але яе справа жыве і, спадзяюся, будзе жыць яшчэ доўга.

Старэйшыя ўдзельніцы «Голаса спадчыны» Галіна Бычкова і Ганна Жаркова кажуць, што і падчас іх вяселляў выконваліся мясцовыя традыцыі, разам з песнямі яны ідуць з даўніны. Так, маладая з маладым у суправаджэнні гасцей, спяваючы песні, ідуць да дома маладога. На парозе хлебам-соллю іх сустракаюць маці з бацькам, а госці спяваюць такую песню:

Адчыні, мамулька, ваконца.

Прывезлі нявесту, як сонца.

Адчыні, мамулька, новы тын,

Прывезлі нявесту, як твой сын.

Бацькі віншуюць маладых, жадаюць шчасця і здароўя новай сям'і і запрашаюць у хату. Але вяселле не можа пачацца без хроснай маці маладой. Яна выконвае важную ролю ў абрадзе: прыносіць нявесце сімвалічны пасаг — курыцу, якая стане пачаткам новай гаспадаркі маладой сям'і. Пры гэтым прынята курыцу ўсяляк хваліць, захапляцца яе прыгажосцю і казаць, напрыклад, што яна нясе па два яйкі на дзень. І толькі пасля запытання хроснай: «Бацька і маці, дазвольце вяселле пачаці» і іх адказу: «Калі Бог дазваляе, то і мы дазваляем» пачынаецца свята.

Падчас вясельнай бяседы трэба хваліць стравы, прыгатаваныя гаспадынямі, захапляцца прыгажосцю маладых, увесь час зычыць ім шчасця ў сямейным жыцці. Ну і, натуральна, крычаць традыцыйнае «Горка!», а таксама спяваць песні. Напрыклад, вось такую, пра свата:

А ў нашага свата багатая хата

Печка з масла збіта,

блінамі накрыта.

Блінамі накрыта, сырнікам зашыта.

Пасля адорвання маладых падарункамі іх запрашаюць да дзяжы. Гэта — пераход маладой у статус жонкі. Хросная кажа:

— Наступіў такі дзень, як панядзелак, і трэба адлучыць цябе ад дзевак.

А заўтра будзе такі дзень, як аўторак, і мы далучаем цябе да жонак.

Вяселле традыцыйна доўжыцца два дні. Гучаць песні, госці танцуюць, весяляцца. На Полаччыне разыгрываюць і вось такую сцэну. Маці маладой кажа, што ёй туфлі нацерлі ногі, але танцаваць вельмі хочацца. Зяця просяць, каб падарыў цешчы лапці і абуў ёй іх. Па тым, як абыходзіцца ў гэты момант зяць з цешчай, меркавалі, што так і будзе ставіцца да сям'і сваёй жонкі. Важна, каб падчас танца цешчы з зяцем лапці не ўпалі з ног.

Святкаванне заканчваецца, калі госці ўжо стаміліся есці, піць, спяваць і танцаваць. Заканчваецца вяселле песняй:

Пойдзём, госцейкі, дадому.

Паелі конікі салому,

А каля ракі — буракі,

А каля тыну — сноп аўса.

Вось калі, госцейкі, свадзьба ўся.

Сёння мы зазірнём і ў мінскую студыю праекта «Наперад у мінулае», дзе старажытныя вясельныя песні набываюць новае жыццё. Так, «Сізенькі галубчык» з Вілейшчыны падчас праграмы прагучыць у выкананні Віталя Пракаповіча, а новае жыццё застольнай песні з Полаччыны «Гарэлачка мая белачка» падарыў пост-рок гурт Re1іkt. Лідар гэтага калектыву Аляксандр Дземідзенка расказвае:

— Галоўнае, што мы хацелі, — зрабіць песню з гумарыстычным настроем, іранічную. Бо яна выконвалася як жарт. Працаваць было вельмі цікава. Некаторыя ідэі нараджаліся ўжо ў момант запісу (ці то вакальныя інтэрвалы, ці то звон чарак). Спадзяюся, што гэтую песню будзем выконваць на сваіх канцэртах, нам вельмі падабаецца выконваць народныя песні, якія апрацоўваем.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Прывезлі нявесту, як сонца...»

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 31.08.2019 15:32:19

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.