::
2016.12.23 — Як святкуюць Каляды на Шуміліншчыне і Гарадоччыне / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Як святкуюць Каляды на Шуміліншчыне і Гарадоччыне
Спасылка
Дата публікацыі
23.12.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

На працягу ўсяго снежня гледачы тэлеканала «Беларусь 3» разам з праектам «Наперад у мінулае» вандравалі па розных рэгіёнах Беларусі, вывучалі, як у нас калядуюць, а таксама збіралі святочныя калядныя песні. Сёння згадваем экспедыцыі ў Шумілінскі і Гарадоцкі раёны Віцебскай вобласці, куды разам са здымачнай камандай праграмы ездзіў і наш карэспандэнт. Думаецца, многія сем'і беларусаў ужо рыхтуюцца заўтра з'есці посную куццю, а ў нядзелю святкаваць напоўніцу. Таму нашы назіранні, парады і тэксты песень могуць сапраўды спатрэбіцца.

Поўны тэкст

На працягу ўсяго снежня гледачы тэлеканала «Беларусь 3» разам з праектам «Наперад у мінулае» вандравалі па розных рэгіёнах Беларусі, вывучалі, як у нас калядуюць, а таксама збіралі святочныя калядныя песні. Сёння згадваем экспедыцыі ў Шумілінскі і Гарадоцкі раёны Віцебскай вобласці, куды разам са здымачнай камандай праграмы ездзіў і наш карэспандэнт. Думаецца, многія сем'і беларусаў ужо рыхтуюцца заўтра з'есці посную куццю, а ў нядзелю святкаваць напоўніцу. Таму нашы назіранні, парады і тэксты песень могуць сапраўды спатрэбіцца.


Ка­ля­ду­юць удзель­ні­кі гур­та «Гуль­бі­чы» Шу­мі­лін­ска­га ра­ё­на.

Свята, якое яднае

Пачну, напэўна, крыху здалёк. Неяк мы з аднакласнікамі надумалі пакалядаваць. Пайшлі ў бібліятэку, узялі фальклорныя зборнікі, склалі сцэнарый, распісалі ролі. І ў вызначаны вечар група сямікласнікаў выправілася ў вялікую дарогу па вёсцы. Заходзілі да настаўнікаў, суседзяў, знаёмых. Пакалядавалі на славу, доўга елі прысмакі, якімі нас шчодра пачаставалі. Усім, да каго завітвалі, вельмі падабалася такое віншаванне з Калядамі, таму і на наступны год таксама вырашылі прадоўжыць традыцыю. І вось тады адбылася гісторыя, якая і сёння «жыве» ў нашай сям'і і ў сем'ях аднавяскоўцаў.

На той раз роля Казы дасталася мне. Я весела танцавала, падала — як мае быць, але ў адной з хат не надта добра агледзела «пляцоўку» для падзення і проста з усёй сілы, да зорачак у вачах, стукнулася галавой аб куфар. На шчасце, мы тады калядавалі ў кватэры галоўнага ўрача мясцовай бальніцы і яго жонкі, старшай медсястры. Таму хуткая дапамога Казе была аказаная, і групка калядоўшчыкаў зноў накіравалася па сваім маршруце.

Сёння дзіву даёмся, калі згадваем, што сямікласнікі самі арганізавалі калядаванне — без дапамогі настаўнікаў і бацькоў. Самі склалі сцэнарый, зрабілі касцюмы, вывучылі песні і падрыхтавалі патрэбны «рэквізіт». Але думаецца, што справа менавіта ў чароўнасці саміх Каляд, яны аб'ядноўваюць, настройваюць на згоду і лад у сям'і, калектыве, паміж сябрамі. Спрадвек у Беларусі абыходныя абрады, удзельнікі якіх заходзяць у хаты да суседзяў, сяброў, проста знаёмцаў, накладаюць істотны адбітак на ўсю вясковую грамаду. Тут вельмі важна не абмінуць хаты, усіх заўважыць і прывітаць, усім пажадаць шчасця і дабрабыту ў новым годзе. Вось таму падчас калядавання беларусы традыцыйна не скупіліся на добрыя словы, а гаспадары, якія прымалі і сёння прымаюць калядоўшчыкаў, — на пачастункі.

Ка­ля­доў­шчы­кі ка­лек­ты­ва «Спа­да­ры­ня» Бы­чы­хін­ска­га До­ма куль­ту­ры Га­ра­доц­ка­га ра­ё­на.

Го-го-го, Каза!

У розных рэгіёнах Беларусі Каляды святкуюць па-рознаму. На Лепельшчыне спраўляюць гульню «Жаніцьба Цярэшкі», на Бярэзіншчыне «Цягнуць Каляду на дуба», а на Клічаўшчыне праводзяць дзіцячы абрад «Куры». Але і гурт «Гульбічы» Шумілінскага Дома культуры, і калектыў «Спадарыня» Бычыхінскага Дома культуры Гарадоцкага раёна зладзілі для нас традыцыйнае, калі можна так сказаць, класічнае калядаванне. Абодва гурты аднавілі абрады, якія бытавалі ў гэтых мясцовасцях шмат дзесяцігоддзяў таму.

Цікава, што хоць Шуміліншчына і Гарадоччына мяжуюць, але і песні, якія спяваюць калядоўшчыкі, і звычаі крыху адрозніваюцца. Так, у Бычысе абрад больш імправізаваны, з выдатнымі мясцовымі спевамі, а на Шуміліншчыне вас чакае ледзь не цэлы калядны спектакль, які пачынаецца ўжо па дарозе да дома, дзе чакаюць калядоўшчыкаў. Падышоўшы да акна хаты, удзельнікі абраду звяртаюцца да гаспадыні:

— Гаспадынечка, сустракай гасцей!

— А хто ж вы такія будзеце, — мусіць запытацца яна. Ёй адказваюць вельмі паэтычна:

— Ідзём з таго краю свету ад самага пана Лета. Ідзём ад пана Года, які носіць бараду шырокую, як лапату, сіву ды калмату. А ці шырокія ў цябе, гаспадыня, сцены, каб нам патанцаваць?

У Бычысе калядоўшчыкі вітаюць гаспадароў песняй у двары, дзе згадваюцца імёны тых, да каго прыйшлі калядаваць. Таксама ў пачатку абраду спяваюць такую песню:

Ой рана-рана куры запелі

Святы вечар добрым людзям.

Куры запелі на тры празнічкі:

Першы празнічак — святое Раство,

Другі празнічак — свята Васіля,

Трэці празнічак — свята Хрышчэння.

Склад групы калядоўшчыкаў звычайна досыць традыцыйны. Паперадзе ідзе чалавек з зоркай у руках, з ім мусіць ісці Каза — сімвал старога і новага года. Цыган з цыганкай вядуць Мядзведзя, які будзе весяліць гаспадароў смешнымі сцэнкамі. Натуральна, у групе калядоўшчыкаў многа спевакоў, танцораў, могуць ісці таксама Дзед і Баба.

— Мы не самі ідзём, а Казу вядзём, — кажуць на Шуміліншчыне.

Каза мусіць красавацца перад гаспадарамі, кланяцца і танцаваць — каб жыта было многа ў наступным годзе. А калі некаму выпадзе магчымасць патанцаваць з Казой — таму ўвесь год будзе шанцаваць.

На Гарадоччыне гэты момант суправаджаецца адметнай песняй:

Го-го-го, Каза, го-го-го шэра,

Паварочайся, не забывайся

То на рожанькі, то на ножанькі,

То на капыцікі залаценькія.

Павярніся зграбна, пакланіся складна.

А дзе ж ты хадзіла?

А што ты рабіла?

Пасля танцаў Каза павінна ўпасці. Гэта сімвалічнае дзеянне паказвае смерць старога года і перараджэнне ў год новы. Таму і стараюцца Казу пачаставаць, абдарыць — каб год быў спрыяльным.

Паказвалі і Мядзведзя: ён рухамі паказваў, як гаспадыня цеста месіць, як дзеўкі глядзяцца ў люстэрка, на танцы збіраюцца. Як мужыкі на працу ідуць і як — з працы. Важнай часткай калядавання была сімвалічная варажба цыганкі. Сваю магічную сілу яна пацвярджае такімі словамі:

— Маю ў адной кішэні вош у капкане, а ў другой — блыху на цапу. Магу паваражыць, а магу і прываражыць.

Варажыла цыганка на картах ці на саломе. Калі гаспадар выцягне доўгую саломінку, то і ўраджай будзе добры. Але ў любым выпадку ўсе знакі яна інтэрпрэтуе як станоўчыя і суправаджае добрымі пажаданнямі:

— Першая радасць у дамочку, другая — у кашалёчку, а трэцяя — у чыстым полі, каб жыта радзіла.

Таму і не дзіўна, што пасля такіх выдатных пажаданняў, абрадавых дзеянняў, спеваў і танцаў з калядоўшчыкамі гаспадары імкнуліся іх абдарыць як мага больш шчодра і як мага ласкавей падзякаваць, што «завіталі, наш дом не мінавалі». Натуральна, калядоўшчыкі «падбухторвалі» гаспадароў спецыяльнымі песнямі. Напрыклад, як вось гэтая, якую мы пачулі на Шуміліншчыне:

Схадзі, бабка, каля печкі,

Пашукай нам перапечкі,

Схадзі, бабка, каля кваскі,

Пашукай жа там каўбаскі.

Вынесь сала, не скупіся,

Каб твой ячмень урадзіўся...

Традыцыйная культура беларусаў надзвычай шматгранная. Але менавіта ў абрадзе калядавання, як, дарэчы, і ў Велікодным валачаванні, хаваецца адна важная рыса нашага народа — імкненне ўсіх адарыць увагай, добрымі пажаданнямі, павіншаваць са святам і прынесці кавалачак радасці ў кожны дом, незалежна ад таго, заможныя гаспадары ў ім жывуць ці сціплыя, бяднейшыя.

У Беларусі і дагэтуль дзе-нідзе бытуюць прыкметы, звязаныя з Калядамі. Напрыклад, ад першага дня Каляд да Шчадраца (першага дня новага года па старым стылі) не пяклі хлеб і бліны, каб не было «пякоткі». Стараліся не разбіць у гэты час нічога з посуду, каб ён не біўся ўвесь год. Сабранае смецце не выкідвалі на сметнік, а збіралі і толькі пасля свята выносілі на балота. Верылі, што гэта дапаможа абараніць поле ад пустазелля. Асцерагаліся ў гэтыя дні пазычаць, каб свойская жывёла «не цягалася па вёсцы». А па тым, якога полу будзе першы, хто завітае ў госці на Каляды, меркавалі аб з'яўленні адпаведнага полу прыплоду ў гаспадарцы. Таксама маглі прадказваць, ці будзе здаровай сям'я: калі ў хату ў першы дзень Калядаў зойдзе мужчына — хварэць ніхто не будзе, а калі жанчына — нехта можа занядужаць.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Святы вечар добрым людзям»

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.09.2019 03:30:33

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.