::
2017.01.16 — Ганчар Уладзімір Бязрукаў: залатыя рукі і непаўторная кераміка / Sputnik Беларусь
Загаловак
Ганчар Уладзімір Бязрукаў: залатыя рукі і непаўторная кераміка
Спасылка
Дата публікацыі
16.01.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Масквіч Уладзімір Бязрукаў захоўвае на чорнай кераміцы беларускі нацыянальны арнамент.

Вольга Караленка, Sputnik.

За што атрымалі такое прозвішча продкі Уладзіміра Бязрукава, ніхто, вядома, ужо не прыгадае. А што яно поўнасцю супярэчыць уласцівасцям яго носьбітаў — ведала ўсё наваколле падмаскоўнага Пушкіна.

Дзед і бацька былі краўцамі кажухоў ды паліто. Да маці былыя кліенткі прыляталі за абноўкамі ажно з Сібіры. Ды і сам Уладзімір Іванавіч лёгка шыў спадніцы сваім маленькім дочкам. Потым, каб пабалаваць іх, ляпіў гліняныя цацкі-свістулькі, пераймаючы тэхніку каргапольскіх майстроў.

© SPUTNIK ОЛЬГА КОРОЛЕНКОВладимир Безруков за гончарным кругом

Дасканала асвоіў і фотасправу, а працуючы ў Бярэзінскім біясферным заказніку, рабіў унікальныя здымкі звяроў і прыроды.

Дарэчы, Уладзімір Бязрукаў неаднаразовы пераможца конкурсу на лепшы фотаздымак, які кожны год праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Любіць пасядзець і з дрэвам, выразаючы складаныя ўзоры. А на сцяне гасціннай у яго катэджы вісіць… лук. Сапраўдных памераў, не бутафорскі, з якім можна ісці на паляванне. А нядаўна жонка Алена Канстанцінаўна вычытала, што пры болях у суставах карысна па доме хадзіць у лапцях: нарыхтаваў ліпавага лыка і сплёў некалькі пар.

© SPUTNIK ВОЛЬГА КАРАЛЕНКАБязрукаў з акарынай

Любую справу, якой загараецца гэты майстар, ён дасканала асвойвае і становіцца прафесіяналам, хоць і ў катэгорыі аматараў.

Кацялок для цешчы як першы крок да посуду сярэднявечча

На выраб посуду з гліны натхніла цешча, якая прыехала з Мсціслаўшчыны і папрасіла зрабіць ёй кацялок для запарвання кашы ў печы. Так у майстэрні з'явіўся ганчарны круг, а ў тым кацялку і па сённяшні дзень гаспадары вараць гарбузянку.

"Натрапіў на жылу", — усміхаецца ганчар, паказваючы збанкі, гарлачы, талеркі, чайнікі. Розныя па формах і памерах, аднак літаральна ўсе з арнаментам і месячным бляскам, які робіць чорную, задымленую кераміку "металічнай".

Дасягаецца гэта выключна рукамі, марудным працэсам націрання выцягнутых з печы рэчаў. Таму і "жыла" ніякая не залатая, а духоўная, якая зусім не прыносіць карысці. Толькі задавальненне, радасць ад атрыманага. І не шкада часу ганчару на асваенне новых арнаментаў і тэхнікі, якую ўдасканальвае нават у сне. Так прыйшоў адзін са спосабаў надання бліскучасці, а таксама нанясення малюнка.

З АРХІВА У.БЯЗРУКАВАКераміка на ручніках

Асабіста мне вельмі падабаецца здымак самога ж Уладзіміра Іванавіча з выставы, дзе яго кераміка, і не толькі чорная, стаіць на ручніках прабабкі. Сімвалічна, паколькі формы і арнамент для сваіх талерак, збанкоў ён знаходзіў перш за ўсё у тых мясцінах, дзе жылі продкі яго і жонкі.

А потым вывучыў не адну кнігу, пазнаёміўся з рознымі формамі керамічнага посуду, арнаментамі, пераздымаў, каб скапіраваць і дакладна перанесці на выпуклую паверхню.

© PHOTO : З АРХІВА У.БЯЗРУКАВАКалекцыя старой керамікі Бязрукава

"Вунь гэты збан з Кубліч Ушацкага раёна, а вось такія гарлачы распаўсюджаны на Мсціслаўшчыне, форму гэтай патэльні я пераняў з музея археалогіі ў Сафійскім саборы. А гэты чайнік знайшоў у сметніку ў Арэхаўне. Па іх формах і раблю свае рэчы", — паказвае ганчар фотаздымак са старым посудам, аналагі якога стварылі новую выставу.

Зараз ён можа растлумачыць любы малюнак, да арнаментаў падыходзіць асэнсавана. Невыпадкова сярод мноства заваяваных ім дыпломаў пераважная большасць — за аднаўленне народных рамёстваў.

Прафесіянал сярод аматараў

Не так даўно Уладзімір Бязрукаў дэманстраваў сваю калекцыю ў Полацкім цэнтры рамёстваў. Выстава чорнага посуду, як заўсёды, прыцягвала гледачоў, а супрацоўнікі цэнтра падзівіліся, што масквіч так дакладна перадаў беларускі арнамент.

© SPUTNIK ВОЛЬГА КАРАЛЕНКАЧорная кераміка Бязрукава

Там жа да яго паступіла вельмі сур'ёзная прапанова: паспрабаваць аднавіць па рэштках гліняныя рэчы, якія захоўваюцца ў музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.

Тэхнікай старадаўняга ганчарства валодаюць нямногія, ці можна сказаць практычна адзінкі. Ды і Уладзімір Іванавіч пакуль не рашыўся на сур'ёзны праект. "Трэба пранікнуцца эпохай, тым часам, многа перачытаць і ўдакладніць. А галоўнае, пакуль не адчуваю голасу душы". А ён практычна ўсё робіць па закліку сэрца.

"Ён нешта ведае, нешта ведае", — падбягаў раз-пораз да выставы Бязрукава пажылы ганчар з Глыбокага, вельмі моцна ўсхваляваны непаўторнай тэхнікай.

© SPUTNIK ВОЛЬГА КАРАЛЕНКААрнамент на кераміцы

Чорную кераміку, канечне, робяць і іншыя майстры, аднак у кожнага яна свая, адметная. І канкурэнцыі, як кажа ўшацкі ганчар, абсалютна ніякай. Малады майстар з Наваполацка, напрыклад, робіць сучасныя рэчы, у яго чыста камерцыйны праект на продаж. Уладзімір Іванавіч, наадварот, не прадае нічога.

Яго калекцыя захоўваецца ва Ушацкім Доме рамёстваў, больш новая — дома, ну і адзінкавыя рэчы падараваны сябрам, такім жа майстрам. Набор да спіртнога, праўда, трапіў у Германію, яго перадаў у якасці падарунка ад дэлегацыі Ушацкага раёна.

© SPUTNIK ОЛЬГА КОРОЛЕНКОБезруков с самодельной скрипкой из глины

Сярод новых керамічных рэчаў ёсць зусім унікальныя. Гэта скрыпка, несапраўднасць якой асэнсавала, толькі ўзяўшы ў рукі — больш цяжкая. А таксама акарына — гліняная свістковая флейта, здольнасці якой гаспадар таксама прадэманстраваў. Хаця ўнікальны тут літаральна кожны прадмет, крэатыўны, як і іх гаспадар.

Цікавая размова адбылася ў яго падчас выставы на Днях горада Мінска. Падышоў мужчына і, разгледзеўшы кераміку, з упэўненасцю сказаў: "Вы заканчвалі майстэрню ганчарства Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў". А калі даведаўся, што Уладзімір Бязрукаў ганчарству нідзе не вучыўся (па прафесіі ён тэхнік-тапограф), прамовіў — такога проста не можа быць.

Што ж, сваёй творчасцю ён разбівае стэрэатыпы, даказваючы, што сапраўдныя прафесіяналы ёсць і ў катэгорыі аматараў.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.02.2020 01:37:00

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.