::
2017.01.04 — Новы год і Каляды ў народных традыцыях Міншчыны / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Новы год і Каляды ў народных традыцыях Міншчыны
Спасылка
Дата публікацыі
04.01.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

З гісторыі календара

         Словы “каляндар” і “Каляды” паходзяць ад лацінскага “calendae” — першы дзень месяца. Таму перш за ўсё пра каляндар, па якім мы жывём. На працягу ўсёй сваёй гісторыі чалавецтва ўдасканальвала меры часу. У 46 годзе да нашай эры у старажытным Рыме імператар Юлій Цэзар здзейсніў рэформу ў летазлічэнні, і Новы год сталі адзначаць 1 студзеня, а працягласць года склала 365, 25 сутак. Эра пры гэтым вызначалася “ад стварэння свету”, і пачыналася новая эра ў 5508 годзе. Значыцца, 2017 год фактычна будзе 7525 годам ад стварэння свету.

         У VIII стагоддзі была прынятая новая эра — ад дня нараджэння Ісуса Хрыста 25 снежня па старым стылі або 7 студзеня па новым стылі. Юліянскі каляндар адставаў ад астранамічнага года, таму ў 1582 годзе рымскі папа Грыгорый XIII правёў рэформу, і яго каляндар, які назвалі грыгарыянскім, стаў больш дакладным. Цяпер усе краіны ў міжнародных адносінах карыстаюцца сонечным грыгарыянскім календаром. Аднак ва ўнутраным і рэлігійным жыцці некаторыя ўжываюць месяцавыя і сонечна-месяцавыя календары. Так, у Паўднёва-Усходняй Азіі — сонечна-месяцавы каляндар вядзе летазлічэнне не стагоддзямі, а цыкламі па 60 гадоў, а кожны цыкл складаецца з шасці 10-гадовых і адначасова пяці 12-гадовых перыядаў. Цікавыя народныя традыцыі цыклічнага календара захаваліся ў Кітаі, Японіі, В’етнаме, Бірме. Месяцавыя календары зберагліся ў мусульмансіх краінах. Сярод сонечных календароў вядомыя старажытнаегіпецкі, кумранскі, індзейцаў племя майя і іншыя.

         У Расіі доўга існаваў юліянскі каляндар, які прадпісваў адзначаць Новы год вясной, затым восенню. 20 снежня 1700 года выйшаў указ Пятра I: “впредь лета счислять в Приказахъ и во всякихъ делахъ и крепостяхъ писать съ нынешняго Генваря съ 1 числа отъ Рождества Христова 1700 года… учинить некоторыя украшения отъ древъ и ветвей сосновыхъ, еловыхъ и можжевелевыхъ”. Пэўна, ад гэтага часу вядзецца пачатак выкарыстання навагодніх ёлак і хвойных упрыгожанняў. Аднак у гарадское асяроддзе беларусаў заходнія традыцыі выкарыстання ёлкі маглі трапіць з Германіі і раней за указ Пятра I ў Расіі. 

         Шмат звестак пра каляндар захоўваюць беларускія рукапісныя кнігі X-XVIIIстагоддзяў. Першы беларускі друкаваны каляндар быў выдадзены ў 1587 годзе. А ў Расіі — у 1699 годзе ў сувязі з рэформай Пятра I.

         У старажытнасці ўсходнія славяне мелі рэчыўныя календары —  на сасудах, драўляных брусках спецыяльнымі ўмоўнымі знакамі абазначалі дні свят і ігрышчаў. Земляробчыя святкаванні Новага года вядомы вясной, летам, восенню і зімой, яны звязаны з летнім і зімовым сонцастаяннем, восеньскім і веснавым раўнадзенствам. Да паловы XVI стагоддзя Новы год у немцаў пачынаўся з 25 снежня, у славян — з 1 сакавіка, у французаў да 1566 года — ад першага дня Вялікадня, у Англіі да 1752 года — з 26 сакавіка. Яўрэі і цяпер адзначаюць Новы год прыблізна 21 верасня, а кітайцы прыблізна 1 лютага. Праваслаўны царкоўны Новы год пачынаецца з 1 верасня, а каталіцкі — ад першай нядзелі Адвенту каля 1 снежня. Грыгарыянскае летазлічэнне і пачатак Новага года з 1 студзеня ў беларусаў пачаліся з 1583 года, калі быў выдадзены новы каляндар, што надоўга ўнесла шмат блытаніны і спрэчак у жыццё грамадства. І цяпер не без праблем: мы святкуем Ражаство і Новы год, а таксама Вялікдзень двойчы, арыентуючыся на тое, што ў нас самыя вялікія па колькасці — гэта праваслаўная і каталіцкая канфесіі.

            Замест ёлкі — саламяны павук, а на вокны — выцінанка як абярэг

         Людзі старэйшага ўзросту яшчэ ў 90-я гады XX стагоддзя расказвалі, што перад Калядамі засцілалі падлогу ў хаце саломай і падкідалі яе да столі, каб у новым годзе такімі высокімі выраслі каласы, каб сабраць багаты ўраджай. Салому клалі пад абрус каляднага стала, а потым ёю абвязвалі пладовыя дрэвы або неслі ў поле. Салома як абмалочаная, нежывая расліна, якая мае патэнцыю адраджэння, звязвалася з культам продкаў.

         У беларусаў і зараз захаваўся звычай да Каляд і Вялікадня рабіць саламянага павука ў выглядзе сонца або зоркі, ромба як сімвала ўрадлівасці і плоднасці. Павука падвешвалі над сталом у Чырвоным Куце. А яшчэ да Каляд у вёсках рабілі з паперы або паркалю фіранкі на вокны, выстрыгаючы на іх узоры (выцінанка), што захавалася да нашага часу ў звычаі вырабляць сняжынкі на вокны да навагодніх свят. Увогуле, пляценне паукоў і выцінанка ў Беларусі развіваюцца як віды народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Вілейцы традыцыйна праводзіцца свята-конкурс “Саламяны павук”, а ў Маладзечна стварылася цэлая школа майстроў выцінанкі. Штогод Беларускі саюз майстроў народнай творчасці ладзіць рэспубліканскую выставу “Калядныя ўзоры”, на якой дэманструюць свае новыя творы.

          Калядныя варожбы

         Каляды пачыналі новы год, таму сімволіка пачатку, першага дня ў новым этапе жыцця, лічылі, распаўсюджваецца на ўвесь год: “Як сустрэнеш Новы год, так яго і пражывеш”. Да прыкладу — некалькі прыкмет і дзеянняў.

         Дзеўка на выданні, якая варажыла на свой лёс, выходзіла на вуліцу і пыталася імя першага стрэчнага мужчыны: такім жа будзе імя яе мужа. А калі дзевак збярэцца некалькі, абдымалі плот рукамі і лічылі — цот ці лішка. Тое самае — з ахапкай дроў. Выпадзе цот — будзеш у пары ў гэтым годзе. Бегалі пад вокны слухаць, што кажуць у хаце. Калі пачуюць “сядзь”, то год будзеш сядзець у дзеўках, а калі нехта скажа “ідзі”, то пойдзеш замуж. А то хапала дзеўка з патэльні першы блін і бегла на вуліцу, слухаючы, дзе забрэша сабака — у той бок замуж пойдзе. Ці пакладуць дзяўчаты аладкі і паклічуць сабаку: чыю першую з’есць, тая першай замуж пойдзе. Прыносілі пеўня і кармілі такім жа чынам зернем, расклаўшы кучкамі. Варажылі вечарам і ноччу, і ў кожнай вёсцы былі нейкія свае асаблівыя звычаі і прыкметы далейшага лёсу. 

         А ўвогуле уся сям’я варажыла падчас традыцыйнай вячэры-куцці, выцягваючы з-пад абруса сцяблінку сена або саломы: доўгая прадказвала гаспадарам і іх дзецям, што лён уродзіцца доўгім, а старыя людзі глядзелі, ці доўгім будзе іх век. У Нясвіжскім раёне памятаюць, як бацькі прыносілі ў хату і ставілі на покуць абмалочаны першы зажыначны снапок жыта (называлі яго “калядка”), там ён стаяў усе Каляды. Амаль паўсюдна клікалі Мароза: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці! Цяпер прыбывай, а летам не бывай, бо я цябе пугаю засяку!”. Рэшткамі куцці ў першы дзень года кармілі курэй у абручыку, каб не сыходзілі з двара, а сена неслі кароўцы. На гэтым сене, з якога рабілі як бы гняздо, на покуці стаяла куцця ў гаршку, на ёй бохан хлеба. Усё было сімвалічна, значна, праграмавалася жыццё кожнага на цэлы год, а для сям’і — дабрабыт, здароўе і шчасце.

          Калядныя абыходы

         З даўніх-даўніх часоў захаваўся звычай абыходаў вёскі з каляднымі песнямі, віншаваннямі, найлепшымі пажаданнямі і магічнымі дзеяннямі. Хадзілі ў першы або таксама і на другі дзень Ражаства — 7 і 8 студзеня, на Шчодры вечар 13 студзеня ў ноч і раніцай 14 студзеня. Каталікі хадзілі па сваім календары 25 снежня і на Вадохрышча — іх абрад называўся “Тры каралі”. У розных месцах абыходы ў праваслаўных называліся па-рознаму: “у казлы хадзіць” (казла або казу і іншых персанажаў абраду вадзілі мужчыны, хлопцы), калядаваць (на Ражаство) або шчадраваць (на Шчодры вечар), у шчадрухі хадзіць (як правіла, гэта быў жаночы гурт спявачак), “хадзіць з калядою (або па калядзе)”, “хадзіць з батлеяй” і інш.

         Як правіла, гурты складаліся па ўзросту — мужчынскія, жаночыя, хлапечыя, дзявочыя, дзіцячыя. Дзеці першымі бегалі на Ражаство і вечарам перад Новым годам з каляднай зоркай, а потым раніцай на Васілле ў першы дзень новага года 14 студзеня. Яны спяваць яшчэ добра не ўмелі, таму больш прамаўлялі вершыкі накшталт такога: “Калядзін, калядін, я ў бацькі адзін. Мяне бацька паслаў, каб я грошай сабраў”. Калядоўшчыкі і шчадравальнічкі рухаліся па сонцу, не мінаючы ніводнай хаты, каб нікога не пакрыўдзіць. А песні спявалі гаспадару і гаспадыні, жадаючы ім прыплоду ў гаспадарцы, багатага ўраджаю і шчасця-долі іх дзецям. Для іх нежанатых сыноў і незамужніх дочак — асобныя песні. Але, перш чым пачынаць абрад, пыталіся дазволу, бо ў хаце мог быць хворы або сям’я знаходзілася ў жалобе. І калі ў большасці вёсак абыходы з маскамі адбываюцца на Шчодры вечар, то ў Скірмантава Дзяржынскага раёна калядуюць традыцыйна 7 студзеня (раней на Міншчыне было шмат такіх мясцін). У Пухавіцкім раёне ў вёсцы Седча  спявалі такую песню-калядку:

“Будзь, ваша, здароў, як рыжык бароў! Май торбу грошай, жыві ў раскошы. Май усяго даволі, а бяды ніколі. Стары год канчаем, новы зачынаем —

 з ранняю вясною, з буйнаю травою, збожжам каласістым,

з зернем ядраністым, з цёплым летам, ды громам пры гэтым,

з сонейкам ясным, з долечкай шчаснай. Эй, Каляда, Калядзіца!”

(апошні рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка)

 

          Калядны карнавал

         Маскі падчас калядных абыходаў былі розныя ў розных вёсках. Гэта Звяздар і Механоша, Дзед і Баба ў старым саматканым адзенні, якія  сімвалізавалі продкаў. Дзед вёў Казу — сімвал плоднасці нівы. А часам Каза ішла сама, ды яшчэ і ўмела не толькі бляяць, а і гаварыла. Бывала, што вадзілі Казла і нават Казу і Казла ў пары. Баба засявала зернем хату. Вадзілі Мядзведзя, Каня. Каня, пакрытыя посцілкай, прадстаўлялі два хлопцы. Першы надзяваў маску Каня на галаву, а другі трымаў яго за пояс, сагнуўшыся. Як правіла, гэтыя маскі вёў Цыган, які муштраваў Мядзведзя, што парадзіраваў жыхароў вёскі. А калі Цыган ішоў з Канём, то прадаваў яго гаспадару, разыгрываючы сцэнку з Цыганкай. Яна лічыла грошы, варажыла, трымаючы на руках дзіця (ляльку-згортыш). Жорава паілі і кармілі, жартуючы, і таксама разыгрывалі з ім розныя сцэнкі.

         Калядны карнавал Міншчыны багаты і разнастайны, у ім найбольш поўна адлюстроўвае традыцыі гэтага рэгіёна, а ў некаторых вёсках — традыцыі, характэрныя для суседніх этічных рэгіёнаў. Можна сказаць, што тут захоўваюцца ўзоры усіх асноўных калядных традыцый на Беларусі. Нездарма тут тры віды абрадаў маюць статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў, а яшчэ напагатове традыцыйная абрадавая гульня “Ката пячы”. Пад ахову дзяржавы ўзяты абрад “Шчадрэц” з вёсак Рог і Восава Салігорскага раёна, з вёскі Новіны Бярэзінскага раёна — абрад “Цягнуць Каляду на дуба”, прысвечаны заканчэнню калядных святкаванняў, а вядомыя “Калядныя Цары” з Семежава Капыльскага раёна знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА.

         Семежаўскія “Цары” прадстаўляюць узор народнай драмы “Цар Максімільян” і калядна-навагодні карнавал з маскамі: сям “цароў”, сярод якіх цар Мамай, цар Максімільян, Іван Грозны, цар Задонскі, Нямецкі і іншыя, Лекар, Дзед і Баба, музыкі з барабанам і трубой. Абрад быў адноўлены ў 1997 годзе мясцовымі хлопцамі — вучнямі і выпускнікамі школы, і з тых пор пастаянна ўзнаўляецца, дзякуючы ўспамінам мужчын старэйшага пакалення, якія спраўлялі гэты абрад у маладосці.

         А ў вёсках Рог і Восава Салігорскага раёна гэта ўжо класічная палеская традыцыя ваджэння Дзедам і Бабай Казы, Каня, Жураўля, таксама ў гурце абавязкова Цыган з Цыганкай, Механоша і Звяздар, шчадрухі-спявачкі і музыканты. Абрад захаваўся, дзякуючы Васілю і Таццяне Хаміцэвічам, якія збіралі ў сваёй хаце вячоркі і захоўвалі калядныя маскі. Іх аднавясковец Мікалай Мікалаевіч Хаміцэвіч шмат гадоў хадзіў за Дзеда, бо ў яго быў даўгі руды кажух. Берасцяную маску (можа, такая адна ў Еўропе захавалася з пракаветных часоў у жывым абрадзе!) для яго змайстраваў у свой час Сцяпан Емяльянавіч Хаміцэвіч, а потым і сам ён зрабіў такую маску, бо навучыўся ў дзяцінстве ад бацькі рабіць туяскі, затым перадаў тэхналогію вырабу маскі настаўніку з в.Восава Аляксандру Леанідавічу Дубіцкаму. Цяпер ён ходзіць за Дзеда, а маскі ў абрадзе служаць яшчэ тыя, што захаваліся ад дзеда Васіля і Бабы Тані. Калі яны былі маладыя, усе маскі зрабіў для іх Даніла Ільюшчыц. А ўвогуле вялікая заслуга ў тым, што захавалася жывая традыцыя гэтага абраду, належыць кіраўнікам фальклорнага гурта “Палескія крыніцы” Валянціне Саротнік і Валянціне Цяляк. Вось так з пакалення ў пакаленне перадаецца традыцыя. Гурт мае дзіцячы калектыў-спадарожнік, які ўдзельнічае ў абрадзе.

            Такую ж старажытную традыцыю захоўвае сям’я Ніны Клімовіч з вёскі Новіны Бярэзінскага раёна. Тут 21 студзеня тыя, хто шчадраваў на стары Новы год, праводзяць абрад “Цягнуць Каляду на дуба”. Каляда — гэта абмалочаны зажыначны снапок, якому надаюць выгляд жаночай іпастасі і вязуць на саначках да дуба, што адзінока стаіць у полі. Каб да наступнага лета зберагаў пасевы і садзейнічаў добраму ўраджаю. На дуба ўсцягваюць драўлянае кола — каб буслы вяліся. А на кола ставяць гліняны гаршчок з кашай-куццёй — ахвяру душам продкаў. Пасля абраду адбываецца сумесная пагулянка ў складчыну . Танцы, музыка, спевы гучаць да позняга вечара. Для ўсёй вёскі і Бярэзіншчыны гэта самае адметнае свята. Яго адрадзіла Ніна Клімовіч у 1998 годзе, бо памятала з дзяцінства, як гэта адбывалася. І са сваімі сынамі і нявесткамі, іх раднёй, унукамі — карацей, усім родам яны трымаюць традыцыю абраду, які некалі праводзіўся ва ўсіх вёсках Бярэзінскага раёна.

         Калядныя вячоркі, гульні, ігрышчы

         На Каляды нельга было нічога рабіць, асабліва вечарам, бо калядныя вечары лічыліся святымі. Можна было прасці толькі на досвітку. А так моладзь збіралася як правіла ў тую хату, дзе ў Піліпаўку пралі. Наймалі ў складчыну музыкаў і танчылі. Паміж танцамі гулялі ў фанты, золата, кальцо, холадна-горача, у яшчара, падушачку, загадвалі загадкі, жартавалі. Ды і дарослыя сямейныя пары часам збіраліся на ігрышчы ўскладчыну: мужчыны прыносілі выпіўку, а жанчыны закуску. У Вілейскім і Лагойсім раёнах у некаторых вёсках спраўлялі ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі”, характэрнае для Віцебшчыны, дзе гэтае ігрышча замяняе калядны карнавал.

         Аднак на Міншчыне існаваў і калядны карнавал, і свая традыцыя ігрышча, адметная ад “Жаніцьбы Цярэшкі”. Гэта менавіта ігрышча “Ката пячы”. Зараз жывую традыцыю захоўваюць у аграградку Скірмантава Дзяржынскага раёна мясцовыя калектывы “Сваякі” і “Весялухі”, аснова якіх — род Рэдзько з вёскі Грынкевічы. Першы раз збіраюцца перад Піліпаўкай 27 лістапада на вячэру ў складчыну. Танцы, гульні, песні і жартачкі гучаць, пакуль пячэцца Кот — адмысловае фігурнае печыва ў выглядзе частак цела ката, якія пэўным чынам мацуюць паміж сабой і падвешваюць да столі насупраць Чырвонага кута. Нясуць урачыста: “Ад печы да кута нясём лысага ката!” Едуць да Ката на вілках, кажучы: “Ад парога да кута еду да лысага Ката. Цап за Ката!” Смяяцца і хапаць печыва рукамі нельга, хоць астатнія стараюцца рассмяшыць гульца. Хвост у Ката з каўбасы, і хто зможа пад’ехаць да яго, падскочыць і адкусіць хвост, атрымае печыва, каб падзяліць паміж усімі прысутнымі. Як на вяселлі дзеляць каравай, выказваючы свае пажаданні ў рыфмаванай форме, так і падчас дзяльбы Ката кажуць: “Даю табе кавалачак са спінкі, каб у цябе добра вяліся свінкі, а табе — лапку, каб не любіў чужую бабку…”. А нехта крычыць: “Мне дайце хутчэй хвост, бо наступіць хутка пост!”

         У розных раёнах Міншчыны спраўлялі такое ігрышча на Каляды і часам нават перад Вялікім постам. Можна думаць, што гэты перыяд — ад посту да посту — быў прысвечаны падбору новых сямейных пар. І садзейнічалі гэтаму падчас такой абрадавай гульні ўсе жанатыя пары. Часам нежанатая моладзь гуляла асобна. Але сутнасць у тым, што пры гэтым абавязкова было печыва ў выглядзе ката. Пэўна, у даўнія часы быў нейкі міфалагічны вобраз або татэм, якому ахвяравалі пірог з яго выявай, дзяльба якога азначала надзяленне кожнага шчаслівай доляй у шлюбе.

 

 Рэгіна Гамзовіч,

філолаг, журналіст,

грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.10.2019 11:50:46

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.