::
2017.01.04 — Беларускія Каляды сустракае і Масква / "Голас радзімы", газета
Загаловак
Беларускія Каляды сустракае і Масква
Спасылка
Дата публікацыі
04.01.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

Фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Кірмаш” цікава паказаў беларускія Калядныя этнаграфічныя праграмы на выставе народных промыслаў у Расіі. Там жа прэзентаваліся рэканструяваныя народныя строі.

Поўны тэкст

Фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Кірмаш” цікава паказаў беларускія Калядныя этнаграфічныя праграмы на выставе народных промыслаў у Расіі. Там жа прэзентаваліся рэканструяваныя народныя строі.

Ірына Капчынская (злева) і яе ансамль “Кірмаш” на адным з выступленняў у Маскве

 

Хочацца падзяліцца з чытачамі “Голасу Радзімы” навіною, якая сведчыць: у Маскве жывуць беларускія традыцыі. А зберагаем іх мы, беларусы Масквы. Вось і напрыканцы 2016 года на сцэне ХХІ выставы-кірмашу народных промыслаў “Ладья” — “Зимняя сказка” прагучалі старадаўнія беларускія песні. Іх выконваў наш Беларускі фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Кірмаш”. Выстава праходзіла пад эгідай Міністэрства культуры Расіі. Мы атрымалі магчымасць публічна паказаць этнаграфічную беларускую праграму “Тыдзень, тыдзень да Каляд…” якраз у Варварын дзень: 17 снежня.

 

Нехта запытае: чаму ад 17 снежня тыдзень да Калядаў? Праваслаўныя ж хрысціяне, як вядома, адзначаюць Раство Хрыстова з 6 студзеня... І тут да месца будзе прыгадаць: Каляды ў народнай традыцыі — гэта свята ўшанавання Сонцы. У інтэрнэце чытаем: “3 даўніх часоў Сонцу як адзінай крыніцы цяпла і жыцця на Зямлі розныя народы надавалі пэўнае значэнне: па Сонцы звяралі час, да яго поўнага кругавароту вакол Зямлі прымяркоўвалі гадавыя календары, а ў нашых продкаў-язычнікаў сонейка ўвогуле ўшаноўвалася як адно з галоўных бостваў”. Яшчэ даследчыкі даўніны сцвярджаюць: у язычніцкай рэлігіі вярхоўным Богам лічыўся Сварог — Бог неба. Таму і ягоныя дзеці, што былі стаўленікамі паміж людзьмі і Богам-бацькам, называліся сварожычы: гэта Сонца альбо Даждзьбог, а таксама Хорс — сонечны агонь ды яшчэ Пярун — маланкавы агонь.

 

З ушанавання Сонца бяруць пачатак Каляды. І спрадвеку на Беларусі перыяду зімовага сонцастаяння надавалася значэнне часу, калі пачынаў адраджацца на новы віток жыцця Бог-Сонца. І тут не трэба й развагаў, каб заўважыць, з якога канкрэтна часу й цяпер павялічваецца дзень, з якога часу сонца з кожным днём усё вышэй падымаецца над небасхілам: з 25 снежня! У гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці ды святкаванні, якія ў славян з часам замацаваліся пад агульнаю назвай: Каляды. Прычым язычніцкія Каляды раней не мелі аніякага дачынення да святаў хрысціянскіх. І, такім чынам, калі ўжо шанаваць народныя традыцыі, калі святкаваць менавіта Каляды, то варта аддаваць даніну павагі менавіта Сонцу. Так што і этнапраграма “Тыдзень, тыдзень да Каляд…” была да месца якраз 17 снежня.

Малюнак Алега Карповіча

 

 

І яшчэ адна падзея, 40-гадовай даўнасці згадваецца з нагоды нашага выступлення. Нам вядома, што традыцыйная беларуская песня з Гомельшчыны гучала ў Маскоўскім Доме кампазітараў 4 снежня 1976 года — у праграме фальклорнай секцыі Дома кампазітараў “Мясцовыя формы рускага вакальнага шматгалосся”. Можа, нехта мяне паправіць, але падаецца, што з таго часу й не было такіх прэзентацый беларускага аўтэнтычнага фальклору ў Маскве… Як бачым, у 1976-м песні з Гомельшчыны выдаваліся за “мясцовыя формы рускага вакальнага шматгалосся”. “Якія ж мы рускія?” — не разумелі тады нашы беларускія бабулькі з Веткі ды Неглюбкі. Дзеля гістарычнай праўды патлумачым: у тых мясцінах і сапраўды па гэты час жывуць нашчадкі старавераў, былых бежанцаў з цэнтральнай Расіі. Культура старавераў аказала ўплыў на мясцовых жыхароў, тое бачна і па матэрыялах Веткаўскага музея народнай творчасці. Аднак гэта не азначае, што на Гомельшчыне да старавераў была нейкая культурная пустка. І тым больш недапушчальна гаварыць пра багатую культуру ўсходніх рэгіёнаў Беларусі як “мясцовыя формы” рускай: ці то ў песнях, ці то ў танцах, ці то іншых формах народнай творчасці.

 

Сама я нарадзілася ў расійскай сталіцы, і бацькі мае масквічы, а дзядуля — карэнны беларус. І цікавасць да роднай беларускай культуры ў мяне, як кажуць, у крыві. А чуць мне ў Маскве даводзілася і такое: паколькі, маўляў, у Ветцы і ў тым паўднёвым рэгіёне Беларусі ў многіх стараверскія родавыя карані, то гэта дае права расейцам казаць, быццам Гомель — зямля спрадвечна руская. І было такое: маскоўскі ансамбль “Народный праздник” у сваім праекце “Похороны стрелы” падае палескую традыцыю як “исконно русскую” (хоць яна — з беларускай Гомельшчыны) і навучае народным спевам усіх жадаючых, а пры тым проста калечыць беларускія словы. Выйшаў і аўдыёальбом, дзе спрадвечна беларускія песні падаюцца як рускія. На мае заўвагі мне гора-артысты заяўляюць: “Какая разница!” Тым, хто такой розніцы не адчувае, можна параіць заняцца самаадукацыяй.

 

І яшчэ пра падзею той, 40-гадовай даўнасці. У памяць пра тых спявачак, у імя зберажэння адметнай беларускай культурнай спадчыны я рэканструявала ўжо чатыры народныя строі з рэгіёнаў Гомельшчыны і прэзентавала іх у Маскве. Праведзена рэканструкцыя па матэрыялах Міхася Раманюка. Плануем мы адзначыць у 2017-м і юбілей гэтага знакамітага даследчыка.

 

Ірына Капчынская, мастацкая кіраўніца Беларускага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Кірмаш”

 


Ад рэдакцыі.

Песні з Гомельшчыны: гэта беларуская культурная спадчына ці “какая разница”, як лічаць некаторыя? У дзейнасць беларускіх суполак замежжа натуральным чынам уваходзяць элементы культуры тых народаў, дзе нашы супляменнікі жывуць. А ў беларускіх песнях, танцах, у “касцюмных” справах, якімі займаецца Ірына Капчынская, вельмі важныя дакладнасць і ўдумлівасць. Бо з народнымі беларускімі ўборамі ў шэрагу суполак замежжа, іх творчых гуртоў не ўсё добра атрымліваецца. Тое відаць і па здымках, што трапляюць у рэдакцыю... І ў Беларусі ёсць нямала спробаў у гуртоў, салістаў рознага кшталту выходзіць на сцэну быццам бы “а-ля народ”, не ўнікаючы ў адметнасці народных традыцый. Часам бачыш на артыстах проста вульгарную прафанацыю, а не народныя строі. З безгустоўным, грубым, нетыповым для беларусаў змяшэннем стыляў, колераў, крояў... Таму й важна, каб нехта, ведаючы традыцыі, мог камусьці нешта падказаць, ды і сам падаць прыклад іншым. І за такую дзейнасць Ірыне Германаўне, яе паплечнікам — наша ўдзячнасць.

 

Дарэчы, у 2015 годзе Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў Ірыну Капчынскую медалём Францыска Скарыны: за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне культурных сувязяў паміж Беларуссю і Расіяй.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.11.2019 03:54:13

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.