::
2014.02.10 — Танцавальная вечарына ў в. Бацэвічы Клічаўскага раёна 7 лютага 2014 г. / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Танцавальная вечарына ў в. Бацэвічы Клічаўскага раёна 7 лютага 2014 г.
Спасылка
Дата публікацыі
10.02.2014
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

У в. Бацэвічы Клічаўскага раёна 7 лютага адбылася танцавальная вечарына. Гралі ўдзельнікі мінскай капэлы “На таку” разам з мясцовымі музыкамі Уладзімірам Іосіфавічам Аляксандровічам (жыве ў в. Клічаўскія Пасёлкі) і  Дзмітрыем Патапавічам Русецкім (жыве ў г. Клічаў).

Поўны тэкст

Танцавальная вечарына ў в. Бацэвічы Клічаўскага раёна 7 лютага 2014 г.

У в. Бацэвічы Клічаўскага раёна 7 лютага адбылася танцавальная вечарына. Гралі ўдзельнікі мінскай капэлы “На таку” разам з мясцовымі музыкамі Уладзімірам Іосіфавічам Аляксандровічам (жыве ў в. Клічаўскія Пасёлкі) і  Дзмітрыем Патапавічам Русецкім (жыве ў г. Клічаў).

На вечарыну сабраліся жыхары вёсак Бацэвічы, Востраў, Дзмітраўка, Арэхаўка. Прыехалі танцоры з Клічава, Бабруйска, Мінска. Разам атрымалася ўзгадаць шмат танцаў: вальс, польку, Месяц, Падыспань, Каробачку, Лявоніху, Кракавяк, Страданне, Лысага.

Арганізавалі імпрэзу сумеснымі намаганнямі Жана Яўгенаўна Ачыновіч з Клічава і Алена Генадзьеўна Прохарава з Мінска.

Кіраўнік капэлі “На таку” Аляксей Крукоўскі адзначыў, што танцавальныя вечарыны, якія адбываюцца ў пэўнай мясцовасці, складана правесці толькі намаганнямі мінскіх музыкаў. Людзі пад “чужых” могуць таньчыць познія танцы, такія як Сямёнаўна, Каробачка, Месяц, Падыпань і г.д. Аднак, калі справа даходзіць да вальсаў і полек, людзі чакаюць “сваёй” музыкі, і, суадносна, “сваіх” музыкаў.

Кантакт з Уладзімірам Іосіфавічам Аляксандровічам мінскія музыкі наладзілі ў 2011 годзе, падчас экспедыцыі па Клічаўшчыне РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Праз год з’ездзілі ў госці і сёлета ўжо гралі разам на вечарыне ў Бацэвічах.

Другога мясцовага музыку, Русецкага Дзмітрыя Патапавіча, літаральна ў дзень вечарыны пашчасціла адшукаць у Клічаве Алене Генадзьеўне Прохаравай. Яшчэ раніцай Дзмітрый Патапавіч не збіраўся нікуды ехаць і нават не ведаў нічога пра вечарыну, але ўвечары арганічна далучыўся да капэлі.

Сапраўднай зоркай вечарыны стала Зоя Іванаўна Самец. У яе захаваўся строй, пашыты ні то яе бабуляй, ні то прабабуляй (дакладна невядома). Строй Зоя Іванаўна выкарыстоўвае падчас выступаў у складзе хору ветэранаў. Аказалася, што жанчына не толькі выдатная пявуння, але і танцорка. Зоя Іванаўна навучыла ўсіх наведвальнікаў вечарыны таньчыць Лявоніху з в. Каўбчанская Слабада, распавяла пра танцавальныя традыцыі гэтай вёскі. Успамінамі аб тым, як праходзілі танцавальныя вечарыны ў іх родных мясцінах, падзяліліся таксама Зінаіда Фёдараўна Мізян з Віцебшчыны і Марыя Дзям’янаўна Бялова з в. Малінавае Клічаўскага раёна.

Прыемна было назіраць, як таньчыў Нікіцін Васіль Мікалаевіч са сваёй жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Вельмі самабытна ў іх выходзіла полька. Акрамя танцаў Валянціна Міхайлаўна Нікіціна - майстрыха і ў рукадзеллі, уваходзіць у Саюз майстроў народнай творчасці, вышывае ручнікі.

На вечарыну завіталі ўдзельнікі дзіцячага гурта “Кантрасты” з в. Дзмітраўка. Акрамя гурта "Кантрасты" ў Дзмітраўскім сельскім доме культуры займаецца дзіцячы калектыў "Купалачка". У 2012 г. “Купалачка” стала лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што праходзіць раз на 2 гады ў г. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Адной з самых эмацыянальна напружаных частак фестывалю з’яўляецца конкурс танцавальных пар, падчас якога  ўдзельнікі паказваюць танцы свайго раёна. Такім чынам, Дзмітраўскі дом культуры з’яўляецца адным з асяродкаў, што забяспечвае пераемнасць танцавальных традыцый Клічаўшчыны.

Вечарына прайшла ў вельмі цёплай атмасферы, носьбіты традыцый атрымалі належную ім пашану ад моладзі, а моладзь, у сваю чаргу – магчымасць далучыцца да аўтэнтыкі.

Фота з вечарыны можна паглядзець тут

 Алена Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.12.2018 19:12:37

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.