:: calculation
2014
Загаловак text
Абрад "Пахаванне стрялы" на Ушэсце ў в. Пералёўка Веткаўскага р-на 29 мая 2014 г.
Спасылка embed
Дата публікацыі date
30.05.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

На Ушэсце ў в. Пералёўка Веткаўскага раёна прайшоў абрад пахавання “стрялы”. Гурт жанчын прайшоў са стрэльнымі песнямі па вёсцы ў поле. Дарослых суправаджалі дзеці.

Поўны тэкст text

Абрад "Пахаванне стрялы" на Ушэсце ў в. Пералёўка Веткаўскага р-на 29 мая 2014 г.

На Ушэсце ў в. Пералёўка Веткаўскага раёна прайшоў абрад пахавання “стрялы”. Гурт жанчын прайшоў са стрэльнымі песнямі па вёсцы ў поле. Дарослых суправаджалі дзеці. У полі жанчыны вытапталі невялічкую пляцоўку ў жыце, дзе адбылася кульмінацыя абрада. Выкапалі невялічкую ямку, куды і паклалі “стрялу”. У Пералёўцы ў якасці “стрялы” хаваюць ляльку з травы, “апранутую” ў жаночае адзенне: кашульку, хустачку, фартушок. Адзенне белае, дапускаюцца чырвоныя палоскі “аранменту”. У ямку да лялькі кожны прысутны мог пакласці нешта ад сябе, лепш металічны прадмет. Даўней клалі капейкі, а таксама гребенчыкі, стужкі. Зараз, за адсутнасцю металічных грошаў, кладуць папяровыя. Перад закопваннем лялькі бабулі памаліліся, пажадалі ўсёй вёсцы здароўя і добрага ўраджаю. На Ушэсце можна назбіраць 9 жытніх каласкоў, якія будуць захоўвацца цэлы год на покуці і ахоўваць хату ад грому, спрыяюць цяжарным. На Вадохрышча можна, выкарыстоўваючы гэтыя каласкі, апырскаць падвор’е свянцонай вадой, што дась падвойны эфект. Кажуць, даўней “стрялу”, закапаную на Ушэсце, адкопвалі на Благавешчанне і спальвалі.

Пахаванне “стрялы” – завяршальны этап ваджэння веснавых карагодаў, якія пачыналіся з другога дня Вялікадня.

Лялька з травы – надзвычай архаічная з’ява. Яна дайшла да нас дзякуючы Лідзіі Ільінічне Малахашэнкавай 1932 г.н. Яна памятае спосаб вырабу лялькі ад сваёй бабулі, што памерла вельмі старой. Вырабляецца лялька з травы-пырніку. Акрамя таго, Лідзія Ільінічна ўзгадала, што ў хаце бабулі па покуці (не ля абразоў, на лаве) стаяла лялька з анучак. З ёй нельга было гуляць дзецям. Мыючы лавы, яе перастаўлялі з адной на другую, але нават часова не прыбіралі з покуці. У лялькі, якую зрабіла для нас Лідзія Ільінічна па ўзоры той, старой, жаночы каляровы строй, на “твары” – крыж, намаляваны вугальком. Сапраўдны твар ляльцы маляваць забаронена, вераць, што яна можа сваім “позіркам” сурочыць чалавека.

Акрамя сакральных лялек у Пералёўцы памятаюць і спосаб вырабу звычайных лялек-мотанак ­ цацак для дзяцей.

Акрамя пахавання “стрялы” ў Пералёўцы на Ушэсце адбываецца абрад шанавання свячы – комплексу з абраза, вялікай васковай свечкі, “апранутай” у сукеначку, і некалькіх тонкіх царкоўных свечак. Свяча зараз не пераносіцца, захоўваецца ў адной хаце ўжо каля 12 гадоў. Увечары перад Ушэсцем наладжваецца “адпяванне” свячы: жыхары Пералёўкі “пеаапранаюць” яе, моляцца разам, ладзяць посную вячэру, пяюць псальмы. Можна абракнуцца на свячу: прынесці для яе дадатковую “вопратку”. На Ушэсце зранку зноў збіраюцца ў хату, дзе захоўваецца свяча, моляцца, ладзяць сняданак, ужо не посны. Сёлета абраз ад свячы перанеслі ў царкву, што пачынае будавацца ў Пералёўцы, бо ён паходзіў з храма, разбуранага яшчэ да Другой сусветнай вайны. Пакуль што царквой у Пералёўцы слугуе звычайная вясковая хата.

Даўней у Пералёўцы пераносілі свячу яшчэ і на Вадохрышча.

Абрад пахавання “стрялы” на Ушэсце сёлета, як і даўней, пачаўся пасля ўшанавання свячы.

Алена Ляшкевіч

Фота з лялек і Пахавання “стрялы” можна паглядзець тут.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.07.2018 16:54:27

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.