:: calculation
2013
Загаловак text
Кулідкі з печы
Спасылка embed
Дата публікацыі date
31.10.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

У вёску Жораўка (Любанскі раён) мы прыехалі, каб пакаштаваць хлеба, які выпякае пані Ірына Жудрык – дырэктарка мясцовага Дома культуры. У 2008 годзе яна арганізавала аматарскае аб’яднанне “Кулідка” (кулідка – гэта тое ж, што і бохан). “Дом хлеба” (як называюць яго мясцовыя жыхары) месціцца ў звычайнай вясковай хаце, дзе жанчыны рэгулярна выпякаюць хлеб так, як іх навучылі ў свой час матулі.

– Хлеб я пачала выпякаць даўно, яшчэ дзяўчынкай. І не атрымлівалася спачатку, і плакала, і цяжка было (бо цеста ж замешвала на ўсю сям’ю), але ж мусіла маме дапамагаць. Цяпер, праз шмат гадоў, ужо сама вярнулася да гэтай справы, – кажа пані Ірына.

Калі мы прыехалі, печ была распаленая і рошчына ўжо заквашаная. Пані Ірына расказала, якім чынам рашчыняе хлеб: яна не трымае закваску, а проста залівае жытнёвую муку кіслым малаком і пакідае на 12 гадзін. Далей робіць цеста: дадае пшанічнай мукі, солі і замешвае. Прыкладна гадзіны тры цеста будзе ферментавацца. Тым часам мы можам агледзецца і пагаманіць з гаспадыняй.

На сцяне вісяць выявы, павялічаныя са старых фотаздымкаў. Адзін з іх вельмі адметны. На ім сям’я з дзецьмі, самы малодшы хлопчык – гэта дзед апошняй гаспадыні хаты, Іван Пыж. У пачатку ХХ стагоддзя ён паехаў у Амерыку на працу, узяў з сабою здымак сваёй сям’і і плеценую з лазы валізу. А вяртаўся назад з той самай валізай, у якой ляжаў здымак, павялічаны і аздоблены прыгожай рамай. Той самы, што вісіць цяпер на сцяне перад намі. А валіза таксама захоўваецца – у музеі ў Любані.

Па хаце расстаўленыя цікавыя артэфакты: вялізны куфар, старыя ложкі, стол і дзве даўжэзныя лавы (адна з іх належала былым гаспадарам хаты), насупраць печы – шыкоўны даўні суднік з суседняй хаты. Каля печы ціха чакае кухоннае начынне, хлебная лапата ў тым ліку. На печы вісіць вянок, кабета тлумачыць:

– Увосень назбіралі дубовага і кляновага лісця, каб падкладваць пад кулідкі, пакуль яны выпякаюцца.

Пані Ірына запрашае да стала і частуе нас свойскім маслам і салёным сырам. Хлеб, што мы прывезлі з сабою, быў у гэтай кампазіцыі надзвычай дарэчным. Пакуль трушчым гэтую смакату, распытваем пра тое, як выпякалі хлеб раней, пра стаўленне да яго.

– Зазвычай мама рашчыняла хлеб у суботу з вечара, ніколі не рабіла гэта ў непрыбранай хаце – каб не абразіць хлеб. Таму папярэдне ўсё чыста вымывала і прыбірала, вымывалася сама. Толькі потым бралася за хлеб: рашчыняла на ноч, назаўтра зранку замешвала цеста і ўдзень выпякала. Пакуль цеста падыходзіла, дзецям належала паводзіць сябе прыстойна, бо хлеб любіць цішыню і спакой. Надзвычай важнай была дзея, калі хлеб саджалі ў печ. Гаспадыня вельмі не любіла, калі якая-небудзь суседка прыходзіла ў хату менавіта ў гэты час: лічылі, што яна забірае з сям’і дабрабыт. Раней жа ў кожнай хаце хлеб выпякалі. І кожная гаспадыня была перакананая, што ейны хлеб – найлепшы. Таму пазычаць яго не любілі, казалі, маўляў, “яна [суседка] ж мне такога не верне”. Потым з’явіўся хлеб крамны, і гэта была вялікая палёгка – можна было болей не выпякаць яго самастойна. Але праз некаторы час шмат хто ад крамнага хлеба адмовіўся.

Нас цікавіць пытанне: што дадавалі даўней у хлеб?

– Выпякалі хлеб з кменам, а таксама з мацярдушкай. Асабліва смачны быў хлеб з сушанымі чарніцамі!

А ці ўдзельнічаў хлеб у святочных абрадах?

– На Каляды, напрыклад, была такая завяздёнка: калі на небе поўня, на ноч на падваконне, пад месячнае святло, клалі адмысловую булачку. Яна выпякалася такім чынам: перад тым як пасадзіць у печ бохан хлеба, на ім пальцам крэмзалі крыжык, потым гэты крыжык на невялікім кавалку цеста здымалі з бохана і выпякалі асобна. Назаўтра гэтую булачку дзялілі паміж усімі сямейнікамі, давалі жывёле – на здароўе і спор.

Пакуль мы гаманілі, цеста саспела і ў печы дагарэлі дровы. Гаспадыня адгортвае жар з чарэні і ставіць на яго патэльні, каб прагрэць. Печ вельмі старая, і чарэнь ужо няроўная, таму кулідкі выпякаюцца на патэльнях.

Мокрымі рукамі кабета набірае ў дзве далоні цеста і пачынае фармаваць булку. Сфармаваны бохан адрозніваецца ад камяка цеста тым, што яго паверхня нацягваецца, дзеля гэтага цеста нібыта падтыкаецца знізу. Далей булка выкладваецца на патэльню і займае сваё месца ў печы. Калі ўсе кулідкі сфармаваныя і размешчаныя ў печы, яна закрываецца засланкай. Праз хвілін 20 засланка асдоўваецца, і кожная кулідка дастаецца, каб абмазаць яе вадой – так верхняя скарынка будзе крамяная. Пасля гэтага хлеб будзе дапякацца яшчэ каля гадзіны. Гаспадыня смяецца:

– Суседзі любяць, калі я пяку тут хлеб: кажуць, цяжка хату абмінуць – такі водар стаіць! Часта заходзяць, каб хаця пакаштаваць свойскага хлеба.

Кабета расказала пра ідэі развіцця праекта: яна плануе стварыць музей, дзе можна будзе ўбачыць шлях ад зерня да хлеба. Але хата старая і патрабуе сур’ёзнага рамонту, таму ўсе экспанаты пакуль захоўваюцца на гарышчы. Але пані Ірына не страчвае энтузіязму і, пакуль мы збіраемся ад’язджаць, рашчыняе хлеб на заўтра.

Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.11.2018 15:19:58

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.