::
2015.04.10 — Адкуль “венгеркі” ў Беларусі? / Народная воля http://www.nv-online.info/
Загаловак
Адкуль “венгеркі” ў Беларусі?
Спасылка
Дата публікацыі
10.04.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

Выйшла кніга “Беларускі кулінарны сшытак № 1” Ларысы Мятлеўскай, сувядучай шоу “Беларуская кухня” на канале “Беларусь 2”. Выдавецтва “Беловагруп” гэтай кнігай распачало серыю “Гастранамічная вандроўка па Беларусі” і неўзабаве абяцае працяг. “Сшытак”, з аднаго боку, уяўляе сабой звычайную кнігу рэцэптаў: градусы, чайныя лыжкі, дакладны літраж. Звычайны, ды не звычайны. Ларыса Мятлеўская кажа, што, укладаючы кнігу яна збірала рэцэпты, прыдатныя для выкарыстання ў гарадской кватэры. Арыентавалася ў тым ліку на маладых гаспадынь, якім, можа быць, не заўсёды хочацца гадзінамі стаяць ля пліты. Зразумела, што смак стравы, згатаванай у печы, – непаўторны. Але і сучасная кухонная тэхніка (духоўка, мультыварка, аэрагрыль) дазваляюць выкарыстаць усе прыведзеныя ў кніжцы рэцэпты.

Поўны тэкст

Адкуль “венгеркі” ў Беларусі?

10 красавiка 2015 г.

Вы бачылі беларускамоўныя кулінарныя кнігі з мясцовымі рэцэптамі і прадуктамі? Нарэшце такая з’явілася.

Выйшла кніга “Беларускі кулінарны сшытак № 1” Ларысы Мятлеўскай, сувядучай шоу “Беларуская кухня” на канале “Беларусь 2”. Выдавецтва “Беловагруп” гэтай кнігай распачало серыю “Гастранамічная вандроўка па Беларусі” і неўзабаве абяцае працяг. “Сшытак”, з аднаго боку, уяўляе сабой звычайную кнігу рэцэптаў: градусы, чайныя лыжкі, дакладны літраж. Звычайны, ды не звычайны. Ларыса Мятлеўская кажа, што, укладаючы кнігу яна збірала рэцэпты, прыдатныя для выкарыстання ў гарадской кватэры. Арыентавалася ў тым ліку на маладых гаспадынь, якім, можа быць, не заўсёды хочацца гадзінамі стаяць ля пліты. Зразумела, што смак стравы, згатаванай у печы, – непаўторны. Але і сучасная кухонная тэхніка (духоўка, мультыварка, аэрагрыль) дазваляюць выкарыстаць усе прыведзеныя ў кніжцы рэцэпты.

Па “Беларускім кулінарным сшытку №1” можна згатаваць супы, соусы, ласункі, напоі, стравы з мяса, рыбы, агародніны, грыбоў, малака, яек. Для людзей, што цікавяцца не толькі кулінарыяй, а і этнаграфіяй, істотна тое, што амаль кожны рэцэпт у “Сшытку №1” атрыбутаваны: пазначана, ад каго ён запісаны і ў якой вёсцы. Гэта дазваляе гараджаніну ў другім ці трэцім пакаленні, гатуючы, быць упэўненым: страва – з малой радзімы яго продкаў. Кулінарная геаграфія Ларысы Мятлеўскай шырокая: Мінская вобласць, Палессе, Магілёўшчына. І адусюль – “фамільныя” рэцэпты беларускіх бабуль. Некаторыя – нават не з глыбінкі, а з Мінскага раёна. І не якія-небудзь звыклыя стравы, а “цыбрыкі” (галачкі з дранай бульбы) ці… смажаная кроў. Так што, калі ў вас лечішча ў вёсцы, а не ў дачным пасёлку, скарыстайце шанец: распытайце суседзяў!

Акрамя “этнаграфічных” рэцэптаў у кніжцы ёсць і “гістарычныя”, узятыя аўтаркай з кніг ХІХ ст. (“Літоўская гаспадыня” Ганны Цюндзявіцкай і “Першая беларуская кулінарная кніга. Літоўская кухарка” Вінцэнты Завадскай).

Этнічная культура харчавання не абмяжоўваецца рэцэптамі. Істотныя таксама застоллі, іх колькасць, час, парадак, этыкет гатавання і ўжывання ежы, карыстанне хатнім начыннем. У кожным раздзеле “Сшытка” ўтрымліваецца невялікі агляд пэўнага віду страў, гістарычныя нататкі, парады, як ужываць прыгатаванае. Дзякуючы такім адступленням кнігу цікава чытаць, нават калі гатаваць нічога не збіраешся.

“Беларускі кулінарны сшытак №1” цікавы і ў лінгвістычным аспекце: у тэкстах Ларыса Мятлеўская выкарыстоўвае дыялектныя ці напаўзабытыя ў беларускай літаратурнай мове назвы прадуктаў, кухоннага начыння. У канцы кнігі змешчаны невялікі кулінарны тлумачальны слоўнік. З яго можна даведацца, што такое “жамерыны”, “куханы”, “хвархулькі”, “катрынкі” і яшчэ шмат цікавага. Аказваецца, “венгеркі” – гэта гатунак сініх сліў!

Некалькі дробных недахопаў: не ў кожным рэцэпце зразумела, адкуль ён узяты, у кнізе сустракаюцца моўныя памылкі.

“Беларускі кулінарны сшытак №1” прыгожа аформлены В.В. Салодкай. З каляровымі ілюстрацыямі, на мелаванай паперы, ён можа стаць файным падарункам любой беларускай гаспадыні, а таксама аматарам беларускай культуры, этнаграфіі, калекцыянерам. 

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 7 красавіка ў 17.00 гадзін у Музеі Я.Купалы.

Алена Ляшкевіч.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя выданні
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.08.2019 19:10:48

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.