::
2016.12.10 — Фальклорны вянок да 125-годдзя Багдановіча (фота і відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Фальклорны вянок да 125-годдзя Багдановіча (фота і відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
10.12.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Музей Янкі Купалы і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства зладзілі канцэрт «Фальклорны вянок» да 125-годдзя Максіма Багдановіча.

Поўны тэкст

Музей Янкі Купалы і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства зладзілі канцэрт «Фальклорны вянок» да 125-годдзя Максіма Багдановіча.

 

Калыханка

 


У дзень 125-годдзя Максіма Багдановіча, мінскі музей паэта і яго філіял “Беларуская хатка” на вуліцы Рабкораўскай адкрылі абноўленыя экспазіцыі.

За гэтымі падзеямі троху згубілася імпрэза, зладжаная музеем Янкі Купалы і Студэнцкім этнаграфічным таварыствам: канцэрт “Фальклорны вянок”. Гурты і выканаўцы GUDA, Горынь, MIAREŽA, Калыханка, Віктар Сямашка і Кумпанія, капэля НА ТАКУ, Кася Радзівілава падрыхтавалі праграму спяванай у фальклорнай манеры паэзіі Максіма Багдановіча.

 

 

GUDA

Творчасць паэта была цесна звязаная з фальклорам: бабуля Анэля — выдатная казачніца, бацька Адам Рыгоравіч — этнограф. Ён выдаў у Гародні ў 1895 годзе кнігу “Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў”, дзе абагульніў свае назіранні за народным побытам.

 

 

MIAREŽA



Імпрэза невыпадкова прайшла ў Купалаўскім доме: менавіта Янка Купала, пабачыўшы першыя вершы Багдановіча ў рэдакцыйнай пошце “Нашай нівы”, настаяў на іх публікацыі. Да таго ж сям’я Купалы акурат жыла на вуліцы Аляксандраўскай (сёння Багдановіча), калі там 9-га снежня 1891-га нарадзіўся Максім.

 


 

Віктар Сямашка распавёў, што вучыўся ў школе імя Багдановіча на вуліцы Фабрычнай і ў школьным музеі наватзахоўвалася жменька зямлі з магілы паэта ў Ялце.

 


 

Гурт “Калыханка” з Міханавічаў пад Мінскам выканаў верш Максіма Багдановіча на традыцыйны вясельны напеў.

 

Збольшага гурты, шукаючы верш для спявання, карысталіся адзіным прыжыццёвым зборнікам паэта “Вянок”.

 

 


 

Гурт “Горынь” паклаў вершы на калядную і жніўную мелодыі, а таксама матыў танца “Лявоніха”.

 


 

Гурт “GUDA” абраў мелодыю вясновай песні “Што й па мору”.

 


 

Музыкі Кацярына Радзівілава, Раман Яраш, Аляксей Крукоўскі і Дзяніс Сухі падрыхтавалі кампазіцыі з вялікай інструментальнай часткай.

 


 

Вечарына завяршылася танцамі ў фае музея.


Фота і відэа аўтаркі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 01.08.2019 05:01:35

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.