::
2016.12.17 — Сабраць этна за 200 гадоў: ці рэальна? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Сабраць этна за 200 гадоў: ці рэальна?
Спасылка
Дата публікацыі
17.12.2016
Катэгорыя
інтэрвію
Анатацыя

15 снежня завяршыўся чарговы конкурс сацыяльных праектаў “Social Weekend”. Сутнасць яго ў тым, што беларускі бізнес падтрымае праекты-пераможцы. Так, праект Студэнцкага этнаграфічнага таварыства “Этнаўсё — база даных па этнаграфіі Беларусі” выйшаў у фінал і атрымаў фінансаванне. Пра стварэнне базы гутарым з менеджарам праекта, сябрам рады таварыства Яўгенам БАРЫШНІКАВЫМ.


Поўны тэкст

Сабраць этна за 200 гадоў: ці рэальна?

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

15 снежня завяршыўся чарговы конкурс сацыяльных праектаў “Social Weekend”. Сутнасць яго ў тым, што беларускі бізнес падтрымае праекты-пераможцы. Так, праект Студэнцкага этнаграфічнага таварыства “Этнаўсё — база даных па этнаграфіі Беларусі” выйшаў у фінал і атрымаў фінансаванне. Пра стварэнне базы гутарым з менеджарам праекта, сябрам рады таварыства Яўгенам БАРЫШНІКАВЫМ.

— Масіў даных, назбіраных за больш чым 150 гадоў існавання беларускай этнаграфіі як навукі, аграмадны, але маладасяжны для шырокай аўдыторыі. І гаворка нават не пра архіўныя матэрыялы, а пра апублікаваныя крыніцы: старадрукі даследаванняў этнографаў мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, што захоўваюцца ў аддзелах рэдкай кнігі бібліятэк; фальклорныя аўдыявыданні, што выходзілі малымі накладамі на пласцінках і кампакт-дысках; матэрыялы перыядычнага друку, не змешчаныя ў інтэрнэце, якія пачытаць можна толькі ў бібліятэчных падшыўках. Таму на цяперашні момант мэта — сабраць ужо апублікаванае. Да ўсяго, праз недасяжнасць першакрыніц у масавай культуры множацца інтэрпрэтацыі, якія з арыгіналам параўнаць няма магчымасці. Інтэрпрэтацыя ідзе на ўсіх узроўнях: у культурных інстытуцыях, мясцовых установах, у модных хіпстарскіх гарадскіх тусоўках. Гэтыя інтэрпрэтацыі досыць адвольныя, часам даходзяць да поўнай прафанацыі і праз недахоп інфармацыі замяняюць сабой арыгіналы.

Сабраць апублікаванае за стагоддзі — гэта, канешне, праца для цэлага інстытута, а мы робім, што можам. Наколькі мне вядома, такой базы даных ні ў адной з беларускіх устаноў няма.

— Што ж у гэтых мэтах сацыяльнага? Яны выглядаюць хутчэй як навукова-папулярныя.

— Гэта база даных ствараецца на платформе “Podio”, унутранай камунікацыйнай прасторы СЭТ, што дазваляе карыстальнікам пашырыць сацыяльныя сувязі і самім нешта дадаць у базу, падзяліцца матэрыяламі і ведамі. Асабліва істотна, што камунікаваць змогуць самыя розныя катэгорыі людзей: аматары і прафесіяналы, тэарэтыкі і практыкі. Плануецца зрабіць базу дасяжнай не толькі для сяброў арганізацыі, каб прывабіць людзей у партнёрскую праграму таварыства. Наогул, мадэль “неабмежавана вялікая колькасць прыхільнікаў малымі грашовымі ўнёскамі забяспечвае бюджэт грамадскай арганізацыі, якая можа эфектыўна рэалізоўваць свае статутныя мэты” вельмі папулярная ў Заходняй Еўропе. Гэта дазваляе арганізацыі набыць фінансавую незалежнасць, якая, аднак, не выключае магчымасць звароту па грантавае ці дзяржаўнае фінансаванне.

— Якая мэтавая аўдыторыя праекта?

— Ёсць шэраг мэтавых груп. Напрыклад, гэта гарадскія маладыя прафесіяналы, якія паездзілі па свеце, не маюць праблем з грашыма, але перад імі паўстае пытанне самаідэнтыфікацыі. Ім матэрыяльная падтрымка арганізацыі, акрэдытаванай UNESCO як эксперт па нематэрыяльнай культурнай спадчыне і, шырэй, беларускай культуры, прынясе маральную сатысфакцыю. Дасяг да рэсурсаў гэтай катэгорыі не так істотны. Творцы ж, якія інтэрпрэтуюць традыцыйную культуру ў розных відах сучаснага мастацтва, змогуць карыстацца матэрыяламі базы як крыніцай натхнення. Студэнты, даследчыкі змогуць рэалізаваць свае прафесійныя мэты, для іх онлайн-база стане альтэрнатывай бібліятэцы ці самастойнаму хаатычнаму пошуку ў інтэрнэце. Далучаем да мэтавых груп беларусаў, што жывуць за мяжой, краязнаўцаў з рэгіёнаў, аматараў, каму “проста цікава”. Часта не хапае інфармацыі пра свой рэгіён работнікам культуры, але ім звычайна ёсць чым падзяліцца, таму супрацоўніцтва можа стаць узаемакарысным. Я хацеў бы звярнуцца да работнікаў культуры як да нашай патэнцыйнай аўдыторыі: калі вы маеце нейкія пажаданні, прапановы, што вы хацелі б бачыць у базе, чаго вам не хапае для працы — напішыце, калі ласка, пра гэта нам.

— Які аб’ём матэрыялаў плануецца ўнесці ў базу?

— Аснову складуць каля тысячы папяровых выданняў з бібліятэкі СЭТ, імі змогуць карыстацца нашы партнёры. Ёсць электронныя версіі каля 500 старадрукаў на этнаграфічную тэматыку. Больш за дзве тысячы трэкаў аўтэнтычнага фальклору, не толькі беларускага, суседніх краін таксама. У базе ёсць некалькі дзясяткаў этнаграфічных фільмаў, змешчаных у базе з дазволу праваўладальнікаў.

— Як будзе спарадкаваны гэты матэрыял?

— Магчымым будзе пошук па катэгорыях “Асоба”, “Месца”, “Час”. У спісе асобаў ужо сёння каля паўтысячы пазіцый, туды заносяцца не толькі аўтары кніг, а і эксперты, што даюць інтэрв’ю, укладальнікі зборнікаў, рэжысёры і сцэнарысты, носьбіты фальклору… Напрыклад, выбраўшы Зінаіду Мажэйка, карыстальнік базы пабачыць і яе даследаванні, і фільмы, і фальклорныя зборнікі, і публікацыі, ёй прысвечаныя. Па катэгорыі “Месца” работнікі культуры змогуць пашукаць звесткі са сваіх раёнаў, а беларусы свету — са сваёй малой радзімы… “Час” — гэта дата публікацыі матэрыялаў. Акрамя таго, матэрыялы класіфікуюцца па форме — кнігі, матэрыялы СМІ, зборнікі фальклору, фільмы…

— Калі плануецца запуск базы для карыстальнікаў?

— З тым аб’ёмам, які паспеем унесці, плануем стартаваць ужо да Калядаў. Але база, безумоўна, яшчэ будзе папаўняцца.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя сэрыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.08.2019 23:26:37

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.