::
2016.12.02 — Гурту “МІЖРЭЧЧА” — 35! / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Гурту “МІЖРЭЧЧА” — 35!
Спасылка
Дата публікацыі
02.12.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

У Жыткавіцкім раёне адзначылі 35-гадовы юбілей народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча”, які захоўвае абрад “Карагод” на свята Юр’я, узяты пад ахову дзяржавы ў 2007 годзе. Гэты абрад адным з першых у нашай краіне элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Поўны тэкст

Гурту “МІЖРЭЧЧА” — 35!

        У Жыткавіцкім раёне адзначылі 35-гадовы юбілей народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча”, які захоўвае абрад “Карагод” на свята Юр’я, узяты пад ахову дзяржавы ў 2007 годзе. Гэты абрад адным з першых у нашай краіне элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
        30 лістапада ўдзельнікаў гурта віншавалі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі галоўны спецыяліст Марына Масло і дырэктар раённага цэнтра фальклору Марына Царыкевіч. Спявачкі з суседняй вёскі Азяраны віталі “Міжрэчча” песнямі і шчырымі пажаданнямі далейшых поспехаў. Стваральніца калектыву Кацярына Панчэня — выдатная спявачка, ткачыха і вышывальшчыца, знаўца мясцовых традыцый, гераіня паўнаметражнага дакументальнага фільма “Дачка Прыпяці” — у гэтыя дні адзначала 75-годдзе і атрымала падзячны ліст ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Спонсар “Міжрэчча” — “Тураўскае навукова-асветнае таварыства” (кіраўнік — археолаг Пётр Лысенка) — павіншаваў удзельніц гурта, а сябра таварыства Васіль Каралец уручыў кожнай са спявачак і музычнаму кіраўніку Міколу Леўкаўцу грашовую прэмію. Сакратар таварыства — фізік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікола Саскевіч — нарадзіўся і вырас у Пагосце, часта сюды прыязджае ў бацькоўскую хату. Ён пастаянна апякуецца ўдзельніцамі гурта, віншуе іх з юбілейнымі датамі, папаўняе бібліятэку сельскага дома культуры дарагімі па кошту выданнямі, у якіх адзначана дзейнасць калектыву “Міжрэчча”.
    Жыхары вёскі Пагост разам з гуртом “Міжрэчча” традыцыйнымі абрадамі адзначаюць не толькі Юр’е 6 мая, але і Раство, Шчадрэц, гукаюць вясну ў апошні дзень Масленіцы і на свята Саракасвятых 22 сакавіка, адзначаюць Дзяды і Бабы, памінаючы продкаў, наведваюць магілы памерлых у першы дзень Вялікадня разам з дзецьмі і ўнукамі, якія з’язджаюцца з гарадоў у родную вёску. З Вялікадня тут пачынаюць вадзіць карагоды, якія мала дзе ўжо захаваліся. Гэта прыцягвае ўвагу як навукоўцаў, так і аматараў фальклору, яны часта наведваюць Пагост у святы і будні, наладжваюць сюды экспедыцыі. Калектыў “Міжрэчча” адзіны на Тураўшчыне захоўвае архаічны абрад “Жаніцьба коміна”, прысвечаны першаму запальванню святла ў хаце.
    Гэты гурт ведаюць не толькі на Гомельшчыне. Спявачкі не раз пабывалі з канцэртамі на Гродзеншчыне, Міншчыне, некалькі разоў — у сталіцы, пастаянна ўдзельнічаюць у фальклорных фестывалях, у 2012 годзе пабывалі ў Германіі і выступалі ў Берліне і Дрэздэне, а ў гэтым годзе бралі ўдзел у купальскім свяце ў Маскве, якое ладзіла там аб’яднанне беларусаў сталіцы Расіі.
    Землякі не забываюцца пра свой Пагост і гурт “Міжрэчча” — яны аб’ядналіся ў сапраўдную супольнасць і падтрымліваюць сувязі праз інтэрнет, абменьваюцца інфармацыяй, ладзяць традыцыйныя сустрэчы ў роднай вёсцы. За апошнія два гады ў цэнтры вёскі ўстаноўлены помнік тым, хто загінуў тут у час Вялікай Айчыннай вайны, быў закатаваны фашыстамі і ўгнаны ў Германію. У 1941 годзе тут зажыва спалілі 69 мужчын і падлеткаў. Землякі-беларусы, якія жывуць у Маскве, сабралі сродкі на гэты помнік і правялі ў Тураве і Пагосце навуковую канферэнцыю, прысвечаную перыяду акупацыі Тураўшчыны і патрыятычнаму выхаванню ў сістэме бяспекі Беларусі і Расіі. Пагашчанскія спявачкі выступалі ў сваім клубе з песнямі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, салдацкімі і рэкруцкімі, якія здаўна ў іх рэпертуары. З’ехалася шмат былых жыхароў Пагоста, якія ганарацца старажытным мінулым і сучаснай славай свайго роднага кута.
        Назва вёскі Пагост азначае месца збора князем палюддзя. Сюды восенню па рэках Прыпяць і Сцвіга жыхары Тураўшчыны прывозілі частку ўраджаю і дароў лесу князю і яго дружыне, якія абаранялі іх ад ворагаў. Таму пагашчане лічаць, што іх вёска старэй за Тураў. Тое, што ў цэнтр сяла вядзе водная сістэма з рэк Бур’яка і Сцвіжанец, а таксама пратока Тур, куды прыплывалі на чаўнах, дае падставу вучоным меркаваць, што назва горада Тураў паходзіць ад пратокі Тур.
        Гурт “Міжрэчча” праславіўся ў 2010 годзе тым, што амерыканская кампанія CNN уключыла Пагост у спіс мясцін, дзе цікава адзначаецца Раство і Новы год, змясціўшы яго на трэцім месцы ў свеце. Сапраўды, спяванне пад вокнамі на Раство з каляднай зоркай, калі дзеці апавяшчаюць аб прыходзе гурта гукамі званочка, а таксама маскі Сарокі, Казы, Бусла, Мядзведзя, касцюмы цыганоў падчас традыцыйных абыходаў хат аднавяскоўцаў на Шчадрэц разам з песнямі і традыцыйнымі сцэнкамі ствараюць у вёсцы непаўторную атмасферу радасці і надзеі, што нясуць гэтыя святы. Хутка гурт пачне рыхтавацца да гэтых свят, а пакуль што ў перыяд Піліпаўкі тут спяваюць “святыя песні” (духоўныя вершы), якія запісаў на Тураўшчыне бацюшка Герасім і навучыў пагашчанскіх спявачак, сам добра іх выконвае. Каб паслухаць і запісаць гэтыя песні, у Пагост нядаўна прыязджаў мужчынскі гурт “Рада” з Мінска. Сустрэча адбылася цёплая і памятная для ўсіх.

       Рэгіна Гамзовіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.10.2019 11:46:35

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.